Быццё 19 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І прыйшлі тыя два анёлы ў Садому ўвечары, калі Лот сядзеў каля брамы Садомы. Лот убачыў і ўстаў, каб сустрэць іх, і пакланіўся тварам да зямлі
 
Увечары, калі Лот сядзеў пры браме горада, прыбылі два анёлы ў Садом. Ён, калі ўбачыў іх, падняўся і пайшоў насустрач ім; і ўшанаваў іх, упаўшы на зямлю,

і сказаў: спадары мае! увайдзеце ў дом раба вашага і начуйце, і ўмыйце ногі вашыя, і ўстанеце раніцай і пойдзеце ў дарогу сваю. Але яны сказалі: не, мы начуем на вуліцы.
 
і сказаў: «Малю, валадары мае, збочце ў дом паслугача вашага і пераначуйце. Памыйце ногі вашы і раніцай выберацеся ў дарогу вашу». Яны адказалі: «Не трэба, мы пераначуем на двары».

Але ён моцна ўпрошваў іх; і яны пайшлі да яго і ўвайшлі ў дом ягоны. Ён зрабіў ім пачостку і сьпёк прэсны хлеб; і яны елі.
 
Але ён прасіў іх моцна, і яны павярнулі да яго. І калі павярнулі ў дом яго, ён справіў гасціну і напёк праснакоў, і яны пад’елі.

Яшчэ ня леглі яны спаць, як гарадзкія жыхары, Садомцы, ад маладога да старога, увесь люд з усіх канцоў горада, абступілі дом
 
Не ляглі яны яшчэ спаць, як людзі з горада, жыхары Садома, акружылі дом, ад малога да старога, увесь народ разам.

і выклікалі Лота і казалі яму: дзе людзі, якія прыйшлі да цябе нанач? выведзі іх да нас; мы спазнаем іх.
 
І выклікалі яны Лота, і сказалі яму: «Дзе тыя людзі, што ўвайшлі да цябе ноччу? Выведзі іх да нас, каб мы пазналі іх».

Лот выйшаў да іх да ўваходу і замкнуў за сабою дзьверы,
 
Выйшаў да іх Лот, замкнуўшы за сабою дзверы, і кажа:

і сказаў: братове мае, не рабеце ліхога;
 
«Прашу, браты мае, не рабіце гэтага ліха.

вось, у мяне дзьве дачкі, якія не спазналі мужчыны; лепей я выведу іх да вас, рабеце зь імі, што вам заўгодна; толькі людзям гэтым не рабеце нічога, бо яны прыйшлі пад дах дома майго.
 
Вось, маю дзвюх дачок, якія не спазналі яшчэ мужчыну; выведу іх да вас, і вы, што вам падабаецца, рабіце з імі, толькі мужчынам гэтым нічога не рабіце, бо яны прыйшлі ў цень даху майго».

Але яны сказалі: ідзі сюды. І сказалі: вось, прыхадзень, а хоча судзіць? цяпер мы горш учынім з табою, чым зь імі. І яны падступіліся да чалавека гэтага, да Лота, і падышлі, каб выламаць дзьверы.
 
Але яны сказалі: «Ідзі адсюль». І дадалі: «Ён сам прыхадзень. Каб прыхадзень ды хацеў судзіць? Дык вось, табе самому мы зробім большы гвалт, чым ім». І накінуліся з вялікай сілай на Лота, і ўжо ледзь не выламалі браму.

Тады мужы тыя працягнулі рукі свае, і ўвялі Лота да сябе ў дом, і дзьверы замкнулі;
 
Тады людзі выцягнулі рукі, і ўцягнулі Лота да сябе, і зачынілі ўваход.

а людзей, якія былі каля ўваходу ў дом, уразілі сьлепатою, ад малога да вялікага, так што яны нацярпеліся, шукаючы выхаду.
 
А тых, што былі на двары, ад найменшага да найбольшага, пакаралі слепатой, так што не маглі яны знайсці дзвярэй.

Сказалі мужы тыя Лоту: хто ў цябе ёсьць яшчэ тут? ці зяць, ці твае сыны, ці твае дочкі, і хто б ні быў у цябе ў горадзе, усіх выведзі з гэтага месца,
 
І сказалі людзі Лоту: «Маеш тут яшчэ каго свайго? Зяця, і сыноў, і дачок, словам, усіх, хто з тваіх у горадзе, выведзі з гэтага месца,

бо мы зьнішчым гэтае месца; бо вялікі лямант на жыхароў яго Госпаду, і Гасподзь паслаў нас зьнішчыць яго.
 
бо мы знішчым гэты горад, таму што скарга на яго дайшла да Госпада, і Ён паслаў нас, каб мы знішчылі яго».

І выйшаў Лот, і гаварыў зь зяцямі сваімі, якія бралі за сябе дачок ягоных, і сказаў: устаньце, выйдзіце з гэтага месца, бо Гасподзь зьнішчыць гэты горад. Але зяцям ягоным здалося, што ён жартуе.
 
Тады выйшаў Лот і, звярнуўшыся да зяцёў сваіх, якія мелі ажаніцца з яго дочкамі, сказаў: «Уставайце, бяжым з гэтага месца, бо Госпад знішчыць горад». Ім жа здавалася, што ён гаворыць жартам.

Калі ўзышла зара, анёлы пачалі прысьпешваць Лота, кажучы: устань, вазьмі жонку тваю і дзьвюх дачок тваіх, якія ў цябе, каб не загінуць табе за беззаконьні горада.
 
На світанні анёлы падганялі яго, кажучы: «Уставай, бяры жонку сваю і дзвюх дачок, якіх маеш тут, каб не загінуў ты праз злачыннасць горада».

І як што ён марудзіў, дык мужы тыя, зь літасьці да яго Гасподняй, узялі за руку яго і жонку і дзьвюх дачок ягоных, і вывелі яго, і паставілі яго па-за горадам.
 
А паколькі ён марудзіў, падхапілі людзі за рукі яго, і жонку, і дзвюх дачок яго, бо Госпад пашкадаваў іх,

Калі ж вывелі іх вонкі, дык адзін зь іх сказаў: ратуй душу сваю; не азірайся і нідзе ня спыняйся ў навакольлі гэтым; ратуйся на гары, каб табе не загінуць.
 
і вывелі яго, і пакінулі за горадам. Там сказаў: «Ратуйся, ідзе размова пра жыццё тваё; і не азірайся назад, і не затрымлівайся нідзе ў гэтай мясцовасці, але ў гарах шукай ратунку, каб не загінуць!»

Але Лот сказаў ім: не, Валадару!
 
Лот сказаў ім: «Прашу, Госпадзе, не!

Вось, раб Твой здабыў упадабаньне прад вачыма Тваімі, і вялікая літасьць Твая, якую Ты ўчыніў мне, што ўратаваў жыцьцё маё; але я не магу ратавацца на гары, каб не дагнала мяне бяда і мне не памерці:
 
Вось жа, паслугач Твой знайшоў ласку ў Цябе, і Ты ўзвялічыў міласэрнасць Сваю, якую аказаў мне, каб уратаваць душу маю; не магу хавацца ў гарах, каб не напаткала мяне гора і не памёр я.

вось, бліжэй уцякаць у гэты горад, ён жа малы; пабягу я туды; ён жа малы; і захаваецца жыцьцё маё.
 
Вось жа, горад гэты блізка, у які я магу ўцячы, — хіба ж ён не маленькі? — і будзе жыць душа мая».

І сказаў яму: вось, на дагоду табе Я ўчыню і гэта: ня збуру горада, пра які ты кажаш;
 
І сказаў яму: «Вось, Я ў гэтым таксама прыняў просьбу тваю, каб не знішчыць горада, у які ты прасіўся.

пасьпяшайся, ратуйся там: бо Я не магу ўчыніць дзеі, пакуль ты ня прыйдзеш туды. Таму і названы горад гэты: Сігор.
 
Спяшайся і ратуйся там, бо не змагу нічога рабіць, пакуль туды не ўвойдзеш». Таму і дадзена імя таму гораду Сэгор.

Сонца ўзышло над зямлёю, і Лот прыйшоў у Сігор.
 
Сонца паднялося ўжо над зямлёю, калі Лот прыбыў у Сэгор.

І выліў Гасподзь на Садому і Гамору дажджом серку і агонь ад Госпада зь неба,
 
Тады Госпад спусціў на Садом і Гамору дождж серкі і агню ад Госпада з неба,

і збурыў гарады гэтыя, і ўсё навакольле гэта, і ўсіх жыхароў гарадоў гэтых, і расьліны зямлі.
 
і знішчыў гарады гэтыя і ўсю мясцовасць кругом, усіх жыхароў гарадоў гэтых і ўсю зеляніну зямлі.

А жонка Лотава за ім азірнулася і зрабілася саляным слупам.
 
А жонка яго, аглянуўшыся за сябе, ператварылася ў слуп солі.

І ўстаў Абрагам рана раніцай і пайшоў на месца, дзе стаяў прад абліччам Госпада;
 
Абрагам жа, падняўшыся рана, пайшоў на тое месца, дзе стаяў раней з Госпадам,

і паглядзеў на Садому і Гамору і на ўсю прастору навакольля і ўбачыў: вось, дым падымаецца зь зямлі, як дым з вапельні.
 
і глянуў на Садом і Гамору, і на ўвесь абшар той мясцовасці. І ўбачыў, што з зямлі ўздымаецца сажа, быццам дым з печы.

І было, калі Бог зьнішчаў гарады навакольля гэтага, успомніў Бог пра Абрагама, і выслаў Лота спасярод зьнішчэньня, калі бурыў гарады, у якіх жыў Лот.
 
Так вось Бог, калі нішчыў гарады гэтай мясцовасці, памятаючы пра Абрагама, вызваліў Лота ад пагібелі ў гарадах, у якіх ён пражываў.

І выйшаў Лот зь Сігора, і пачаў жыць у гары, і зь ім дзьве дачкі ягоныя, бо ён баяўся жыць у Сігоры. І жыў у пячоры, і зь ім дзьве дачкі ягоныя.
 
І выйшаў Лот з Сэгора і абжыўся разам з дзвюмя дочкамі сваімі ў гарах, бо баяўся заставацца ў Сэгоры. І жыў на гары сам і абедзве дачкі яго.

І сказала старэйшая малодшай: бацька наш стары, і няма чалавека на зямлі, каб увайшоў да нас паводле звычаю ўсёй зямлі;
 
І сказала старэйшая малодшай: «Бацька наш стары, а ніводнага з мужчын не засталося на зямлі, які б мог прыйсці да нас па звычаі ўсёй зямлі.

дык вось апоім бацьку нашага віном, і перасьпім зь ім, і адновім ад бацькі нашага племя.
 
Хадзем, напоім бацьку нашага віном і будзем спаць з ім, каб зберагчы маглі патомства ад бацькі нашага».

І апаілі бацьку свайго віном у тую ноч; і ўвайшла старэйшая і спала з бацькам сваім; а ён ня ведаў, калі яна легла і калі ўстала.
 
І далі яны ў тую ноч бацьку свайму піць віно; і ўвайшла старэйшая, і спала з бацькам. Ён жа не чуў, ані калі дачка лягла, ані калі ўстала.

На другі дзень старэйшая сказала малодшай: вось, я спала ўчора з бацькам маім; апоім яго віном і гэтае ночы; і ты ўвайдзі, сьпі зь ім, і адновім ад бацькі нашага племя.
 
На другі дзень сказала старэйшая малодшай: «Вось, я ўчора спала з бацькам маім. Дадзім яму піць віно таксама ў гэтую ноч, і ты ўвойдзеш, і будзеш спаць з ім, каб захаваць патомства ад бацькі нашага».

І апаілі бацьку свайго віном і гэтае ночы; і ўвайшла малодшая і спала зь ім; і ён ня ведаў, калі яна легла і калі ўстала.
 
І далі яны і ў гэтую ноч бацьку свайму піць віно, і ўвайшла малодшая дачка, і спала з ім. А ён таксама не чуў, ані калі яна лягла, ані калі ўстала.

І зацяжарыліся абедзьве дачкі Лотавыя ад бацькі свайго;
 
І так абедзве дачкі Лота пачалі ад бацькі свайго.

і нарадзіла старэйшая сына і дала яму імя: Мааў. Ён бацька Маавіцянаў дагэтуль.
 
І нарадзіла старэйшая сына, і назвала імя яго Мааб. Ён ёсць бацькам маабцаў аж па сённяшні дзень.

І малодшая таксама нарадзіла сына і дала яму імя Бэн-Амі. Ён бацька Аманіцянаў дагэтуль.
 
Малодшая таксама нарадзіла сына і назвала яго імем Бен-Аміa. Ён ёсць бацькам аманіцян аж да сёння.