1 І загадаў Язэ́п кіраўніку дому свайго, кажучы: “Напоўні торбы мужам хлебам столькі, колькі змогуць падняць, і пакладзі кожнаму срэбра ў гарлавіну торбы,
2 а чару маю срэбную пакладзі ў торбу малодшага, і плату яго за пшаніцу”. Выканалі паводле слова Язэ́па, як загадаў.
3 Ранкам, калі пачало днець, адпусцілі мужоў, іх і аслоў іхніх.
4 Калі выйшлі яны з места і не адышлі яшчэ далёка, то Язэ́п даў загад кіраўніку дому: “Узняўшыся, ганіся за мужамі і, налучыўшы іх, скажы: навошта аддзячылі вы ліхам за дабро?
5 Навошта скралі чару срэбную? Ці ж не з яе п’е гаспадар мой? Ён і варожбы ж варожыць на ёй. Блага вы ўчынілі, гэтак зрабіўшы”.
6 Налучыўшы іх, сказаў ім паводле словаў гэтых.
7 Адказвалі ж яму: “Чаму гаспадар кажа такія словы? Няхай жа не здарыцца слугам тваім зрабіць паводле маўлення гэтага.
8 Дык вось жа срэбра, што знайшлі ў торбах нашых, павярнулі з зямлі Ханаа́н, то як мы маглі выкрасці з дому гаспадара твайго срэбра ці золата?
9 Калі толькі ў каго са слугаў тваіх выявіш чару, то няхай памрэ, а мы станемся паняволенымі гаспадара нашага”.
10 Адказаў ім: “Цяпер як сказаў, так няхай і станецца. У каго знайду чару, той будзе паняволеным маім, вы ж будзеце ачышчаныя”.
11 І завіхаліся, і сцягнуў кожны торбу сваю на зямлю, і расчыніў кожны торбу сваю.
12 І выпрабоўваў [слуга Язэ́па] ад старэйшага да малодшага, і выявіў чару ў торбе Беніямі́на.
13 І параздзіралі [браты] вопратку сваю, і ўсклалі кожны торбу сваю на асла свайго, і вярнуліся ў места.
14 Увайшоў жа Ю́да і браты яго да Язэ́па, яшчэ калі быў там, і кінуліся перад ім на зямлю.
15 Сказаў жа ім Язэ́п: “Чаму гэтак учынілі? Няўжо не ведалі, што варожбы варожыць такі чалавек, як я?”
16 Адказаў жа Ю́да: “Як аспрэчым гаспадару, ці што скажам, ці як апраўдаемся? Бог жа выявіў віну слугаў сваіх. Вось мы, слугі гаспадара нашага, і мы, і той, у каго знойдзеная чара”.
17 Азваўся ж Язэ́п: “Не мне быць спраўджаннем словаў гэтых. Муж, у якога выяўленая чара, будзе мне слугою, вы ж ідзіце ў бяспецы да бацькі вашага”.
18 Наблізіўшыся да яго, Ю́да сказаў: “Дазволь, гаспадару, вымавіць слова слугу твайму перад абліччам тваім, і не загневайся на слугу твайго, бо ты пасля фараона.
19 Гаспадару, ты спытаўся слугаў тваіх, кажучы: ці маем бацьку альбо брата?
20 І мы адказалі, гаспадару: маем бацьку старога і дзіця старасці яго, наймалодшага, а таксама брата, які памёр. Ён жа адзіны застаўся ад маці сваёй, і бацька яго любіць.
21 Сказаў жа ты слугам тваім: прывядзіце яго да мяне і ахіну яго.
22 Дык адказалі гаспадару: няможна дзіцяці пакінуць бацьку, каб не памёр бацька.
23 Ты ж сказаў слугам тваім: калі не прыйдзе брат ваш малодшы з вамі, не станецца вам больш убачыць твару майго.
24 Было ж, калі прыйшлі да слугі твайго і бацькі нашага, то сказалі яму словы гаспадара.
25 Адказаў жа нам бацька наш: наноў пойдзеце прыдбаць для нас колькі ежы.
26 Мы ж адказалі: не можам пайсці, хіба толькі калі брат наш малодшы пойдзе з намі, пойдзем. Інакш не станецца ўбачыць твару чалавека, калі брата малодшага не будзе з намі.
27 Казаў жа слуга твой, бацька наш, да нас: вы ведаеце, што двух сыноў нарадзіла мне жонка,
28 дык адзін пакінуў мяне, і казалі, што звер люты з’еў яго, і я не ўбачыў яго ажно дагэтуль,
29 калі ж забераце і гэтага ў мяне, і калі здарыцца яму захварэць па дарозе, то зрынеце маю старасць праз смутак у апраметную.
30 Дык цяпер, калі вернемся да слугі твайго, бацькі нашага, і не будзе дзіцяці з намі, а душа яго з’яднаная з ім,
31 дык станецца, калі ўбачыць, што няма дзіцяці з намі, памрэ, і зрынуць слугі твае старасць слугі твайго і бацькі нашага праз смутак у апраметную.
32 Бо слуга твой забраў дзіця ад бацькі, кажучы: калі не прывяду яго да цябе і не пастаўлю яго перад табою, то правіна мая будзе перад табою праз усё жыццё.
33 Таму няхай застануся я, слуга твой, замест дзіцяці, слугою гаспадару, а дзіця вернецца з братамі.
34 Як мне вярнуцца да бацькі, калі з намі не будзе дзіцяці? Як мне ўбачыць ліхое, што напаткае бацьку майго?”
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 44 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016