1 І дабрасловіў Бог Ноя і сыноў яго, і сказаў ім: “Плодзьцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю, і валодайце ёю.1
2 Трымценне і страх перад вамі няхай адчуваюць усе звяры зямлі, і ўсе птушкі нябёсныя, і ўсе, хто рухаецца па зямлі, і ўсе рыбы марскія. У рукі вашыя іх аддаю.
3 І кожны гад, што жыве, будзе вам на спажытак, таксама як і ўсялякую зеляніну даю вам.
4 Аднак мяса з крывёю, што належыць да душы,2 не спажывайце.
5 Бо і кроў вашую за душы вашыя спаганю, ад усіх жывых істотаў спаганю́ яе за ўсякую душу людскую, кроў, пралітую ад рукі братэрскай, спаганю́.
6 Той, хто пралье кроў чалавека, за кроў яго пралье сваю, бо па вобразе Божым створаны чалавек.
7 Вы ж плодзьцеся, і множцеся, і напаўняйце зямлю, і памнажайцеся на ёй”.
8 І сказаў Бог Ною і сынам яго разам з ім:
9 “Вось Я ўсталёўваю запавет Мой з вамі і нашчадкамі вашымі пасля вас,
10 а таксама з кожнай душой жывою, як і з вамі, ад птушак і да свойскай жывёлы, і з кожным зверам зямлі, і з усімі, хто выйшаў з кораба.
11 І ўсталёўваю такі запавет Мой: не памрэ больш ніякае цялеснае стварэнне ад вады патопу, і не будзе больш патоп знішчаць усю зямлю”.
12 І прамовіў Госпад Бог да Ноя: “Пазнакай запавету, які Я ўсталёўваю паміж кожнай душой жывой, што існуе з вамі ў родах навекі, будзе
13 вясёлка, якую змяшчаю на аблокі. Яна будзе на пазнаку запавету паміж Мною і зямлёю.
14 І будзе, калі Я збяру хмары над зямлёй і будзе бачнаю ў воблаку Мая вясёлка,
15 то ўзгадаю Я запавет, які паміж Мною і вамі, і паміж кожнай душою жывою ўсялякае жывой істоты, і не будзе болей вады патопу, каб загубіць усё цялеснае стварэнне.
16 З’явіцца вясёлка Мая на аблачыне, як яе ўбачу, узгадаю вечны запавет паміж Мною і паміж кожнай душою жывою, што жыве ва ўсялякай жывой істоце на зямлі”.
17 І сказаў Бог Ною: “Гэта будзе пазнака запавету, які ўсталюю паміж Мною і паміж кожнай жывой істотай, што ёсць на зямлі”.
18 Сыны Ноя, што выйшлі з кораба: Сэм, Хам, Яфе́т. Хам быў бацькам Ханаа́на.3
19 Гэта тры сыны Ноя, ад іх рассеяліся ўсе па зямлі.
20 І распачаў Ной земляробства, і насадзіў вінаградню.
21 Калі выпіў віна і ап’янеў, то агаліўся ў жытле сваім.
22 І ўбачыў Хам, бацька Ханаа́на, аголенасць бацькі свайго, і выйшаўшы, паведаміў двум братам сваім знадворку.
23 І ўзяўшы плашч, Сэм і Яфе́т нахінулі яго на плечы свае, і пайшлі, гледзячы ўзад, і накрылі аголенасць бацькі свайго. Як што твары іх былі адвернутыя, то на агаленне бацькі свайго не глядзелі.
24 Ацверазіўся ж Ной ад віна і даведаўся, што зрабіў яму яго малодшы сын.
25 І сказаў:
“Пракляты Ханаа́н,
слугой будзе ў братоў сваіх”.
26 І сказаў:
“Дабраслоўлены Госпад Бог Сэ́ма,
слугой яму будзе Ханаа́н.
27 Няхай яго пашырыць Бог Яфе́та,
і няхай паселіцца ў жытлах Сэ́ма,
і няхай будзе Ханаа́н для іх слугою”.
28 Жыў жа Ной пасля патопу трыста пяцьдзясят гадоў.
29 І былі ўсе дні Ноя дзевяцьсот пяцьдзясят гадоў, і памёр.

Каментары ці зноскі:

1 1: Гл. 1:28.
4 2: Гл. 4:10.
18 3: Тут упершыню ўзгадваецца Ханаа́н (гбр. ,)כְּנַעֲנִיнашчадкі якога ўтвораць шматлікія плямёны, што будуць засяляць тэрыторыю пад гэтай жа назвай, дзе Бог паселіць ізраільцянаў, якіх выведзе з Егіпта.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016