Быццё 40 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І было просьле гэтых прыгодаў: ізграшылі чашнік караля Ягіпецкага і тый пякар перад спадаром сваім, перад каралём Ягіпецкім.
І надарылася пасля падзеяў гэтых: завінаваціліся найвышэйшы падчашнік і галоўны пекар перад гаспадаром сваім, царом Егі́пта.
І загневаўся Фараон на двух легчанцоў сваіх — на князя чашнікаў а на князя пекароў;
І разгневаўся фараон на двух еўнухаў сваіх, на найвышэйшага падчашніка і на галоўнага пекара,
І аддаў іх да дому нагляду начэльніка старожы, у вязьніцу, месца, ідзе Язэп быў там вязьням.
і ўкінуў іх у вязніцу да цямнічніка, у месца тое, куды быў адведзены Язэ́п.
І прызначыў начэльнік старожы Язэпа да іх, і ён служыў ім. І былі яны шмат дзён пад старожаю.
І паставіў галоўны цямнічнік1 да іх Язэ́па, каб быў ля іх, і былі яны праз дзень пад гэтай вартай.
І сьнілі яны абодва, кажны свой сон, аднае ночы, кажны подле зьясьненьня сну ягонага, чашнік а пякар, каторы ў караля ягіпецкага, каторыя былі вязьні ў доме вязьнічным.
І ўбачылі абодва сон, кожны асобны сон, у адну ноч кожны ўбачыў свой сон, найвышэйшы падчашнік і галоўны пекар цара Егі́пта, якія былі ў вязніцы.
І прышоў да іх Язэп нараніцы, абачыў іх, і во, яны смутныя.
Увайшоў жа да іх Язэ́п на дасвецці і ўбачыў іх, і былі збянтэжанымі.
І папытаўся ён у легчанцоў фараонавых, што былі пад старожаю зь ім у доме спадара ягонага, кажучы: «Чаму ў вас сядні благія віды?»
І спытаўся еўнухаў фараона, якія былі з ім пад вартай гаспадара яго, кажучы: “Чаму твары вашыя панылыя сёння?”
І сказалі яны яму: «Сонмы сьнілі, а зьясьніць няма каму». І сказаў ім Язэп: «Ці ня ў Бога зьясьненьне? паведайце імне».
Яны ж адказалі яму: “Сны ўбачылі мы, але не ведаем тлумачэння іх”. Сказаў жа ім Язэ́п: “Ці ж не праз Бога будзе іх тлумачэнне?2 Апавядзіце мне”.
І паведаў князь чашнікаў сон свой Язэпу, і сказаў яму: «У маім сьне, і вось, вінное сьцябло перад імною.
І апавядаў найвышэйшы падчашнік свой сон Язэ́пу, і казаў: “У сне маім была вінаградная лаза перад абліччам маім,
І на сьцябле тры галузы. Яно быццам разьвівалася, расквіло яно, насьпелі гранкі ягадаў.
а на вінаграднай лазе тры сцябліны, і яны збыткавалі завязаннем парасткаў, даспеленых гронкаў вінаграду.
І чара фараонава ў руццэ ў мяне. Я ўзяў ягадаў, выціснуў іх у чару фараонаву, і падаў чару ў руку Фараону».
І келіх фараона ў руцэ маёй. І ўзяў я вінаградную гронку, і выціснуў яе ў келіх, і падаў келіх у рукі фараону”.
І сказаў яму Язэп: «Во, зьясьненьне яго: тры галузы тры дні яны.
І сказаў яму Язэ́п: “Такое тлумачэнне яго: тры сцябліны — гэта тры дні.
За тры дні падыйме Фараон галаву тваю, і зьверне цябе на месца твае, і ты падасі Фараону ў руку ягоную, як зараджана ўперад, як ты быў чашнікам ягоным.
Яшчэ тры дні — і ўзгадае фараон кіраванне тваё, і адновіць цябе на найвышэйшым падчашніцтве тваім, і падасі келіх фараону ў руку яго паводле кіравання твайго папярэдняга, калі быў чашнікам,
І калі б ты ўспомнеў мяне, як будзеш мецца добра; і зрабі ж імне ласку, учыні менку празь мяне Фараону, і вывядзі мяне з гэтага дому;
але ўзгадай мяне з-за сябе самога, калі добра табе станецца, і зробіш дзеля мяне міласць, калі прыгадаеш пра мяне фараону, і выведзеш мяне з крэпасці гэтай,
Бо я крадзьма ўкрадзены ізь зямлі Гэбрэяў, дый таксама тут нічога не зрабіў, за што б пасадзіць мяне ў вязьніцу».
бо падступна выкрадзены быў з зямлі гебра́яў, і тут не зрабіў нічога, але ўкінулі мяне ў капаніцу гэтую”.
І пабачыў князь пекароў, што добра зьясьніў, і сказаў Язэпу: «Я таксама сьніў, і во, тры сутнікі плеценыя на галаве ў мяне.
І ўбачыў галоўны пекар, што праўдзіва ён растлумачыў, і сказаў Язэ́пу: “І я пабачыў сон, і мне ўяўляліся тры кошыкі хлябоў, пастаўленыя мне на галаву.
І ў сутніку верхнім із усялякае ежы Фараонавае ўменьня пякарскага; і птуства ела іх із сутніка на галаве маёй».
У верхнім жа кошыку ўсялякіх гатункаў вырабы пекарскія, якія ўладны фараон спажывае, ды птушкі нябёсныя дзяўблі гэта з верхняга кошыка на галаве маёй”.
І адказаў Язэп, і сказаў: «Во зьясьненьне яго: тры сутнікі — гэта тры дні;
Адказваючы ж, Язэ́п паведаміў яму: “Такое тлумачэнне яго: тры кошыкі — гэта тры дні.
І за тры дні падыйме Фараон галаву зь цябе, і засіле цябе на дзерве; і паесьць птуства цела твае зь цябе».
Праз тры дні пазбавіць цябе фараон галавы тваёй, і павесіць цябе на дрэве, і будуць дзяўбці цела тваё птушкі нябёсныя”.
І было на трэйці дзень, дзень нараджэньня Фараона: і справіў ён чэсьць усім слугам сваім, і падняў галаву князя чашнікаў і галаву князя пекароў, сярод слугаў сваіх;
Надарылася ж на трэці дзень, быў дзень народзінаў фараона, і ладзіў ён застолле для ўсіх слугаў сваіх. І ўзгадаў кіраванне найвышэйшага падчашніка і кіраванне галоўнага пекара спасярод слугаў сваіх.
І зьвярнуў князя чашнікаў на ягонае месца чашніка, і ён падаў чару ў руку Фараону.
І аднавіў найвышэйшага падчашніка ў кіраванні яго, і падаў той келіх у руку фараону.
А князя пекароў засіліў, як зьясьніў ім Язэп.
Галоўнага ж пекара павесіў, як патлумачыў ім Язэ́п.
І ня ўспомнеў князь чашнікаў Язэпа, забыўся яго.
Ды не ўзгадаў найвышэйшы падчашнік Язэ́па, бо забыўся на яго.