Быццё 2 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Так створаны неба і зямля і ўсё войска іх.
 
І сталіся неба ды зямля і ўвесь іх парадак.1

І закончыў Бог да сёмага дня ўсе дзеі Свае, якія Ён учыняў,
 
І скончыў Бог на шосты дзень дзеі свае, якія стварыў, і спачыў на сёмы дзень ад усіх дзеяў сваіх, якія стварыў.

і дабраславіў Бог сёмы дзень і асьвяціў яго; бо ў той дзень спачыў ад усіх дзеяў Сваіх, якія Бог тварыў і ствараў.
 
І дабрасловіў Бог дзень сёмы, і асвяціў яго, бо ў ім спачыў Ён ад усіх дзеяў сваіх, якімі кіраваў Бог, ствараючы.

Вось паходжаньне неба і зямлі, пры стварэньні іх, у той час, калі Гасподзь Бог стварыў зямлю і неба,
 
Гэта кніга2 пачатку неба і зямлі: як створаныя яны, таго дня, калі стварыў Бог неба і зямлю,

і ўсякі польны хмызьняк, якога яшчэ ня было на зямлі, і ўсякую польную траву, якая яшчэ не расла; бо Гасподзь Бог не пасылаў дажджу на зямлю, і ня было чалавека, каб урабляць зямлю;
 
і ўсялякую расліннасць палявую, перш чым з’явілася на зямлі, і ўсялякую траву палявую, перш чым узышла. І не аваложваў Бог зямлі, і не было чалавека, каб абрабляў бы яе.

але пара падымалася зь зямлі і расіла ўсё ўлоньне зямлі.
 
Струмень жа выносіўся з зямлі і навільгочваў усю паверхню зямлі.

І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога і ўдыхнуў у твар ягоны дыханьне жыцьця, і зрабіўся чалавек душою жывою.
 
І зляпіў Бог чалавека з праху зямлі, і ўдыхнуў у аблічча яго подых жыцця.3 І стаў чалавек душою жывою.

І пасадзіў Гасподзь Бог рай у Эдэме на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога стварыў.
 
І пасадзіў Госпад Бог рай у Эдэ́ме4 на ўсходзе,5 і паставіў туды чалавека, якога зляпіў.

І выгадаваў Гасподзь Бог зь зямлі кожнае дрэва прыемнае з выгляду і добрае ў ежу, і дрэва жыцьця пасярод раю, і дрэва спазнаньня дабра і зла.
 
І ўзгадаваў Бог яшчэ з зямлі дрэва ўсялякае, наўзрок прывабнае і для ежы прыдатнае, і Дрэва Жыцця пасярэдзіне раю, і Дрэва Ве́ды дабра і зла.

З Эдэма выплывала рака на арашэньне раю; і потым разьдзялялася на чатыры ракі.
 
Рака ж выцякала з Эдэ́ма навільгочваць рай. Адтуль падзялялася на чатыры пратокі.

Імя адной Фісон: яна абцякае ўсю зямлю Хавіла, тую, дзе золата;
 
Назва адной Фісон, што абгінае ўсю зямлю Эвіла́цкую,6 там, дзе ёсць золата.

і золата той зямлі добрае; там бдолах і камень анікс.
 
Золата ж той зямлі высакароднае. Таксама там ёсць антра́кс7 і зеленкаваты камень.8

Імя другой ракі Гіхон (Геон): яна абцякае ўсю зямлю Куш.
 
А назва другой ракі Гэо́н.9 Яна абгінае ўсю зямлю Этыёпскую.

Імя трэцяй ракі Хідэкель (Тыгр): яна працякае перад Асірыяй. Чацьвёртая рака Еўфрат.
 
А трэцяя рака Тыгр. Цячэ яна ўздоўж Асі́рыі. Чацвёртая ж рака Эўфра́т.

І ўзяў Гасподзь Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго.
 
І ўзяў Госпад Бог чалавека, якога зляпіў, і ўвёў яго ў рай абрабляць яго і даглядаць.10

І наказаў Гасподзь Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці;
 
І запавёў Госпад Бог Ада́му, кажучы: “З кожнага дрэва ў раі ежу з’ясі,

а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш.
 
ад Дрэва Ве́ды дабра і зла не з’ясі. У той жа дзень, калі б з’ясцё ад яго, памрацё”.

І сказаў Гасподзь Бог: нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму памочніка, адпаведнага яму.
 
І сказаў Госпад Бог: “Не добра чалавеку быць адному. Створым яму памочніка, годнага яго”.

Гасподзь Бог утварыў зь зямлі ўсіх жывёл польных і ўсіх птушак нябесных, і прывёў іх да чалавека, каб бачыць, як ён іх назаве, і каб, як назаве чалавек кожную душу жывую, так і было імя ёй.
 
І зляпіў Бог яшчэ з зямлі ўсялякіх жывых істотаў палявых і ўсялякіх птушак нябёсных. Прывёў іх потым да Ада́ма, каб убачыць, як паймянуе іх. І кожнай душы жывой, як назваў яе Ада́м, імя такое прыдалося.

І назваў чалавек імёны ўсяму быдлу і птушкам нябесным і ўсім зьвярам польным; але чалавеку не знайшлося памочніка, падобнага да яго.
 
І пайменаваў Ада́м усю свойскую жывёлу, і кожную птушку нябёсную, і кожную жывую істоту палявую, але не знайшлося Ада́му годнага памочніка сярод іх.

І навёў Гасподзь Бог на чалавека моцны сон; і, калі ён заснуў, узяў адну рабрыну ягоную, і закрыў тое месца плоцьцю.
 
І наслаў Бог забыццё11 на Ада́ма, і ён заснуў, і ўзяў яго рабрыну адну, і замясціў яе целам.

І стварыў Гасподзь Бог з рабрыны, узятай у чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека.
 
І зрабіў Госпад Бог з рабра Ада́ма, што ўзяў ад Ада́ма, жанчыну, і прывёў яе да Ада́ма.

І сказаў чалавек: вось, гэта костка ад касьцей маіх і плоць ад плоці маёй; яна будзе называцца жонкаю, бо ўзятая ад мужа свайго.
 
І сказаў Ада́м: “Гэта костка з касцей маіх і цела ад цела майго. Яна назавецца жанчынай,12 бо з мужа свайго была ўзятая”.

Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць адна плоць.
 
Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці сваю, і прылепіцца да жонкі13 сваёй, і будуць абое адным целам.

І былі абое голыя, Адам і жонка ягоная, і не саромеліся.
 
І былі абое голыя, і Ада́м, і жонка яго, і не саромеліся.