Быццё 24 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І Абрагам быў ужо стары, і прышоў у гады. І СПАДАР дабраславіў Абрагама ў вусім.
 
І быў Абрага́м стары, многіх гадоў, і Госпад дабрасловіў Абрага́му ва ўсім.

І сказаў Абрагам слузе свайму, старшаму ў доме сваім, каторы радзіў усе, што ў яго было: «Палажы руку сваю пад сьцягно мае,
 
І сказаў Абрага́м старэйшаму слугу свайму, распарадніку дома свайго, усяго ягонага: “Пакладзі руку пад сцягно маё,1

І я прывяду цябе да прысягі СПАДАРОМ Богам нябёсаў і Богам зямлі, што ты нявозьмеш жонкі сыну майму з дачок Канаанавых, сярод каторых я жыву;
 
і заклікаю цябе Госпадам Богам неба і Богам зямлі, каб не ўзяў жонкі сыну майму Ісаа́ку з дачок ханане́йскіх, сярод якіх я пасяліўся,

Але да зямлі мае і да роднага краю майго пойдзеш і возьмеш жонку сыну майму Ісаку».
 
але ў зямлю маю, дзе нарадзіўся, і ў племя маё пойдзеш, і возьмеш жонку сыну майму Ісаа́ку адтуль”.

І сказаў яму слуга: «Можа ня будзе зычыць тая жонка йсьці з імною да гэтае зямлі, ці напэўна маю я зьвярнуць сына твайго да зямлі, з каторае ты вышаў?»
 
Адказаў яму слуга: “Калі ж не пажадае жанчына пайсці ўслед за мною ў зямлю гэтую, ці ж вярнуць сына твайго туды, адкуль ты выйшаў?”

І сказаў яму Абрагам: «Сьцеражыся, каб не зьвярнуць сына майго туды.
 
Сказаў жа да яго Абрага́м: “Пільнуйся, не вяртай сына майго туды.

СПАДАР Бог нябёсаў, Каторы ўзяў мяне з дому айца майго і ізь зямлі нараджэньня майго, і Каторы гукаў імне, і Каторы прысягнуў імне, кажучы: "Насеньню твайму дам гэтую зямлю" — Ён пашлець Ангіла Свайго перад табою, і ты возьмеш жонку сыну майму стуль.
 
Госпад Бог неба і Бог зямлі, які ўзяў мяне з дому бацькі майго і з зямлі, дзе нарадзіўся, які гаварыў мне і кляўся мне, кажучы: табе дам зямлю гэтую і семю твайму, пашле анёла свайго перад табою, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму Ісаа́ку.

А калі ня будзе хацець тая жонка йсьці з табою, ты будзеш нявінны ад гэтае прысягі мае; толькі сына майго не зварачай туды».
 
Калі ж не захоча жанчына пайсці з табою ў зямлю гэтую, вольны будзеш ад абяцання гэтага, толькі сына майго не вяртай туды”.

І палажыў слуга руку сваю пад сьцягно Абрагамавае, спадара свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе.
 
І паклаў слуга руку сваю пад сцягно Абрага́ма, гаспадара свайго, і прысягнуў яму аб слове гэтым.

І ўзяў тый слуга дзесяць вярблюдоў спадара свайго, і пайшоў. І ўсялякае дабро спадара ягонага ў руццэ ягонай. Ён устаў і пайшоў да Арам Нагараіму, да места Нагоравага.
 
І ўзяў слуга дзесяць вярблюдзіцаў з вярблюдаў гаспадара свайго, і з усіх дабротаў гаспадара свайго з сабою, і, устаўшы, пайшоў у Месапата́мію, у места Нахор.2

І прынучыў вярблюды ўклякнуць вонках места, ля студні вады, увечары, таго часу, як выходзяць сіляць.
 
І прыпыніў вярблюдзіцаў блізу места ля калодзежа вады позна вечарам, у той час, калі прыходзяць начэрпаць вады.

І сказаў: «СПАДАРУ, Божа спадара майго Абрагама! учыні ж, каб сталася імне сядні, і зрабі ласку спадару майму Абрагаму.
 
І сказаў: “Госпадзе Божа гаспадара майго Абрага́ма, ашчасліў мяне сёння і зрабі ласку гаспадару майму Абрага́му.

Во, я стаю ля жарала вады, і дачкі людзёў места выходзяць сіляць ваду;
 
Вось я стаў ля крыніцы вады, а дочкі жыхароў места выходзяць начэрпаць вады,

І будзе, што тая дзеўка, каторай я скажу: "Нахіні, калі ласка, жбан свой, я нап’юся" і каторая скажа: "Пі, я й вярблюды твае напаю", вось тая, каторую Ты прызначыў слузе Свайму Ісаку; і па гэтым пазнаю я, што Ты робіш ласку спадару майму».
 
і будзе: калі маладзіца, якой я скажу: нахілі пасудзіну тваю, каб я напіўся, — скажа мне: пі, і вярблюдзіцаў тваіх напаю, пакуль не натоляцца, — гэтую прыгатаваў слугу свайму Ісаа́ку, і праз гэта даведаюся, што зрабіў міласэрнасць гаспадару майму Абрага́му”.

І было, перш чымся скончыў ён гукаць, і вось, Рэвека, каторая нарадзілася Вафуелю, сыну Мілчынаму, жонкі Нагоравае, брата Абрагамавага, і жбан ейны на плячу ў яе.
 
І было: перш чым завяршыў ён прамаўляць у думках, вось, Рэбе́ка выходзіць, народжаная Батуэ́лем, сынам Ме́лхі, жонкі Нахора, брата Абрага́ма, трымаючы пасудзіну на плячах яе.

Дзеўка вельмі пазорная ў дзявоцтве, і мужчына не пазнаў яе. Яна зышла да жарала, напоўніла жбан і паднялася.
 
Маладзіца ж была вельмі прывабная наўзрок, нявінніца, што была мужам не спазнаная. Сышоўшы да крыніцы, напоўніла пасудзіну і паднялася.

І пабег слуга наўпярэймы ёй, і сказаў: «Дай імне глынуць, калі ласка, крыху вады із жбана свайго».
 
Скіраваўся ж слуга ёй насустрач і сказаў: “Напаі мяне кропляй вады з пасудзіны тваёй”.

І сказала: «Пі, спадару мой». І пабарзьдзіла, і спусьціла жбан на руку сваю, і дала яму напіцца.
 
Сказала ж: “Пі, гаспадару”, — і завіхалася апусціць пасудзіну з пляча свайго, і паіла яго,

І яна скончыла даваць яму піць, і сказала: «Таксама вярблюдом тваім я буду сіляць, пакуль не нап’юцца».
 
пакуль не наталіўся. І сказала: “І вярблюдзіцам тваім начэрпаю, столькі, пакуль усе не нап’юцца”.

І барзьдзіла, і выпаражніла жбан свой у карыта, і пабегла ізноў да студні засіліць, і насіляла ўсім вярблюдом ягоным.
 
І завіхалася выпаражніць пасудзіну ў паілку, і зноў пабегла да калодзежа зачарпнуць вады, і дала піць усім вярблюдзіцам.

Чалавек тый, зумеўшыся зь яе, маўчаў, каб ведаць, ці пашчасьціў СПАДАР дарогу ягоную, ці не.
 
Чалавек жа аглядаў яе моўчкі, спазнаючы, ці ж ашчаслівіў Госпад дарогу яго, ці не.

І было, як вярблюды напіліся, і ўзяў чалавек тый уносьніцу залатую паў сыкля вагою і два бружлеты на рукі ейныя, дзесяць сыкляў золата вага іх;
 
Было ж, калі вярблюдзіцы наталіліся, узяў чалавек завушніцы залатыя вагою з драхму3 і два бранзалеты на рукі вагою з дзесяць залатых.4

І сказаў: «Чыя ты дачка? скажы імне, калі ласка, ці ё ў доме тваім месца нам начаваць?»
 
І запытаўся ў яе, і казаў: “Чыя ты дачка? Скажы мне, ці ёсць у бацькі твайго месца застацца нам на адпачынак?”

Яна сказала яму: «Я дачка Вафуелева, сына Мілчынага, каторага яна нарадзіла Нагору».
 
І адказала яму: “Дачка Батуэ́ля я, сына Ме́лхі, якога нарадзіла Нахору”.

І сказала яму: «І саломы, і пошару шмат у нас, таксама месца начаваць».
 
І сказала яму: “І саломы, і ежы шмат у нас, і месца спыніцца”.

І сьхінуўся чалавек тый, і пакланіўся СПАДАРУ,
 
І задаволены, чалавек пакланіўся Госпаду,

І сказаў: «Дабраславёны СПАДАР, Бог спадара майго Абрагама, Каторы не ўдзяржаў ласкі Свае і праўды Свае ад спадара майго! Я ў дарозе, і вёў мяне СПАДАР да дамовы брата спадара майго».
 
і сказаў: “Дабраслоўлены Госпад Бог гаспадара майго Абрага́ма, які не абдзяліў справядлівасцю сваёю і праўдай гаспадара майго, мяне ашчаслівіў Госпад у доме брата гаспадара майго”.

І пабегла дзеўка, і расказала ў дому маці свае подле стацьця гэтага.
 
І пабегла маладзіца ў дом маці сваёй па слове гэтым.

І ў Рэвекі брат, і ягонае імя Лаван. І пабег Лаван вонкі да тога чалавека да тога жарала.
 
У Рэбе́кі ж быў брат, імя якога Ла́бан, і пабег Ла́бан да чалавека знадворку ля крыніцы.

І было, як ён абачыў уносьніцу а бружлеты на руках у сястры свае, і пачуў словы Рэвечыны, сястры свае, каторая сказала: «Гэтак гутарыў з імною гэны чалавек»; дык ён прышоў да чалавека, і во ён стаіць пры вярблюдох ля жарала.
 
І сталася, калі ўбачыў завушніцы і бранзалеты на руках сястры сваёй і калі пачуў словы Рэбе́кі, сястры сваёй, якая казала: так гаварыў мне чалавек, — то прыйшоў да чалавека, які стаяў з вярблюдамі ля крыніцы,

І сказаў: «Увыйдзі дабраславёны СПАДАРОМ; чаму ты стаіш вонках? Я пачысьціў дом і месца вярблюдом».
 
і сказаў яму: “Увайдзі сюды, дабраслоўлены Госпадам! Чаму стаіш знадворку? Я ж падрыхтаваў дом і месца вярблюдам”.

І ўвыйшоў чалавек у дом. І расьсядлаў вярблюды, і даў саломы а пошару вярблюдом, і вады ўмыць ногі ягоныя і ногі людзём, каторыя зь ім.
 
Увайшоў жа чалавек у дом, і раскрыў5 яму вярблюдаў, і даў саломы і ежы вярблюдам, і ваду абмыць ногі яму і ногі мужам, што з ім.

І станавілі перад ім есьці; а ён сказаў: «Ня буду есьці, пакуль не скажу словы свае». І сказаў: «Кажы!»
 
І паднёс хлеб з’есці. І той сказаў: не з’ем, пакуль не скажу слова майго. І мовілі: “Кажы”.

Ён сказаў: «Слуга Абрагамоў я.
 
І апавядаў: “Слуга Абрага́ма я.

І СПАДАР дабраславіў спадара майго вельмі, і ён стаў вялікі. Ён даў яму драбнога й буйнога статку, і срэбра а золата, і слугі а нявольніцы, і вярблюды а аслы.
 
Госпад жа дабрасловіў гаспадара майго шчодра, і ўзвысіўся, і даў яму авечак і цялятаў, срэбра і золата, слугаў і прыслужніцаў, вярблюдаў і аслоў.

І нарадзіла Сорра, жонка спадара майго, сына спадару майму просьле яе застарэласьці, і аддаў яму ўсе, што ў яго.
 
І нарадзіла Са́рра, жонка гаспадара майго, аднаго сына гаспадару майму, як састарэла яна, і ён аддаў яму ўсё, што было ў яго.

І ўзяў зь мяне прысягу спадар мой, сказаўшы: "Не бяры жонкі сыну майму з дачок Канаанавых, у каторых зямлі я жыву;
 
І запавёў мне гаспадар мой, кажучы: не бяры жонкі сыну майму з дачок ханане́йскіх, сярод якіх я жыву ў зямлі іх,

Але да дому айца майго пайдзі і да радні мае, і возьмеш жонку сыну майму.
 
але ў дом бацькі майго пойдзеш хутчэй, і ў племя маё, і возьмеш жонку сыну майму адтуль.

І сказаў я спадару свайму: "Можа ня пойдзе жонка з імной".
 
Сказаў жа гаспадару майму: калі не пойдзе жанчына са мною?

І сказаў імне: "СПАДАР, што я хадзіў перад відам Ягоным, пашлець Ангіла Свайго з табою і ўчыне дасьпешнай дарогу тваю, і возьмеш жонку сыну майму з радні мае а з дому айца майго.
 
І сказаў мне: Госпад, якому дагаджаў перад абліччам Яго, Ён пашле анёла свайго перад табою, і ашчаслівіцца дарога твая, і возьмеш жонку сыну майму з племені майго і з дому бацькі майго.

Тады будзеш ты нявінны ад прысягі мае, як сходзіш да радні мае, і калі яны не дадуць табе, ты будзеш нявінны ад праклёнаў!"
 
Тады нявінным станешся ад запавяданага мной, калі прыйдзеш у племя маё і не дадуць табе, то станешся вольным ад запавяданага мной.

І прышоў я сядні да тога жарала, і сказаў: "СПАДАРУ, Божа спадара майго Абрагама! калі ж ё воля Твая, пашчасьці дарогу маю, каторай я хаджу!
 
І, прыйшоўшы сёння да крыніцы, сказаў: Госпадзе Божа гаспадара майго Абрага́ма, калі Ты ашчасліўліваеш шлях мой, якім цяпер кіруюся,

Дык во, я стаю ля жарала вады, і будзе: тая дзявушчая, каторая выйдзе сіляць, і я скажу ёй: ’Дай імне, калі ласка, выпіць крыху вады із жбана свайго’,
 
вось я стану ля крыніцы вады, дочкі жыхароў места выходзяць начэрпаць вады, і будзе — маладзіца, якой я скажу: напаі мяне кропляй вады з пасудзіны тваёй,

І яна скажа імне: ’Таксама ты пі, і таксама вярблюдом я насіляю’ вось яна тая жонка, каторую прызначыў СПАДАР сыну спадара майго".
 
— скажа мне: пі, і вярблюдзіцаў тваіх напаю, пакуль не натоляцца, — гэта жонка, якую падрыхтаваў Госпад слугу свайму Ісаа́ку, і праз гэта спазнаю, што зрабіў міласэрнасць гаспадару майму Абрага́му.

Перш чымся скончыў я гукаць у сэрцу сваім, і во, Рэвека вышла, і жбан ейны на плячу ў яе, і зышла да жарала, і засіліла; і я сказаў ёй: "Дай імне, калі ласка, напіцца!"
 
І было: перш чым завяршыў я прамаўляць у думках, адразу Рэбе́ка выйшла, трымаючы пасудзіну на плячах сваіх, сышла да крыніцы і зачарпнула. Сказаў жа ёй: напаі мяне.

І пабарзьдзіла, і спусьціла жбан із сябе, і сказала: "Пі, і таксама вярблюды твае я напаю", І я піў, і вярблюды яна напаіла.
 
І завіхаючыся, апусціла пасудзіну з сябе і сказала: напіся ты, і вярблюдзіцаў тваіх напаю. І напіўся, і вярблюдзіцаў напаіла.

Я папытаўся ў яе і сказаў: "Чыя ты дачка?" Яна сказала: "Дачка Вафуелева, сына Нагоравага, каторага нарадзіла яму Мілка". І надзеў я ёй уносьніцу ў нос ейны, і бружлеты на рукі ейныя.
 
І спытаўся яе, і сказаў: чыя ты дачка? Гаварыла ж: дачка Батуэ́ля, сына Нахора, якога нарадзіла Ме́лха. І надзеў завушніцы ёй і бранзалеты на рукі яе.

І сьхінуўся, і пакланіўся СПАДАРУ, і дабраславіў СПАДАРА, Бога спадара майго Абрагама, Каторы прывёў мяне дарогаю праўды, узяць дачку брата спадара майго сыну ягонаму.
 
І ашчаслівіўшыся, пакланіўся Госпаду, і дабрасловіў Госпада, Бога гаспадара майго Абрага́ма, які ашчаслівіў мяне на шляху праведным, -узяць дачку брата гаспадара майго сыну яго.

І калі вы маніцеся ўчыніць ласку а праўду спадару майму, скажыце імне, і калі не, скажыце імне, і я павярну направа альбо налева».
 
Дык ці зробіце вы міласэрнасць і справядлівасць гаспадару майму, апавясціце мне, калі ж не, апавясціце мне, каб павярнуўся управа ці ўлева”.

І адказалі Лаван а Вафуель, і сказалі: «Ад СПАДАРА вышла гэта справа, мы ня можам казаць табе ані ліхога, ані добрага.
 
Адказалі жа Ла́бан і Батуэ́ль, кажучы: “Ад Госпада выйшаў наказ гэты, дык не можам табе пярэчыць, благое ці добрае.

Во, Рэвека перад табою, вазьмі й пайдзі; і няхай будзе яна жонкаю сыну спадара твайго, як казаў СПАДАР».
 
Вось Рэбе́ка перад табою, узяўшы, зыходзь, і няхай будзе жонкаю сыну гаспадара твайго, як сказаў Госпад”.

І было: як пачуў слуга Абрагамаў словы іхныя, то пакланіўся да зямлі СПАДАРУ.
 
Было ж, калі пачуў слуга Абрага́ма словы гэтыя, пакланіўся да зямлі Госпаду.

І выняў слуга рэчы срэбныя а рэчы залатыя а адзежу, і даў Рэвеццы; і багатыя дары даў брату ейнаму і маці ейнай.
 
І паднёс слуга вырабы срэбныя і залатыя, і шаты даў Рэбе́цы, і прынашэнні даў брату яе і маці яе.

І елі, і пілі, ён а людзі, што зь ім, і пераначавалі. І ўсталі нараніцы, і ён сказаў: «Адпусьціце мяне да спадара майго».
 
І з’елі, і выпілі яны, і мужы, што з ім былі, і ночылі. Устаўшы на досвітку, сказаў: выпраўце мяне, каб пайшоў да гаспадара майго.

І сказаў брат ейны а маці ейная: «Няхай пабудзе з намі дзеўка дзён колькі або дзесяць, потым выправішся».
 
Сказалі ж браты яе і маці: “Застанецца маладзіца з намі каля дзесяці дзён і пасля гэтага адыдзе”.

Ён сказаў ім: «Не пазьніце мяне, бо СПАДАР учыніў дасьпешнай дарогу маю; адпусьціце мяне, і я выпраўлюся да спадара свайго».
 
Сказаў жа да іх: “Не стрымлівайце мяне, і Госпад ашчаслівіць шлях мой, выпраўце мяне, каб адышоў да гаспадара майго”.

І яны сказалі: «Гукнем дзеўку і папытаемся ў яе».
 
Сказалі ж: “Паклічам дзяўчыну і спытаемся з вуснаў яе”.

І гукнулі Рэвеку, і сказалі ёй: «Ці пойдзеш із гэтым чалавекам?» Яна сказала: «Пайду!»
 
І паклікалі Рэбе́ку, і спыталіся ў яе: “Пойдзеш з чалавекам гэтым?”, — адказала: “Пайду”.

І адпусьцілі Рэвеку, сястру сваю, і няньку ейную, і слугу Абрагамавага, і людзёў ягоных.
 
І выправілі Рэбе́ку, сястру сваю, і набыткі яе, і слугу Абрага́ма, і хто быў з ім.

І дабраславілі Рэвеку, і сказалі ёй: «Сястра наша, ты станься тысяча тысячаў, і няхай спадуць патомству твайму брамы варагоў тваіх!»
 
І дабрасловілі Рэбе́ку, сястру іхнюю, і сказалі ёй: “Ты сястра нашая, няхай народзяцца ад цябе тысячы, дзясяткі тысячаў, і ўспадкуюць нашчадкі твае месты ворагаў”.

І ўстала Рэвека а дзеўкі ейныя, і, усьсеўшы на вярблюды, выправіліся за тым чалавекам. І ўзяў слуга Рэвеку, і пайшоў.
 
Сабраўшыся ж, Рэбе́ка і прыслужніцы яе селі на вярблюдзіцаў і накіраваліся за чалавекам, і слуга, што забраў Рэбе́ку, пайшоў.

А Ісак прышоў стуль, скуль ідуць ад Бэер-Лахай-Роі; і ён жыў у зямлі паўднявой.
 
Ісаа́к жа вандраваў пустэльняю ў ваколіцах калодзежа З’яўлення,6 ён жа пасяліўся ў паўднёва-заходняй зямлі.

І вышаў Ісак падумаць на поле пад вечар, і ўзьняў вочы свае, і абачыў, і во, вярблюды прыходзяць.
 
І выйшаў Ісаа́к паразважаць на поле пад вечар, і глянуўшы вачыма, убачыў вярблюдзіцаў, якія набліжаліся.

І ўзьняла Рэвека вочы свае, і абачыла Ісака, і ісьсела зь вярблюда.
 
І, узняўшы вочы, Рэбе́ка ўбачыла Ісаа́ка, і саскочыла з вярблюдзіцы,

І сказала слузе: «Хто гэты чалавек тый, што йдзець па полю наўпярэймы нам?» І сказаў слуга: «Гэта спадар мой». І яна ўзяла запінашку і запнулася.
 
і сказала слугу: “Хто гэты чалавек, які ідзе па полі нам насустрач?” Адказаў слуга: “Гэта гаспадар мой”. Узяўшы ж покрыва, захінулася.

І расказаў слуга Ісаку ўсе, што ён зрабіў.
 
І апавёў слуга Ісаа́ку ўсё словамі, што зрабіў.

І ўвёў яе Ісак у будан Соррын, маці свае; і ўзяў Рэвеку, і яна стала яму жонкаю, і ён пакахаў яе; і пацешыўся Ісак па маці сваёй.
 
Увайшоў жа Ісаа́к у дом маці сваёй, і ўзяў Рэбе́ку, і сталася яна жонкаю, і пакахаў яе, і суцешыўся Ісаа́к па Са́рры, маці сваёй.