Быццё 44 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І загадаў Язэп правадыру дома свайго, кажучы: напоўні мяшкі гэтых людзей ежаю, колькі яны могуць несьці, і срэбра кожнага пакладзі ў мяшок ягоны;
І загадаў Язэ́п кіраўніку дому свайго, кажучы: “Напоўні торбы мужам хлебам столькі, колькі змогуць падняць, і пакладзі кожнаму срэбра ў гарлавіну торбы,
а чару маю, чару срэбраную, пакладзі ў мяшок малодшаму, разам са срэбрам за куплены хлеб. І зрабіў той паводле слова Язэпа, якое сказаў ён.
а чару маю срэбную пакладзі ў торбу малодшага, і плату яго за пшаніцу”. Выканалі паводле слова Язэ́па, як загадаў.
Раніцай, калі разьвіднела, гэтыя людзі былі адпушчаны, яны і аслы іхнія.
Ранкам, калі пачало днець, адпусцілі мужоў, іх і аслоў іхніх.
Яшчэ недалёка адышліся яны ад горада, як Язэп сказаў правадыру дома свайго: ідзі, даганяй гэтых людзей і, як дагоніш, скажы ім: навошта вы заплацілі злом за дабро?
Калі выйшлі яны з места і не адышлі яшчэ далёка, то Язэ́п даў загад кіраўніку дому: “Узняўшыся, ганіся за мужамі і, налучыўшы іх, скажы: навошта аддзячылі вы ліхам за дабро?
ці ня тая гэта чара, зь якое п’е мой гаспадар? і ён варожыць на ёй; вы гэта блага зрабілі.
Навошта скралі чару срэбную? Ці ж не з яе п’е гаспадар мой? Ён і варожбы ж варожыць на ёй. Блага вы ўчынілі, гэтак зрабіўшы”.
Ён дагнаў іх і сказаў ім гэтыя словы.
Налучыўшы іх, сказаў ім паводле словаў гэтых.
Яны сказалі яму: навошта гаспадар наш кажа такія словы? не, рабы твае ня зробяць такое справы;
Адказвалі ж яму: “Чаму гаспадар кажа такія словы? Няхай жа не здарыцца слугам тваім зрабіць паводле маўлення гэтага.
вось, срэбра, знойдзенае намі ў мяшках нашых мы прынесьлі табе назад зь зямлі Ханаанскай: як жа нам украсьці з дома гаспадара твайго срэбра альбо золата?
Дык вось жа срэбра, што знайшлі ў торбах нашых, павярнулі з зямлі Ханаа́н, то як мы маглі выкрасці з дому гаспадара твайго срэбра ці золата?
у каго з рабоў тваіх знойдзецца чара, таму сьмерць, і мы будзем рабамі гаспадару нашаму.
Калі толькі ў каго са слугаў тваіх выявіш чару, то няхай памрэ, а мы станемся паняволенымі гаспадара нашага”.
Ён сказаў: добра; як вы сказалі, так няхай і будзе; у каго знойдзецца чара, той будзе мне рабом, а вы будзеце не вінаватыя.
Адказаў ім: “Цяпер як сказаў, так няхай і станецца. У каго знайду чару, той будзе паняволеным маім, вы ж будзеце ачышчаныя”.
Яны сьпешна апусьцілі кожны свой мяшок на зямлю і разьвязалі кожны свой мяшок.
І завіхаліся, і сцягнуў кожны торбу сваю на зямлю, і расчыніў кожны торбу сваю.
Ён абшукаў, пачаў са старэйшага і скончыў малодшым; і знайшлася чара ў мяшку Веньямінавым.
І выпрабоўваў [слуга Язэ́па] ад старэйшага да малодшага, і выявіў чару ў торбе Беніямі́на.
І разадралі яны вопратку на сабе і, паклаўшы кожны на асла свайго ношку, вярнуліся ў горад.
І параздзіралі [браты] вопратку сваю, і ўсклалі кожны торбу сваю на асла свайго, і вярнуліся ў места.
І прыйшлі Юда і брат ягоны ў дом Язэпа, які быў яшчэ дома, і ўпалі перад ім на зямлю.
Увайшоў жа Ю́да і браты яго да Язэ́па, яшчэ калі быў там, і кінуліся перад ім на зямлю.
Язэп сказаў ім: што гэта вы зрабілі? хіба вы ня ведалі, што такі чалавек, як я, вядома, адгадае?
Сказаў жа ім Язэ́п: “Чаму гэтак учынілі? Няўжо не ведалі, што варожбы варожыць такі чалавек, як я?”
Юда сказаў: што нам сказаць гаспадару нашаму? што сказаць? чым апраўдацца? Бог знайшоў няпраўду рабоў тваіх; вось, мы рабы гаспадару нашаму, і мы, і той, у чыіх руках знайшлася чара.
Адказаў жа Ю́да: “Як аспрэчым гаспадару, ці што скажам, ці як апраўдаемся? Бог жа выявіў віну слугаў сваіх. Вось мы, слугі гаспадара нашага, і мы, і той, у каго знойдзеная чара”.
Але Язэп сказаў: не, я гэтага не зраблю: той, у чыіх руках знайшлася чара, будзе мне рабом, а вы ідзеце зь мірам да бацькі вашага.
Азваўся ж Язэ́п: “Не мне быць спраўджаннем словаў гэтых. Муж, у якога выяўленая чара, будзе мне слугою, вы ж ідзіце ў бяспецы да бацькі вашага”.
І падышоў Юда да яго і сказаў: гаспадару мой, дазволь рабу твайму сказаць слова ў вушы гаспадару майму і ня ўгневайся на раба твайго; бо ты тое самае, што фараон.
Наблізіўшыся да яго, Ю́да сказаў: “Дазволь, гаспадару, вымавіць слова слугу твайму перад абліччам тваім, і не загневайся на слугу твайго, бо ты пасля фараона.
Гаспадар мой пытаў у рабоў сваіх, кажучы: ці ёсьць у вас бацька альбо брат?
Гаспадару, ты спытаўся слугаў тваіх, кажучы: ці маем бацьку альбо брата?
Мы сказалі гаспадару нашаму, што ў нас ёсьць бацька састарэлы, і малодшы сын у яго, сын старасьці, брат якога памёр, а ён застаўся адзін ад маці сваёй, і бацька любіць яго.
І мы адказалі, гаспадару: маем бацьку старога і дзіця старасці яго, наймалодшага, а таксама брата, які памёр. Ён жа адзіны застаўся ад маці сваёй, і бацька яго любіць.
А ты сказаў рабам тваім: прывядзеце яго да мяне, каб мне зірнуць на яго.
Сказаў жа ты слугам тваім: прывядзіце яго да мяне і ахіну яго.
Мы сказалі гаспадару нашаму: хлопец ня можа пакінуць бацькі свайго, і калі ён пакіне бацьку свайго, дык той памрэ.
Дык адказалі гаспадару: няможна дзіцяці пакінуць бацьку, каб не памёр бацька.
Але ты сказаў рабам тваім: калі ня прыйдзе з вамі меншы брат ваш, дык вы болей не яўляйцеся да мяне перад аблічча.
Ты ж сказаў слугам тваім: калі не прыйдзе брат ваш малодшы з вамі, не станецца вам больш убачыць твару майго.
Калі мы прыйшлі да раба твайго, бацькі нашага, дык пераказалі яму словы гаспадара майго.
Было ж, калі прыйшлі да слугі твайго і бацькі нашага, то сказалі яму словы гаспадара.
І сказаў бацька наш: ідзеце зноў, купеце нам крыху ежы.
Адказаў жа нам бацька наш: наноў пойдзеце прыдбаць для нас колькі ежы.
Мы сказалі: нельга нам ісьці; а калі будзе з намі меншы брат наш, дык пойдзем; бо нельга нам бачыць твар таго чалавека, калі ня будзе з намі меншага брата нашага.
Мы ж адказалі: не можам пайсці, хіба толькі калі брат наш малодшы пойдзе з намі, пойдзем. Інакш не станецца ўбачыць твару чалавека, калі брата малодшага не будзе з намі.
І сказаў нам раб твой, бацька наш: вы ведаеце, што жонка мая нарадзіла мне двух сыноў;
Казаў жа слуга твой, бацька наш, да нас: вы ведаеце, што двух сыноў нарадзіла мне жонка,
адзін пайшоў ад мяне, і я сказаў: праўда, ён разадраны; і я ня бачыў яго дагэтуль;
дык адзін пакінуў мяне, і казалі, што звер люты з’еў яго, і я не ўбачыў яго ажно дагэтуль,
калі і гэтага забераце з вачэй маіх, і станецца зь ім няшчасьце, дык зьведзяце вы сівізну маю зь бядою ў магілу.
калі ж забераце і гэтага ў мяне, і калі здарыцца яму захварэць па дарозе, то зрынеце маю старасць праз смутак у апраметную.
Цяпер калі я прыйду да раба твайго, бацькі нашага, і ня будзе з намі хлопца, з душою якога зьвязана душа ягоная,
Дык цяпер, калі вернемся да слугі твайго, бацькі нашага, і не будзе дзіцяці з намі, а душа яго з’яднаная з ім,
дык ён, убачыўшы, што няма хлопца, памрэ; і зьвядуць рабы твае сівізну раба твайго, бацькі нашага, са смуткам у магілу.
дык станецца, калі ўбачыць, што няма дзіцяці з намі, памрэ, і зрынуць слугі твае старасць слугі твайго і бацькі нашага праз смутак у апраметную.
Пры гэтым я, раб твой, узяўся адказваць за хлопца бацьку майму, сказаўшы: калі не прывяду яго да цябе, дык застануся я вінаваты перад бацькам маім ва ўсе дні жыцьця.
Бо слуга твой забраў дзіця ад бацькі, кажучы: калі не прывяду яго да цябе і не пастаўлю яго перад табою, то правіна мая будзе перад табою праз усё жыццё.
Дык вось, няхай я, раб твой, замест хлопца застануся рабом у гаспадара майго, а хлопец няхай ідзе з братамі сваімі:
Таму няхай застануся я, слуга твой, замест дзіцяці, слугою гаспадару, а дзіця вернецца з братамі.
бо як пайду я да бацькі свайго, калі хлопца ня будзе са мною? я ўбачыў бы ліха, якое напала б на бацьку майго.
Як мне вярнуцца да бацькі, калі з намі не будзе дзіцяці? Як мне ўбачыць ліхое, што напаткае бацьку майго?”