1 І ўзмацніўся голад на зямлі.
2 Было ж, як спажылі пшаніцу, што прывезлі з Егі́пта, дык сказаў [сынам] бацька іх: “Ізноў пойдзеце прыдбаць для нас колькі ежы”.
3 Адказаў жа яму Ю́да: “Зарокам пакляўся нам чалавек, кажучы: не ўбачыце твару майго, калі не будзе брата вашага малодшага з вамі.
4 Калі, аднак, усё ж пашлеш брата нашага з намі, мы пойдзем і набудзем табе ежу,
5 а калі не пашлеш брата нашага з намі, то не пойдзем, бо чалавек папярэджваў нас, кажучы: не ўбачыце твару майго, калі не будзе брата вашага малодшага з вамі”.
6 Сказаў жа Ізраэ́ль: “Навошта зрабілі мне ліха, калі апавялі чалавеку, што ў вас ёсць брат?”
7 Яны ж адказалі: “Дазнаючыся, спытаўся нас чалавек і пра род наш, кажучы: ці жывы яшчэ ваш бацька, ці маеце вы брата? Прызналіся яму ў роспыце гэтым. Не ведалі, што скажа нам: прывядзіце брата вашага”.
8 Звярнуўся ж Ю́да да Ізраэ́ля, бацькі свайго: “Пашлі хлопца са мною, і, сабраўшыся, пойдзем, каб выжыць нам і не памерці, і нам, і табе, і майну нашаму.
9 Я ж прымаю яго, з рук маіх спагоніш яго. Калі не прывяду яго да цябе і не пастаўлю яго перад табою, то правіна мая будзе перад табою праз усё жыццё.
10 Калі б не марудзілі мы, то маглі вярнуцца ўжо двойчы”.
11 Сказаў жа ім Ізраэ́ль, бацька іх: “Калі ж так сталася, то зрабіце наступнае — адбярыце з пладоў зямлі ў пасудзіны вашыя і занясіце чалавеку гасціну: рэты́ну і мёд, тымія́му, і ста́кту,1 і фісташкі, і арэхі,
12 і срэбра ўдвая вазьміце ў рукі вашыя, грошы, пакладзеныя ў торбы вашыя, вярніце яму, каб не абярнулася зманам.
13 І брата вашага вазьміце. І, сабраўшыся, ідзіце да чалавека.
14 Бог жа мой дасць вам ласку перад абліччам чалавека. І няхай адпусціць брата таго2 вашага і Беніямі́на. Я ж калі ўжо стаўся бяздзетным, то няхай бяздзетным і застануся”.
15 Забралі мужы гасціну гэтую, і срэбра ўдвая ўзялі ў рукі свае, і Беніямі́на, і, сабраўшыся, пайшлі ў Егі́пет, і паўсталі перад абліччам Язэ́па.
16 Убачыў жа Язэ́п іх і Беніямі́на, брата свайго адзінаматчынага, і наказаў таму, хто над домам яго: “Увядзі мужоў у дом, і закалі ахвяру, і прыгатуй, бо са мною з’ядуць мужы стравы апоўдні”.
17 Зрабіў жа кіраўнік, як наказаў Язэ́п, і ўвёў мужоў у дом Язэ́па.
18 Пабачыўшы ж, мужы, што былі ўведзеныя ў дом Язэ́па, сказалі: “Праз срэбра, пакладзенае раней у торбы нашыя, нас прывялі, каб абвінаваціць нас і, схапіўшы, зрабіць нас нявольнікамі, і аслоў нашых”.
19 Наблізіўшыся да чалавека, які над домам Язэ́па, звярнуліся да яго ў першым пакоі дома,
20 кажучы: “Просім, гаспадару, прыходзілі мы раней набыць хлеба.
21 Надарылася ж, калі спыніліся мы на адпачынак і развязалі торбы нашыя, дык вось, срэбра кожнага ў торбе яго. Срэбра нашае адпаведна вагі3 вяртаем цяпер у руках нашых.
22 Таксама срэбра іншае прынеслі з сабою, каб набыць хлеб. Не дагледзелі, хто паклаў срэбра ў торбы нашыя”.
23 Адказаў жа ім: “Супакойцеся, не бойцеся. Бог ваш і Бог айцоў вашых даў вам скарбы ў торбы вашыя. Срэбра ж вашае я атрымаў ужо”. І вывеў да іх Сямёна.
24 І прынёс вады абмыць ім ногі, і даў корм аслам іхнім.
25 Прыгатавалі ж дарункі да прыходу Язэ́па апоўдні, бо даведаліся, што мае там есці.
26 Увайшоў жа Язэ́п у дом, і паднеслі яму гасціну, што была ў руках іхніх, і схіліліся перад ім тварам да зямлі.
27 Спытаўся ў іх: “Як вы маецеся?” І дадаў: “Ці здаровы бацька ваш стары, пра якога казалі, што яшчэ жывы?”
28 Яны ж адказвалі: “Здаровы слуга твой, наш бацька, яшчэ жывы”. І сказаў ён: “Дабраслоўлены муж той перад Богам”. І, нахіліўшыся, яны пакланіліся яму.
29 Апусціўшы вочы, убачыў Беніямі́на, брата свайго адзінаматчынага, і спытаўся: “Гэты брат ваш малодшы, якога абяцалі прывесці да мяне?” І дадаў: “Няхай злітуецца Бог з цябе, дзіця”.
30 Узрушыўся ж Язэ́п, бо зашчымела нутро яго перад братам ягоным, і ўстрымліваўся, каб не заплакаць. Выйшаўшы ж, заплакаў у каморы.
31 І, абмыўшы твар, прыйшоў. Авалодаў сабою і сказаў: “Пакладзіце хлябы”.
32 І паклалі яму асобна, і ім асобна, і егіпця́нам, якія елі разам з імі, асобна, бо не могуць тыя спажываць разам з гебра́ямі хлеб, што ёсць пагардаю для егіпця́наў.4
33 Селі ж перад ім, першародны згодна з прывілеем сваім і малодшы згодна з маленствам сваім. І дзіваваліся мужы адзін перад адным.5
34 І даносілі стравы ад [Язэ́па] да іх. Дакладаліся ж да кавалкаў Беніямі́ну кавалкі пяцікроць супраць астатніх. Пілі з ім, і сп’янелі.
Каментары ці зноскі:
11 1: Гл. 37:25 са спасылкамі.
14 2: Гаворка вядзецца пра Сямёна, якога Язэ́п затрымаў у закладнікі.
21 3: Пры гандлі разлікі здзяйсняліся пры дапамозе срэбра, таму была важнаю яго вага і чысціня.
32 4: Прычына агіды крыецца ў тым, што егіпцяне грэбавалі пастухамі авечак (пар. 46:34).
33 5: Вынікае з гэтага, што братоў пры стале пасадзіў сам Язэ́п, таму браты здзіўляліся, не здагадваючыся, адкуль ён ведае іх узрост.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 43 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016
