Быццё 19 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І прыйшлі тыя два анёлы ў Садому ўвечары, калі Лот сядзеў каля брамы Садомы. Лот убачыў і ўстаў, каб сустрэць іх, і пакланіўся тварам да зямлі
 
Прыйшлі два анёлы1 вечарам у Садом. Лот жа сядзеў у браме садомскай.2 Убачыўшы, Лот узняўся ім насустрач, і схіліўся тварам да зямлі,

і сказаў: спадары мае! увайдзеце ў дом раба вашага і начуйце, і ўмыйце ногі вашыя, і ўстанеце раніцай і пойдзеце ў дарогу сваю. Але яны сказалі: не, мы начуем на вуліцы.
 
і сказаў: “Гаспадарове, захіліцеся да жытла слугі вашага, і спачніце, і абмыйце ногі вашыя, а ўстаўшы на досвітку, пойдзеце шляхам вашым”. Адказалі ж: “Не, пераначуем тут, на плошчы”.

Але ён моцна ўпрошваў іх; і яны пайшлі да яго і ўвайшлі ў дом ягоны. Ён зрабіў ім пачостку і сьпёк прэсны хлеб; і яны елі.
 
І настояў, і захіліліся да гасподы яго. І зладзіў ім застолле, і напёк ім праснакоў, столькі, каб яны спажывалі.

Яшчэ ня леглі яны спаць, як гарадзкія жыхары, Садомцы, ад маладога да старога, увесь люд з усіх канцоў горада, абступілі дом
 
А перш, чым паснулі, мужчыны з места, садамі́ты, ад юнакоў да старых, сапраўдны натоўп, абступілі будынак.

і выклікалі Лота і казалі яму: дзе людзі, якія прыйшлі да цябе нанач? выведзі іх да нас; мы спазнаем іх.
 
Паклікалі Лота і дапытваліся ў яго: “Дзе мужы, што ўвайшлі да цябе ноччу? Выведзі іх да нас, каб узлегчы нам з імі”.

Лот выйшаў да іх да ўваходу і замкнуў за сабою дзьверы,
 
Выйшаў Лот да іх у прысенак, але наказаў, каб дзверы замкнулі за ім.

і сказаў: братове мае, не рабеце ліхога;
 
Сказаў ім: “Не, братове, не чыніце ліха.

вось, у мяне дзьве дачкі, якія не спазналі мужчыны; лепей я выведу іх да вас, рабеце зь імі, што вам заўгодна; толькі людзям гэтым не рабеце нічога, бо яны прыйшлі пад дах дома майго.
 
Ёсць у мяне дзве дачкі, што не спазналі мужа. Выведу іх да вас, і абыдзіцеся з імі, як вам толькі заўгодна, адно прышлым гэтым не чыніце аніякай крыўды, бо каб пазбегнуць гэтага ўвайшлі пад покрыва вагавітасці маёй3”.

Але яны сказалі: ідзі сюды. І сказалі: вось, прыхадзень, а хоча судзіць? цяпер мы горш учынім з табою, чым зь імі. І яны падступіліся да чалавека гэтага, да Лота, і падышлі, каб выламаць дзьверы.
 
Сказалі ж: “Ідзі прэч. Сам прышлы чужынец, а нас надумаў судзіць? Дык табе большую можам зараз учыніць крыўду, чым ім”. І пабілі Лота, і наблізіліся зламаць дзверы.

Тады мужы тыя працягнулі рукі свае, і ўвялі Лота да сябе ў дом, і дзьверы замкнулі;
 
Працягнуўшы ж рукі з дома, мужы ўцягнулі Лота да сябе ў жытло і дзверы дома замкнулі.

а людзей, якія былі каля ўваходу ў дом, уразілі сьлепатою, ад малога да вялікага, так што яны нацярпеліся, шукаючы выхаду.
 
Мужчын жа, што былі ля дзвярэй дома, уразілі слепатою ад малога да вялікага, і паслаблі тыя, шукаючы дзвярэй.

Сказалі мужы тыя Лоту: хто ў цябе ёсьць яшчэ тут? ці зяць, ці твае сыны, ці твае дочкі, і хто б ні быў у цябе ў горадзе, усіх выведзі з гэтага месца,
 
Сказалі ж мужы Лоту: “Ёсць хто тут з тваіх зяцёў, ці сыноў, ці дачок? Ці калі хто іншы ёсць у цябе ў месце, выведзі з паселішча гэтага.

бо мы зьнішчым гэтае месца; бо вялікі лямант на жыхароў яго Госпаду, і Гасподзь паслаў нас зьнішчыць яго.
 
Бо загубім места гэтае, бо лямант яго сягнуў Госпада, і накіраваў Ён нас паглынуць яго”.

І выйшаў Лот, і гаварыў зь зяцямі сваімі, якія бралі за сябе дачок ягоных, і сказаў: устаньце, выйдзіце з гэтага месца, бо Гасподзь зьнішчыць гэты горад. Але зяцям ягоным здалося, што ён жартуе.
 
Выйшаў жа Лот і звярнуўся да зяцёў сваіх, што пабралі дачок яго, і сказаў: “Падніміцеся і выйдзіце з места гэтага, бо паглыне яго Госпад”. Зяцям жа падалося, што ён жартуе.

Калі ўзышла зара, анёлы пачалі прысьпешваць Лота, кажучы: устань, вазьмі жонку тваю і дзьвюх дачок тваіх, якія ў цябе, каб не загінуць табе за беззаконьні горада.
 
Калі ж надышоў світанак, прыспешвалі анёлы Лота, прамаўляючы: “Узніміся, бяры жонку і дзвюх дачок, якія з табою, і сыходзь, каб не загінуць разам з ліхадзеямі”.

І як што ён марудзіў, дык мужы тыя, зь літасьці да яго Гасподняй, узялі за руку яго і жонку і дзьвюх дачок ягоных, і вывелі яго, і паставілі яго па-за горадам.
 
І разгубіліся. Тады схапілі анёлы руку яго, і руку жонкі яго, і рукі дзвюх дачок яго, бо злітаваўся Госпад над ім.

Калі ж вывелі іх вонкі, дык адзін зь іх сказаў: ратуй душу сваю; не азірайся і нідзе ня спыняйся ў навакольлі гэтым; ратуйся на гары, каб табе не загінуць.
 
І было, калі вывелі іх вонкі, прамовілі: “Ратуйцеся, захавайце сваю душу, не азірайцеся назад, і таксама не заставайцеся ў ваколіцах. Схавайцеся на гары, каб не памерці разам з тымі”.

Але Лот сказаў ім: не, Валадару!
 
Звярнуўся ж Лот да іх: “Малю, Госпадзе,

Вось, раб Твой здабыў упадабаньне прад вачыма Тваімі, і вялікая літасьць Твая, якую Ты ўчыніў мне, што ўратаваў жыцьцё маё; але я не магу ратавацца на гары, каб не дагнала мяне бяда і мне не памерці:
 
калі знайшоў слуга Твой літасць перад абліччам Тваім, і атуліў Ты мяне справядлівасцю Тваёю, якую ўчыняеш нада мною, каб жывой засталася душа мая, я ж не здолею схавацца ў гары, каб не налучыла мяне ліха, і памру.

вось, бліжэй уцякаць у гэты горад, ён жа малы; пабягу я туды; ён жа малы; і захаваецца жыцьцё маё.
 
Глянь, вунь непадалёку паселішча, можа, там я знайду прытулак. Яно малое, у ім схаваюся. Зірні, яно ж сапраўды малое? І застанецца жывой душа мая4”.

І сказаў яму: вось, на дагоду табе Я ўчыню і гэта: ня збуру горада, пра які ты кажаш;
 
І сказаў яму: “Вось, дзеля цябе і словаў тваіх не паглыну Я паселішча, пра якое ты кажаш.

пасьпяшайся, ратуйся там: бо Я не магу ўчыніць дзеі, пакуль ты ня прыйдзеш туды. Таму і названы горад гэты: Сігор.
 
Дык паспяшайцеся туды, каб уратавацца, бо не змагу ўчыніць задуманае, пакуль ты не ўвойдзеш туды”. Таму назваў паселішча тое Сагор.5

Сонца ўзышло над зямлёю, і Лот прыйшоў у Сігор.
 
Сонца зайшло над зямлёю, калі Лот увайшоў у Сагор.

І выліў Гасподзь на Садому і Гамору дажджом серку і агонь ад Госпада зь неба,
 
Госпад паслаў тады на Садом і Гамору дождж з серкі і агню. Ад Госпада неба —

і збурыў гарады гэтыя, і ўсё навакольле гэта, і ўсіх жыхароў гарадоў гэтых, і расьліны зямлі.
 
на паселішчы гэтыя, на ўсё наваколле, на ўсіх, хто пасяляўся ў местах, і на ўсё, што ўзышло з зямлі.

А жонка Лотава за ім азірнулася і зрабілася саляным слупам.
 
Калі ж азірнулася жонка [Лота] назад, пастала саляным слупам.

І ўстаў Абрагам рана раніцай і пайшоў на месца, дзе стаяў прад абліччам Госпада;
 
Зранку ж падняўся Абрага́м і пайшоў на тое месца, дзе стаяў перад абліччам Госпада,

і паглядзеў на Садому і Гамору і на ўсю прастору навакольля і ўбачыў: вось, дым падымаецца зь зямлі, як дым з вапельні.
 
каб зірнуць на аблічча Садома і Гаморы ды на зямлю навакольную, і ўбачыў: падымаецца полымя з зямлі, нібы параванне печы.

І было, калі Бог зьнішчаў гарады навакольля гэтага, успомніў Бог пра Абрагама, і выслаў Лота спасярод зьнішчэньня, калі бурыў гарады, у якіх жыў Лот.
 
І было, калі паглынуў Госпад усе паселішчы навакольныя, узгадаў Бог Абрага́ма і ўратаваў Лота ад знішчэння, калі зрынуў Госпад месты, у якіх жыў Лот.

І выйшаў Лот зь Сігора, і пачаў жыць у гары, і зь ім дзьве дачкі ягоныя, бо ён баяўся жыць у Сігоры. І жыў у пячоры, і зь ім дзьве дачкі ягоныя.
 
Неўзабаве Лот пакінуў Сагор і асеў на гары, і дзве дачкі яго з ім. Бо забаяўся пасяліцца ў Сагоры, таму засяліўся ў пячоры, сам і абедзве яго дачкі з ім.

І сказала старэйшая малодшай: бацька наш стары, і няма чалавека на зямлі, каб увайшоў да нас паводле звычаю ўсёй зямлі;
 
Сказала ж старэйшая да малодшай: “Бацька наш стары і нікога няма на зямлі, хто ўвойдзе да нас, як гэта прынята паўсюль.

дык вось апоім бацьку нашага віном, і перасьпім зь ім, і адновім ад бацькі нашага племя.
 
Хадзем, і напоім бацьку віном, і ўзляжам з ім, і ўзновім нашчадкаў ад бацькі нашага”.

І апаілі бацьку свайго віном у тую ноч; і ўвайшла старэйшая і спала з бацькам сваім; а ён ня ведаў, калі яна легла і калі ўстала.
 
І напаілі бацьку свайго віном тае ночы, і, увайшоўшы, старэйшая лягла з бацькам сваім, і не ведаў ён таго, і зацяжарала.

На другі дзень старэйшая сказала малодшай: вось, я спала ўчора з бацькам маім; апоім яго віном і гэтае ночы; і ты ўвайдзі, сьпі зь ім, і адновім ад бацькі нашага племя.
 
А на другі дзень сказала старэйшая малодшай: “Вось, узлягла я ўчора з бацькам маім, дык напоім яго віном і гэтае ночы, і, увайшоўшы, узляж з ім, і ўзновім ад бацькі нашага нашчадкаў”.

І апаілі бацьку свайго віном і гэтае ночы; і ўвайшла малодшая і спала зь ім; і ён ня ведаў, калі яна легла і калі ўстала.
 
Напаілі і той ноччу бацьку віном, і, увайшоўшы, малодшая ўзлягла з бацькам сваім, і не ведаў ён таго, і зацяжарала.

І зацяжарыліся абедзьве дачкі Лотавыя ад бацькі свайго;
 
І панеслі абедзве дачкі Лота ад бацькі свайго.

і нарадзіла старэйшая сына і дала яму імя: Мааў. Ён бацька Маавіцянаў дагэтуль.
 
І нарадзіла старэйшая сына, і назвала яго Маа́б,6 кажучы: ад бацькі майго. Ён бацька маа́бітаў ажно да сёння.

І малодшая таксама нарадзіла сына і дала яму імя Бэн-Амі. Ён бацька Аманіцянаў дагэтуль.
 
Нарадзіла ж і малодшая сына, і назвала яго Ама́н,7 сын роду майго. Ён бацька аманіця́наў ажно да сёння.