Быццё 47 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І прыйшоў Язэп і паведаміў фараону і сказаў: бацька мой і браты мае, з дробным і буйным быдлам сваім і з усім, што ў іх, прыйшлі зь зямлі Ханаанскай: і вось, яны ў зямлі Гесэм.
 
Прыйшоў жа Язэ́п паведаміць фараону, кажучы: “Бацька мой, і браты мае, і жывёла, і валы іх, і ўсё іхняе прыйшлі з зямлі Ханаа́н, дык вось, сталі ў зямлі Ге́сем”.

І з братоў сваіх ён узяў пяць чалавек і прадставіў іх фараону.
 
Са сваіх жа братоў узяў пяцёх мужоў і паставіў іх перад фараонам.

І сказаў фараон братам ягоным: які ваш занятак? Яны сказалі фараону: пастухі авечак рабы твае, і мы і бацькі нашыя.
 
І спытаўся фараон у братоў Язэ́па: “Які ваш занятак?” Адказалі ж фараону: “Слугі твае — пастухі авечак, і мы, і бацька наш1”.

І сказалі яны фараону: мы прыйшлі пажыць у гэтай зямлі, бо няма пашы быдлу рабоў тваіх, бо ў зямлі Ханаанскай вялікі голад; дык вось, дазволь пасяліцца рабам тваім у зямлі Гесэм.
 
Сказалі ж фараону: “Мы прыйшлі, каб пасяліцца ў краі, бо няма пашы жывёле слугаў тваіх, бо ўзмацніўся голад у зямлі Ханаа́н, таму цяпер пасталі слугі твае ў зямлі Ге́сем”.

І сказаў фараон Язэпу: бацька твой і браты твае прыйшлі да цябе;
 
Сказаў жа фараон Язэ́пу: “Няхай застаюцца ў зямлі Ге́сем. Калі ж ведаеш, што ёсць сярод іх мужы дужыя, то пастаў іх распараднікамі маёй жывёлы”. Прыйшоў жа ў Егі́пет да Язэ́па Яку́б і сыны яго. І даведаўся фараон, цар Егі́пта, і звярнуўся да Язэ́па: “Бацька твой і браты твае прыйшлі да цябе.2

зямля Егіпецкая перад табою; на лепшым месцы зямлі пасялі бацьку твайго і братоў тваіх; няхай жывуць яны ў зямлі Гесэм; і калі ведаеш, што сярод іх ёсьць здольныя людзі, пастаў іх даглядчыкамі майго быдла.
 
Вось, зямля Егі́пта перад абліччам тваім. На найлепшай зямлі пастаў бацьку і братоў тваіх”.

І прывёў Язэп Якава, бацьку свайго, і прадставіў яго фараону: і дабраславіў Якаў фараона.
 
Прывёў жа Язэ́п Яку́ба, бацьку свайго, і паставіў перад абліччам фараона, і дабрасловіў Яку́б фараона.

Фараон сказаў Якаву: колькі гадоў жыцьцю твайму?
 
Спытаўся ж фараон Яку́ба: “Колькі гадоў жыцця твайго?”

Якаў сказаў фараону: дзён вандраваньня майго сто трыццаць гадоў; малыя і няшчасныя дні жыцьця майго і не дасягнулі гадоў жыцьця бацькоў маіх, у днях вандраваньня іхняга.
 
І адказаў Яку́б фараону: “Дзён жыцця майго, што пражыў, сто трыццаць гадоў. Нішчымныя і ліхія былі гады жыцця майго, не сягнулі гадоў жыцця бацькоў маіх, што пражылі яны”.

І дабраславіў фараона Якаў і выйшаў ад фараона.
 
І дабрасловіў Яку́б фараона. І выйшаў ад яго.

І пасяліў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх, і даў ім валоданьне зь зямлі Егіпецкай, у найлепшай частцы зямлі, у зямлі Раамсэс, як загадаў фараон.
 
І паставіў Язэ́п бацьку і братоў сваіх, і даў ім у валоданне ў зямлі Егі́пта найлепшы кавалак, абшары Раме́са, як сказаў фараон.

І забясьпечваў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх і ўвесь дом бацькі свайго хлебам, паводле патрэбаў кожнага сямейства.
 
І ахінуў Язэ́п бацьку, і братоў сваіх, і ўвесь дом бацькі свайго пшаніцаю паводле ліку душаў.

І ня было хлеба па ўсёй зямлі, бо голад вельмі памацнеў, і аслабелыя былі ад голаду зямля Егіпецкая і зямля Ханаанская.
 
Пшаніцы ж не было па ўсёй краіне, бо мацнеў вельмі голад. Гінула зямля Егі́пта і зямля Ханаа́н ад голаду.

Язэп сабраў усё срэбра, якое было ў зямлі Егіпецкай і ў зямлі Ханаанскай, за хлеб, які куплялі, і ўнёс Язэп срэбра ў дом фараонаў.
 
Сабраў жа Язэ́п усё срэбра, што прыйшло з зямлі Егі́пта і з зямлі Ханаа́н за пшаніцу, якую куплялі і якой надзяляў людзей, і ўнёс Язэ́п усё срэбра ў дом фараона.

І срэбра скончылася ў зямлі Егіпецкай і ў зямлі Ханаанскай. Усе Егіпцяне прыйшлі да Язэпа і казалі: дай нам хлеба; навошта нам паміраць перад табою, таму што срэбра выйшла ў нас?
 
І скончылася срэбра па ўсёй зямлі Егі́пта і ў зямлі Ханаа́н. Прыйшлі тады ўсе егіпця́не да Язэ́па, просячы: “Дай нам хлеб, чаму ж нам паміраць перад абліччам тваім, бо скончылася ў нас срэбра”.

Язэп сказаў: прыганяйце быдла ваша, і я буду даваць вам за быдла ваша, калі срэбра выйшла ў вас.
 
Адказаў жа ім Язэ́п: “Прывядзіце свойскую жывёлу вашую, і дам вам хлеб за скаціну вашую, калі скончылася срэбра”.

І прыганялі яны да Язэпа быдла сваё; і даваў ім Язэп хлеб за коней, і за статкі дробнага быдла, і за статкі буйнога быдла, і за аслоў; і забясьпечваў іх хлебам у той год за ўсё быдла іхняе.
 
Прывялі свойскую жывёлу да Язэ́па, і даў Язэ́п хлеб за коней, і за авечак, і за валоў, і за аслоў, і карміў іх у год той хлебам за ўсю скаціну.

І прайшоў гэты год: і прыйшлі да яго на другі год і сказалі яму: не схаваем ад гаспадара нашага, што срэбра скончылася і статкі быдла нашага ў гаспадара нашага; нічога не засталося ў нас перад гаспадаром нашым, апрача целаў нашых і земляў нашых;
 
Мінуў жа год той, ізноў прыйшлі да яго ў наступны год і прасілі яго: “Дзеля таго, каб не загінулі мы перад гаспадаром нашым, бо скончылася срэбра, і жывёла стала твая, гаспадару, і не засталося нам для гаспадара нашага нічога, акрамя ўласнага цела і зямлі нашай,

навошта нам гінуць у вачах тваіх, і нам і землям нашым? купі нас і землі нашыя за хлеб, і мы зь землямі нашымі будзем рабамі фараону, а ты дай нам насеньня, каб нам быць жывымі і не памерці, і каб не апусьцела зямля.
 
дзеля таго, каб не памерці перад абліччам тваім і не спусцела зямля, — набудзь нас і зямлю нашую за хлеб, і станемся мы і зямля нашая слугамі фараона. Дай насенне, каб пасеялі, і выжылі, і не памерлі, і не спусцела зямля”.

І купіў Язэп усю зямлю Егіпецкую фараону, бо прадалі Егіпцяне кожны сваё поле; бо голад адольваў іх. І дасталася зямля фараону.
 
І набыў Язэ́п усю зямлю егі́пецкую фараону, бо аддалі егіпця́не зямлю сваю фараону, калі мацнеў голад. І стала зямля фараонава.

І народ зрабіў ён рабамі з аднаго канца Егіпта ў другі.
 
І люд паняволіў сябе ў слугі ад верхняй мяжы Егі́пта ажно да краю,

Толькі землі жрацоў ня купіў, бо жрацам ад фараона выдзелена была дзялянка, і яны карміліся сваёй дзялянкай, якую даў ім фараон; таму і не прадалі зямлі сваёй.
 
аднак, акрамя зямлі святароў. Не набыў яе Язэ́п, бо бескаштоўна даў яе ў дар святарам фараон, і сілкаваліся міласцю фараона. Таму не аддалі зямлі сваёй.

І сказаў Язэп народу: вось, я купіў цяпер фараону вас і зямлю вашу; вось вам насеньне, і засявайце зямлю;
 
Сказаў жа Язэ́п усім егіпця́нам: “Вось, набыў я вас і зямлю вашую цяпер фараону. Вазьміце сабе насенне і засейце зямлю,

калі будзе жніво, давайце пятую частку фараону, а чатыры часткі застануцца вам на засяваньне палёў, на ежу вам і тым, хто ў дамах вашых, і на ежу дзецям вашым.
 
і адродзіць яна плён. Аддасцё пятую частку фараону, а чатыры часткі застануцца вам самім на насенне зямлі і на ежу вам і ўсім, хто ў доме вашым”.

Яны сказалі: ты ўратаваў нам жыцьцё; хай жа здабудзем ласку ў вачах гаспадара нашага і хай будзем рабамі фараону.
 
І адказалі: “Выратаваў ты нас, знайшлі мы ласку перад абліччам гаспадара нашага, таму стаемся слугамі фараона”.

І пастанавіў Язэп законам зямлі Егіпецкай, нават да сёньняшняга дня: пятую частку даваць фараону, выключаючы толькі зямлю жрацоў, якая не належала фараону.
 
І паклаў ім Язэ́п запавет ажно да сёння ў Егі́пце: фараону аддаваць пятую частку, аднак, акрамя зямлі святароў, што не належала фараону.

І жыў Ізраіль у зямлі Егіпецкай, у зямлі Гесэм, і валодалі яны ёю, і пладзіліся, і вельмі памножыліся.
 
І пасяліўся Ізраэ́ль на зямлі Егі́пта, у зямлі Ге́сем, і ўзбагаціўся на ёй, і памножыўся, і вельмі павялічыўся.

І жыў Якаў у зямлі Егіпецкай сямнаццаць гадоў; і было дзён Якава, гадоў жыцьця ягонага сто сорак сем гадоў.
 
Жыў жа Яку́б на зямлі Егі́пта сямнаццаць гадоў. Былі ж дні Яку́ба, век жыцця яго, сто сорак сем гадоў.

І прыйшоў час Ізраілю памерці, і паклікаў ён сына свайго Язэпа і сказаў яму: калі я знайшоў упадабаньне ў вачах тваіх, пакладзі руку тваю пад сьцягно маё і прысягні, што ты зробіш мне ласку і праўду, не пахаваеш мяне ў Егіпце,
 
Наблізіліся ж дні Ізраэ́лю памерці. І паклікаў сына свайго Язэ́па, і сказаў яму: “Калі знайшоў я ласку перад тваім абліччам, то пакладзі руку тваю пад сцягно маё,3 і выявіш мне міласэрнасць і праўду, не пахаваўшы мяне ў Егі́пце,

каб мне легчы з бацькамі маімі: вынесеш мяне зь Егіпта і пахаваеш мяне ў іхняй магільніцы. Язэп сказаў: зраблю паводле слова твайго.
 
але спачну з айцамі маімі. І возьмеш мяне з Егі́пта, і пахаваеш мяне ў магільні іхняй”. Адказаў жа: “Я зраблю паводле словаў тваіх”.

І сказаў: прысягні мне. І запрысягнуўся яму. І пакланіўся Ізраіль на ўзгалоўе пасьцелі.
 
Папрасіў жа [Яку́б]: “Прысягні мне”. І прысягнуў яму. І пакланіўся Ізраэ́ль па край жазла свайго.