Быццё 16 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Але Сара, Абрамава жонка, не нараджала яму. У яе была служанка Егіпцянка, на імя Агур.
Сара, жонка Абра́ма, не нараджала яму. Была ж у яе прыслужніца егіпця́нка, якой імя Ага́р.
І сказала Сара Абраму: вось, Гасподзь замкнуў чэрава маё, каб мне не раджаць; увайдзі ж да служанкі маёй: можа, я буду мець дзяцей ад яе. Абрам паслухаўся Сарыных слоў.
І звярнулася Са́ра да Абра́ма: “Вось, замкнуў маё ўлонне Госпад, каб не нараджала. Дык увайдзі да прыслужніцы маёй, каб нарадзіць дзяцей ад яе”. І паслухаў Абра́м дарады Са́ры.1
І ўзяла Сара, жонка Абрамава, Егіпцянку Агар, пасьля таго як прайшло дзесяць гадоў Абрамавых у зямлі Ханаанскай, і дала яе Абраму, мужу свайму, за жонку.
І ўзяла Са́ра, жонка Абра́ма, егіпця́нку Ага́р, прыслужніцу сваю, па дзесяці гадах пасялення Абра́ма ў зямлі Ханаа́нскай, і дала Абра́му, мужу свайму, як жонку.
Ён увайшоў да Агары, і яна зачала. А ўбачыўшы, што зачала, яна пачала пагарджаць гаспадыняй сваёй.
І ўвайшоў да Агар, і зацяжарала. Калі даведалася, што мае ва ўлонні, то стала прыніжаць гаспадыню сваю.
І сказала Сара Абраму: у крыўдзе маёй ты вінаваты; я аддала служанку маю ва ўтробу тваю; а яна, угледзеўшы, што зачала, пачала пагарджаць мною; Гасподзь хай будзе судзьдзя паміж мною і табою.
Прамовіла ж Са́ра да Абра́ма: “Зняважаная я праз цябе. Сама дала маю прыслужніцу на лона тваё, калі ж даведалася яна, што цяжарная, то я сталася прыніжанай перад яе абліччам. Няхай рассудзіць Бог паміж мною і табою”.
Абрам сказаў Сары: вось, служанка твая ў тваіх руках; рабі зь ёю, што табе заўгодна. І Сара пачала ўціскаць яе, і тая ўцякла ад яе.
Сказаў Абра́м да Са́ры: “Вось прыслужніца твая ў руках тваіх. Абыходзься з ёю, як табе толькі будзе даспадобы”. І Са́ра пачала прыгнятаць яе, і ўцякла тая ад аблічча яе.
І знайшоў яе анёл Гасподні каля крыніцы вады ў пустыні, каля крыніцы на дарозе да Сура.
Знайшоў жа яе анёл2 Гасподні ля крыніцы вады ў пустэльні, ля вытоку на дарозе Сур.3
І сказаў: Агар, служанка Сарына, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш? Яна сказала: я бягу ад аблічча Сары, гаспадыні маёй.
І сказаў ёй анёл Гасподні: “Ага́р, прыслужніца Са́ры, адкуль прыйшла і куды ідзеш?” І адказала: “Ад аблічча Са́ры, маёй гаспадыні, я ўцякаю”.
І сказаў ёй анёл Гасподні: вярніся, да гаспадыні сваёй і скарыся ёй.
Сказаў жа ёй анёл Гасподні: “Вярніся да гаспадыні тваёй і скарыся пад яе рукой”.
І сказаў ёй анёл Гасподні: множачы памножу нашчадкаў тваіх, так што нельга будзе і палічыць іх ад мноства.
І дадаў анёл Гасподні: “Шматкроць памножу нашчадкаў тваіх, і не будуць падлічаныя праз мноства”.
І яшчэ сказаў ёй анёл Гасподні: вось, ты цяжарная, і народзіш сына, і дасі яму імя: Ізмаіл; бо пачуў Гасподзь пакуту тваю;
І сказаў ёй анёл Гасподні: “Вось, ты маеш ва ўлонні, і народзіш сына, і назавеш яго Ісмаэ́ль, бо пачуў Госпад пра пакорлівасць тваю.4
ён будзе сярод людзей дзікі асёл: рукі яго на ўсіх, і рукі ўсіх на ім; жыцьме ён перад абліччам усіх братоў сваіх.
Ён будзе чалавекам дзікіх абшараў.5 Рукі яго будуць прычыняць шкоду ўсім, а рукі ўсіх яму, і на віду ўсіх братоў будзе жыць”.6
І назвала Госпада, Які гаварыў зь ёю, гэтым імем: Ты Бог, Які бачыць мяне. Бо сказала яна: праўда, я бачыла тут Таго, Які сьледам бачыць мяне.
І назвала Ага́р імя Госпаду, які гаварыў да яе: “Ты Бог, які спазірнуў на мяне”, і дадала: “Бо ўбачыла перад сабою, калі мне з’явіўся”.
Таму крыніца тая называецца: Бэер-Лахай-Роі. Яна паміж Кадэсам і Барэдам.
Таму назвала гэты калодзеж “Калодзеж, дзе ўбачыла Яго”.7 Ён паміж Кадэ́сам і Бара́дам.
Агар нарадзіла Абраму сына; і назваў імя сыну свайму, народжанаму ад Агары: Ізмаіл.
І нарадзіла Ага́р Абра́му сына, і назваў Абра́м сына свайго, якога нарадзіла яму Ага́р, Ісмаэ́ль.
Абраму было восемдзесят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла Абраму Ізмаіла.
Абра́м жа быў васьмідзесяцішасцігадовым у той час, калі нарадзіла Ага́р Ісмаэ́ля Абра́му.