1 Надарылася ж у валадарстве Амарфа́ла, валадара Сеннаа́рскага:1 Арыёх, валадар Эласа́рскі, і Хадалагамор, валадар Эла́мскі,2 і Тарга́л, валадар народаў,3
2 вялі вайну з Ба́лам, валадаром Садомскім, і з Ба́рсам, валадаром Гаморскім, і Сеннаа́рам,4 валадаром Адама́скім,5 і Сімаборам, валадаром Себаі́мскім, і валадаром Ба́лакскім, значыць Сагорскім.
3 Усе яны змовіліся ў Саляной цясніне, дзе зараз Салёнае мора.6
4 Дванаццаць гадоў служылі Хадалагамору, на трынаццаты ж год збунтаваліся.
5 У чатырнаццаты ж год прыйшоў Хадалагамор і валадары разам з ім, і паразбівалі асілкаў у Астарот Карнаі́не,7 і магутныя народы разам з імі, і аме́яў з места Са́ўі,
6 харэ́яў з гораў Сэі́рскіх8 да Тэрэ́бінта9 Фара́на, што ў пустэльні.
7 Завярнуўшы, прыйшлі да Крыніцы Суда, гэта значыць Кадэ́су, і пазабівалі ўсіх саноўнікаў Амалэ́ка і амарэ́яў, што засялялі Асасантама́р.
8 Тады валадар Садомскі, валадар Гаморскі, валадар Адама́скі, валадар Себаі́мскі і валадар Ба́лакскі, значыць Сагорскі, рушылі і атабарыліся для вайны ў Саляной даліне
9 супраць Хадалагамора, валадара Эла́мскага, супраць Тарга́ла, валадара народаў, супраць Амарфа́ла, валадара Сеннаа́рскага, супраць Арыёха, валадара Эласа́рскага: чатыры валадары супраць пяцёх.
10 Былі ж у Саляной даліне10 смаляныя калодзежы. Збег жа валадар Садомскі і валадар Гаморскі і там затаіліся, астатнія ж паўцякалі ў межы гораў.
11 Пабралі ж пераможнікі ўсіх коней з Садома і Гаморы і ежу ўсіхнюю ды сышлі.
12 Схапілі таксама Лота, брата Абра́ма, які жыў у Садоме, і набытак яго, і сышлі.
13 Знайшоўся ж адзін ацалелы, які апавёў пра ўсё, што надарылася прыхадню11 Абра́му. Жыў ён ля дуба Ма́мбры, амара́ніна, брата Эсхо́ла і брата Анэ́ра, якія былі хаўруснікамі Абра́ма.
14 Калі Абра́м даведаўся, што Лот, брат яго, увязнены, падлічыў уласных дамоўнікаў сваіх, абраўшы з іх трыста васямнаццаць, выступіў услед за імі да Да́на.12
15 І напаў на іх ноччу, ён і слугі яго, і выцяў іх, і гнаўся за імі да Хобы, што леваруч ад Дама́ска.
16 І вярнуў усіх коней Садомскіх, і вызваліў Лота, брата свайго, і набытак яго, і жанчын, і народ.
17 Выйшаў жа валадар Садома з валадарамі ім насустрач, бо вярнуўся ён ужо з перамогай над Хадалагаморам, у даліну Са́ўі,13 поле, якое належала валадару.
18 І Мелхіседэ́к, валадар Салэ́мскі,14 вынес хлябы і віно; быў жа ён святаром Бога Усявышняга.15
19 І дабрасловіў Абра́ма: “Дабраслоўлены Абра́м Богам Усявышнім, які стварыў неба і зямлю,
20 і дабраслоўлены Бог Усявышні, які аддаў ненавіснікаў тваіх у рукі твае”. І з усяго аддаў пераможца святару дзесяціну.
21 Прамовіў жа валадар Садома да Абра́ма: “Дай мне людзей, а коней вазьмі сабе”.
22 Сказаў жа Абра́м валадару Садома: “Працягваю руку маю да Бога Усявышняга, які стварыў неба і зямлю,
23 што ні кавалка вяроўкі, ні раменьчыка сандаляў не вазьму ад цябе, каб не сказаў ты, што ўзбагаціў Абра́ма,
24 акрамя таго, што з’елі ваяры, і таго, што належыцца мужчынам, якія спадарожнічалі мне на Эсхола, на Анэ́ра і на Ма́мбра. Яны няхай возьмуць сваю частку”.
Каментары ці зноскі:
1 1: Сеннаа́р (гбр. שִׁנְעָר) — старажытная назва Месапатаміі.
1 2: Эла́м (гбр. עֵילָם) — краіна на ўсходзе ад Бабілоніі.
1 3: Гбр. גוים — азначае паганскія народы.
2 4: У арыгінальнай Бібліі ўжыта імя ўласнае בִּרְשַׁע (Бірша).
2 5: Адама́ — места ля Садома і Гаморы, было таксама знішчанае, цяпер на яго магчымым месцы знаходзіцца Мёртвае мора.
3 6: Салёнае мора — Мёртвае мора.
5 7: Гбр. קַרְנים עַשְׁתְּרֹת — старажытнае месцазнаходжанне гэтага места дагэтуль не вызначана з дакладнасцю, паводле падання, размяшчаўся паміж двума пагоркамі.
6 8: Горы на поўдні ад Мёртвага мора.
6 9: Тэрэ́бінт Фара́на (Эль Фара́н, гбр. מָּארָן אֵיל) — назва мясцовасці.
10 10: У гбр. Бібліі выкарыстана ўласная назва Сідды́м, гбр. ,שִדִים цясніна, на якой знаходзіліся Садом, Гамора, Адама́, Себаі́м і Сагор.
13 11: У гбр. Бібліі замест грэц. περάτης “прыхадзень” ужыта імя ўласнае — עִבְרִי (Гебрай).
14 12: Места, крайні пункт Палестыны на поўначы ад Галілейскага мора (шлях Абра́ма склаў каля 200 км).
17 13: Гбр. שָׁוֵה — роўнядзь ля Ерусалі́ма.
18 14: Гбр. שָׁלֵם — праўдападобна, што гэта старажытная назва Ерусалі́ма.
18 15: Адно з больш позніх імёнаў Я́гвэ.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 14 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016