Быццё 9 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І дабраславіў Гасподзь Ноя і сыноў ягоных і сказаў ім: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю;
І дабрасловіў Бог Ноя і сыноў яго, і сказаў ім: “Плодзьцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю, і валодайце ёю.1
хай баяцца і хай трымцяць перад вамі ўся жывёла зямная і ўсе птушкі нябесныя, усё, што рухаецца на зямлі, і ўсе рыбы марскія: у вашыя рукі аддадзены яны;
Трымценне і страх перад вамі няхай адчуваюць усе звяры зямлі, і ўсе птушкі нябёсныя, і ўсе, хто рухаецца па зямлі, і ўсе рыбы марскія. У рукі вашыя іх аддаю.
усё, што рухаецца, што жыве, будзе вам на ежу; як зеляніну траўную даю вам усё;
І кожны гад, што жыве, будзе вам на спажытак, таксама як і ўсялякую зеляніну даю вам.
толькі плоці з душою яе, з крывёю яе, ня ежце:
Аднак мяса з крывёю, што належыць да душы,2 не спажывайце.
Я спаганю і вашу кроў, у якой жыцьцё ваша, спаганю яе з усякай жывёлы, спаганю таксама душу чалавека з рукі чалавека, з рукі брата ягонага;
Бо і кроў вашую за душы вашыя спаганю, ад усіх жывых істотаў спаганю́ яе за ўсякую душу людскую, кроў, пралітую ад рукі братэрскай, спаганю́.
хто пралье кроў чалавечую, таго кроў пральецца рукою чалавека: бо чалавек створаны паводле вобраза Божага;
Той, хто пралье кроў чалавека, за кроў яго пралье сваю, бо па вобразе Божым створаны чалавек.
а вы пладзецеся і множцеся, і расьсяляйцеся паўсюль па зямлі і множцеся на ёй.
Вы ж плодзьцеся, і множцеся, і напаўняйце зямлю, і памнажайцеся на ёй”.
І сказаў Бог Ною і сынам ягоным зь ім:
І сказаў Бог Ною і сынам яго разам з ім:
вось, Я станаўлю запавет Мой з вамі і з нашчадкамі вашымі пасьля вас,
“Вось Я ўсталёўваю запавет Мой з вамі і нашчадкамі вашымі пасля вас,
і з усякаю душою жывою, якая з вамі, з птушкамі і з быдлам, і з усімі жывёламі зямнымі, якія ў вас, з усімі, што выйшлі з каўчэга, з усімі жывёламі зямнымі;
а таксама з кожнай душой жывою, як і з вамі, ад птушак і да свойскай жывёлы, і з кожным зверам зямлі, і з усімі, хто выйшаў з кораба.
станаўлю запавет Мой з вамі, што ня будзе болей зьнішчана ніякая плоць водамі патопу, і ня будзе ўжо патопу на спусташэньне зямлі.
І ўсталёўваю такі запавет Мой: не памрэ больш ніякае цялеснае стварэнне ад вады патопу, і не будзе больш патоп знішчаць усю зямлю”.
І сказаў Бог: вось азнака запавету, які Я станаўлю паміж мною і паміж вамі і паміж усякаю душою жывою, якая з вамі, у роды назаўсёды:
І прамовіў Госпад Бог да Ноя: “Пазнакай запавету, які Я ўсталёўваю паміж кожнай душой жывой, што існуе з вамі ў родах навекі, будзе
Я кладу вясёлку Маю ў воблаку, каб яна была азнакаю запавету паміж Мною і паміж зямлёю.
вясёлка, якую змяшчаю на аблокі. Яна будзе на пазнаку запавету паміж Мною і зямлёю.
І будзе, калі Я навяду воблака на зямлю, дык явіцца вясёлка ў воблаку;
І будзе, калі Я збяру хмары над зямлёй і будзе бачнаю ў воблаку Мая вясёлка,
і Я ўспомню запавет Мой, які паміж Мною і паміж вамі і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці; і ня будзе болей вада патопам на вынішчэньне ўсякай плоці.
то ўзгадаю Я запавет, які паміж Мною і вамі, і паміж кожнай душою жывою ўсялякае жывой істоты, і не будзе болей вады патопу, каб загубіць усё цялеснае стварэнне.
І будзе вясёлка ў воблаку, і Я ўбачу яе, і ўспомню запавет вечны паміж Богам і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці, якая на зямлі.
З’явіцца вясёлка Мая на аблачыне, як яе ўбачу, узгадаю вечны запавет паміж Мною і паміж кожнай душою жывою, што жыве ва ўсялякай жывой істоце на зямлі”.
І сказаў Бог Ною: вось азнака запавету, які Я паставіў паміж Мною і паміж усякаю плоцьцю, якая на зямлі.
І сказаў Бог Ною: “Гэта будзе пазнака запавету, які ўсталюю паміж Мною і паміж кожнай жывой істотай, што ёсць на зямлі”.
Сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэга, былі: Сім, Хам і Яфэт. А Хам быў бацька Ханаана.
Сыны Ноя, што выйшлі з кораба: Сэм, Хам, Яфе́т. Хам быў бацькам Ханаа́на.3
Гэтыя трое былі сыны Ноевыя, і ад іх насялілася ўся зямля.
Гэта тры сыны Ноя, ад іх рассеяліся ўсе па зямлі.
Ной пачаў урабляць зямлю і пасадзіў вінаграднік;
І распачаў Ной земляробства, і насадзіў вінаградню.
і выпіў ён віна, і ап’янеў, і ляжаў голы ў намёце сваім.
Калі выпіў віна і ап’янеў, то агаліўся ў жытле сваім.
І бачыў Хам, бацька Ханаанаў, сарамату бацькі свайго і, выйшаўшы, расказаў двум братам сваім.
І ўбачыў Хам, бацька Ханаа́на, аголенасць бацькі свайго, і выйшаўшы, паведаміў двум братам сваім знадворку.
А Сім і Яфэт узялі вопратку, і паклаўшы яе на плечы свае, пайшлі адвярнуўшыся і накрылі галізну бацькі свайго; твары іх былі абернуты назад, і яны ня бачылі сараматы бацькі свайго.
І ўзяўшы плашч, Сэм і Яфе́т нахінулі яго на плечы свае, і пайшлі, гледзячы ўзад, і накрылі аголенасць бацькі свайго. Як што твары іх былі адвернутыя, то на агаленне бацькі свайго не глядзелі.
Ной праспаўся ад віна свайго, і даведаўся, што зрабіў зь ім малодшы сын ягоны,
Ацверазіўся ж Ной ад віна і даведаўся, што зрабіў яму яго малодшы сын.
і сказаў: пракляты Ханаан; раб рабоў будзе ён у братоў сваіх.
І сказаў: “Пракляты Ханаа́н, слугой будзе ў братоў сваіх”.
Потым сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог Сімаў; а Ханаан будзе рабом яму;
І сказаў: “Дабраслоўлены Госпад Бог Сэ́ма, слугой яму будзе Ханаа́н.
хай пашырыць Бог Яфэта, і хай уселіцца ён у намёты Сімавыя; а Ханаан будзе рабом яму.
Няхай яго пашырыць Бог Яфе́та, і няхай паселіцца ў жытлах Сэ́ма, і няхай будзе Ханаа́н для іх слугою”.
І жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзясят гадоў.
Жыў жа Ной пасля патопу трыста пяцьдзясят гадоў.
А ўсяго дзён Ноевых было дзевяцьсот пяцьдзясят гадоў; і ён памёр.
І былі ўсе дні Ноя дзевяцьсот пяцьдзясят гадоў, і памёр.