1 Пачуў жа Яку́б размовы сыноў Ла́бана, якія казалі: “Усё забраў Яку́б ад бацькі нашага, і праз тое, што належала бацьку нашаму, асягнуў росквіту гэтага”.
2 І пабачыў Яку́б твар Ла́бана — і вось, не быў да яго, як учора і трэцяга дня.
3 Прамовіў жа Госпад да Яку́ба: “Вярніся ў зямлю бацькі свайго і да роду свайго, і Я буду з табою.
4 Паслаўшы, Яку́б паклікаў Рахэ́ль і Лі́ю ў поле да статкаў
5 і сказаў: «Бачу я, твар бацькі вашага не такі да мяне, як учора і пазаўчора. Бог жа бацькі майго быў са мною.
6 І вы ж самі ведаеце, што моцай усёй сваёй служыў бацьку вашаму.
7 Бацька ж ваш падмануў мяне і змаліў узнагароду маю да дзесяці ягнятаў,1 аднак Бог не дазволіў абысці мяне.
8 Калі б ён казаў, што стракатыя будуць узнагародай тваёй, то ўсе авечкі каціліся б стракатымі, а калі б казаў: бялёсыя будуць узнагародай тваёй, то ўсе авечкі каціліся б бялёсымі.
9 І адабраў Бог усю худобу ў бацькі вашага, і аддаў яе мне.
10 І было, калі спарваліся авечкі, то ўбачыў іх ува сне на ўласныя вочы: ажно вось казлы і бараны пакрывалі козаў і авечак бялёсых, і стракатых, і з папялістымі плямамі.
11 І звярнуўся да мяне анёл Божы: “Яку́бе”. Я ж адказаў: “Што сталася?”
12 І сказаў: “Узнімі вочы свае і спаглянь на казлоў, што пакрываюць козаў і авечак бялёсых і стракатых, і з папялістымі плямамі. Ажно ўбачыў Я тое, што чыніць табе Ла́бан.
13 Я — Бог, які з’явіўся табе ў месце Бога,2 там, дзе ты намасціў Мне стоўп і склаў Мне зарок. Дык цяпер уздыміся і выйдзі з зямлі гэтай. Пойдзеш у зямлю роду твайго, і Я буду з табою”.
14 І адказаўшы, Рахэ́ль і Лі́я прамовілі яму: “Не належыць нам болей частка ці спадчына ў доме бацькі нашага.
15 Ці ж не чужаніцамі сталіся мы для яго, бо прадаў нас і праглынуў, бы наедак, срэбра нашае?
16 Уся раскоша і слава, што адабраў Бог у бацькі нашага, нам стануць і дзецям нашым. Дык цяпер тое, што сказаў табе Бог, рабі”.
17 Устаўшы, Яку́б узяў жонак сваіх і дзяцей сваіх на вярблюдаў
18 і адвёў увесь набытак свой з усім начыннем сваім, што ён займеў у Месапата́міі, і ўсё сваё, каб выправіцца да Ісаа́ка, бацькі свайго, у зямлю Ханаа́н.
19 Калі Ла́бан скіраваўся стрыгчы авечак сваіх,3 Рахэ́ль скрала бажышчы4 бацькі свайго.
20 Утоіў жа Яку́б ад Ла́бана сіры́йца, каб не апавесцілі яму, што сыходзіць,
21 і адышоў ён з усім, што ў яго, і перайшоў раку,5 і накіраваўся да гары Галаа́д.6
22 Апавесцілі Ла́бана сіры́йца трэцяга дня, што ўцёк Яку́б,
23 і, узяўшы ўсіх паплечнікаў сваіх з сабою, гнаўся ўслед за ім цягам сямі дзён, ажно налучыў яго на гары Галаа́д.
24 Прыйшоў жа Бог да Ла́бана сіры́йца ўва сне ноччу і сказаў яму: “Паўстрымайся, каб не казаць Яку́бу благога”.
25 І дагнаў Ла́бан Яку́ба. Яку́б жа ўзвёў намёт свой на гары, і Ла́бан паставіў братоў сваіх на гары Галаа́д.
26 Сказаў жа Ла́бан Яку́бу: «Што ты зрабіў? Навошта патаемна збег, і абабраў мяне, і звёў дачок маіх, нібы паланянак мечам?
27 Як сказаў бы мне — выправадзіў бы цябе з весялосцю і музыкамі, тымпа́намі7 і кіта́рамі.
28 Не быў я ўганараваны тым, каб пацалаваць дзяцей маіх і дачок маіх. Безразважна ты гэта ўчыніў.
29 Дык зараз можа рука мая прычыніць шкоду табе, але Бог бацькі твайго ўчора прамовіў да мяне, кажучы: “Паўстрымайся, каб не казаць Яку́бу благога”.
30 Таму цяпер сыходзь, калі хочаш вярнуцца ў дом бацькі свайго. Але ж навошта скраў бажышчаў маіх?»
31 Азваўшыся, Яку́б сказаў Ла́бану: “Гавару: каб не адабраў ты дачок сваіх ад мяне і ўсё, што маё.
32 Шукай, што належыць табе з майго, і забяры”. І не знайшоў у яго нічога. Сказаў яму Яку́б: “У каго толькі знойдзеш бажышчаў сваіх, той страціць жыццё перад абліччам паплечнікаў нашых”. Не ведаў жа Яку́б, што Рахэ́ль, жонка яго, іх скрала.
33 Увайшоўшы, Ла́бан шукаў у жытле Лі́і і нічога не знайшоў. Выйшаўшы з жытла Лі́і, шукаў у жытле Яку́ба і ў жытле дзвюх прыслужніцаў — і не знайшоў. Увайшоў тады і ў жытло Рахэ́лі.
34 Рахэ́ль жа ўзяла бажышчаў, і падклала пад сёдлы вярблюдзіцы, і села на іх.
35 І сказала бацьку свайму: “Не злуй, гаспадару, не магу ўзняцца перад табою, бо ў мяне жаночае”. І абшукаў Ла́бан ва ўсім жытле, і не знайшоў бажышчаў.
36 Раззлаваўся Яку́б і тарокаўся з Ла́банам. Прамаўляючы, Яку́б сказаў Ла́бану: “У чым несправядлівасць мая і грэх мой, што ты гнаўся за мною,
37 абшукаўшы ўсё начынне маё, ці ж знайшоў што з прыладаў дому твайго? Паведам зараз перад паплечнікамі маімі і паплечнікамі тваімі. І няхай рассудзяць паміж абодвума намі.
38 Дваццаць гадоў я быў з табою. Авечкі твае і козы твае не без прыплоду, бараноў ад авечак тваіх я не спажыў,
39 растрыбушанае не прыносіў табе,8 сам сплачваў табе ад скрадзенага ўдзень і скрадзенага ўночы.
40 Удзень я быў абпечаны спёкай і ноччу халадэчай, ажно саскоўзваў сон з маіх павекаў.
41 З гэтых дваццаці гадоў, што я ў доме тваім, чатырнаццаць гадоў я рачкаваў за дзвюх дачок тваіх і шэсць гадоў за авечак тваіх, ты ж змаліў узнагароду маю да дзесяці ягніцаў.9
42 Калі б не Бог бацькі майго Абрага́ма быў са мною і Трымценне10 Ісаа́ка, то пустым выслаў бы ты мяне цяпер”.
43 Адказваючы ж, Ла́бан прамовіў Яку́бу: “Дочкі — мае дочкі, і сыны — мае сыны, і скаціна — мая скаціна, усё, што толькі бачыш, належыць мне і дочкам маім. Што я маю зрабіць для іх ці дзяцей іх, якіх яны нарадзілі?
44 Таму давай зараз я і ты ўсталюем запавет, і будзе на пазнаку паміж мною і табою”. Адказаў жа яму: “Вось, нікога няма спасярод нас,11 таму няхай Бог будзе сведкам паміж мною і табою”.
45 Яку́б, узяўшы камень, паставіў яго стаўпом.
46 Сказаў жа Яку́б паплечнікам сваім: “Збярыце камяні”. І сабралі камяні, і склалі купу, потым з’елі і выпілі ля той купы. І сказаў Ла́бан: “Цяпер купа гэтая на пазнаку паміж мною і табою”.
47 І назваў яе Ла́бан Купай Пазнакі,12 а Яку́б назваў яе Купай Сведчання.13
48 Сказаў жа Ла́бан Яку́бу: “Вось купу гэтую і стоўп гэты паставіў14 паміж мною і табою. Будзе сведчыць купа гэтая і стоўп гэты”. Таму названа яна Купа Сведчання
49 і Нагляд,15 пра які сказаў: “Каб Бог наглядаў паміж мною і табою, бо разыдземся адзін ад другога.
50 Калі ж раптам прынізіш дачок маіх ці возьмеш сабе іншых за жонак, апроч дачок маіх, то ведай, сапраўды цяпер нікога няма з намі...
51 16
52 Калі ж мне не прайсці да цябе і табе не прайсці да мяне праз купу гэтую і стоўп гэты без варожасці,
53 то суддзёю паміж намі будзе Бог Абрага́ма і Бог Нахора”.17 Яку́б жа склаў такі самы зарок Трымценню18 Ісаа́ка, бацькі свайго.
54 І прынёс Яку́б ахвяру на гары, і склікаў братоў сваіх, і з’елі яны, і выпілі, і паклаліся спаць на гары.
Каментары ці зноскі:
7 1: У Вульгаце “mutavit mercedem meam decem vicibus” — “змяняў маю ўзнагароду дзесяць разоў”.
13 2: Гл. 28:19 са спасылкай.
19 3: Хутчэй за ўсё, на некалькі дзён, бо стрыглася звычайна цэлая чарада, потым склікаліся ганаровыя госці і адбывалася свята з пачастункам.
19 4: Грэц. εἴδωλον — літ. “ідал”, “балван”.
21 5: Маецца на ўвазе Эўфра́т.
21 6: Галаа́д (гбр. גִּלְעָד) — краіна на ўсход ад ракі Ярдан і на поўнач ад Мёртвага мора.
27 7: Старажытны ўдарны музычны інструмент-мембранафон, папярэднік сучасных літаўраў. У Старажытнай Грэцыі тымпанам называлі аднабаковы бубен з глыбокім рэзанатарам. На нацягнутай на рэзанатар скураной мембране гралі пясцямі рук. Аналагічныя прылады былі распаўсюджаныя на Блізкім Усходзе — у Месапата́міі і ў гебраяў.
39 8: Аргумент на карысць Яку́ба, які ахвярна пільнаваў авечак Ла́бана, каб не былі растрыбушанымі дзікімі звярамі.
41 9: Пар. 31:7 са спасылкай.
42 10: Грэцкая граматыка гэтага сказа ўказвае на тое, што “Трымценнем” метанімічна названы тут Бог.
44 11: Гаворка ідзе пра адсутнасць старэйшага і больш аўтарытэтнага чалавека, які мог бы законна засведчыць пра ўсталяваны запавет.
47 12: У гбр. Бібліі выступае выкарыстана ўласная назва Яга́р-Сагадута́, гбр. שָׂהֲדוּתָא יְגַר.
47 13: У гбр. Бібліі выступае выкарыстана ўласная назва Гіла́д, гл. 31:21 са спасылкай.
48 14: У вершы 45 пададзена, што стоўп быў пастаўлены Яку́бам.
49 15: У гбр. Бібліі выступае выкарыстана ўласная назва Міцпа́, гбр. מִצְפָּה.
51 16: Гэты верш у Септуагінце адсутнічае.
53 17: Пераклад гэтага сказа і яго зместу на грэцкую мову не пэўны, магчыма, грэцкі тэкст быў зменены праз разнастайныя камплікацыі адрозных традыцыяў.
53 18: Гл. 31:42 са зноскай.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 31 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016