Быццё 31 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І пачуў Якаў словы сыноў Лаванавых, якія казалі: Якаў завалодаў усім, што было ў бацькі нашага, і з маёмасьці бацькі нашага склаў усё багацьце гэта.
 
Пачуў жа Яку́б размовы сыноў Ла́бана, якія казалі: “Усё забраў Яку́б ад бацькі нашага, і праз тое, што належала бацьку нашаму, асягнуў росквіту гэтага”.

І ўбачыў Якаў Лаванаў твар, і вось, ён не такі да яго, як быў учора і заўчора.
 
І пабачыў Яку́б твар Ла́бана — і вось, не быў да яго, як учора і трэцяга дня.

І сказаў Гасподзь Якаву: вярніся ў зямлю бацькоў тваіх і на радзіму тваю: і Я буду з табою.
 
Прамовіў жа Госпад да Яку́ба: “Вярніся ў зямлю бацькі свайго і да роду свайго, і Я буду з табою.

І паслаў Якаў, і паклікаў Рахіль і Лію ў поле, да статку дробнага быдла свайго,
 
Паслаўшы, Яку́б паклікаў Рахэ́ль і Лі́ю ў поле да статкаў

і сказаў ім: я бачыў твар бацькі вашага, што ён да мяне не такі, як быў учора і заўчора; але Бог бацькі майго быў са мною;
 
і сказаў: «Бачу я, твар бацькі вашага не такі да мяне, як учора і пазаўчора. Бог жа бацькі майго быў са мною.

вы самі ведаеце, што я з усяе сілы служыў бацьку вашаму,
 
І вы ж самі ведаеце, што моцай усёй сваёй служыў бацьку вашаму.

а бацька ваш ашукваў мяне і разоў дзесяць перамяняў узнагароду маю; але Бог не дапусьціў яго зрабіць мне ліха.
 
Бацька ж ваш падмануў мяне і змаліў узнагароду маю да дзесяці ягнятаў,1 аднак Бог не дазволіў абысці мяне.

Калі сказаў ён, што быдла з плямкамі будзе табе ўзнагародаю, дык быдла ўсё радзіла з плямкамі. А калі ён сказаў: пярэстыя будуць табе ўзнагародаю, дык усё быдла і радзіла пярэстых.
 
Калі б ён казаў, што стракатыя будуць узнагародай тваёй, то ўсе авечкі каціліся б стракатымі, а калі б казаў: бялёсыя будуць узнагародай тваёй, то ўсе авечкі каціліся б бялёсымі.

І адабраў Бог быдла ў бацькі вашага і даў мне.
 
І адабраў Бог усю худобу ў бацькі вашага, і аддаў яе мне.

Аднаго разу ў такую пару, калі быдла зачынае, я паглядзеў і ўбачыў у сьне, і вось казлы, якія падняліся на быдла, пярэстыя з плямкамі і стракацінамі.
 
І было, калі спарваліся авечкі, то ўбачыў іх ува сне на ўласныя вочы: ажно вось казлы і бараны пакрывалі козаў і авечак бялёсых, і стракатых, і з папялістымі плямамі.

Анёл Божы сказаў мне ў сьне: Якаве! Я сказаў: вось я.
 
І звярнуўся да мяне анёл Божы: “Яку́бе”. Я ж адказаў: “Што сталася?”

Ён сказаў: падымі вочы твае і паглядзі: усе казлы, што падняліся на быдла, пярэстыя, з плямкамі і стракацінамі; бо Я бачу ўсё, што Лаван робіць з табою;
 
І сказаў: “Узнімі вочы свае і спаглянь на казлоў, што пакрываюць козаў і авечак бялёсых і стракатых, і з папялістымі плямамі. Ажно ўбачыў Я тое, што чыніць табе Ла́бан.

Я Бог у Вэтылі, дзе ты паліў алеем помнік і даў Мне зарок; цяпер устань, выйдзі зь зямлі гэтай і вярніся да зямлі радзіны тваёй.
 
Я — Бог, які з’явіўся табе ў месце Бога,2 там, дзе ты намасціў Мне стоўп і склаў Мне зарок. Дык цяпер уздыміся і выйдзі з зямлі гэтай. Пойдзеш у зямлю роду твайго, і Я буду з табою”.

Рахіль і Лія сказалі яму ў адказ: ці ёсьць нам яшчэ доля і спадчына ў доме бацькі нашага?
 
І адказаўшы, Рахэ́ль і Лі́я прамовілі яму: “Не належыць нам болей частка ці спадчына ў доме бацькі нашага.

ці ня чужымі ён лічыць нас? бо ён прадаў нас і зьеў нават срэбра наша;
 
Ці ж не чужаніцамі сталіся мы для яго, бо прадаў нас і праглынуў, бы наедак, срэбра нашае?

таму ўсё багацьце, якое Бог адабраў у бацькі нашага, ёсьць нашае і дзяцей нашых; дык вось, рабі ўсё, што Бог сказаў табе.
 
Уся раскоша і слава, што адабраў Бог у бацькі нашага, нам стануць і дзецям нашым. Дык цяпер тое, што сказаў табе Бог, рабі”.

І ўстаў Якаў, і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў,
 
Устаўшы, Яку́б узяў жонак сваіх і дзяцей сваіх на вярблюдаў

і ўзяў з сабою ўсё быдла сваё, якое набыў, быдла ўласнае ягонае, якое ён набыў у Месапатаміі, каб ісьці да Ісаака, бацькі свайго, у зямлю Ханаанскую.
 
і адвёў увесь набытак свой з усім начыннем сваім, што ён займеў у Месапата́міі, і ўсё сваё, каб выправіцца да Ісаа́ка, бацькі свайго, у зямлю Ханаа́н.

І як Лаван пайшоў стрыгчы быдла сваё, дык Рахіль забрала ідалаў, якія былі ў бацькі яе.
 
Калі Ла́бан скіраваўся стрыгчы авечак сваіх,3 Рахэ́ль скрала бажышчы4 бацькі свайго.

А Якаў забраў сэрца ў Лавана Арамэйца, бо не паведаміў яму, што адыходзіць.
 
Утоіў жа Яку́б ад Ла́бана сіры́йца, каб не апавесцілі яму, што сыходзіць,

І пайшоў з усім, што ў яго было; і ўстаўшы перайшоў раку і скіраваўся да гары Галаад.
 
і адышоў ён з усім, што ў яго, і перайшоў раку,5 і накіраваўся да гары Галаа́д.6

На трэці дзень сказалі Лавану, што Якаў сышоў.
 
Апавесцілі Ла́бана сіры́йца трэцяга дня, што ўцёк Яку́б,

Тады ён узяў з сабою родзічаў сваіх, і гнаўся за ім сем дзён, і дагнаў яго на гары Галаад.
 
і, узяўшы ўсіх паплечнікаў сваіх з сабою, гнаўся ўслед за ім цягам сямі дзён, ажно налучыў яго на гары Галаа́д.

І прыйшоў Бог да Лавана Арамэйца ўначы ў сьне і сказаў яму: сьцеражыся, не кажы Якаву ні добрага, ні благога.
 
Прыйшоў жа Бог да Ла́бана сіры́йца ўва сне ноччу і сказаў яму: “Паўстрымайся, каб не казаць Яку́бу благога”.

І дагнаў Лаван Якава; а Якаў паставіў намёт свой на гары, і Лаван з родзічамі сваімі паставіў на гары Галаад.
 
І дагнаў Ла́бан Яку́ба. Яку́б жа ўзвёў намёт свой на гары, і Ла́бан паставіў братоў сваіх на гары Галаа́д.

І сказаў Лаван Якаву: што ты зрабіў? навошта ты ашукаў мяне і зьвёў дачок маіх, як палоненых зброяй?
 
Сказаў жа Ла́бан Яку́бу: «Што ты зрабіў? Навошта патаемна збег, і абабраў мяне, і звёў дачок маіх, нібы паланянак мечам?

навошта ты ўцёк таемна, і схаваўся ад мяне, і не сказаў мне? Я адпусьціў бы цябе з радасьцю і зь песьнямі, з бубнам і з гусьлямі;
 
Як сказаў бы мне — выправадзіў бы цябе з весялосцю і музыкамі, тымпа́намі7 і кіта́рамі.

ты не дазволіў мне нават пацалаваць унукаў маіх і дачок маіх; неразумна ты зрабіў.
 
Не быў я ўганараваны тым, каб пацалаваць дзяцей маіх і дачок маіх. Безразважна ты гэта ўчыніў.

Ёсьць у руцэ маёй сіла зрабіць вам ліхое; але Бог бацькі вашага ўчора гаварыў са мною і сказаў: сьцеражыся, не кажы Якаву ні добрага, ні благога.
 
Дык зараз можа рука мая прычыніць шкоду табе, але Бог бацькі твайго ўчора прамовіў да мяне, кажучы: “Паўстрымайся, каб не казаць Яку́бу благога”.

Але хай бы ты пайшоў, бо табе не цярпелася быць у доме ў бацькі твайго, — навошта ты ўкраў багоў маіх?
 
Таму цяпер сыходзь, калі хочаш вярнуцца ў дом бацькі свайго. Але ж навошта скраў бажышчаў маіх?»

Якаў адказаў Лавану і сказаў: я баяўся, бо я думаў, каб жа не адабраў ты ў мяне дачок тваіх.
 
Азваўшыся, Яку́б сказаў Ла́бану: “Гавару: каб не адабраў ты дачок сваіх ад мяне і ўсё, што маё.

У каго знойдзеш багоў тваіх, той ня будзе жывы: пры родзічах нашых даведвайся, што ў мяне і вазьмі сабе. Якаў ня ведаў, што Рахіль украла іх.
 
Шукай, што належыць табе з майго, і забяры”. І не знайшоў у яго нічога. Сказаў яму Яку́б: “У каго толькі знойдзеш бажышчаў сваіх, той страціць жыццё перад абліччам паплечнікаў нашых”. Не ведаў жа Яку́б, што Рахэ́ль, жонка яго, іх скрала.

І хадзіў Лаван у намёт Якаваў і ў намёт Ліін і ў намёт дзьвюх рабыняў, але не знайшоў. І выйшаў з намёта Ліі, і ўвайшоў у намёт Рахілін.
 
Увайшоўшы, Ла́бан шукаў у жытле Лі́і і нічога не знайшоў. Выйшаўшы з жытла Лі́і, шукаў у жытле Яку́ба і ў жытле дзвюх прыслужніцаў — і не знайшоў. Увайшоў тады і ў жытло Рахэ́лі.

А Рахіль узяла ідалаў і паклала іх пад вярблюджае сядло, і села на іх. І абшукаў Лаван увесь намёт, і не знайшоў.
 
Рахэ́ль жа ўзяла бажышчаў, і падклала пад сёдлы вярблюдзіцы, і села на іх.

А яна сказала бацьку свайму: хай не загневаецца гаспадар мой, што я не магу ўстаць перад табою; бо ў мяне звычайнае жаночае. І Лаван шукаў, але не знайшоў ідалаў.
 
І сказала бацьку свайму: “Не злуй, гаспадару, не магу ўзняцца перад табою, бо ў мяне жаночае”. І абшукаў Ла́бан ва ўсім жытле, і не знайшоў бажышчаў.

Якаў раззлаваўся і ўступіў у спрэчку з Лаванам. І загаварыў Якаў і сказаў Лавану: якая віна мая, які грэх мой, што ты дагнаў мяне?
 
Раззлаваўся Яку́б і тарокаўся з Ла́банам. Прамаўляючы, Яку́б сказаў Ла́бану: “У чым несправядлівасць мая і грэх мой, што ты гнаўся за мною,

ты агледзеў у мяне ўсе рэчы, што знайшоў ты з усіх рэчаў твайго дома? пакажы тут перад родзічамі маімі і перад родзічамі тваімі; няхай яны рассудзяць нас абодвух.
 
абшукаўшы ўсё начынне маё, ці ж знайшоў што з прыладаў дому твайго? Паведам зараз перад паплечнікамі маімі і паплечнікамі тваімі. І няхай рассудзяць паміж абодвума намі.

Вось, дваццаць гадоў я быў у цябе; авечкі твае і козы твае ня выкідвалі; бараноў са статку твайго я ня еў;
 
Дваццаць гадоў я быў з табою. Авечкі твае і козы твае не без прыплоду, бараноў ад авечак тваіх я не спажыў,

разадранага зьверам Я ня прыносіў табе, гэта была мая страта; ты зь мяне спаганяў ці калі ўдзень што-колечы прападала, а ці ўначы прападала;
 
растрыбушанае не прыносіў табе,8 сам сплачваў табе ад скрадзенага ўдзень і скрадзенага ўночы.

я зьнемагаў удзень ад сьпёкі, а ўначы ад сьцюжы, і сон мой бег ад вачэй маіх.
 
Удзень я быў абпечаны спёкай і ноччу халадэчай, ажно саскоўзваў сон з маіх павекаў.

Такія мае дваццаць гадоў у доме тваім. Я служыў табе чатырнаццаць гадоў за дзьвюх дачок тваіх і шэсьць гадоў за быдла тваё; а ты дзесяць разоў мяняў узнагароду маю.
 
З гэтых дваццаці гадоў, што я ў доме тваім, чатырнаццаць гадоў я рачкаваў за дзвюх дачок тваіх і шэсць гадоў за авечак тваіх, ты ж змаліў узнагароду маю да дзесяці ягніцаў.9

Калі б ня быў са мною Бог бацькі майго, Бог Абрагама і страх Ісаака, — ты б цяпер адпусьціў мяне ні з чым. Бог убачыў гароту маю і працу рук маіх і заступіўся за мяне ўчора.
 
Калі б не Бог бацькі майго Абрага́ма быў са мною і Трымценне10 Ісаа́ка, то пустым выслаў бы ты мяне цяпер”.

І адказваў Лаван і сказаў Якаву: дочкі — мае дочкі; дзеці — мае дзеці; быдла — маё быдла, і ўсё, што ты бачыш, гэта маё; ці магу я цяпер што зрабіць з дочкамі маімі і зь дзецьмі іхнімі, якія народжаны імі?
 
Адказваючы ж, Ла́бан прамовіў Яку́бу: “Дочкі — мае дочкі, і сыны — мае сыны, і скаціна — мая скаціна, усё, што толькі бачыш, належыць мне і дочкам маім. Што я маю зрабіць для іх ці дзяцей іх, якіх яны нарадзілі?

цяпер пастановім спрымірэньне я і ты, і гэта будзе сьведчаньнем паміж мною і табою.
 
Таму давай зараз я і ты ўсталюем запавет, і будзе на пазнаку паміж мною і табою”. Адказаў жа яму: “Вось, нікога няма спасярод нас,11 таму няхай Бог будзе сведкам паміж мною і табою”.

І ўзяў Якаў камень і паставіў яго помнікам.
 
Яку́б, узяўшы камень, паставіў яго стаўпом.

І сказаў Якаў родзічам сваім: набярэце камянёў. Яны ўзялі камяні і зрабілі курган, і елі там на кургане.
 
Сказаў жа Яку́б паплечнікам сваім: “Збярыце камяні”. І сабралі камяні, і склалі купу, потым з’елі і выпілі ля той купы. І сказаў Ла́бан: “Цяпер купа гэтая на пазнаку паміж мною і табою”.

І назваў яго Лаван: Егар-Сагадута; а Якаў назваў яго Галаадам.
 
І назваў яе Ла́бан Купай Пазнакі,12 а Яку́б назваў яе Купай Сведчання.13

І сказаў Лаван: сёньня гэты курган паміж табою і мною сьведка. Таму і дадзена яму імя: Галаад,
 
Сказаў жа Ла́бан Яку́бу: “Вось купу гэтую і стоўп гэты паставіў14 паміж мною і табою. Будзе сведчыць купа гэтая і стоўп гэты”. Таму названа яна Купа Сведчання

а таксама: Міцца, за тое, што Лаван сказаў: няхай наглядае Гасподзь і за мною і за табою, калі мы зьнікнем адзін ад аднаго;
 
і Нагляд,15 пра які сказаў: “Каб Бог наглядаў паміж мною і табою, бо разыдземся адзін ад другога.

калі ты будзеш блага абыходзіцца з дочкамі маімі, альбо возьмеш жонак звыш дачок маіх, дык хоць няма чалавека паміж намі, але глядзі, Бог сьведка паміж мною і табою.
 
Калі ж раптам прынізіш дачок маіх ці возьмеш сабе іншых за жонак, апроч дачок маіх, то ведай, сапраўды цяпер нікога няма з намі...

І сказаў Лаван Якаву: вось курган гэты і вось помнік, які я паставіў паміж мною і табою;
 
16

гэты курган сьведка, і гэты помнік сьведка, што ні я не перайду да цябе за гэты курган, ні ты не пяройдзеш да мяне за гэты курган і за гэты помнік, дзеля ліха;
 
Калі ж мне не прайсці да цябе і табе не прайсці да мяне праз купу гэтую і стоўп гэты без варожасці,

Бог Абрагамаў і Бог Нахораў хай судзяць паміж намі, Бог бацькі іхняга. Якаў запрысягнуўся страхам бацькі свайго Ісаака.
 
то суддзёю паміж намі будзе Бог Абрага́ма і Бог Нахора”.17 Яку́б жа склаў такі самы зарок Трымценню18 Ісаа́ка, бацькі свайго.

І закалоў Якаў ахвяру на гары і паклікаў родзічаў сваіх есьці хлеб; і яны елі хлеб і начавалі на гары.
 
І прынёс Яку́б ахвяру на гары, і склікаў братоў сваіх, і з’елі яны, і выпілі, і паклаліся спаць на гары.

І ўстаў Лаван з самага рана і пацалаваў унукаў сваіх і дачок сваіх, і дабраславіў іх. І пайшоў і вярнуўся Лаван у сваё месца.