1 І сталася пасьля падзеяў гэтых, і сказалі Язэпу: «Вось, бацька твой хворы». І ён узяў двух сыноў сваіх з сабою, Манасу і Эфраіма.
2 І паведамілі Якубу, і сказалі: «Вось, сын твой Язэп прыйшоў да цябе». І сабраў сілы Ізраіль, і сеў на ложку.
3 І сказаў Якуб Язэпу: «Бог Усемагутны зьявіўся мне ў Люзе, у зямлі Ханаан, і дабраславіў мяне,
4 і сказаў мне: “Вось, Я зраблю цябе плодным, і памножу цябе, і дам табе [быць] супольнасьцю народаў, і дам зямлю гэтую насеньню твайму пасьля цябе на ўласнасьць вечную”.
5 І цяпер два сыны твае, што нарадзіліся табе ў зямлі Эгіпецкай, да прыходу майго да цябе ў Эгіпет, яны — мае; Эфраім і Манаса, як Рубэн і Сымон, будуць мае.
6 А нашчадкі твае, якіх ты нарадзіў пасьля іх, будуць твае. Паводле імёнаў братоў сваіх будуць яны называцца ў спадчыне сваёй.
7 А ў мяне, калі я прыйшоў з Падану, памерла ў мяне Рахель у зямлі Ханаан, у дарозе, калі яшчэ заставаўся кавалак зямлі, каб дайсьці да Эфраты, і я пахаваў яе там, пры дарозе ў Эфрату, гэта значыць у Бэтлеем».
8 І ўбачыў Ізраіль сыноў Язэпа, і сказаў: «Хто яны?»
9 І сказаў Язэп бацьку свайму: «Яны — сыны мае, якіх Бог даў мне тут». І сказаў [Якуб]: «Вазьмі, прашу, іх да мяне, і я дабраслаўлю іх».
10 А вочы Ізраіля сталі цяжкія ад старасьці, ня мог ён бачыць. І наблізіў іх да яго, і ён пацалаваў іх, і абняў іх.
11 І сказаў Ізраіль Язэпу: «Я не спадзяваўся ўбачыць аблічча тваё, і вось, Бог даў мне ўбачыць насеньне тваё».
12 І адвёў іх Язэп ад каленяў ягоных, і пакланіўся яму абліччам сваім да зямлі.
13 І ўзяў Язэп іх абодвух, Эфраіма правіцай сваёю, леваруч Ізраіля, а Манасу — лявіцай сваёю, праваруч Ізраіля, і наблізіўся да яго.
14 І выцягнуў Ізраіль правіцу сваю, і палажыў на галаву Эфраіма, а ён быў малодшы, а лявіцу сваю — на галаву Манасы, і скрыжаваў рукі свае, бо Манаса быў першародны.
15 І дабраславіў Язэпа, і сказаў: «Бог, перад абліччам Якога хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ісаак, Бог, Які пасьвіў мяне ад [моманту], як я існую, аж да гэтага дня,
16 анёл, што выбаўляе мяне ад усякага ліха, няхай дабраславіць юнакоў гэтых; і няхай яны будуць названыя імем маім і імем бацькоў маіх, Абрагама і Ісаака, і няхай разрастуцца яны ў мноства сярод зямлі».
17 І ўбачыў Язэп, што бацька ягоны палажыў правую руку сваю на галаву Эфраіма, і было гэта ліхім у вачах ягоных. І падхапіў ён руку бацькі свайго, каб пералажыць яе з галавы Эфраіма на галаву Манасы.
18 І сказаў Язэп бацьку свайму: «Ня гэтак, ойча мой, бо гэта першародны. Палажы правіцу тваю на галаву ягоную».
19 І запярэчыў бацька ягоны, і сказаў: «Ведаю, сыне мой, ведаю, таксама ён будзе народам, і таксама ён будзе вялікі, але брат ягоны малодшы будзе большы за яго, і насеньне ягонае будзе поўняю народаў».
20 І дабраславіў іх у той дзень, кажучы: «Табою будзе дабраслаўляць Ізраіль, кажучы: “Няхай зробіць табе Бог, як Эфраіму і Манасе”». І паставіў Эфраіма перад Манасам.
21 І сказаў Ізраіль Язэпу: «Вось, я паміраю. І Бог будзе з вамі, і верне вас у зямлю бацькоў вашых.
22 І я даў табе на адну частку больш за братоў тваіх, тую, якую я ўзяў з рукі Амарэя мячом маім і лукам маім».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Быцьцё, 48 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023