Быццё 48 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Пасьля таго Язэпу сказалі: вось, бацька твой хворы. І ён узяў з сабою двух сыноў сваіх, Манасію і Яфрэма.
 
Было ж пасля словаў гэтых: вешчана было Язэ́пу, што бацька яго занямог. Дык, узяўшы двох сыноў сваіх, Мана́сію і Эфраі́ма, пайшоў да Яку́ба.

Якаву паведамілі і сказалі: вось, сын твой Язэп ідзе да цябе. Ізраіль сабраў сілу сваю і сеў на пасьцелі.
 
Паведамілі ж Яку́бу, кажучы: “Вось, сын твой Язэ́п прыйшоў да цябе”. І, намагаючыся, Ізраэ́ль1 сеў на ложак.

І сказаў Якаў Язэпу: Бог Усемагутны явіўся мне ў Лузе, у зямлі Ханаанскай, і дабраславіў мяне,
 
І сказаў Яку́б Язэ́пу: “Бог мой з’явіўся мне ў Лу́зе, у зямлі Ханаа́н, і дабрасловіў мяне,2

і сказаў мне: вось, Я распладжу цябе і памножу цябе, і выведу зь цябе мноства народаў, і дам зямлю гэтую нашчадкам тваім пасьля цябе, у вечнае валоданьне.
 
і сказаў мне: вось, Я ўзвялічу цябе, і памножу цябе, і зраблю цябе зборам народаў, і дам зямлю гэтую табе і нашчадкам тваім пасля цябе на спадчыну вечную.

І сёньня два сыны твае, што радзіліся ў зямлі Егіпецкай, да майго прыбыцьця да цябе ў Егіпет, мае яны; Яфрэм і Манасія, як Рувім і Сымон, будуць мае;
 
Таму цяпер абодва сыны твае, якія нарадзіліся ў цябе ў Егі́пце перад маім прыходам да цябе ў Егі́пет, будуць маімі, Эфраі́м і Мана́сія як Рубэ́н і Сямён будуць маімі.3

а твае дзеці, якія народзяцца ад цябе пасьля іх, будуць твае; яны пад імем братоў сваіх будуць называцца ў спадках іхніх.
 
Дзеці ж, якія народзяцца пасля гэтых, будуць тваімі.4 Побач з імёнамі братоў тваіх назавуцца дзеля іх чаргі.

Калі я ішоў зь Месапатаміі, памерла ў мяне Рахіль у зямлі Ханаанскай, на дарозе, не даходзячы крыху да Эфраты, і я пахаваў яе там на дарозе да Эфраты, што сёньня Віфляем.
 
Калі я ішоў у Месапата́мію сіры́йскую, памерла Рахэ́ль, маці твая, у зямлі Ханаа́н, калі рушыў я да Іпадрома5 ў зямлі Хабра́та, набліжаючыся да Эфра́ты,6 і пахаваў яе пры дарозе Іпадрома, што ёсць Бэтле́ем”.

І ўбачыў Ізраіль сыноў Язэпавых і сказаў: хто гэта?
 
Убачыў жа Ізраэ́ль сыноў Язэ́па і спытаўся: “Хто яны табе ?”

І сказаў Язэп бацьку свайму: гэта сыны мае, якіх Бог даў мне тут. Якаў сказаў: падвядзі іх да мяне, і я дабраслаўлю іх.
 
Адказаў жа Язэ́п бацьку свайму: “Сыны мае, якіх даў мне тут Бог”. І сказаў Яку́б: “Наблізь іх да мяне, каб дабрасловіў я іх”.

А вочы Ізраілевыя прытупіліся ад старасьці, ня мог ён бачыць ясна. Язэп падвёў іх да яго, і ён пацалаваў іх і абняў іх.
 
Вочы ж Ізраэ́ля кепска бачылі праз старасць, дык не мог разгледзець. І наблізіліся яны да яго, і пацалаваў іх, і абняў іх.

І сказаў Ізраіль Язэпу: не спадзяваўся я ўбачыць твой твар: але вось, Бог паказаў мне і дзяцей тваіх.
 
І сказаў Ізраэ́ль Язэ́пу: “Вось, аблічча твайго не пазбаўлены, і вось, паказаў мне Бог нашчадкаў тваіх”.

І адвёў іх Язэп ад каленяў ягоных і пакланіўся яму тварам да самай зямлі.
 
І адвёў іх [Язэ́п] ад каленяў яго, і пакланіўся яму тварам да зямлі.

І ўзяў Язэп абодвух, Яфрэма ў правую сваю руку насупраць левай Ізраіля, а Манасію ў левую насупраць правай Ізраіля, і падвёў да яго.
 
Узяў жа Язэ́п абодвух сыноў сваіх, як Эфраі́ма праваруч, леваруч ад Ізраэ́ля, так і Мана́сію леваруч, праваруч ад Ізраэ́ля, падвёў іх да яго.

Але Ізраіль працягнуў правую руку сваю і паклаў на галаву Яфрэму, хоць гэты быў меншы, а левую на галаву Манасіі. З намерам паклаў ён так рукі свае, хоць Манасія быў першынец.
 
Прасцяў жа Ізраэ́ль правую руку, усклаў на галаву Эфраі́ма, а ён быў малодшы, і левую на галаву Мана́сіі, скрыжоўваючы рукі.

І дабраславіў Язэпа і сказаў: Бог, прад Якім хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ісаак, Бог, Які пасе мяне з таго часу, як я існую, да сёньня,
 
І дабрасловіў іх, і сказаў: “Бог, якому дагаджалі айцы мае, Абрага́м і Ісаа́к, Бог, які ўзгадаваў мяне ад маладосці ажно да гэтага дня,

анёл, які ратуе мяне ад усякага ліха, каб дабраславіць хлопчыкаў гэтых; хай будзе на іх названа імя маё і імя бацькоў маіх, Абрагама і Ісаака, і хай паўстануць яны ў мностве пасярод зямлі.
 
анёл,7 які ратуе мяне ад усялякага зла, няхай дабрасловіць дзяцей гэтых, і няхай прагучыць імя маё і імя айцоў маіх Абрага́ма і Ісаа́ка, і няхай памножацца мноствам вялікім па ўсёй зямлі”.

І ўбачыў Язэп, што бацька ягоны паклаў правую руку сваю на галаву Яфрэму; і скрушліва было яму ад гэтага. І ўзяў ён руку бацькі свайго, каб перакласьці яе з галавы Яфрэма на галаву Манасіі,
 
Убачыў жа Язэ́п, што прасцяў бацька правіцу сваю на галаву Эфраі́ма, падалося яму няслушным, і ўзяў Язэ́п руку бацькі свайго, каб перасунуць яе з галавы Эфраі́ма на галаву Мана́сіі.

і сказаў Язэп бацьку свайму: ня так, бацька мой, бо гэта — першынец; пакладзі на яго правую руку тваю.
 
Сказаў жа Язэ́п бацьку свайму: “Не, ойча, бо той першародны, ускладзі правіцу тваю на галаву таго”.

Але бацька яго не згадзіўся і сказаў: ведаю, сыне мой, ведаю; і ад яго пойдзе народ, і ён будзе вялікі; але меншы яго брат будзе большы за яго, і ад семені яго пойдзе шматлікі народ.
 
І не схацеў, але сказаў: “Ведаю, дзіця, ведаю. І гэты стане народам, і той узвялічаны будзе, але брат яго малодшы будзе большым за яго, і нашчадкі яго будуць у мностве народаў”.

І дабраславіў іх у той дзень, кажучы: табою будзе дабраслаўляць Ізраіль, кажучы: Бог няхай створыць табе, як Яфрэму і Манасіі. І паставіў Яфрэма вышэй за Манасію.
 
І дабрасловіў іх у той дзень, кажучы: “Праз вас дабрасловіць будуць Ізраэ́ль, кажучы — няхай зробіць табе Бог як Эфраі́му і як Мана́сію”. І паставіў Эфраі́ма перад Мана́сіяй.

І сказаў Ізраіль Язэпу: вось, я паміраю; і Бог будзе з вамі і верне вас у зямлю бацькоў вашых;
 
Сказаў жа Ізраэ́ль Язэ́пу: “Вось, я паміраю, і будзе Бог з вамі, і паверне вас у зямлю айцоў вашых.

я даю табе, звыш братоў тваіх, адну дзялянку, якую я ўзяў з рук Амарэяў мечам сваім і лукам сваім.
 
Я ж аддаю табе Сікі́мы, найлепшыя па-над братоў тваіх, што здабыў я з рук амарэ́яў мечам маім і лукам”.