Быццё 41 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Як прайшло два гады, фараону прысьнілася: вось, ён стаіць каля ракі;
Было ж, як мінулі дні двух гадоў, убачыў фараон сон: нібы стаіць ля Ракі,1
і вось, выйшлі з ракі сем кароў, добрых з выгляду і ўкормленых целам, і пасьвіліся ў трысьнягу;
і вось, з Ракі выйшлі сем валоў, гладкія з выгляду і мажныя тулавам, і пасвіліся ў трыснягу.
але вось, пасьля іх выйшлі з ракі сем кароў іншых, благіх з выгляду і худых целам, і сталі каля тых кароў на беразе ракі;
Іншыя ж сем валоў выйшлі за гэтымі з Ракі, нягеглыя з выгляду і кволыя тулавам, і паелі пажыву ля валоў на беразе Ракі,
і зьелі каровы благія з выгляду і худыя целам сем кароў добрых з выгляду і ўкормленых. І прачнуўся фараон,
і паглынулі тых семярых валоў, што гладкія з выгляду і мажныя тулавам. І прачнуўся фараон.
і заснуў зноў, і сьнілася яму другім разам: вось, на адной сьцябліне падняліся сем каласоў налітых і добрых;
І сніў ізноў, і вось, сем каласоў, сакаўныя і зярністыя, падняліся на адной сцябліне.
але вось, пасьля іх вырасла сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам;
Іншыя ж сем каласоў, парожнія і вылушчаныя ветрам, выраслі за імі.
і пажэрлі пустыя каласы сем каласоў налітых і поўных. І прачнуўся фараон і зразумеў, што гэта сон.
І сем каласоў парожніх і марных высмакталі сем каласоў сакаўных і зярністых. І прачнуўся фараон, і такі быў сон.
Раніцай сумеўся дух ягоны, і паслаў ён, і паклікаў усіх вешчуноў Егіпта і ўсіх мудрацоў ягоных, і расказаў ім фараон сон свой; але ня было нікога, хто растлумачыў бы яго фараону.
Надышоў жа ранак, і нудзілася душа яго, дык паслаў склікаць усіх празорцаў Егіпта і ўсіх мудрацоў сваіх. І апавёў ім фараон сон, ды не было каму вытлумачыць яго фараону.
І пачаў гаварыць галоўны чашнік фараону і сказаў: грахі мае ўспамінаю я сёньня;
І звярнуўся найвышэйшы падчашнік да фараона, кажучы: “Грэх мой узгадаў сёння.
фараон угневаўся на рабоў сваіх і аддаў мяне і галоўнага пекара пад варту ў дом начальніка целаахоўцаў;
Фараон зазлаваў на слугаў сваіх і кінуў нас у вязніцу ля дому галоўнага кухара, мяне і галоўнага пекара.
і сьніўся нам сон у адну ноч, мне і яму, кожнаму сьніўся сон адмысловага значэньня;
І ўбачылі мы сон аднае ночы, я і ён, кожны асобна сон убачыў.
а там быў з намі малады Габрэй, раб начальніка целаахоўцаў; мы расказалі яму сны нашыя, і ён растлумачыў нам кожнаму адпаведна яго сну;
Быў жа там з намі юнак, гебра́й галоўнага кухара, і апавялі мы яму, і вытлумачыў нам.
і як ён растлумачыў нам, так і збылося: я вернуты на месца маё, а той павешаны.
Было ж, як вытлумачыў нам, так і надарылася: мяне вярнулі на кіраванне маё, таго ж павесілі”.
І паслаў фараон і паклікаў Язэпа. І пасьпешна вывелі яго зь цямніцы. Ён пастрыгся і зьмяніў вопратку сваю і прыйшоў да фараона.
І паслаў фараон, каб паклікалі Язэ́па, і вывелі яго з крэпасці, і пагалілі яго ды замянілі вопратку яго, і прывялі да фараона.
Фараон сказаў Язэпу: мне сьніўся сон, і няма нікога, хто растлумачыў бы яго, а пра цябе я чуў, што ты ўмееш тлумачыць сны.
Сказаў жа фараон Язэ́пу: “Сон я ўбачыў, і няма празорцы ў мяне. Я ж чуў пра цябе ад тых, якія казалі, што ты, пачуўшы сны, вытлумачваеш іх”.
І адказваў Язэп фараону, кажучы: гэта не маё: Бог дасьць адказ на карысьць фараону.
Адказваючы ж, Язэ́п прамовіў фараону: “Без Бога не вытлумачыць мне дарэчна фараону”.
І сказаў фараон Язэпу: мне сьнілася: вось, стаю я на беразе ракі;
Апавядаў жа фараон Язэ́пу, кажучы: “У маім сне было, што нібы стаю ля берага Ракі,
і вось, выйшлі з ракі сем кароў укормленых целам і добрых з выгляду і пасьвіліся ў трысьнягу;
і з Ракі выйшлі сем валоў, гладкія з выгляду і мажныя тулавам, і пасвіліся ў трыснягу.
але вось, пасьля іх выйшлі сем кароў іншых, кепскіх, вельмі благіх з выгляду і худых целам: я ня бачыў на ўсёй зямлі Егіпецкай такіх кепскіх, як яны;
І вось, іншыя сем валоў выйшлі пасля гэтых з Ракі, нягеглыя з выгляду і кволыя тулавам, былі такія пачварныя, што не бачыў я ва ўсёй зямлі Егі́пта.
і зьелі худыя і кепскія каровы ранейшых сем кароў укормленых;
І паглынулі сямёра нягеглыя і кволыя першых гладкіх і мажных.
і ўвайшлі ўкормленыя ў нутробу іхнюю, але ня прыкметна было, што яны ўвайшлі ў нутробу іхнюю: яны былі такія самыя благія з выгляду, як і да таго. І я прачнуўся.
І ўвайшлі ў чэравы іхнія, і сталіся нябачнымі, калі ўвайшлі ў чэравы іхнія, і з выгляду яны засталіся пачварныя, як на пачатку. Абудзіўшыся ж, я заснуў.
Потым сьнілася мне: вось, на адной сьцябліне паднялося сем каласоў поўных і добрых:
І бачыў ізноў у сне маім, што сем каласоў, сакаўныя і зярністыя, падняліся на адной сцябліне.
але вось, пасьля іх вырасла сем каласоў тонкіх, пустых і высушаных усходнім ветрам;
Іншыя ж сем каласоў, парожнія і вылушчаныя ветрам, выраслі пасля іх.
і зжэрлі худыя каласы сем каласоў добрых. Я расказаў гэта вяшчунам, але ніхто не растлумачыў мне.
І высмакталі сем каласоў парожнія і марныя сем каласоў сакаўных і зярністых. Дык апавёў празорцам, але не было нікога, хто вытлумачыў бы мне”.
І сказаў Язэп фараону: сон фараонаў адзін: што Бог зробіць, тое ён абвясьціў фараону.
І сказаў Язэ́п фараону: “Сон фараона явіць фараону тое, што чыніць Бог.
Сем кароў добрых, гэта сем гадоў; і сем каласоў добрых, гэта сем гадоў: сон адзін;
Сем валоў гладкіх — гэта сем гадоў, і сем каласоў сакаўных — гэта сем гадоў. Сон фараона ў гэтым.
і сем кароў благіх і худых, якія выйшлі пасьля тых, гэта сем гадоў, таксама і сем каласоў худых і высушаных усходнім ветрам, гэта сем гадоў голаду.
І сем валоў нягеглых, што за імі, — гэта сем гадоў. І сем каласоў парожніх і вылушчаных ветрам явяць сем гадоў голаду.
Вось, чаму сказаў я фараону: што Бог зробіць, тое Ён паказаў фараону.
Слова ж, моўленае фараону, явіць фараону, што Бог мае ўчыніць.
Вось настаюць сем гадоў багацьця на ўсёй зямлі Егіпецкай;
Вось, сем гадоў дабрабыту вялікага надыходзяць для ўсёй зямлі Егі́пта,
пасьля іх настануць сем гадоў голаду: і забудзецца ўсё тое багацьце на зямлі Егіпецкай, і зблажыць голад зямлю,
надыдзе ж сем гадоў голаду пасля, і звядзецца еміна, і накрые голад зямлю,
і непазнаванае будзе ранейшае багацьце на зямлі, з прычыны голаду, які прыйдзе пасьля, бо ён будзе вельмі цяжкі.
і не стане дабрабыту на зямлі праз голад, які зведаюць пасля гэтага, бо будзе надзвычай цяжкім.
А што сон паўтарыўся фараону два разы, гэта азначае, што гэта сапраўды слова Божае, і што неўзабаве Бог выканае гэта.
Што да паўтарэння сноў — сведчыць, што праўдзівым ёсць слова ад Бога, і не замарудзіць Бог здзейсніць гэта.
І сёньня хай нагледзіць фараон чалавека разумнага і мудрага і хай паставіць яго над зямлёй Егіпецкай.
Таму цяпер прызнач чалавека кемлівага і спрытнага ды пастаў яго над зямлёй Егі́пта.
Хай загадае фараон паставіць над зямлёю наглядчыкаў і зьбіраць у сем гадоў багацьця пятую частку зь зямлі Егіпецкай;
І няхай парупіцца фараон, і паставіць распараднікаў у краіне, і няхай збіраюць усё народжанае зямлёй Егі́пта за сем гадоў дабрабыту.
хай яны бяруць усякі хлеб гэтых будучых добрых гадоў і зьбяруць у гарадах хлеб пад руку фараона на ежу, і хай ашчаджаюць;
І няхай збяруць увесь пажытак за сем гадоў надыходных добрых, і будзе сабранае зерне ў руцэ фараона, пажытак у местах стане сабраны.
і будзе гэтая ежа запасам для зямлі на сем гадоў голаду, якія будуць у зямлі Егіпецкай, каб зямля не загінула ад голаду.
І назапасіцца пажытак на сем гадоў голаду, што мкне ў зямлю Егі́пта, і не згалее зямля ў голадзе”.
Гэта спадабалася фараону і ўсім слугам ягоным.
Задаволіла ж тлумачэнне фараона і ўсіх слугаў яго.
І сказаў фараон слугам сваім: ці знойдзем мы такога, як ён, чалавека, у якім быў бы Дух Божы?
І сказаў фараон усім слугам сваім: “Не знайсці нам чалавека іншага, які мае духу Божага ў сабе”.
І сказаў фараон Язэпу: як бо Бог адкрыў табе ўсё гэта, дык няма такога разумнага, як ты;
Сказаў жа фараон Язэ́пу: “Паколькі адкрыў Бог табе ўсё гэта, то не знайсці нам чалавека больш кемлівага і спрытнага за цябе.
ты будзеш над домам маім, і твайго слова трымацца будзе ўвесь народ мой; толькі тронам я буду большы за цябе.
Ты будзеш над домам маім, на голас твой скарыцца ўвесь народ мой, але пасад мой утрымаю сабе”.
І сказаў фараон Язэпу: вось, я пастаўлю цябе над усёю зямлёю Егіпецкаю.
Сказаў жа фараон Язэ́пу: “Вось, стаўлю цябе цяпер над усёй зямлёй Егі́пта”.
І зьняў фараон пярсьцёнак свой з рукі свае і надзеў яго на руку Язэпу; апрануў яго ў вісоннае адзеньне, усклаў залаты ланцуг на шыю яму;
І, зняўшы з рукі сваёй пярсцёнак,2 фараон надзеў яго на руку Язэ́па, і апрануў на яго шаты батыставыя,3 і ўсклаў аброжак залаты на шыю яго.
загадаў везьці яго на другой сваёй калясьніцы і абвяшчаць перад ім: схіляйцеся! І паставіў яго над усёю зямлёю Егіпецкаю.
І пасадзіў яго ў другую калясніцу пасля сябе, і паставіў яго над усёй зямлёй Егі́пта, і абвяшчаў перад ім спавеснік.
І сказаў фараон Язэпу: я фараон; безь цябе ніхто не варухне ні рукою сваёю, ні нагою сваёю ва ўсёй зямлі Егіпецкай.
І сказаў фараон Язэ́пу: “Я фараон, без цябе не ўздыме аніхто рукі сваёй па ўсёй зямлі Егі́пта”.
І даў фараон Язэпу імя: Цафнат-панэах; і даў яму за жонку Асэнэту, дачку Потыфэра, жраца Она. І пайшоў Язэп па зямлі Егіпецкай.
І назваў фараон Язэ́па Псантамфанэ́х,4 і аддаў яму Асенне́т, дачку Петэфрэ́са, святара места Сонца,5 у жонкі.
Язэпу было трыццаць гадоў ад роду, калі ён стаў перад абліччам цара Егіпецкага. І выйшаў Язэп ад аблічча фараонавага і прайшоў па ўсёй зямлі Егіпецкай.
Язэ́пу ж было трыццаць гадоў, калі стаў перад абліччам фараона, цара Егі́пта. І прайшоў усю зямлю Егі́пта.
А зямля сем гадоў багатых радзіла зь зерня па прыгаршчах.
І дала зямля за сем гадоў багатыя ўраджаі,
І сабраў ён усякі хлеб сямі гадоў, якія былі ў зямлі Егіпецкай, і паклаў хлеб у гарадах; у кожным горадзе паклаў хлеб палёў, якія былі вакол яго.
і сабраў ён увесь пажытак за сем гадоў, калі быў дабрабыт у зямлі Егі́пта, і паскладаў у местах, хлеб палеткаў вакол местаў паскладаў у іх.
І ашчадзіў Язэп хлеба даволі многа, як пяску марскога, так што перастаў і лічыць, бо ня стала ліку.
І прыдбаў Язэ́п зерня, бы пяску марскога, надзвычай шмат, што не маглі злічыць праз вялікую колькасць.6
Пакуль насталі гады голаду, у Язэпа нарадзіліся два сыны, якіх нарадзіла яму Асэнэта, дачка Потыфэра, жраца Іліёпальскага.
У Язэ́па ж нарадзіліся два сыны, перш чым надышлі сем гадоў голаду, якіх дала яму Асенне́т, дачка Петэфрэ́са, святара места Сонца.
І даў Язэп імя першынцу: Манасія, бо Бог даў мне забыць усе няшчасьці мае і ўвесь дом бацькі майго.
Назваў жа Язэ́п першынца Мана́сія. “Бо даў мне Бог забыцца на ўсе пакуты мае і на ўсё ад бацькі майго”.
А другому даў імя: Яфрэм, бо Бог зрабіў мяне плодным у зямлі цярпеньняў маіх.
Другога ж назваў Эфра́ім. “Бо ўзвялічыў мяне Бог мой у зямлі прыніжэнняў маіх”.
І прайшло сем гадоў багацьця, якое было ў зямлі Егіпецкай,
Мінулі ж сем гадоў дабрабыту, што былі на зямлі Егі́пта.
і насталі сем гадоў голаду, як сказаў Язэп. І быў голад ва ўсіх землях, а ва ўсёй зямлі Егіпецкай быў хлеб.
І надышлі сем гадоў голаду, як казаў Язэ́п. І накрыў голад усю зямлю, аднак ва ўсёй краіне Егі́пта быў хлеб.
Але калі і ўся зямля Егіпецкая пачала цярпець голад, дык народ пачаў галасіць фараону пра хлеб. І сказаў фараон усім Егіпцянам: ідзеце да Язэпа і рабеце, што ён вам скажа.
І загаладала ўся зямля Егі́пта, і залямантаваў народ да фараона аб хлебе. Сказаў жа фараон усім егіпця́нам: “Ідзіце да Язэ́па, і што толькі скажа вам, зрабіце”.
І быў голад па ўсёй зямлі; і адчыніў Язэп усе засекі і пачаў прадаваць хлеб Егіпцянам. А голад мацнеў у зямлі Егіпецкай.
І голад стаў па ўсёй зямлі. Расчыніў жа Язэ́п усе сховішчы, і прадаваў усім егіпця́нам.
І з усіх краінаў прыходзілі ў Егіпет купляць хлеб у Язэпа: бо голад узмацніўся па ўсёй зямлі.
І з усіх краінаў прыходзілі ў Егі́пет купляць да Язэ́па, бо мацнеў голад па ўсёй зямлі.