1 І сталіся неба ды зямля і ўвесь іх парадак.1
2 І скончыў Бог на шосты дзень дзеі свае, якія стварыў, і спачыў на сёмы дзень ад усіх дзеяў сваіх, якія стварыў.
3 І дабрасловіў Бог дзень сёмы, і асвяціў яго, бо ў ім спачыў Ён ад усіх дзеяў сваіх, якімі кіраваў Бог, ствараючы.
4 Гэта кніга2 пачатку неба і зямлі: як створаныя яны, таго дня, калі стварыў Бог неба і зямлю,
5 і ўсялякую расліннасць палявую, перш чым з’явілася на зямлі, і ўсялякую траву палявую, перш чым узышла. І не аваложваў Бог зямлі, і не было чалавека, каб абрабляў бы яе.
6 Струмень жа выносіўся з зямлі і навільгочваў усю паверхню зямлі.
7 І зляпіў Бог чалавека з праху зямлі, і ўдыхнуў у аблічча яго подых жыцця.3 І стаў чалавек душою жывою.
8 І пасадзіў Госпад Бог рай у Эдэ́ме4 на ўсходзе,5 і паставіў туды чалавека, якога зляпіў.
9 І ўзгадаваў Бог яшчэ з зямлі дрэва ўсялякае, наўзрок прывабнае і для ежы прыдатнае, і Дрэва Жыцця пасярэдзіне раю, і Дрэва Ве́ды дабра і зла.
10 Рака ж выцякала з Эдэ́ма навільгочваць рай. Адтуль падзялялася на чатыры пратокі.
11 Назва адной Фісон, што абгінае ўсю зямлю Эвіла́цкую,6 там, дзе ёсць золата.
12 Золата ж той зямлі высакароднае. Таксама там ёсць антра́кс7 і зеленкаваты камень.8
13 А назва другой ракі Гэо́н.9 Яна абгінае ўсю зямлю Этыёпскую.
14 А трэцяя рака Тыгр. Цячэ яна ўздоўж Асі́рыі. Чацвёртая ж рака Эўфра́т.
15 І ўзяў Госпад Бог чалавека, якога зляпіў, і ўвёў яго ў рай абрабляць яго і даглядаць.10
16 І запавёў Госпад Бог Ада́му, кажучы: “З кожнага дрэва ў раі ежу з’ясі,
17 ад Дрэва Ве́ды дабра і зла не з’ясі. У той жа дзень, калі б з’ясцё ад яго, памрацё”.
18 І сказаў Госпад Бог: “Не добра чалавеку быць адному. Створым яму памочніка, годнага яго”.
19 І зляпіў Бог яшчэ з зямлі ўсялякіх жывых істотаў палявых і ўсялякіх птушак нябёсных. Прывёў іх потым да Ада́ма, каб убачыць, як паймянуе іх. І кожнай душы жывой, як назваў яе Ада́м, імя такое прыдалося.
20 І пайменаваў Ада́м усю свойскую жывёлу, і кожную птушку нябёсную, і кожную жывую істоту палявую, але не знайшлося Ада́му годнага памочніка сярод іх.
21 І наслаў Бог забыццё11 на Ада́ма, і ён заснуў, і ўзяў яго рабрыну адну, і замясціў яе целам.
22 І зрабіў Госпад Бог з рабра Ада́ма, што ўзяў ад Ада́ма, жанчыну, і прывёў яе да Ада́ма.
23 І сказаў Ада́м: “Гэта костка з касцей маіх і цела ад цела майго. Яна назавецца жанчынай,12 бо з мужа свайго была ўзятая”.
24 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці сваю, і прылепіцца да жонкі13 сваёй, і будуць абое адным целам.
25 І былі абое голыя, і Ада́м, і жонка яго, і не саромеліся.
Каментары ці зноскі:
1 1: Грэц. κόσμος — адно са значэнняў “сусвет”.
4 2: Грэц. βίβλος “кніга, сувой” у гэтым выпадку з’яўляецца метаніміяй са значэннем “апісанне, апавяданне”.
7 3: Указанне на выключны акт стварэння з несмяротнай душою падкрэслівае адначасова годнасць чалавечага цела як адлюстраванне Створцы.
8 4: Септуагінта выкарыстоўвае назву Эдэ́м, а не Эдэ́н (гбр. עֵדֶן.) Усе ўласныя і геаграфічныя назвы ў дадзеным перакладзе (а таксама некаторыя іх вытворныя) будуць падавацца з націскамі.
8 5: Усход тут пазначаны адносна пазнейшага месцазнаходжання Палестыны.
11 6: Грэц. Ευιλατ (Эвіла́т) перадаецца тут праз Genetivus qualitatis, гэтае правіла будзе стасавацца і да іншых падобных формаў у дадзеным перакладзе.
12 7: Духмяная жывіца, альбо антракс, — рэдкі каштоўны камень цёмна-чырвонага колеру.
12 8: Абагульненая назва бліскучых каштоўных камянёў: рубіны, смарагды, оніксы…
13 9: Мяркуецца, што гэта рака Ара́кс (грэц. Αράξης), якая ўпадае ў Каспі́йскае мора.
15 10: Да першароднага граху праца, акрэсленая як заданне “абрабляць яго і даглядаць”, складалася з элементаў радасці і шчасця, а не цяжару і праклёну.
21 11: Грэц. ἔκστασις азначае “згубіць свядомасць і пачуцці слыху, дотыку, смаку...”.
23 12: Септуагінта абмінае аднакаранёвыя словы “мужчына” — “жанчына” (у гбр. אִשָּׁ֔ה — אּישׁ), якія перадае пераклад Вульгаты (vir — virago), карыстаецца лексікай: γυνή і ἀνήρ.
24 13: Грэц. γυνή можа азначаць як жонку, так і жанчыну (гл. папярэдні верш).
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016