Быццё 3 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Зьмей быў хітрэйшы за ўсіх зьвяроў польных, якіх стварыў Гасподзь Бог. І сказаў зьмей жанчыне: ці сапраўды сказаў Бог: ня ежце ні зь якога дрэва ў раі?
 
Змей1 жа быў найбольш кемлівы за ўсіх жывых істотаў на зямлі, якіх стварыў Госпад Бог. І сказаў змей жанчыне: “Дык што мовіў Бог, не скаштуеце з дрэва кожнага ў раі?”

І сказала жанчына зьмею: плады з дрэваў мы можам есьці,
 
І адказала жанчына змею: “З усялякага дрэва райскага можам есці,

толькі пладоў з дрэва, якое пасярод раю, сказаў Бог, ня ежце і не чапайце іх, каб вам не памерці.
 
ад плода ж дрэва, што ў сярэдзіне раю, мовіў Бог, — не ешце ад яго і не датыкайцеся да яго, каб не памерці”.

І сказаў зьмей жанчыне: не, не памраце;
 
І сказаў змей жанчыне: “Не памрацё,

але ведае Бог, што ў дзень, калі вы скаштуеце іх, адамкнуцца вочы вашыя, і вы будзеце, як багі, якія ведаюць дабро і зло.
 
бо ведае Бог — таго дня, як з’ясцё з яго, расплюшчацца вочы вашыя і будзеце як багі, што ведаюць дабро і зло”.

І ўбачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы, і што яно прыемнае вачам і панаднае, бо дае веду; і ўзяла пладоў зь яго і ела; і дала таксама мужу свайму, і ён еў.
 
І ўбачыла жанчына, што дрэва прыдатнае для ежы, і вабіць вока, і зору неадхільнае. І ўзяла плод яго, і з’ела. Дала мужу свайму, што быў з ёю, і елі.

І адамкнуліся вочы ў іх абаіх, і ўведалі яны, што голыя, і сшылі смакоўныя лісьціны, і зрабілі сабе апаяскі.
 
І расплюшчыліся абаім вочы, і спазналі, што былі голыя. І сплялі лісце фігі, і зрабілі сабе апаяскі.

І пачулі голас Госпада Бога, Які хадзіў па раі ў час дзённай прахалоды; і схаваўся Адам і жонка ягоная ад аблічча Госпада Бога паміж дрэвамі раю.
 
Калі пачулі голас Госпада Бога, які ішоў па раі вечарам, то схаваліся Ада́м і жонка яго ад аблічча Госпада Бога сярод дрэваў раю.

І паклікаў Гасподзь Бог Адама і сказаў яму: дзе ты?
 
І паклікаў Госпад Бог Ада́ма, і спытаўся: “Ада́ме, дзе ты?”

Ён сказаў: голас твой я пачуў у раі, і спалохаўся, бо я голы, і схаваўся.
 
І адказаў яму той: “Голас Твой пачуў, калі ішоў Ты па раі, і забаяўся, бо голы, і схаваўся”.

І сказаў Бог: хто сказаў табе, што ты голы? ці ня еў ты з дрэва, зь якога Я забараніў табе есьці?
 
І сказаў яму: “Хто апавёў табе, што ты голы? Ці не з’еў ты з таго адзінага дрэва, з якога Я загадаў табе не спажываць?”

Адам сказаў: жонка, якую Ты даў мне, яна дала мне з дрэва, і я еў.
 
І сказаў Ада́м: “Жанчына, якую Ты даў для мяне, яна дала з дрэва, і я з’еў”.

І сказаў Гасподзь Бог жонцы: што гэта ты зрабіла? Жонка сказала: зьмей змусьціў мяне, і я ела.
 
І сказаў Госпад Бог жанчыне: “Чаму гэта зрабіла?” І адказала жанчына: “Змей звёў мяне, і я з’ела”.

І сказаў Гасподзь Бог зьмею: за тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты перад усім быдлам і перад усімі жывёламі польнымі; ты будзеш хадзіць на чэраве тваім, і будзеш есьці пыл ва ўсе дні жыцьця твайго;
 
І сказаў Госпад Бог змею: “За тое, што зрабіў гэта, пракляты ты ад усіх свойскіх жывёлаў і ад усіх дзікіх звяроў: на грудзях тваіх і жываце будзеш поўзаць і зямлю будзеш спажываць ва ўсе дні твайго жыцця.

і варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе; яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту.
 
І варожасць устанаўлю паміж табою і жанчынай, і паміж семем тваім, і семем яе.2 Яно будзе гнесці3 тваю галаву, а ты будзеш жмаць яго пяту”.

Жонцы сказаў: множачы памножу скруху тваю ў цяжарнасьці тваёй; у хворасьці будзеш нараджаць дзяцей; і да мужа твайго цяга твая, і ён будзе валадарыць над табою.
 
І сказаў жанчыне: “Шматкроць памножу болі твае і енкі твае. У болях будзеш нараджаць дзяцей. У мужа твайго будзеш шукаць прыстанішча, а ён будзе апякаць цябе”.

А Адаму сказаў: за тое, што ты паслухаўся голасу жонкі тваёй і еў з дрэва, пра якое Я наказаў табе, сказаўшы: «ня еж зь яго», праклятая зямля за цябе; са скрухаю будзеш карміцца зь яе ва ўсе дні жыцьця твайго;
 
Ада́му ж сказаў: “Раз паслухаўся жонкі тваёй і з’еў з таго адзінага дрэва, з якога запавёў табе не есці, праклятая зямля праз цябе, у маркоце будзеш спажываць з яе ўсе дні жыцця свайго.

церне і ваўчкі ўзгадуе яна табе; і будзеш карміцца польнаю травою;
 
Церні і быллё праросціць табе, і будзеш спажываць траву палявую.

У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня вернешся ў зямлю, зь якое ты ўзяты; бо пыл ты і ў пыл вернешся.
 
У поце з твару свайго будзеш спажываць хлеб свой, пакуль не вернешся ў зямлю, з якой ты ўзяты, бо ты прах і ў прах адыдзеш4”.

І назваў Адам імя жонцы сваёй: Ева, бо яна стала маці ўсіх, хто жыве.
 
І назваў Ада́м жонку сваю імем Жыццё,5 бо сталася маці ўсіх жывых.

І зрабіў Гасподзь Бог Адаму і жонцы яго вопратку скураную і апрануў іх.
 
І зрабіў Госпад Бог Ада́му і жонцы яго скураную апратку,6 і адзеў іх.

І сказаў Гасподзь Бог: вось, Адам, зрабіўся як адзін з Нас, ведаючы дабро і зло; і цяпер як бы ні працягнуў руку сваю, і ня ўзяў таксама ад дрэва жыцьця, і не пакаштаваў, і не пачаў жыць вечна.
 
І сказаў Бог: “Вось, Ада́м стаў як адзін з нас, спазнае дабро і зло. Каб жа цяпер не працягнуў рукі, і не ўзяў з Дрэва Жыцця, і не з’еў бы, то жыў бы вечна”.

І выслаў яго Гасподзь Бог з саду Эдэмскага, каб урабляў зямлю, зь якое ён узяты.
 
І выгнаў Госпад Бог яго з раю дабротаў абрабляць зямлю, з якой узяты.

І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця.
 
І зрынуў Ада́ма, і пасяліў яго наўпроці раю дабротаў. Паставіў Херубі́маў7 і вогненны меч, што абарочваецца так, каб вартаваць шлях да Дрэва Жыцця.