Быццё 17 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Абраму было дзевяноста дзевяць гадоў, і Гасподзь зьявіўся Абраму і сказаў яму: Я Бог Усемагутны; хадзі прад абліччам Маім і будзь беспахібны;
 
І было Абраму дзевяноста дзевяць гадоў. І зьявіўся ГОСПАД Абраму, і сказаў яму: «Я — Бог Усемагутны. Хадзі перад абліччам Маім і будзь беззаганны.

і пастанаўлю запавет Мой паміж Мною і табою, і вельмі, вельмі памножу цябе.
 
І Я заключу запавет Мой паміж Мной і табой, і павялічу цябе вельмі, вельмі».

І ўпаў Абрам на аблічча сваё. Бог гаварыў зь ім далей і сказаў:
 
І ўпаў Абрам на аблічча сваё, а Бог прамовіў да яго, кажучы:

Я — вось запавет Мой з табою: ты будзеш бацька мноства народаў,
 
«Я [ёсьць], вось запавет Мой з табою, і ты будзеш бацькам мноства народаў.

і ня будзеш ты болей звацца Абрамам, а будзе табе імя Абрагам, бо Я зраблю цябе бацькам мноства народаў;
 
І ўжо ня будзе звацца імя тваё Абрам, але будзе імя тваё Абрагам, бо Я паставіў цябе бацькам мноства народаў.

і вельмі, вельмі распладжу цябе, і выведу ад цябе народы, і цары пойдуць ад цябе;
 
І Я павялічу цябе вельмі, вельмі, і выведу з цябе народы, і будуць паходзіць ад цябе валадары.

і пастанаўлю запавет Мой паміж Мною і наступнікамі тваімі пасьля цябе ў роды іхнія, запавет вечны ў тым, што Я буду Богам тваім і нашчадкаў тваіх пасьля цябе;
 
І Я заключу запавет Мой паміж Мною і табой, і насеньнем тваім пасьля цябе ў пакаленьнях іхніх як запавет вечны, што Я буду Богам тваім і насеньня твайго пасьля цябе.

і дам табе і нашчадкам тваім пасьля цябе зямлю, па якой ты вандруеш, усю зямлю Ханаанскую, у валоданьне вечнае; і буду ім Богам.
 
І Я дам табе і насеньню твайму пасьля цябе зямлю вандраваньня твайго, усю зямлю Ханаан на ўласнасьць вечную, і Я буду ім Богам».

І сказаў Бог Абрагаму: ты ж датрымлівай запавет Мой, ты і наступнікі твае пасьля цябе ў роды іхнія.
 
І сказаў Бог Абрагаму: «А ты захоўвай запавет Мой, ты і насеньне тваё пасьля цябе ў пакаленьнях сваіх.

Гэта ёсьць запавет Мой, які вы павінны датрымліваць паміж Мною і вамі і паміж нашчадкамі тваімі пасьля цябе: хай будзе ў вас абрэзаны ўвесь мужчынскі пол;
 
Гэта вось запавет Мой, які вы павінны захаваць паміж Мной і вамі, і насеньнем тваім пасьля цябе: няхай будзе ў вас абрэзаны кожны мужчынскага роду.

абразайце крайнюю плоць вашу: і гэта будзе азнакаю запавету паміж Мною і вамі.
 
І вы будзеце абразаць цела скуравінкі вашай, і будзе гэта на знак запавету паміж Мною і вамі.

На восьмы дзень ад нараджэньня хай будзе абрэзана ў вас у роды вашыя кожнае дзіця мужчынскага полу, народжанае ў доме і купленае за срэбра ў якога-небудзь іншапляменца, якое не ад твайго семя.
 
У восьмы дзень ад нараджэньня няхай будзе абрэзаны ў вас кожны мужчынскага роду ў пакаленьнях вашых, народжаны ў доме або куплены за грошы ў кожнага чужынца, які ня ёсьць з насеньня твайго.

Абавязкова хай будзе абрэзаны народжаны ў доме тваім і куплены за срэбра тваё, і будзе запавет Мой на целе вашым запаветам вечным.
 
Мае быць абрэзаны і народжаны ў доме тваім, і куплены за срэбра тваё; і будзе запавет Мой на целе вашым як запавет вечны.

А неабрэзаны мужчынскага полу, які не абрэжа крайняй плоці сваёй, вынішчыцца душа тая з народу свайго; ён парушыў запавет Мой.
 
А неабрэзаны мужчынскага роду, які не абрэжа цела скуравінкі сваёй, няхай будзе вынішчана душа тая з народу свайго, бо ён парушыў запавет Мой».

І сказаў Бог Абрагаму: Сару, жонку тваю, не называй Сараю, а хай будзе імя ёй: Сарра;
 
І сказаў Бог Абрагаму: «Сарай, жонку тваю, ня будзеш зваць імя яе Сарай, але Сара будзе імя яе.

Я дабраслаўляю яе і дам табе ад яе сына; дабраслаўляю яе, і пойдуць ад яе народы, і цары народаў пойдуць ад яе.
 
І Я дабраслаўлю яе, і дам з яе табе сына. І Я дабраслаўлю яе, і стануцца з яе народы, і валадары народаў будуць з яе».

І ўпаў Абрагам на аблічча сваё, і сказаў сам сабе: няўжо ад стогадовага будзе сын? і Сарра, дзевяностагадовая, няўжо народзіць?
 
І ўпаў Абрагам на аблічча сваё, і засьмяяўся, і сказаў у сэрцы сваім: «Ці ж стогадоваму народзіцца хто? І ці Сара, дзевяностагадовая, можа нарадзіць?»

І сказаў Абрагам Богу: о, хоць бы Ізмаіл быў жывы прад абліччам Тваім!
 
І сказаў Абрагам Богу: «О, каб хоць Ізмаэль жыў перад абліччам Тваім!»

А Бог сказаў: менавіта Сарра, жонка твая, народзіць табе сына, і ты дасі яму імя: Ісаак; і пастанаўлю запавет Мой зь ім запаветам вечным, нашчадкам ягоным пасьля яго.
 
І сказаў Бог: «Але Сара, жонка твая, народзіць табе сына, і ты назавеш імя ягонае Ісаак; і Я заключу запавет Мой з ім як запавет вечны і з насеньнем яго пасьля яго.

І пра Ізмаіла Я пачуў цябе: вось, Я дабраслаўляю яго, і выгадую яго, і вельмі, вельмі памножу; дванаццаць князёў народзяцца ад яго; і Я выведу ад яго вялікі народ.
 
І адносна Ізмаэля Я пачуў цябе. Вось, Я дабраслаўлю яго, і распладжу яго, і памножу яго вельмі, вельмі; ён народзіць дванаццаць князёў, і Я зраблю яго народам вялікім.

Але запавет Мой пастанаўлю зь Ісаакам, якога народзіць табе Сарра ў гэты самы час на другі год.
 
Але запавет Мой Я заключу з Ісаакам, якога народзіць табе Сара ў гэты самы час у наступным годзе».

І Бог перастаў гаварыць з Абрагамам і ўзышоў ад яго.
 
І скончыў прамаўляць да яго, і ўзьняўся Бог ад Абрагама.

І ўзяў Абрагам Ізмаіла, сына свайго, і ўсіх народжаных у доме сваім і ўсіх купленых за срэбра сваё, увесь мужчынскі пол людзей дома Абрагамавага, і абрэзаў крайнюю плоць у іх таго самага дня, як сказаў Яму Бог.
 
І ўзяў Абрагам Ізмаэля, сына свайго, і ўсіх народжаных у доме сваім, і ўсіх купленых за срэбра сваё, усіх мужчынскага роду з дому Абрагама, і абрэзаў цела скуравінкі іхняй у той самы дзень, калі прамаўляў да яго Бог.

Абрагаму было дзевяноста дзевяць гадоў, калі была абрэзана крайняя плоць у яго.
 
Абрагам меў дзевяноста дзевяць гадоў, калі абрэзаў цела скуравінкі сваёй,

А Ізмаілу, сыну ягонаму, было трынаццаць гадоў, калі была абрэзана крайняя плоць у яго.
 
а Ізмаэль, сын ягоны, меў трынаццаць гадоў, калі было абрэзана цела скуравінкі ягонай.

Таго самага дня былі абрэзаны Абрагам і Ізмаіл, сын ягоны,
 
У той самы дзень былі абрэзаны Абрагам і Ізмаэль, сын ягоны.

і зь ім абрэзаны быў увесь мужчынскі пол дома ягонага, народжаныя ў доме і купленыя за срэбра ў іншапляменцаў.
 
І ўсе мужчыны дому ягонага, народжаныя ў доме і купленыя за срэбра ў чужынцаў, былі абрэзаныя з ім.