Быццё 28 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І паклікаў Ісаак Якава і дабраславіў яго і наказаў: не бяры сабе жонкі з дачок Ханаанскіх:
 
Паклікаў Ісаа́к Яку́ба, дабрасловіў яго і наказаў яму, прамовіўшы: “Не бяры жонкі сабе з дачок Ханаа́на.

устань, ідзі ў Месапатамію, у дом Ватуіла, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе жонку адтуль, з дачок Лавана, брата маці тваёй:
 
Збярыся, ідзі ў Месапата́мію, у дом Батуэ́ля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе адтуль жонку з дачок Ла́бана, брата маці тваёй.

А Бог Усемагутны хай дабраславіць цябе, хай расплодзіць цябе і хай памножыць цябе, і хай будзе ад цябе мноства народаў:
 
Мой жа Бог няхай дабрасловіць цябе, і павялічыць цябе, і памножыць цябе, і станешся зборам народаў.

і хай дасьць табе дабраславеньне Абрагама, табе і нашчадкам тваім з табою, каб табе ўспадкаваць зямлю вандраваньня твайго, якую Бог даў Абрагаму!
 
І адорыць цябе дабраслоўленнем Абрага́ма, бацькі майго, цябе і нашчадкаў тваіх пасля цябе, каб успадкавалі зямлю тулянняў тваіх, якую Бог даў Абрага́му”.

І адпусьціў Ісаак Якава, і ён пайшоў у Месапатамію да Лавана, сына Ватуіла Арамэйца, да брата Рэбэкі, маці Якава і Ісава.
 
І выправіў Ісаа́к Яку́ба, і накіраваўся ён у Месапата́мію да Ла́бана, сына Батуэ́ля сіры́йца, брата Рэбе́кі, маці Яку́ба і Эса́ва.

Ісаў убачыў, што Ісаак дабраславіў Якава і дабраслаўляючы паслаў яго ў Месапатамію, узяць сабе жонку адтуль, і наказаў яму, сказаўшы: не бяры жонкі з дачок Ханаанскіх;
 
Убачыў жа Эса́ў, што дабрасловіў Ісаа́к Яку́ба і выправіў у Месапата́мію сіры́йскую ўзяць сабе адтуль жонку, дабрасловіў яго і наказаў яму: “Не бяры жонкі сабе з дачок Ханаа́на“,

і што Якаў паслухаўся бацькі свайго і маці сваёй і пайшоў у Месапатамію.
 
і паслухаўся Яку́б бацькі і маці сваёй, і накіраваўся ў Месапата́мію сіры́йскую,

І ўбачыў Ісаў, што дочкі Ханаанскія не падабаюцца Ісааку, бацьку ягонаму;
 
і даведаўся Эса́ў, што агідныя дочкі Ханаа́на Ісаа́ку, бацьку яго,

і пайшоў Ісаў да Ізмаіла і ўзяў сабе жонку Махалату, дачку Ізмаіла, сына Абрагамавага, сястру Наваётаву, звыш жонак сваіх.
 
дык падаўся Эса́ў да Ісмаэ́ля і ўзяў Маяле́т, дачку Ісмаэ́ля, сына Абрага́ма, сястру Набаёта, апрача сваіх жонак, сабе за жонку.

А Якаў выйшаў зь Вірсавіі і пайшоў у Харан,
 
І выправіўся Яку́б ад калодзежа Зароку, і рушыў у Хара́н,

і прыйшоў у адно месца і застаўся там начаваць, бо зайшло сонца. І ўзяў адзін камень з таго месца, і паклаў сабе пад галаву, і лёг на тым месцы.
 
і прыйшоў у пэўнае месца, і спыніўся там начаваць, бо зайшло сонца, і ўзяў адзін камень з таго месца, і падклаў пад галаву сваю, і заснуў на тым месцы.

І ўбачыў у сьне: вось лесьвіца стаіць на зямлі, а верх яе кранае неба; і вось анёлы Божыя ўзыходзяць і сыходзяць па ёй.
 
І ўбачыў ён ува сне: вось лесвіца пастаўленая на зямлю, якой верхавіна сягае неба, і анёлы Божыя ўзыходзяць і сыходзяць па ёй.

І вось, Гасподзь стаіць на ёй і кажа: Я Гасподзь, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім;
 
Госпад жа стаў на ёй і прамовіў: “Я Госпад, Бог Абрага́ма, бацькі твайго, і Бог Ісаа́ка. Не бойся. Зямлю, на якой ты спіш, дам табе і нашчадкам тваім.

і будуць нашчадкі твае, як пясок зямны; і пашырышся да мора і на ўсход, і на поўнач і на поўдзень; і дабраславяцца ў табе і ў семені тваім усе плямёны зямныя:
 
І будуць нашчадкі твае як пясчынкі зямныя, і пашырышся да мора,1 і на паўднёвы захад, і на поўнач, і на ўсход, і дабрасловяцца праз цябе і нашчадкаў тваіх усе народы зямныя.

і вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды ні пойдзеш; і вярну цябе ў гэтую зямлю; бо Я не пакіну цябе, пакуль ня выканаю таго, што Я сказаў табе.
 
Вось, Я буду з табою, каб засцерагчы цябе на кожнай дарозе, якой толькі пойдзеш, і павярну цябе адусюль у зямлю гэтую, і не пакіну цябе, пакуль не зраблю Я ўсяго, пра што сказаў табе”.

Якаў прачнуўся са сну свайго і сказаў: сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым; а я ня ведаў.
 
І абудзіўся Яку́б ад сну, і сказаў: “Прысутны Госпад у гэтым месцы, я ж не ведаў”.

І спалохаўся я і сказаў: якое страшнае месца гэтае! гэта ня што іншае, як дом Божы, гэта — брама нябесная.
 
І спужаўся, і сказаў: “Якое вусцішнае месца гэтае, не што іншае, як дом Бога і брама нябёсная”.

І ўстаў Якаў з самае раніцы, і ўзяў камень, які ён паклаў сабе пад галаву, і паставіў яго як помнік, і выліў алей на верх яго.
 
І падняўся Яку́б зранку, і ўзяў камень, які падклаў пад галаву, і паставіў яго стаўпом, і выліў алей на макавіну яго.

І даў імя месцу таму: Бэт-Эль: а ранейшае імя таго горада было: Луз.
 
І назваў Яку́б мясцовасць тую Дом Бога,2 перш імя места таго было Уламлу́с.

І даў Якаў зарок, сказаўшы: калі Бог будзе са мною і ахавае мяне ў дарозе гэтай, у якую я іду, і дасьць мне хлеб есьці і адзеньне апрануцца,
 
І склаў Яку́б зарок, кажучы: “Калі будзе Госпад Бог са мною, і засцеражэ мяне на дарозе гэтай, якой я іду, і падасць мне хлеб з’есці і плашч, каб ахінуцца,

і я ў міры вярнуся ў дом бацькі майго, і будзе Гасподзь маім Богам, —
 
і паверне мяне ў бяспецы ў дом бацькі майго, і будзе Госпад назаўжды маім Богам,

дык гэты камень, які я паставіў як помнік, будзе домам Божым; і з усяго, што Ты, Божа, дасі мне, я дам Табе дзясятую долю.
 
тады камень гэты, што паставіў стаўпом, станецца для мяне Домам Бога, а з усяго, што-кольвечы Ён дасць мне, аддам дзесяціну Яму”.