1 І не мог Язэ́п стрымлівацца перад усімі, хто стаяў ля яго, таму сказаў: “Адвядзіце ўсіх ад мяне!” І не засталося нікога ля Язэ́па ў той час, калі прызнаўся братам сваім.
2 І загаласіў з плачам, так што чулі яго ўсе егіпця́не, бо было чуваць ва ўсім доме фараона.
3 І вымавіў Язэ́п да братоў сваіх: “Я — Язэ́п! Ці сапраўды бацька мой жывы?” Але не маглі браты адказаць яму, бо спалохаліся.
4 Сказаў жа Язэ́п да братоў сваіх: “Падыдзіце да мяне!” І дадаў: “Я — Язэ́п, брат ваш, якога прадалі ў Егі́пет.
5 Не засмучайцеся больш, і ганебным няхай больш не будзе тое, што прадалі мяне сюды, бо дзеля выжывання паслаў мяне Бог наперад вас.
6 Гэта толькі другі год голаду на зямлі, а надыдуць яшчэ наступныя пяць гадоў, калі не стануць ні араць, ані сеяць.
7 Таму паслаў мяне Бог наперад вас, каб зберагчы вас, рэшту, на зямлі і пракарміць вас, вялікую астачу.
8 Таму не вы мяне даслалі сюды, але перш Бог, і зрабіў мяне бацькам1 фараона, і гаспадаром усяго дому яго, і распараднікам усёй зямлі Егі́пта.
9 Прыспешцеся, кіруючыся да бацькі майго і паведамце яму: гэтак кажа сын твой Язэ́п — зрабіў мяне Бог гаспадаром усёй зямлі Егі́пта, таму прыйдзі да мяне і застанься.
10 І паселішся ў зямлі Ге́сем у Ара́біі.2 Будзеш блізка да мяне, ты, і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, авечкі твае, і каровы твае, і тое, што маеш.
11 І накармлю цябе там, бо яшчэ пяць гадоў голаду. Дзеля таго, каб не змарнеў ты, і сыны твае, і ўсё майно тваё.
12 Вось, вочы вашыя і вочы Беніямі́на, брата майго, бачаць, што вусны мае прамаўляюць да вас.
13 Апавядзіце бацьку майму пра ўсю веліч маю ў Егі́пце і пра тое, што бачыце. Дык паспяшайцеся, прывядзіце бацьку майго сюды”.
14 І кінуўся на шыю Беніямі́на, брата свайго, і заплакаў, і Беніямі́н заплакаў на шыі яго.
15 І цалуючы ўсіх братоў сваіх, заплакаў пры іх. Пасля гэтага гаварылі з ім браты яго.
16 І разнеслася чутка па доме фараона, весцячы: “Прыйшлі браты Язэ́па”. Узрадаваўся фараон і слугі яго.
17 І звярнуўся фараон да Язэ́па: “Скажы братам тваім, каб зрабілі так: напоўніце вазы́ вашыя, і ідзіце ў зямлю Ханаа́н,
18 і, забраўшы бацьку вашага і майно вашае, вярніцеся да мяне, і дам вам усе даброты Егі́пта, і будзеце спажываць з заможнасці зямлі.
19 Ты ж перакажы ім гэта, няхай возьмуць яны рыдваны з зямлі Егі́пта для дзяцей сваіх і жонак сваіх, а забраўшы бацьку свайго, вяртаюцца.
20 І не затрымаюць вас вочы вашыя праз майно вашае, бо ўсе даброты Егі́пта стануцца вашымі”.
21 І зрабілі так сыны Ізраэ́ля. Даў жа Язэ́п ім рыдваны, як наказаў цар фараон, і даў ім пасілак у дарогу,
22 усім даў па дзве вопраткі, а Беніямі́ну — трыста залатых і пяць пераменаў адзення.
23 І бацьку свайму дадаў услед дзесяць аслоў, каб везлі ўсялякія дары з Егі́пта, і дзесяць мулаў, каб везлі хлеб бацьку дарогаю.
24 Выправіў братоў сваіх, і яны пайшлі. І наказаў ім: “Не маркоцьцеся ў дарозе!”
25 І выйшлі з Егі́пта, і пакіраваліся ў зямлю Ханаа́н да Яку́ба, бацькі свайго,
26 і апавялі яму, кажучы, што сын яго Язэ́п жывы і ён кіруе ўсёй зямлёй Егі́пта. І завагаўся Яку́б, бо не паверыў ім.
27 Апавялі ж яму ўсё, сказанае Язэ́пам, колькі мовіў ім. Пабачыўшы ж рыдваны, што выслаў Язэ́п, каб прыняць яго, узгарэўся духам Яку́б, іх бацька.
28 Сказаў жа Ізраэ́ль: “Неверагоднае сталася мне, што Язэ́п, сын мой, жывы. Пайду і пабачу яго, перш чым мне памерці”.
Каментары ці зноскі:
8 1: Тытул “бацька” не вобразны, але ў егіпецкай традыцыі і наменклатуры фараона ён азначаў найвышэйшую годнасць чалавека.
10 2: Ге́сем (гбр. גֹּ֫שֶׁןֹ) — назва ўрадлівых земляў ва ўсходняй частцы дэльты Ніла. Септуагінта лакалізуе гэтыя тэрыторыі, па невядомых прычынах, як звязаныя з Ара́біяй. Магчыма, некаторыя традыцыі і адносяць Сінайскі паўвостраў да Ара́біі, але ў гебрайскай Бібліі яна не ўзгадваецца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 45 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016