1 І сказаў Госпад Абра́му: “Выйдзі з зямлі тваёй, і ад радні тваёй, з дому бацькі твайго да зямлі, якую табе пакажу.
2 Спараджу ад цябе вялікі народ, і буду дабрасловіць цябе, і ўзвялічу імя тваё, і будзеш дабраслоўлены.
3 І дабраслоўлю тых, хто дабрасловіць цябе, і тых, хто праклінае цябе, пракляну, і дабрасловяцца праз цябе ўсе плямёны зямныя”.
4 І пайшоў Абра́м так, як сказаў яму Госпад, і выправіўся разам з ім Лот. Абра́м жа быў сямідзесяці пяці гадоў, калі выйшаў з Хара́на.
5 І ўзяў Абра́м Са́ру, жонку сваю, і Лота, сына брата свайго, і ўвесь іх набытак, які толькі прыдбалі, і кожную душу, што прыдбалі ў Хара́не, і выправіліся ў зямлю Ханаа́н, і сягнулі зямлі Ханаа́нскай.
6 І прайшоў Абра́м зямлю ўсцяж яе да паселішча Сіхе́м,1 да высокага дуба. Ханане́і тады засялялі гэтую зямлю.
7 І з’явіўся Госпад Абра́му, і сказаў яму: “Семю твайму дам гэтую зямлю”. І збудаваў там Абра́м ахвярнік Госпаду, які з’явіўся яму.
8 І адышоў адтуль да гары на ўсходзе Бетэ́ля,2 і паставіў там свой намёт, у Бетэ́лі з боку мора3 і Анга́я на ўсходзе. І збудаваў там ахвярнік Госпаду, і заклікаў там імя Госпада.
9 І выправадзіўся Абрам, і пайшоў, атабарыўся ў пустэльні.
10 Калі настаў голад на гэтай зямлі, сышоў Абра́м у Егі́пет, пажыць там, бо ўзмацняўся голад на гэтай зямлі.
11 Надарылася ж, калі наблізіўся Абра́м, перш чым увайсці ў Егі́пет, сказаў Абра́м Са́ры, жонцы сваёй: “Ведаю, што жанчына ты вельмі прыгожая.
12 Дык будзе, як толькі ўбачаць цябе егіпця́не, скажуць тады: гэта яго жонка, і заб’юць мяне, цябе ж зберагуць для сябе.
13 Дык скажы, што ты мая сястра, каб толькі добра мне было праз цябе і засталася жывою душа мая для цябе”.
14 Надарылася ж, калі ўвайшоў Абра́м у Егі́пет, убачылі егіпцяне жанчыну, што яна вельмі прыгожая.
15 І згледзелі яе саноўнікі фараона, і ўсхвалілі яе перад фараонам, і прывялі яе ў дом фараона.
16 І Абра́му добра было пры ёй, і былі ў яго авечкі, і цяляты, і аслы, слугі і прыслужніцы, мулы і вярблюды.
17 Але Бог выпрабоўваў фараона і двор яго празмернымі і ліхімі навалокамі праз Са́ру, жонку Абра́ма.
18 Фараон, паклікаўшы Абра́ма, сказаў: “Навошта гэтак абышоўся са мной? Чаму не папярэдзіў мяне, што гэта жонка твая?
19 Навошта сказаў, што гэта твая сястра? Праз гэта ўзяў я яе сабе за жонку. І цяпер вось жонка твая перад тваім абліччам, вазьмі і сыдзі”.
20 І наказаў фараон слугам сваім, каб выправадзіць Абра́ма і жонку яго, і ўсё, што толькі было ў яго, і Лота разам з ім.
Каментары ці зноскі:
6 1: Ханане́йскае места, знаходзілася за 50 км на поўнач ад Ерусалі́ма.
8 2: Места за 17 км на поўнач ад Ерусалі́ма.
8 3: Гэта значыць ад захаду.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 12 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016