Быццё 27 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Калі Ісаак састарыўся, і прытупіўся зрок вачэй ягоных, ён паклікаў старэйшага сына свайго Ісава і сказаў яму: сыне мой! Той сказаў яму: вось я.
І сталася, што Ісаак састарэў, і зацемрыліся вочы ягоныя, так што ня мог бачыць, і паклікаў ён Эзава, сына свайго старэйшага, і сказаў яму: «Сыне мой». І той сказаў яму: «Вось я».
Сказаў: вось, я састарыўся; ня ведаю дня сьмерці маёй;
І ён сказаў: «Вось, я састарэў, ня ведаю дня сьмерці маёй.
вазьмі цяпер прылады твае, калчан твой і лук твой, выйдзі ў поле і ўпалюй мне дзічыны,
І цяпер вазьмі прылады твае, сагайдак твой і лук твой, і пайдзі ў поле, і ўпалюй мне дзічыны,
і згатуй мне страву, якую я люблю, і прынясі мне есьці, каб дабраславіла цябе душа мая, перш чым я памру.
і зрабі мне прысмакі, якія я люблю, і прынясі мне, і я паем, каб дабраславіла цябе душа мая раней, чым я памру».
Рэбэка чула, як Ісаак гаварыў сыну свайму Ісаву. І пайшоў Ісаў у поле дастаць і згатаваць дзічыны;
А Рэбэка чула, як Ісаак казаў Эзаву, сыну свайму. І пайшоў Эзаў у поле, каб упаляваць дзічыны і прынесьці яе.
А Рэбэка сказала сыну свайму Якаву: вось, я чула, як бацька казаў брату твайму Ісаву:
І сказала Рэбэка Якубу, сыну свайму, кажучы: «Вось, я чула бацьку твайго, як ён казаў брату твайму Эзаву, кажучы:
прынясі мне дзічыны і згатуй мне страву; я паем і дабраслаўлю цябе прад абліччам Гасподнім, перад сьмерцю маёю.
“Прынясі мне дзічыны і зрабі мне прысмакі, і я буду есьці, і дабраслаўлю цябе перад абліччам ГОСПАДА, перад сьмерцю сваёй”.
Цяпер, сыне мой, паслухайся слоў маіх у тым, што я загадаю табе:
І цяпер, сыне мой, паслухай голасу майго ў тым, што я загадваю табе.
выйдзі ў статак і вазьмі мне адтуль два казьляняткі добрыя: і я згатую зь іх бацьку твайму страву, якую ён любіць:
Пайдзі да авечак і вазьмі мне адтуль двух казьлянят добрых; і я прыгатую з іх прысмакі для бацькі твайго, якія ён любіць.
а ты прынясеш бацьку твайму, і ён паесьць, каб дабраславіць цябе перад сьмерцю сваёю.
І ты прынясеш іх бацьку твайму, і ён зьесьць, каб ён дабраславіў цябе перад сьмерцю сваёю».
Якаў сказаў Рэбэцы, маці сваёй: Ісаў, брат мой, чалавек касматы, а я чалавек гладкі;
І сказаў Якуб Рэбэцы, маці сваёй: «Вось жа Эзаў, брат мой, чалавек касматы, а я — чалавек гладкі.
можа стацца, абмацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах у яго ашуканец і навяду на сябе праклён, а не дабраславеньне.
Можа, памацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах ягоных як той, які ашуквае яго, і навяду на сябе праклён, а не дабраславеньне».
Маці ягоная сказала яму: на мне хай будзе праклён твой, сыне мой; толькі паслухайся слоў маіх і выйдзі, прынясі мне.
І сказала яму маці ягоная: «На мне [будзе] праклён твой, сыне мой, толькі паслухай голасу майго і ідзі, і вазьмі для мяне [казьлянят]».
Ён пайшоў, і ўзяў, і прынёс маці сваёй; і маці ягоная зрабіла страву, якую любіў бацька ягоны.
І ён пайшоў, і ўзяў, і прынёс маці сваёй, і зрабіла маці ягоная прысмакі, якія любіў бацька ягоны.
І ўзяла Рэбэка багатую вопратку старэйшага сына свайго Ісава, якая была ў яе ў доме, і апранула малодшага сына свайго Якава;
І ўзяла Рэбэка адзежу Эзава, сына свайго старэйшага, найкаштоўнейшую, што была ў яе дома, і апранула Якуба, сына свайго малодшага,
а рукі яго і гладкую шыю яго абклала скураю казьлянят,
і скуркамі казьлянят абкруціла рукі ягоныя і гладкую шыю ягоную,
і дала страву і хлеб, якія яна згатавала, у рукі Якаву, сыну свайму.
і дала прысмакі і хлеб, які яна зрабіла, у рукі Якуба, сына свайго.
Ён увайшоў да бацькі свайго і сказаў: бацька мой! Той сказаў: вось я; хто ты, сыне мой?
І ўвайшоў ён да бацькі свайго, і сказаў: «Ойча мой!» І сказаў ён: «Вось я. Хто ты, сыне мой?»
Якаў сказаў бацьку свайму: я, Ісаў, першынец твой, я зрабіў, як ты сказаў мне; устань, сядзь і паеж дзічыны маёй, каб дабраславіла мяне душа твая.
І сказаў Якуб бацьку свайму: «Я — Эзаў, першародны твой. Я зрабіў, як ты сказаў мне. Устань, сядзь і еш дзічыну маю, каб дабраславіла мяне душа твая».
І сказаў Ісаак сыну свайму: што так хутка знайшоў ты, сыне мой? Ён сказаў: бо Гасподзь Бог твой паслаў мне насустрач.
І сказаў Ісаак сыну свайму: «Як гэта так хутка ты знайшоў яе, сыне мой». А той сказаў: «Бо справіў гэта ГОСПАД, Бог твой, перад абліччам маім».
І сказаў Ісаак Якаву: падыдзі, я абмацаю цябе, сыне мой, ці ты сын мой Ісаў, ці не?
І сказаў Ісаак Якубу: «Наблізься, я памацаю цябе, сыне мой, ці ты — сын мой Эзаў, ці не».
Якаў падышоў да Ісаака, бацькі свайго; і ён абмацаў яго і сказаў: голас, голас Якаваў; а рукі, рукі Ісававыя.
І наблізіўся Якуб да Ісаака, бацькі свайго, і ён памацаў яго, і сказаў: «Голас — голас Якуба, але рукі — рукі Эзава».
І не пазнаў яго, бо рукі ў яго былі, як рукі ў Ісава, брата ягонага, калматыя. І дабраславіў яго
І не пазнаў яго, бо рукі ягоныя былі як рукі брата ягонага, касматыя, і дабраславіў яго.
і сказаў: ці ты сын мой Ісаў? Ён адказаў: я.
І сказаў: «Ці ты — сын мой Эзаў?» І ён сказаў: «Я».
Ісаак сказаў: падай мне, я паем дзічыны сына майго, каб дабраславіла цябе душа мая. Якаў падаў яму, і ён еў; прынёс яму і віна, і ён піў.
І сказаў: «Дай мне, і я буду есьці дзічыну, сыне мой, каб дабраславіла цябе душа мая». І ён даў яму, і ён еў; і прынёс яму віна, і ён піў.
Ісаак, бацька ягоны, сказаў яму: падыдзі, пацалуй мяне, сыне мой.
І сказаў яму Ісаак, бацька ягоны: «Наблізься і пацалуй мяне, сыне мой».
Ён падышоў і пацалаваў яго і сказаў: вось, пах ад сына майго, як пах ад поля, якое дабраславіў Гасподзь;
І ён наблізіўся, і пацалаваў яго. І адчуў ён пах адзежы ягонай, і дабраславіў яго, і сказаў: «Вось, пах сына майго, як пах поля, якое дабраславіў ГОСПАД.
хай дасьць табе Бог ад расы нябеснай і ад тлушчу зямлі, і многа хлеба і віна;
І няхай дасьць табе Бог расу з неба і тлустасьць з зямлі, і мноства збожжа і віна.
хай паслужаць табе народы, хай паклоняцца табе плямёны: будзь гаспадаром над братамі тваімі, і хай паклоняцца табе сыны маці тваёй; кляцьбіты твае — праклятыя; і дабраславенцы твае — дабраславёныя.
Няхай служаць табе народы, і няхай кланяюцца табе плямёны. Будзь гаспадаром над братамі тваімі, і няхай кланяюцца табе сыны маці тваёй. Хто праклінае цябе, будзе пракляты, а хто дабраслаўляе цябе, будзе дабраслаўлёны».
Як толькі ўчыніў Ісаак дабраславеньне над Якавам, і як толькі выйшаў Якаў ад аблічча Ісаака, бацькі свайго, — Ісаў, брат ягоны, прыйшоў з ловаў сваіх.
І сталася, калі скончыў Ісаак дабраслаўляць Якуба, і вось, адыходзячы, адыйшоў Якуб ад аблічча Ісаака, бацькі свайго, Эзаў, брат ягоны, прыйшоў з паляваньня свайго.
Згатаваў і ён страву, і прынёс бацьку свайму, і сказаў бацьку свайму: устань, бацька мой, і паеж дзічыны сына твайго, каб дабраславіла мяне душа твая.
І зрабіў ён таксама прысмакі, і прынёс бацьку свайму, і сказаў бацьку свайму: «Устань, ойча мой, і зьеш дзічыну сына свайго, каб дабраславіла мяне душа твая».
А Ісаак, бацька ягоны, сказаў яму: хто ты? Ён сказаў: я сын твой, першынец твой, Ісаў.
І сказаў яму Ісаак, бацька ягоны: «Хто ты?» І ён сказаў: «Я — сын твой першародны Эзаў».
І задрыжаў Ісаак вельмі вялікім дрыжаньнем і сказаў: хто ж гэта, які дастаў дзічыны і прынёс мне, і я еў з усяго, перш чым ты прыйшоў, і я дабраславіў яго? ён і будзе дабраславёны.
І задрыжэў Ісаак дрыжэньнем вельмі вялікім, і сказаў: «Хто ж быў той, які ўпаляваў дзічыну і прынёс мне, і я еў усё перш, чым ты прыйшоў, і я дабраславіў яго? Ён будзе дабраслаўлёны».
Ісаў, выслухаўшы словы бацькі свайго, падняў гучны і вельмі горкі енк, і сказаў бацьку свайму: бацька мой! дабраславі і мяне.
Калі пачуў Эзаў словы бацькі свайго, закрычаў крыкам вялікім і надта горкім, і сказаў бацьку свайму: «Дабраславі мяне, таксама і мяне, ойча мой!»
Але ён сказаў: брат твой прыйшоў з хітрынаю і ўзяў дабраславеньне маё.
І сказаў той: «Брат твой прыйшоў падступна і ўзяў дабраславеньне тваё».
І сказаў: ці не таму дадзена яму імя: Якаў, што ён запабег мяне ўжо два разы? ён узяў першародства маё, і вось, цяпер узяў дабраславеньне маё. І сказаў: няўжо ты не пакінуў мне дабраславеньня?
І сказаў ён: «Ці не таму названае імя ягонае Якуб, і вось, ашукаў мяне ўжо двойчы! Ён забраў першародзтва маё, і вось цяпер забраў дабраславеньне маё». І сказаў: «Няўжо ты не захаваў для мяне дабраславеньня?»
Ісаак адказаў Ісаву: вось, я паставіў яго гаспадаром над табою і ўсіх братоў ягоных аддаў яму ў рабы; адарыў яго хлебам і віном; што ж я зраблю дзеля цябе, сыне мой?
І адказаў Ісаак, і сказаў Эзаву: «Вось, я паставіў яго гаспадаром над табою, і ўсіх братоў ягоных аддаў яму за слугаў, і збожжам і віном абдарыў яго. А табе што я зраблю, сыне мой?»
Але Ісаў сказаў бацьку свайму: няўжо, бацька мой, адно ў цябе дабраславеньне? дабраславі і мяне, бацька мой! І ўзвысіў Ісаў голас свой і заплакаў.
І сказаў Эзаў бацьку свайму: «Ці [толькі] адно дабраславеньне ў цябе, ойча мой? Дабраславі мяне, таксама мяне, ойча мой!» І ўзвысіў Эзаў голас свой, і заплакаў.
І адказваў Ісаак, бацька ягоны, і сказаў яму: вось, ад тлушчу зямлі будзе пражываньне тваё і ад расы нябеснай згары;
І адказаў Ісаак, бацька ягоны, і сказаў яму: «Вось, далёка ад тлустасьці зямлі будзе месца жыцьця твайго і [далёка] ад расы з неба ўгары,
і ты будзеш жыць мечам тваім і будзеш служыць брату твайму; але будзе час, калі ўсупрацівішся і скінеш ярмо ягонае з шыі тваёй.
і з мяча свайго будзеш жыць, і брату свайму будзеш служыць. І станецца, што ты запануеш, і скінеш ярмо ягонае з шыі сваёй».
І зьненавідзеў Ісаў Якава за дабраславеньне, якім дабраславіў яго бацька ягоны; і сказаў Ісаў у сэрцы сваім: набліжаюцца дні плачу па бацьку маім; і я заб’ю Якава, брата майго.
І зьненавідзеў Эзаў Якуба дзеля дабраславеньня, якім дабраславіў яго бацька ягоны, і сказаў Эзаў у сэрцы сваім: «Набліжаюцца дні жалобы па бацьку маім, і я заб’ю Якуба, брата майго».
І пераказаны былі Рэбэцы словы Ісава, старэйшага сына яе; і яна паслала, і паклікала малодшага сына свайго Якава, і сказала яму: вось, Ісаў, брат твой, пагражае забіць цябе;
І распавялі Рэбэцы словы Эзава, сына ейнага старэйшага, і яна паслала, і паклікала Якуба, сына свайго малодшага, і сказала яму: «Вось, Эзаў, брат твой, суцяшае сябе адносна цябе, што заб’е цябе.
і цяпер, сыне мой, паслухайся слоў маіх, устань, бяжы да Лавана, брата майго, у Харан;
І цяпер, сыне мой, паслухай голасу майго, і ўстань, уцякай да Лявана, брата майго, у Харан,
і пажыві ў яго некаторы час, пакуль спатоліцца лютасьць брата твайго,
і пажыві з ім нейкі час, пакуль адыйдзе гнеў ад брата твайго.
пакуль спатоліцца гнеў брата твайго на цябе, і ён забудзе, што ты зрабіў яму: тады я пашлю і вазьму цябе адтуль; навошта мне ў адзін дзень страціць абодвух вас?
Калі адыйдзе гнеў на цябе ад брата твайго, і ён забудзецца, што ты ўчыніў яму, я пашлю і вазьму цябе адтуль. Дзеля чаго маю страціць абодвух [сыноў] у адзін дзень?»
І сказала Рэбэка Ісааку: я жыцьцю ня радая ад дачок Хэтэйскіх; калі Якаў возьме жонку з дачок Хэтэйскіх, як гэтыя, з дачок гэтай зямлі, дык навошта мне і жыцьцё?
І сказала Рэбэка Ісааку: «Абрыдла мне жыцьцё маё з прычыны дачок Хета. Калі возьме Якуб жонку з дачок Хета, якія з дочак зямлі гэтай, дык навошта мне жыцьцё?»