1 І было, калі людзі сталі павялічвацца на зямлі, то ў іх нараджаліся дочкі.
2 Убачылі ж Божыя сыны1 дачок людскіх, што яны прыгожыя, і ўзялі сабе за жонак, каго абралі.
3 І прамовіў Госпад Бог: “Дух мой не будзе знаходзіцца ў гэтых людзях давеку, бо яны цялесныя. Няхай жа будуць іхнія дні сто дваццаць гадоў”.
4 Былі ж у той час на зямлі велікалюды,2 і пасля таго, як уваходзілі Божыя сыны да дачок людскіх і нараджалі яны, нашчадкі таксама былі велікалюды, ад веку слаўныя людзі.
5 Убачыў жа Госпад Бог, што павялічыліся верадаванні людзей на зямлі і ўсе неадступна разважаюць у сэрцы сваім кожнага дня пра ліхое,
6 пашкадаваў Бог, што стварыў чалавека на зямлі, і зрокся.
7 І сказаў Бог: “Сатру з аблічча зямлі чалавека, якога стварыў: ад чалавека да свойскай жывёлы і ад гадаў да птушак нябёсных, бо зазлаваў, што іх стварыў”.
8 Ной жа спазнаў ласку перад абліччам3 Госпада Бога.
9 Гэта ж радавод Ноя: Ной, чалавек справядлівы, будучы бездакорны ў сваім родзе, дагадзіў Ной Богу.
10 Нарадзіў жа Ной трох сыноў: Сэ́ма, Ха́ма і Яфе́та.
11 Згіднілася ж зямля перад Божым абліччам і напоўнілася брыдотай.
12 Зірнуў Госпад Бог на зямлю — была сапсаваная, бо ўсялякае цялеснае стварэнне разбэшчвала сваю пуцявіну4 на зямлі.
13 І прамовіў Бог да Ноя: “Настаў час кожнага з людзей перад абліччам Маім, бо напоўнілася зямля гідотай праз іх, і вось, Я знішчу іх і зямлю.
14 Дык зрабі сабе кораб з чатырохвугольнага бярвення. Зрабі кораб5 з гнёздамі. Паабсмольвай яго знутры і звонку смалою.
15 Такіх памераў зробіш кораб: трыста локцяў даўжыня кораба, і пяцьдзясят локцяў шырыня, і трыццаць локцяў яго вышыня.6
16 Зробіш кораб і завершыш яго, звужаючы да локця ўверсе. Дзверы кораба зробіш збоку. Сподні, другі і трэці паверх зробіш у ім.
17 Вось жа Я насылаю патоп на зямлю, каб знішчыць кожнае цялеснае стварэнне пад небам, у якім ёсць жывы дух. І ўсё, што-кольвечы ёсць на зямлі, памрэ.
18 І ўсталюю Мой запавет з табою.7 Увойдзеш у кораб ты, і сыны твае, і жонка твая, і жонкі тваіх сыноў разам з табою.
19 І з усялякай свойскай жывёлы, і з усіх гадаў, і з усіх звяроў, і ад усіх жывых істотаў двое: дваіх ад усіх прывядзеш у кораб, каб выжывіліся разам з табою самім — жаночага і мужчынскага роду.
20 З усіх птушак крылатых паводле роду, і з усёй свойскай жывёлы паводле роду, і з усялякіх гадаў, што поўзаюць па зямлі, паводле іх роду двое: двое ад усіх увойдуць да цябе, каб выкарміліся разам з табою, самцоў і самак.
21 Здабудзь сабе ўсялякай ежы, і складзі да сябе, і будзе табе і ўсім емінай”.
22 І зрабіў Ной усё, што запавёў яму Госпад Бог, менавіта так і зрабіў.

Каментары ці зноскі:

2 1: У гбр. інтэрпрэтацыі Божыя сыны — анёлы, бесцялесныя істоты. Гэтымі анёламі маглі таксама быць істоты, якія адвярнуліся ад Бога. Сучасная інтэрпрэтацыя ўважае за Божых сыноў нашчадкаў Сэ́та, а за дачок людскіх нашчадкаў Ка́іна.
4 2: Неаднаразова ў Бібліі з’яўляецца ўзгадка пра велікалюдаў, але гэта не былі велікалюды ў разуменні грэцкай міфалогіі (гіганты), а людзі, якія адрозніваліся больш высокім ростам.
8 3: Літ. “насупраць, перад абліччам” — устойлівы выраз (семітызм), які перадаецца ў Септуагінце, захоўваецца ў дадзеным перакладзе.
12 4: “Пуцявіна, шлях, дарога” — метафара этычных і рэлігійных учынкаў чалавека.
14 5: Грэц. κιβωτός (гбр. תֵּבָה) — “кораб, скрыня, куфар, каўчэг”.
15 6: Меры даўжыні, вышыні і шырыні розніліся ў розных народаў і змяняліся праз стагоддзі. Гебрайскі локаць складаў 0,443 метра, а бабілонскі 0,5 метра.
18 7: Адзін з самых першых запаветаў паміж Богам і людзьмі (не лічачы запавету з Ада́мам і Э́вай).

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016