Быццё 6 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І сталася, як людзі пачалі мнажыцца на зямлі, і дачкі радзіліся ў іх;
І было, калі людзі сталі павялічвацца на зямлі, то ў іх нараджаліся дочкі.
І пабачылі сынове Божыя дачкі людзкія, што яны харошыя, і ўзялі іх сабе за жонкі, з усіх, каторыя яны абралі.
Убачылі ж Божыя сыны1 дачок людскіх, што яны прыгожыя, і ўзялі сабе за жонак, каго абралі.
І сказаў СПАДАР: «Ня будзе Дух Мой трываць у людзіне вечна ў ваблудах ейных; бо яна цела; і будуць дні ейныя сто дваццаць год».
І прамовіў Госпад Бог: “Дух мой не будзе знаходзіцца ў гэтых людзях давеку, бо яны цялесныя. Няхай жа будуць іхнія дні сто дваццаць гадоў”.
Нефілімы былі на зямлі тых дзён, і таксама просьле тога, як сынове Божыя ўходзілі да дачок людзкіх, і яны ім радзілі. Гэта дужасілы, спрадвеку галасьлівыя людзі.
Былі ж у той час на зямлі велікалюды,2 і пасля таго, як уваходзілі Божыя сыны да дачок людскіх і нараджалі яны, нашчадкі таксама былі велікалюды, ад веку слаўныя людзі.
І пабачыў Бог, што множасьць ліха людзкога на зямлі, што ўсякага стварэньня думаньні сэрца ягонага адно празь ліха ўвесь дзень.
Убачыў жа Госпад Бог, што павялічыліся верадаванні людзей на зямлі і ўсе неадступна разважаюць у сэрцы сваім кожнага дня пра ліхое,
І жалеў СПАДАР, што ўчыніў людзіну на зямлі, і смуціўся ў сэрцу Сваім.
пашкадаваў Бог, што стварыў чалавека на зямлі, і зрокся.
І сказаў СПАДАР: «Выцераблю людзіну, каторую Я стварыў, зь віду зямлі, ад чалавека аж да статку, аж да паўзуна і аж да птушкі нябёснае; бо жалею, што Я іх учыніў».
І сказаў Бог: “Сатру з аблічча зямлі чалавека, якога стварыў: ад чалавека да свойскай жывёлы і ад гадаў да птушак нябёсных, бо зазлаваў, што іх стварыў”.
А Ной прыдбаў ласку ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
Ной жа спазнаў ласку перад абліччам3 Госпада Бога.
Вось род Ноеў: Ной быў чалавек справядлівы, беззаганны быў у сваіх пакаленьнях; з Богам хадзіў Ной.
Гэта ж радавод Ноя: Ной, чалавек справядлівы, будучы бездакорны ў сваім родзе, дагадзіў Ной Богу.
Ной нарадзіў трох сыноў: Сэма, Хама а Яфэта.
Нарадзіў жа Ной трох сыноў: Сэ́ма, Ха́ма і Яфе́та.
Але зямля папсавалася перад Богам; і напоўнілася зямля ліхадзействам.
Згіднілася ж зямля перад Божым абліччам і напоўнілася брыдотай.
І бачыў Бог зямлю; і во, яна папсаваная, бо ўсякае цела папсавала дарогу сваю на зямлі.
Зірнуў Госпад Бог на зямлю — была сапсаваная, бо ўсялякае цялеснае стварэнне разбэшчвала сваю пуцявіну4 на зямлі.
І сказаў Бог Ною: «Канец усякага цела прыходзе перад Імною; бо зямля напоўнілася ад іх ліхадзействамі; і вось, Я збураю іх ізь зямлі.
І прамовіў Бог да Ноя: “Настаў час кожнага з людзей перад абліччам Маім, бо напоўнілася зямля гідотай праз іх, і вось, Я знішчу іх і зямлю.
Зрабі сабе караб ізь дзерва ґофер, прадзелы зрабі ў караблю, і асмалі яго смалою ўнутры й знадворку.
Дык зрабі сабе кораб з чатырохвугольнага бярвення. Зрабі кораб5 з гнёздамі. Паабсмольвай яго знутры і звонку смалою.
І гэтак зрабі яго: трыста локцяў даўжыня карабля, пяцьдзясят локцяў шырыня яго, а вышыня яго трыццаць локцяў.
Такіх памераў зробіш кораб: трыста локцяў даўжыня кораба, і пяцьдзясят локцяў шырыня, і трыццаць локцяў яго вышыня.6
Адтуліну зрабі ў караблю, і ў локаць сконч яе ўгары, і дзьверы карабля зрабі з боку яго; сподняе, другое й трэйцяе пятры зрабі ў ім.
Зробіш кораб і завершыш яго, звужаючы да локця ўверсе. Дзверы кораба зробіш збоку. Сподні, другі і трэці паверх зробіш у ім.
І вось, Я навяду патопу водную на зямлю, выгубіць усялякае цела, у каторым ё дух жыцьця, пад нябёсамі; усе, што ё на зямлі, сканае.
Вось жа Я насылаю патоп на зямлю, каб знішчыць кожнае цялеснае стварэнне пад небам, у якім ёсць жывы дух. І ўсё, што-кольвечы ёсць на зямлі, памрэ.
І ўстанаўлю змову Сваю з табою, і ўвыйдзеш у караб ты, і сыны твае, і жонка твая, і жонкі сыноў тваіх з табою.
І ўсталюю Мой запавет з табою.7 Увойдзеш у кораб ты, і сыны твае, і жонка твая, і жонкі тваіх сыноў разам з табою.
А з усяе жывёлы ўсякага цела па двое з кажнае ўвядзеш у караб, каб іх жывых захаваць ізь сабою: самец і саміца будуць.
І з усялякай свойскай жывёлы, і з усіх гадаў, і з усіх звяроў, і ад усіх жывых істотаў двое: дваіх ад усіх прывядзеш у кораб, каб выжывіліся разам з табою самім — жаночага і мужчынскага роду.
З птушкі подле роду ейнага, і з статку подле роду ягонага, і з усіх паўзуноў зямлі подле роду іхнага, з усіх па пары ўвыйдуць да цябе, каб засталіся жывыя.
З усіх птушак крылатых паводле роду, і з усёй свойскай жывёлы паводле роду, і з усялякіх гадаў, што поўзаюць па зямлі, паводле іх роду двое: двое ад усіх увойдуць да цябе, каб выкарміліся разам з табою, самцоў і самак.
Ты ж вазьмі сабе з усялякае еміны, якою жывяцца, і зьбяры да сябе, і будзе яна табе й ім ежаю».
Здабудзь сабе ўсялякай ежы, і складзі да сябе, і будзе табе і ўсім емінай”.
І зрабіў Ной; подле ўсёга, як расказаў Бог яму, так ён і зрабіў.
І зрабіў Ной усё, што запавёў яму Госпад Бог, менавіта так і зрабіў.