Быццё 37 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Якаў жыў у зямлі вандраваньня бацькі свайго, у зямлі Ханаанскай.
 
Пасяліўся ж Яку́б у абшарах, дзе жыў бацька яго, у зямлі Ханаа́н.1

Вось жыцьцё Якава. Язэп, сямнаццаці гадоў, пасьвіў быдла разам з братамі сваімі, будучы хлапцом, з сынамі Валы і з сынамі Зэлфы, жонак бацькі свайго. І даводзіў Язэп благія пра іх чуткі да бацькі іхняга.
 
Гэта ж пачаткі Яку́ба. Сямнаццацігадовы Язэп пасвіў з братамі сваімі авечак, быў самым меншым спасярод сыноў Ба́лы і спасярод сыноў Зе́лфы, жонак бацькавых. І данёс Язэп звычкі іх благія Ізраэ́лю, бацьку іх.

Ізраіль любіў Язэпа больш за ўсіх сыноў сваіх, бо ён быў сын старасьці ягонай, — і зрабіў яму розных колераў вопратку.
 
Яку́б жа любіў Язэпа больш за ўсіх сыноў сваіх, бо быў ён дзіцем старасці яго. Зрабіў жа яму апратку стракатую.2

І ўбачылі браты ягоныя, што бацька іхні любіць яго болей за ўсіх братоў ягоных; і зьненавідзелі яго і не маглі гаварыць зь ім дружалюбна.
 
Пабачыўшы ж, што з усіх сыноў сваіх палюбіў яго бацька іх, зненавідзелі [Язэ́па] і не маглі з ім стасункаваць мірна.

І бачыў Язэп сон і расказаў братам сваім: і яны зьненавідзелі яго яшчэ больш.
 
Аднойчы Язэ́п убачыў сон, і пераказаў яго братам сваім,

Ён сказаў ім: выслухайце сон, якія я бачыў:
 
і апавядаў ім: “Паслухайце сон гэты, што я ўбачыў.

вось мы вяжам снапы сярод поля; і вось, мой сноп устаў і стаў старчма; і вось, вашы снапы пасталі навокал і пакланіліся майму снапу.
 
Вось, мы вязалі снапы на сярэдзіне поля, і ўзняўся мой сноп, і быў узвышаны, павярнуўшыся ж, снапы вашыя пакланіліся майму снапу”.

І сказалі яму браты ягоныя: няўжо ты будзеш цараваць над намі? Няўжо будзеш валодаць намі? І зьненавідзелі яго яшчэ больш за сны яго і за словы ягоныя.
 
Сказалі яму браты: “Дык валадарачы, будзеш распараджацца намі альбо, пануючы, будзеш кіраваць намі”. І сталі яшчэ больш ненавідзець яго з-за сну яго і з-за словаў яго.

І бачыў ён яшчэ іншы сон і расказаў яго братам сваім, кажучы: вось, я бачыў яшчэ сон: вось, сонца і месяц і адзінаццаць зорак пакланяюцца мне.
 
Убачыў жа іншы сон, і апавёў яго бацьку свайму і братам сваім, і казаў: “Вось бачыў сон іншы, як сонца, і месяц, і адзінаццаць зорак пакланіліся мне”.

І ён расказаў бацьку свайму і братам сваім. І накрычаў на яго бацька ягоны і сказаў яму: што гэта за сон, які ты бачыў? няўжо я і твая маці і твае браты прыйдзем пакланіцца табе да зямлі?
 
І дакараў яго бацька, і казаў: “Што ж гэта за сон такі, што прысніў ты? Няўжо ж, вырушыўшы, прыйдзем я, і маці твая, і браты твае, пакланіцца табе да зямлі?”

Браты ягоныя пазайздросьцілі яму, а бацька ягоны ўзяў да ўвагі гэта слова.
 
Зазлавалі ж яго браты на яго, бацька ж яго запомніў моўленае.

Браты ягоныя пайшлі пасьвіць быдла бацькі свайго ў Сіхем.
 
Пайшлі ж браты яго пасвіць авечак бацькі свайго ў Сіхе́м.

І сказаў Ізраіль Язэпу: браты твае ці ж ня пасьвяць у Сіхеме? ідзі, я пашлю цябе да іх. Ён адказаў яму: вось я.
 
І спытаўся Ізраэ́ль у Язэ́па: “Ці ж не браты твае пасвяць у Сіхе́ме?3 Падыдзі, выпраўлю цябе да іх”. Адказаў той: “Вось я”.

Ізраіль сказаў яму: ідзі, паглядзі, ці здаровыя браты твае і ці цэлае быдла, і прынясі мне адказ. І паслаў яго з даліны Хэўронскай. І ён прыйшоў у Сіхем.
 
Сказаў жа яму Ізраэ́ль: “Калі пойдзеш, то паглядзі, ці здаровыя браты твае і авечкі, і паведам мне”. І выправіў яго з даліны Хеброн, і ён прыйшоў у Сіхе́м.

І знайшоў яго нехта, калі ён бадзяўся па полі, і спытаўся ў яго той чалавек, кажучы: чаго ты шукаеш?
 
І знайшоў яго чалавек, які блукаў па даліне. Спытаўся яго чалавек: “Чаго шукаеш?”

Ён сказаў: я шукаю братоў маіх; скажы мне, дзе яны пасьвяць?
 
Ён жа азваўся: “Братоў маіх шукаю. Скажы мне, дзе яны пасвяць?”

І сказаў той чалавек: яны пайшлі адгэтуль, бо я чуў, як яны казалі: хадзем у Дафан. І пайшоў Язэп за братамі сваімі і знайшоў іх у Дафне.
 
Сказаў жа яму чалавек: “Выправадзіліся адсюль, бо я чуў, як казалі: пойдзем у Датаі́м”. І пайшоў Язэ́п услед за братамі сваімі, і знайшоў іх у Датаі́ме.

І ўбачылі яны яго здалёк, і перш чым ён наблізіўся да іх, пачалі намышляць супроць яго, каб забіць яго.
 
Убачыўшы яго здалёк, перш чым наблізіўся да іх, азлобіліся, жадаючы забіць яго,

І сказалі адзін аднаму: вось, ідзе сновідзец;
 
і казалі браты адзін адному: “Вось, сненнік той ідзе”.

хадзем цяпер, і заб’ем яго, і кінем яго ў які-небудзь роў, і скажам, што драпежны зьвер задраў яго; і пабачым, што выйдзе зь ягоных сноў.
 
Дык цяперака хадземце, заб’ем яго, і скінем яго ў адну з капаніцаў, і скажам — звер люты паглынуў яго, і пабачым, чаго вартыя ягоныя сны”.

І пачуў гэта Рувім, і ўратаваў яго з рук іхніх, сказаўшы: не заб’ём яго.
 
Пачуўшы ж, Рубэ́н выхапіў яго з рук іхніх і сказаў: “Не ўразім яго душы!”

І сказаў ім Рувім: не пралівайце крыві; кіньце яго ў роў, які ў пустыні, а рук не накладайце на яго. Гэта казаў ён, каб выратаваць яго з рук іхніх і вярнуць яго да бацькі ягонага.
 
І прамовіў да іх Рубэ́н: “Няхай жа не пральецца кроў! Укіньце яго ў капаніцу гэтую, што ў пустэльні. Рукі ж не ўзносце на яго!” Спрабаваў вырваць яго з рук іхніх і вярнуць яго бацьку ягонаму.

Калі Язэп прыйшоў да братоў сваіх, яны зьнялі зь Язэпа вопратку ягоную, вопратку розных колераў, якая была на ім,
 
Было ж, калі прыйшоў Язэ́п да братоў сваіх, тыя знялі з Язэ́па апратку стракатую, што на ім,

і ўзялі яго і ўкінулі яго ў роў; а роў той быў пусты; вады ў ім ня было.
 
і схапіўшы яго, кінулі ў капаніцу. Капаніца ж была пустая, не мела вады.

І селі яны есьці хлеб, і паглядзеўшы ўбачылі, вось, ідзе з Галаада караван Ізмаільцянаў, і вярблюды іхнія нясуць стыраксу, бальзам і ладан: ідуць яны завезьці гэта ў Егіпет.
 
Селі ж яны з’есці хлеб і, падняўшы вочы, убачылі: ажно вось, караван ісмаэліця́наў4 кіруе з Галаа́да, а вярблюдзіцы іх напоўненыя тымія́май,5 і рэты́най,6 і ста́ктай,7 везлі ж гэта ў Егі́пет.

І сказаў Юда братам сваім: якая карысьць, калі мы заб’ём брата нашага і схаваем кроў ягоную?
 
Прамовіў жа Ю́да да братоў сваіх: “Якая нам з таго карысць, калі заб’ем брата нашага і схаваем кроў яго?”

хадзем, прадамо яго Ізмаільцянам, а рукі нашыя хай ня будуць на ім, бо ён брат наш, плоць наша. Браты яго паслухаліся
 
Хадземце, прадамо яго ісмаэліця́нам гэтым, дык рукі нашыя не будуць на ім, брат жа наш і цела нашае”. Паслухалі ж яго браты.

і, калі праходзілі купцы Мадыямскія, выцягнулі Язэпа з рова і прадалі Язэпа Ізмаільцянам за дваццаць срэбранікаў; а яны завялі Язэпа ў Егіпет.
 
І ішлі людзі мадыяне́і8 гандляры, і выцягнулі [браты] Язэ́па з капаніцы, і прадалі Язэ́па ісмаэліця́нам за дваццаць залатых, і павялі Язэ́па ў Егі́пет.

А Рувім прыйшоў зноў да рова; і вось, няма Язэпа ў рове. І разадраў ён вопратку на сабе,
 
Вярнуўся ж Рубэ́н да капаніцы, і не знайшоў Язэ́па ў капаніцы, і разарваў вопратку сваю.9

і вярнуўся да братоў сваіх, і сказаў: хлопца няма, а я, куды я падзенуся?
 
І вярнуўся да братоў сваіх, і ўсклікнуў: “Няма хлопца! Дзе ж мне шукаць яшчэ яго?”

І ўзялі вопратку Язэпаву, і закалолі казла, і запэцкалі вопратку крывёю;
 
Узяўшы ж апратку Язэ́па, закалолі ад козаў казляня і заплямілі апратку крывёю.

і паслалі розных колераў вопратку, і даставілі бацьку свайму, і сказалі: мы гэта знайшлі; паглядзі, ці сына твайго вопратка гэтая, ці не.
 
І забралі апратку стракатую, і прынеслі бацьку свайму, і сказалі: “Ці пазнаеш, апратка гэтая сына твайго альбо не”.

Ён пазнаў яе і сказаў: гэта вопратка сына майго; драпежны зьвер задраў яго; праўда, разадраны Язэп.
 
І пазнаў яе, і сказаў: “Апратка сына майго гэта, звер люты паглынуў яго, звер схапіў Язэ́па”.

І разадраў Якаў вопратку на сабе, і надзеў вярэту на сьцёгны свае, і аплакваў сына свайго многа дзён.
 
Разарваў жа Яку́б вопратку сваю, і ахінуў рыззём сцёгны свае, і аплакваў сына свайго мноства дзён.

І сабраліся ўсе сыны ягоныя і ўсе дочкі ягоныя, каб суцешыць яго; але ён не хацеў суцешыцца і сказаў: са смуткам сыйду да сына майго ў апраметную. Так аплакваў яго бацька ягоны.
 
Сабраліся ж усе сыны яго і дочкі і прыйшлі суцяшаць яго, і не хацеў суцешыцца, і казаў, сыду да сына майго ў апраметную.10 Так аплакваў яго бацька яго.

А Мадыяніцяне прадалі яго ў Егіпет Патыфару, царадворцу фараонаваму, начальніку целаахоўцаў.
 
Мадыяне́і ж прадалі Язэ́па ў Егі́пет Петэфрэ́су, еўнуху фараона, галоўнаму кухару.11