Быццё 11 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
На ўсёй зямлі была адна мова і адна гаворка.
І была зямля гаворкі аднае і адналітага для ўсіх маўлення.1
Рушыўшы з усходу, яны знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там.
І было, калі вандравалі яны з усходу, знайшлі поле ў зямлі Сеннаа́р2 і там пасяліліся.
І сказалі адно аднаму: наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны.
І сказалі адзін аднаму: “Давайце наробім цэглы і паабпальваем агнём”. Калі ж мелі цэглу замест камення, а смала была ім росчынам,
І сказалі яны: збудуем сабе горад і вежу, вышынёю да нябёсаў, і зробім сабе імя, перш чым расьсеемся па ўлоньні ўсёй зямлі.
сказалі: “Збудуем сабе места і вежу, вяршыня якой будзе сягаць неба. Паклапоцімся пра розгалас аб нашым імі, перш чым рассеемся па ўсёй паверхні зямлі”.
І сышоў Гасподзь паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны людзкія.
І спусціўся Госпад паглядзець места і вежу,3 якую будавалі сыны чалавечыя.
І сказаў Гасподзь: вось, адзін народ, і адна ў іх мова; і вось, што пачалі яны рабіць, і не адстануць ад таго, што задумалі рабіць;
І прамовіў Госпад: “Вось племя адзінае і гаворка ўсіх адна, але пачалі будаваць гэта — і цяпер не адмовяцца ад усяго, што наважыліся зрабіць.
сыдзем жа і зьмяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў гаворкі другога.
Змяшайма, спусціўшыся, іх гаворку, каб не зразумелі маўлення адзін аднаго”.
І расьсеяў іх Гасподзь адтуль па паверхні ўсёй зямлі; і яны перасталі будаваць горад.
І рассеяў іх Госпад адтуль па абліччы ўсёй зямлі, і перасталі будаваць места і вежу.
Таму дадзена яму імя: Вавілон, бо так зьмяшаў Гасподзь мову ўсёй зямлі, і адтуль расьсеяў іх Гасподзь па ўсёй зямлі.
Праз гэта назвалі зямлю тую Змяшэнне,4 бо там змяшаў Госпад гаворкі ўсёй зямлі і адтуль рассеяў людзей Госпад Бог па ўсёй паверхні зямлі.
Вось радавод Сіма: Сіму было сто гадоў і спарадзіў Арфаксада, праз два гады пасьля патопу;
Вось радавод Сэ́ма: Сэм быў стагадовы, калі нарадзіў Арфакса́да, на другі год пасля патопу.
пасьля нараджэньня Арфаксада Сім жыў пяцьсот гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Сэм ад нараджэння Арфакса́да пяцьсот гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
Арфаксад жыў трыццаць пяць гадоў і спарадзіў Салу.
І жыў Арфакса́д сто трыццаць пяць гадоў,5 і нарадзіў Каіна́на.
Пасьля нараджэньня Салы Арфаксад жыў чатырыста тры гады і спарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Арфакса́д ад нараджэння ім Каіна́на чатырыста трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр. І жыў Каіна́н сто трыццаць гадоў, і нарадзіў Са́лу. І жыў Каіна́н пасля таго, як нарадзіў ён Са́лу, трыста трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
Сала жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Эвэра.
І жыў Са́ла сто трыццаць гадоў, і нарадзіў Э́бера.
Пасьля нараджэньня Эвэра Сала жыў чатырыста тры гады і спарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Са́ла ад нараджэння ім Э́бера трыста трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
Эвэр жыў трыццаць чатыры гады і спарадзіў Фалека.
І жыў Э́бер сто трыццаць чатыры гады, і нарадзіў Фа́лека.
Пасьля нараджэньня Фалека Эвэр жыў чатырыста трыццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Э́бер ад нараджэння ім Фа́лека трыста семдзесят гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
Фалек жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Рагава.
І жыў Фа́лек сто трыццаць гадоў, і нарадзіў Рага́ва.
Пасьля нараджэньня Рагава Фалек жыў дзьвесьце дзевяць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Фа́лек ад нараджэння ім Рага́ва дзвесце дзевяць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
Рагаў жыў трыццаць два гады і спарадзіў Саруха.
І жыў Рага́ў сто трыццаць два гады, і нарадзіў Сару́ха.
Пасьля нараджэньня Саруха Рагаў жыў дзьвесьце сем гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Рага́ў ад нараджэння ім Сару́ха дзвесце сем гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
Сарух жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Нахора.
І жыў Сару́х сто трыццаць гадоў, і нарадзіў Нахора.
Пасьля нараджэньня Нахора Сарух жыў дзьвесьце гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Сару́х пасля нараджэння ім Нахора дзвесце гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
Нахор жыў дваццаць дзевяць гадоў і спарадзіў Тару.
І жыў Нахор семдзесят дзевяць гадоў, і нарадзіў Та́ру.
Пасьля нараджэньня Тары Нахор жыў сто дзевятнаццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Нахор пасля нараджэння ім Та́ры сто дваццаць дзевяць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
Тара жыў семдзесят гадоў і спарадзіў Абрама; Нахора і Арана.
І жыў Та́ра семдзесят гадоў, і нарадзіў Абра́ма,6 і Нахора, і Ара́на.
Вось радавод Тары: Тара спарадзіў Абрама, Нахора і Арана. Аран спарадзіў Лота.
Вось жа радавод Та́ры: Та́ра нарадзіў Абра́ма, Нахора і Ара́на. Ара́н нарадзіў Лота.
І памёр Аран пры Тары, бацьку сваім, у зямлі нараджэньня свайго, у Уры Халдэйскім.
І памёр Ара́н перш, чым Та́ра, бацька яго, у зямлі, у якой нарадзіўся, у краіне халдэ́яў.7
Абрам і Нахор узялі сабе жонак; імя жонкі Абрамавай: Сара; імя жонкі Нахоравай: Мілка, дачка Арана, бацькі Мілкі і бацькі Іскі.
І ўзялі Абра́м і Нахор сабе жонак. Імя жонкі Абра́ма Са́ра, і імя жонкі Нахора Ме́лха, дачка Ара́на, бацькі Ме́лхі і Е́схі.
І Сара была няплодная і бязьдзетная.
І была Са́ра бясплоднаю, і не нараджала дзяцей.
І ўзяў Тара Абрама, сына свайго, і Лота, сына Аранавага, унука свайго, і Сару, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў зь імі з Ура Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую; але дайшоўшы да Харана, яны спыніліся там.
І ўзяў Та́ра Абра́ма, сына свайго, Лота, сына Ара́на, сына свайго сына, Са́ру, нявестку сваю, жонку сына свайго Абра́ма, і вывеў іх з краіны халдэ́яў, каб пайсці ў зямлю Ханаа́н,8 і прыйшоў у Хара́н,9 і пасяліўся там.
І было дзён жыцьця Тары дзьвесьце пяць гадоў, і памёр Тара ў Харане.
І былі дні Та́ры ў Хара́не дзвесце пяць гадоў, і памёр Та́ра ў Хара́не.