Быццё 33 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Зірнуў Якаў і ўбачыў, і вось, ідзе Ісаў і зь ім чатырыста чалавек. І падзяліў Якаў дзяцей Лііных, Рахіліных і дзьвюх служанак.
 
Зірнуўшы, Яку́б убачыў: і вось, падыходзіць Эса́ў, брат яго, і чатырыста мужоў з ім. І аддзяліў Яку́б дзяцей Лі́і, і Рахэ́лі, і дзвюх прыслужніцаў,

І паставіў служанак і дзяцей іхніх наперадзе, Лію і дзяцей яе за імі, а Рахіль і Язэпа апошнімі.
 
і паставіў дзвюх прыслужніцаў і сыноў іх наперадзе, Лі́ю і дзяцей яе ззаду, а Рахэ́ль і Язэ́па апошнімі.

А сам пайшоў перад імі і пакланіўся да зямлі сем разоў, падыходзячы да брата свайго.
 
Ён жа пайшоў наперадзе іх, і пакланіўся да зямлі сем разоў, калі наблізіўся да брата свайго.

І пабег Ісаў яму напярэймы і абняў яго, і ўпаў на шыю яму і цалаваў яго, і плакалі.
 
І пабег Эса́ў насустрач яму, і, абняўшы яго, пацалаваў, і кінуўся на шыю яго, і плакалі абодва.

І зірнуў Ісаў і ўбачыў жонак і дзяцей і сказаў: хто гэта ў цябе? Якаў сказаў: дзеці, якіх Бог даў рабу твайму.
 
І, зірнуўшы, убачыў [Эса́ў] жонак і дзяцей, і спытаўся: “Хто яны табе?” [Яку́б] жа адказаў: “Дзеці, праз якіх злітаваўся Бог над слугой тваім”.

І падышлі служанкі і дзеці іхнія і пакланіліся;
 
І наблізіліся служанкі і дзеці іх, і пакланіліся,

падышла і Лія і дзеці яе і пакланіліся; нарэшце падышлі Язэп і Рахіль і пакланіліся.
 
і наблізілася Лі́я і дзеці яе, і пакланіліся, і пасля ўсіх наблізілася Рахэ́ль і Язэп, і пакланіліся.

І сказаў Ісаў: навошта ў цябе гэта мноства, якое я спаткаў? І сказаў Якаў: каб здабыць упадабаньне ў вачах гаспадара майго.
 
І спытаўся [Эса́ў]: “Дзеля чаго табе ўсе караваны гэтыя, што сустрэў?” [Яку́б] жа адказаў: “Каб спазнаў слуга твой ласку тваю, гаспадару”.

Ісаў сказаў: у мяне многа, браце мой; хай будзе тваё ў цябе.
 
Сказаў жа Эса́ў: “Браце, я маю многае, няхай тваё застанецца табе”.

Якаў сказаў: не, калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, прымі дарунак мой з рукі маёй; бо я ўгледзеў аблічча тваё, як бы хто ўбачыў аблічча Божае, і ты быў прыхільны да мяне;
 
Прамовіў жа Яку́б: “Калі я спазнаў ласку тваю, прымі прынашэнні з рук маіх, бо калі я ўбачыў твар твой — нібы твар Бога пабачыў, дык будзеш спрыяць мне.

прымі дабраславеньне маё, якое я прынёс табе, бо Бог даў мне, і ёсьць у мяне ўсё. І ўпрасіў яго. І той узяў
 
Прымі дабраслоўленні мае, што прынёс табе, бо злітаваўся нада мною Бог і стае мне ўсяго”. І прымушаў яго, і [Эса́ў] прыняў,

і сказаў: падымемся і пойдзем; і я пайду перад табою.
 
і сказаў: “Выправадзімся і пойдзем наўпрост”.

Якаў сказаў яму: гаспадар мой ведае, што дзеці пяшчотлівыя, а дробнае і буйное быдла ў мяне дойнае: калі гнаць яго цэлы дзень, дык памрэ ўсё быдла;
 
Адказаў жа яму [Яку́б]: “Гаспадар мой ведае, што дзеці здарожаныя, а авечкі і каровы нараджаюць пры мне, калі ж паганю іх праз цэлы дзень, то згіне ўся свойская жывёла.

хай гаспадар мой пойдзе паперадзе раба свайго, а я пайду павольна, як пойдзе быдла, якое перад мною, і як пойдуць дзеці, і прыйду да гаспадара майго ў Сэір.
 
Няхай пойдзе наперад гаспадар мой перад слугою, я ж падмацуюся шляхам, ідучы крокам дзіцяці, ажно наганю гаспадара майго ў Сэі́ры”.

Ісаў сказаў: пакіну я з табою людзей, якія пры мне. Якаў сказаў: навошта гэта? толькі б здабыць мне ўпадабаньне ў вачах гаспадара майго!
 
Сказаў тады Эса́ў: “Пакіну колькі людзей, што са мною”. Адказаў жа: “Навошта? Дастаткова, што я спазнаў ласку тваю, гаспадару”.

І вярнуўся Ісаў таго ж самага дня дарогаю сваёю ў Сэір.
 
Выправіўся ж Эса́ў таго дня ў дарогу сваю ў Сэі́р.

І Якаў рушыў у Сакот, і пабудаваў сабе дом, і быдлу свайму парабіў кашары. Ад гэтага даў ён імя месцу: Сакот.
 
І Яку́б выправадзіўся ў Намёты, і зладзіў сабе там жытлы і стойлы для жыўнасці сваёй. Праз тое назваў мясціну тую Намёты.1

Якаў, вярнуўшыся зь Месапатамі, шчасьліва прыйшоў у горад Сіхем, які ў зямлі Ханаанскай, і разьмясьціўся перад горадам.
 
І прыйшоў Яку́б у Салэ́м, места Сікі́мскае,2 што ў зямлі Ханаа́н, вяртаючыся з Месапата́міі сіры́йскай, і спыніўся ў бачнасці места.

І купіў дзялянку поля, на якім паставіў намёт свой, у сыноў Эмора, бацькі Сіхемавага, за сто манет.
 
І прыдбаў частку поля, куды паставіў намёт свой, ад Эмо́ра, бацькі Сіхе́ма, за сто ягнятаў.

І паставіў там ахвярнік; і заклікаў імя Госпада, Бога Ізраілевага.
 
І збудаваў там ахвярнік, і заклікаў Бога Ізраэ́ля.