1 Рахэ́ль бачыла, што не нараджае яна Яку́бу. І пазайздросціла Рахэ́ль сястры сваёй, і так сказала Яку́бу: “Дай мне дзяцей, калі ж не, то я памру”.
2 Зазлаваў Яку́б на Рахэ́ль і сказаў ёй: “Ці ж гэта я вінаваты, а не Бог, Які пазбавіў цябе плода ва ўлонні”.
3 Сказала ж Рахэ́ль Яку́бу: “Вось служанка мая Ба́ла, увайдзі да яе — і народзіць яна пры каленях маіх, і я нараджу ад яе1”.
4 І дала Ба́лу, служанку сваю, яму за жонку. Увайшоў да яе Яку́б.
5 І зацяжарала Ба́ла, служанка Рахэ́лі, і нарадзіла Яку́бу сына.
6 І сказала Рахэ́ль: “Прысудзіў мне Бог, і пачуў голас мой, і даў мне сына”. Таму назвала яго імем Дан.
7 І зацяжарала, і нарадзіла Ба́ла, служанка Рахэ́лі, другога сына Яку́бу.
8 І сказала Рахэ́ль: “Узняў мяне Бог. Змагалася я з сястрою і перамагла”. І назвала яго імем Няфта́лій.
9 Лі́я, бачачы, што перастала нараджаць, узяла Зе́лфу, служанку сваю, і дала яе Яку́бу за жонку.
10 Увайшоў да яе Яку́б, і зацяжарала Зе́лфа, служанка Лі́і, і нарадзіла Яку́бу сына.
11 І сказала Лі́я: “На шчасце”. Назвала яго імем Гад.
12 І зацяжарала Зе́лфа, служанка Лі́і, і нарадзіла яшчэ сына Яку́бу.
13 І сказала Лі́я: “Шчаслівая я, і стануць узносіць мяне жанчыны”. І назвала яго імем Асэ́р.
14 Пайшоў жа Рубэ́н у часе жніва пшаніцы, і знайшоў плады мандрагоры2 ў полі, і прынёс іх Лі́і, маці сваёй. Сказала ж Рахэ́ль Лі́і: “Дай мне мандрагораў сына твайго”.
15 Адказала Лі́я: “Табе недастаткова таго, што завалодала мужам маім, дык яшчэ хочаш забраць мандрагоры сына майго?” Запярэчыла ж Рахэ́ль: “Гэта не так. Узляж за мандрагоры сына твайго гэтай ноччу”.
16 Прыйшоў жа Яку́б з поля вечарам, і выйшла Лі́я яму насустрач, і сказала: “Увайдзі сёння да мяне, бо здабыла цябе за мандрагоры сына майго”. І ён узлёг з ёю той ночы.
17 І пачуў Бог Лі́ю, і, зацяжараўшы, нарадзіла Яку́бу пятага сына.
18 І сказала Лі́я: “Бог адплаціў мне за тое, што дала служанку сваю мужу свайму”. І назвала яго імем Ісаха́р, што значыць “узнагарода”.
19 І зноў зацяжарала Лі́я, і нарадзіла Яку́бу шостага сына.
20 І сказала Лі́я: “Адарыў мяне Бог дарункам гожым, дык цяпер абярэ мяне муж мой, бо нарадзіла яму шэсць сыноў”. І назвала яго імем Забулон.
21 І пасля гэтага нарадзіла дачку, якую назвала імем Дзі́на.
22 Узгадаў жа Бог Рахэ́ль, і пачуў яе Бог, і расчыніў яе ўлонне,
23 і, зацяжараўшы, нарадзіла Яку́бу сына. Сказала ж Рахэ́ль: “Схаваў Бог маю ганьбу”.
24 І назвала яго імем Язэп, кажучы: “Дадаў Бог мне сына другога”.
25 Надарылася ж, як нарадзіла Рахэ́ль Язэпа, сказаў Яку́б Ла́бану: “Адпусці мяне, каб сышоў у край мой і зямлю маю,
26 дай забраць жонак і дзяцей, за якіх служыў табе, дзеля таго, каб сысці. Аджа спазнаў ты стараннасць маю, з якой служыў табе”.
27 Адказаў яму Ла́бан: “Здабыў я тваю прыхільнасць, гэта заўважыў. Адылі ж дабрасловіў мяне Бог тваім прыйсцем,
28 аддзялі ўзнагароду табе, і дам”.
29 Сказаў жа яму Яку́б: “Ты ведаеш, як я служыў табе і як павялічылася скаціна твая праз мяне.
30 Не многа яе было ў цябе да мяне, а цяпер значна павялічылася. З прыйсцем маім дабрасловіў цябе Госпад. Ці ж не цяпер пара і мне самому паклапаціцца пра ўласны дом?”
31 І адказаў яму Ла́бан: “Што мне даць табе?” Сказаў яму Яку́б: “Нічога мне не давай, але калі пагодзішся на словы мае, то ізноўку буду пасвіць і сцерагчы авечак тваіх.
32 Няхай абыдуць сёння ўсіх тваіх авечак. І аддзялі цёмных авечак спасярод чарады ды кожную бялёсую і пярэстую спасярод козаў. Тое мне будзе ўзнагародай.
33 І паквітаецца за мяне справядлівасць мая ў дзень прышлы, калі ўзнагарода мая будзе перад табою. Тыя, што не будуць бялёсымі і пярэстымі спасярод козаў і цёмнымі спасярод чарады, — палічацца павыкраданымі мною ад цябе3”.
34 Сказаў жа яму Ла́бан: “Няхай будзе паводле слова твайго”.
35 І адлучыў яшчэ ў той дзень казлоў пярэстых і бялёсых, і ўсіх козаў пярэстых і бялёсых, усіх, што хоць малую бель мелі спасярод іншых, і ўсіх цёмных спасярод чарады, і аддаў пад варту сынам сваім.
36 І адышлі яны ад Яку́ба на адлегласць трох дзён дарогі. Яку́б жа пасвіў авечак Ла́бана, якія засталіся.
37 Узяў тады сабе Яку́б свежыя дубцы сты́ракса,4 міндаля́5 і плата́на,6 і паабдзіраў Яку́б з іх да белаты зялёныя паскі лыка, ажно з’явілася на дубцах стракатасць з беласцю.
38 І паклаў паабдзіраныя дубцы ў паілкі з вадою, каб авечкі падыходзілі піць да дубцоў. Калі ж прыходзілі папіць,
39 то спарваліся авечкі ля дубцоў, і нараджаліся авечкі бялёсыя, і стракатыя, і з папялістымі плямамі.
40 І адлучыў Яку́б ягнятаў, і паставіў перад авечкамі барана бялёсага і ўсіх ягнятаў стракатых. І раздзяліў па-свойму чароды, не змешваючы з авечкамі Ла́бана.
41 У той час, калі авечкі спарваліся і пакрываліся, Яку́б клаў дубцы перад авечкамі ў паілкі, каб апладняліся яны перад дубцамі.
42 Адымаліся ж без плямінаў Ла́бану, а з мецінамі Яку́бу.
43 І здабыў чалавек маёмасць, і была ў яго скаціна шматлікая, і валы, і слугі, і служанкі, і вярблюды, і аслы.

Каментары ці зноскі:

3 1: Гл. апісанне аналагічнай сітуацыі 16:2 са спасылкай.
14 2: Грэц. μανδραγόρας — род шматгадовых траў сямейства паслёнавых. У старажытнасці корань мандрагоры часцяком выкарыстоўваўся ў якасці моцнадзейнага галюцынагену. Тут гаворка ідзе не пра карані, а, хутчэй за ўсё, пра кветкі мандрагоры — у часе жніва пшаніцы пара іх цвіцення ўжо прайшла, і, знайшоўшы іх выпадкова, Рубэ́н прынёс іх маці як рэдкую знаходку, а Рахэ́ль таксама хацела атрымаць асалоду ад іх паху. Існуе павер’е, быццам мандрагоры дапамагаюць жанчыне зацяжараць.
33 3: Белая воўна лічылася больш каштоўнай за шэрую ці цёмную.
37 4: Грэц. στύραξ (прыметнік στυράκινος — “стыраксавы”, “таполевы”) — невялікае дрэва (да 8 метраў), від Styrax officinale расце на Блізкім Усходзе, яго пахкая жывіца, з водарам, што нагадвае ваніль, выкарыстоўваецца для вырабу ладану. Магчыма, гэтай назвай акрэслена ў вершы таполя.
37 5: Грэц. κᾰρύα (прыметнік καρύινος — “арэшнікавы”) — літ. “арэшнік”, але старажытнымі аўтарамі гэтая назва выкарыстоўвалася як агульная для ўсіх дрэваў з пладамі, пакрытымі цвёрдай шкарлупінай, міндалевых і нават каштанавых.
37 6: Грэц. πλάτᾰνος (іншая назва — “усходні клён”) — дрэва вышынёй да 50 м, дыяметр ствала да 5 м, жывуць больш за 2 тыс. гг. Найбольш пашыраны і культываваны від — платан усходні (Platanus orientalis). У нашых шыротах падобнае псеўдаплатанавае дрэва — явар, ці клён ілжэплатанавы, таксама ў розных дыялектах беларускай мовы яварам называюць шэраг іншых дрэваў, у тым ліку асіну, таполю, лістоўніцу.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 30 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016