1 Калі сядзеў ён ля ўваходу намёта свайго апалудні, што ля дуба Ма́мбры, з’явіўся яму Бог.
2 Узняў ён вочы свае і ўбачыў: вось, тры мужы1 стаяць перад ім. Убачыўшы, пабег ім насустрач ад уваходу намёта свайго, схіліўся да зямлі
3 і сказаў: “Госпадзе, калі ж я спазнаў ласку Тваю, не абміні слугу Твайго.
4 Няхай прынясуць вады і абмыюць вам ногі, а пасля спачніце ў прахалодзе пад дрэвам.
5 Прынясу хлеб, з’ясцё, і пасля гэтага пойдзеце ў шлях ваш, якога дзеля слугі вашага адхіліліся”. І яны згадзіліся: “Рабі, як сказаў”.
6 І паспяшаўся Абрага́м у намёт да Са́рры, і сказаў ёй: “Завіхайся, і замясі тры мерывы2 мукі, і зрабі хлябы”.
7 Потым пабег Абрага́м да кароў, выбраў далікатнае і маладое цяля, даў слугам і прыспешваў прыгатаваць яго.
8 І ўзяў масла, і малако, і тое цяля, якое загадаў прыгатаваць, і прапанаваў прышлым, і спажывалі, а ён стаяў ля іх пад дрэвам.
9 Спытаў жа [госць]: “Дзе Са́рра, жонка твая?” Адказаў: “Тут у намёце”.
10 Сказаў яму: “Вяртаючыся, завітаю да цябе ў той самы час і гадзіну, і будзе сын у Са́рры, жонкі тваёй”. Са́рра ж пачула, бо стаяла пры ўваходзе ззаду намёта.
11 Абрага́м жа і Са́рра састарэлі, мінулі дні аб’яваў жаночых у Са́рры.
12 Рассмяялася Са́рра, кажучы сама сабе: “Дагэтуль не было ў мяне, а гаспадар мой дык яшчэ больш стары”.
13 І сказаў Госпад да Абрага́ма: “Чаму рассмяялася Са́рра, сама сабе кажучы, — няўжо сапраўды нараджу я? Састарэла я.
14 Няўжо амягне слова Божае? У такі самы час і гадзіну вярнуся да цябе, і ў Са́рры будзе сын”.
15 Запярэчыла Са́рра: “Не смяялася я”. Бо апанаваў яе страх. І сказаў: “Не, усё ж ты смяялася”.
16 Падняўшыся з таго месца, мужы накіраваліся ў бок Садома і Гаморы. Абрага́м жа ішоў разам з імі, суправаджаючы іх.
17 І сказаў Госпад: “Ці ж утою Я ад Абрага́ма, слугі Майго, што маю зрабіць?
18 Абрага́му наканавана стацца народам вялікім і шматлюдным, і дабрасловяцца ў ім усе народы зямныя.
19 Ведаю, што перадасць запавет сынам сваім і дому свайму пасля сябе, і зберагуць шляхі Госпада, каб чыніць справядлівасць і суд, каб здзейсніў Госпад праз Абрага́ма ўсё, што абяцаў яму”.
20 І сказаў Госпад: “Лямантаванні з Садома і Гаморы павялічыліся, і грахі іх надта вялікія.
21 Спусціўшыся, пагляджу, ці паводле ляманту іх, што даходзіць да Мяне, там усё дзеецца, ці не, хачу гэта ведаць”.
22 І, адышоўшы адтуль, мужы пайшлі ў Садом, Абрага́м жа яшчэ стаяў перад абліччам Госпада.13
23 Наблізіўшыся, Абрага́м сказаў: “Няўжо будзе знішчаны справядлівы разам з бязбожнікам? Ці стане праведнік як блюзнер?
24 Калі знойдзецца ў месце пяцьдзясят справядлівых, няўжо загубіш іх? Няўжо не абмінеш усяго паселішча дзеля пяцідзесяці праведнікаў, калі толькі знойдуцца ў ім?
25 Няўжо Ты нічога не зробіш, заб’еш справядлівага як бязбожнага, і будзе праведнік роўны блюзнеру. Ані! Нізавошта. Ты, што судзіш зямлю, адмовішся ад суду?”
26 Адказаў Госпад: “Калі толькі выяўлю ў Садоме пяцьдзясят праведнікаў, абміну ўсё паселішча дзеля іх”.
27 І адказаў Абрага́м: “Хацеў бы яшчэ звярнуцца да Госпада, хоць я — зямля і попел.
28 Калі ж зменшыцца пяцьдзясят праведнікаў на пяць, ці знішчыш праз пяцёх усё места?” І адказаў: “Не знішчу, калі толькі знайду там сорак пяць”.
29 І дадаў, гаворачы да Яго: “А калі ж знойдуцца там сорак?” Адказаў: “Не знішчу дзеля сарака”.
30 І сказаў: “Што, Госпадзе, калі скажу? Калі ж знойдуцца там трыццаць?” І адказаў: “Не знішчу, калі толькі знайду там трыццацёх”.
31 І зноў спытаўся: “Раз ужо гавару я да Госпада, калі ж знойдуцца там дваццаць?” І адказаў: “Не знішчу дзеля дваццаці”.
32 І працягнуў пытацца: “Што, Госпадзе, калі яшчэ раз прамоўлю? А калі знойдуцца там дзесяць?” І адказаў: “Не знішчу дзеля дзесяці”.
33 І адышоў Госпад, як скончыў гаварыць з Абрага́мам, і Абрага́м вярнуўся ў паселішча сваё.

Каментары ці зноскі:

2 1: Богаз’яўленне, як бачым з гэтага сюжэту, здзяйсняецца ў постаці чалавека, гэта найважнейшы момант і значэнне эпізоду. Існуюць дзве версіі тлумачэнняў гэтага біблійнага фрагменту: тры мужы — прадвеснікі аб’яўлення Найсвяцейшай Тройцы ў Новым Запавеце, але таксама існуе думка, што Бог тут з’явіўся ў адной асобе, а дзве іншыя — анёлы.
6 2: Грэц. μέτρον мае агульнае значэнне адносна розных мерываў, у арыгінальнай Бібліі гбр. — סְאָה мера ёмістасці, роўная 7,7 літра. Магчыма, тут маецца на ўвазе неабходная колькасць мукі, якой хапіла б для трох мужчын.
22 3: Паводле наступных падзеяў (гл. 19:1) становіцца зразумелым, што ў Садом прыйшлі два мужы з трох, якіх прымаў Абрага́м.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016