1 Калі было Абра́му дзевяноста дзевяць гадоў, з’явіўся Госпад Абра́му і сказаў яму: “Я — твой Бог. Імкніся дагаджаць Мне і будзь беззавадны,
2 а Я ўсталюю запавет паміж Мною і паміж табою, і вельмі памножу1 цябе!”
3 І ўпаў Абра́м на твар свой, а Бог скіраваў да яго такія словы:
4 “Гэта — Я, вось запавет Мой з табою: будзеш бацькам мноства народаў.
5 І не будзеш больш называцца Абра́м, але будзе імя тваё Абрага́м,1 бо Я прадвызначыў цябе бацькам мноства народаў.
6 І вельмі, вельмі памножу цябе, і спараджу ад цябе народы, і валадары выйдуць ад цябе.
7 І ўсталюю мой запавет паміж Мною і паміж табою, і паміж нашчадкамі тваімі пасля цябе праз наступныя іх пакаленні, запавет вечны, што буду тваім Богам і нашчадкаў тваіх пасля цябе.
8 І дам табе і нашчадкам тваім пасля цябе гэтую зямлю, каб засяліў яе: усю зямлю Ханаа́на на валоданне вечнае. Буду яе Богам”.
9 І прамовіў Бог да Абрага́ма: “Ты ж Мой запавет будзеш захоўваць, ты і нашчадкі твае пасля цябе праз наступныя іх пакаленні.
10 Вось запавет, які будзеш захоўваць паміж Мною і табою, і нашчадкамі тваімі пасля цябе праз наступныя іх пакаленні: кожны з вас, мужчынскага роду, будзе абрэзаным.
11 Абразайце скрайнюю скуравінку цела вашага, і будзе тое на адзнаку запавету паміж Мною і табою.3
12 Кожнае васьмідзённае дзіця з твайго роду мужчынскага полу абразайце, народжанага ў тваім доме і набытага за плату ад усякага чужаземца, што не з твайго племя.
13 Абавязкова абрэжацца народжаны ў доме тваім і набыты за плату. Запавет Мой, з пазнакаю на вашым целе, будзе вечным.
14 І неабрэзаны мужчына, які не абрэжа крайнюю скуравінку цела свайго ў восьмы дзень, — адрынутым павінен быць з роду свайго, бо парушыў ён Мой запавет”.
15 І сказаў Бог Абрага́му: “Са́ра, жонка твая, не будзе называцца імем сваім Са́ра, але Са́рра1 будзе імя яе.
16 Буду яе дабрасловіць і дам табе ад яе немаўля. І дабраслоўлю яго, і пойдуць ад яго народы, і валадары народаў выйдуць з яго”.
17 І ўпаў Абрага́м тварам долу, усцешыўся, але ў думках сваіх разважыў і сказаў: “Няўжо стагадоваму народзіцца, няўжо дзевяностагадовая Са́рра зацяжарыць?”
18 Сказаў жа Абрага́м да Бога: “Ісмаэ́ль, няхай хоць ён цешыцца ў сваім жыцці Тваёй прысутнасцю”.
19 Сказаў Бог Абрага́му: “Сапраўды, аднак Са́рра, жонка твая, народзіць табе сына, дасі імя яму Ісаа́к, і ўсталюю запавет Мой з ім як вечны запавет, а таксама з яго нашчадкамі пасля яго.
20 Што да Ісмаэ́ля, то пачуў цябе. Таму дабрасловіў яго, і памножыцца ён вельмі, дванаццаць плямёнаў народзіць, і ўчыню яго вялікім народам.
21 Але запавет мой усталюю з Ісаа́кам, якога народзіць Са́рра налета ў гэтую ж часіну”.
22 На гэтым скончыў з ім размову. Пасля ўзнёсся Бог ад Абрага́ма.
23 І ўзяў Абрага́м Ісмаэ́ля, сына свайго, і ўсіх дамоўнікаў сваіх, і ўсіх набытых за плату, і ўсім мужчынам з дому Абрага́ма абрэзаў скрайнюю скуравінку таго самага дня, так, як сказаў яму Бог.
24 Абрага́м жа быў дзевяноста дзевяці гадоў, калі абрэзаў скрайнюю скуравінку цела свайго.
25 Ісмаэ́ль жа, сын яго, быў трынаццаці гадоў, калі абрэзаў скрайнюю скуравінку цела свайго.
26 На працягу таго самага дня абрэзаліся Абрага́м і Ісмаэ́ль, сын яго.
27 І кожнага мужчыну з дому свайго, і кожнага набытага за плату ад іншапляменных народаў абрэзаў.

Каментары ці зноскі:

2 1: Маецца на ўвазе: будзеш мець вялікае мноства нашчадкаў.
5 2: Гбр. אַבְרָם і אַבְרָהָם маюць агульную словаўтваральную аснову (складаецца з зычных, але з розніцай у вакалізацыі), гэты верш засяроджваецца на сэнсавым выясненні значэння новага імя Абрага́м як бацькі шматлікіх народаў.
11 3: Сэнс абразання — толькі знешняя адзнака запавету з Богам, а сутнасць запавету — вера ў Бога, якой вылучаўся Абрага́м.
15 4: Гбр. שָרַי і שָׂרָה маюць адно значэнне “князёўна”, аднак рэдактар Септуагінты прыпісвае гэтае значэнне толькі да новага імя Са́рры.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016