Быццё 24 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Абрагам быў ужо стары і ў сталым веку. Гасподзь дабраславіў Абрагама ўсім.
І Абрагам быў стары, і меў шмат дзён, і ГОСПАД дабраславіў Абрагама ў-ва ўсім.
І сказаў Абрагам рабу свайму, старэйшаму ў доме ягоным, кіроўцу ўсім, што ў яго было: пакладзі руку тваю пад сьцягно маё
І сказаў Абрагам слузе свайму, старэйшаму ў доме сваім, які меў уладу над усім, што ў яго было: «Палажы руку сваю пад сьцягно маё,
і запрысягніся мне Госпадам, Богам неба і Богам зямлі, што ты ня возьмеш сыну майму жонкі з дачок Хананэяў, сярод якіх я жыву;
і я прывяду цябе да прысягі на ГОСПАДА, Бога неба і Бога зямлі, што ты ня возьмеш жонкі сыну майму з дачок Хананейскіх, сярод якіх я жыву,
а пойдзеш у зямлю маю, на радзіму маю, і возьмеш жонку сыну майму Ісааку.
але пойдзеш у зямлю маю і да родзічаў маіх, і возьмеш жонку сыну майму Ісааку».
Раб сказаў яму: можа стацца, не захоча жанчына ісьці са мною ў гэтую зямлю; ці павінен я вярнуць сына твайго ў зямлю, зь якое ты выйшаў?
І сказаў яму слуга: «Можа, не пажадае тая жанчына ісьці са мною сюды, у гэтую зямлю. Ці маю я завесьці сына твайго адсюль у тую зямлю, з якой ты выйшаў?»
Абрагам сказаў яму: сьцеражыся, не вяртай сына майго туды;
І сказаў яму Абрагам: «Сьцеражыся, каб не завесьці туды сына майго.
Гасподзь, Бог неба, Які ўзяў мяне з дома бацькі майго і зь зямлі нараджэньня майго, Які гаварыў мне і Які прысягнуў мне, кажучы: нашчадкам тваім дам гэтую зямлю, — Ён пашле анёла Свайго перад табою, і ты возьмеш жонку сыну майму адтуль;
ГОСПАД, Бог неба, Які ўзяў мяне з дому бацькі майго і з зямлі нараджэньня майго, і Які казаў да мяне, і Які прысягнуў мне, кажучы: “Насеньню твайму Я дам гэтую зямлю”, — Ён пашле анёла Свайго перад абліччам тваім, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму.
калі ж не захоча жанчына ісьці з табою, ты будзеш вольны ад гэтай прысягі маёй; толькі сына майго не вяртай туды.
А калі не пажадае тая жанчына ісьці з табою, ты будзеш вызвалены ад гэтае прысягі маёй; толькі сына майго не завядзі туды».
І паклаў раб руку сваю пад сьцягно Абрагаму, гаспадару свайму, і запрысягнуўся яму ў гэтым.
І палажыў слуга руку сваю пад сьцягно Абрагама, пана свайго, і прысягнуў яму ў гэтай справе.
І ўзяў раб зь вярблюдаў гаспадара свайго дзесяць вярблюдаў і пайшоў. У руках у яго былі таксама ўсякія скарбы гаспадара ягонага. Ён устаў і пайшоў у Месапатамію, у горад Нахораў;
І ўзяў той слуга дзесяць вярблюдаў пана свайго, і пайшоў, і ўсялякае даброцьце пана ягонага [было] ў руцэ ягонай. І ўстаў ён, і пайшоў у Арам-Нагараім, у горад Нахора.
і спыніў вярблюдаў па-за горадам, каля калодзежа вады, пад вечар, у той час, калі прыходзяць жанчыны чэрпаць ваду,
І дазволіў ён вярблюдам укленчыць вонкі гораду каля студні вады пад вечар, у той час, калі выходзяць чэрпаць ваду.
і сказаў: Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, пашлі яе сёньня насустрач мне і ўчыні міласьць гаспадару майму Абрагаму;
І сказаў ён: «ГОСПАДЗЕ, Божа пана майго Абрагама! Зрабі, каб сталася [ласка] мне сёньня, і ўчыні міласэрнасьць пану майму Абрагаму.
вось, я стаю каля крыніцы вады, і дочкі жыхароў горада выходзяць чэрпаць ваду;
Вось, я стаю каля крыніцы вады, і дочкі жыхароў гораду выходзяць чэрпаць ваду.
і дзяўчына, якой я скажу: нахілі збанок твой, я нап’юся; і яна скажа: пі, я і вярблюдам тваім дам піць, — вось тая, якую Ты назначыў рабу Твайму Ісааку; і з гэтага даведаюся я, што Ты чыніш мілату гаспадару майму.
Няхай станецца, што тая дзяўчына, якой я скажу: “Нахілі збан свой, і я нап’юся”, і якая скажа: “Пі, я і вярблюдаў тваіх напаю”, вось гэта тая, якую Ты прызначыў слузе Твайму Ісааку, і з гэтага пазнаю, што Ты ўчыніў міласэрнасьць пану майму».
Яшчэ не перастаў ён гаварыць, і вось, выйшла Рэбэка, якая нарадзілася ад Ватуіла, сына Мілкі, жонкі Нахора, брата Абрагамавага, і збанок яе на плячы ў яе;
І сталася, перш, чым скончыў ён казаць, вось, выйшла Рэбэка, якая нарадзілася ў Бэтуэля, сына Мількі, жонкі Нахора, брата Абрагама, і збан ейны на плячы ў яе.
дзяўчына была прыгожая з твару, дзева, якое не спазнаў муж. Яна сышла да крыніцы, напоўніла збанок свой і пайшла ўгору.
І [была] тая дзяўчына вельмі прыгожая з выгляду, дзяўчына, якую мужчына не пазнаў. І зыйшла яна да крыніцы, і напоўніла збан, і вярталася.
І пабег раб насустрач ёй і сказаў: дай мне выпіць крыху вады са збанка твайго.
І пабег слуга насустрач ёй, і сказаў: «Дай мне глытнуць крыху вады са збана твайго».
Яна сказала: пі, гаспадару мой. І адразу апусьціла збанок свой на руку сваю і напаіла яго.
І сказала яна: «Пі, пане мой». І пасьпяшалася, і спусьціла збан на руку сваю, і дала яму напіцца.
І, калі напаіла яго, сказала: я пачну чэрпаць і вярблюдам тваім, пакуль не нап’юцца ўсе.
І скончыла яна даваць яму піць, і сказала: «Таксама для вярблюдаў тваіх я буду чэрпаць, пакуль не нап’юцца».
І адразу выліла ваду са збанка свайго ў карыта, і пабегла зноў да калодзежа зачарпнуць, і начэрпала ўсім вярблюдам ягоным,
І пасьпяшалася, і выліла збан свой у карыта, і пабегла зноў да студні чэрпаць, і чэрпала для ўсіх вярблюдаў ягоных.
Чалавек той глядзеў на яе са зьдзіўленьнем моўчкі, хочучы зразумець, ці дабраславіў Гасподзь дарогу ягоную, ці не.
І чалавек той моўчкі ўглядаўся на яе, каб спазнаць, ці даў ГОСПАД посьпех на шляху ягоным, ці не.
Калі вярблюды перасталі піць, тады чалавек той узяў залатую завушніцу, вагою паўсікля, і два запясьці на рукі ёй, вагою ў дзесяць сікляў золата,
І сталася, як вярблюды напіліся, узяў чалавек той залатое колца ў паўсыкля вагою і два бранзалеты на рукі ейныя, вага якіх дзесяць сыкляў золата,
і сказаў: чыя ты дачка? скажы мне; ці ёсьць у доме ў бацькі твайго месца нам начаваць?
і сказаў: «Чыя ты дачка? Скажы мне. Ці ёсьць у доме бацькі твайго месца для нас, каб начаваць?»
Яна сказала яму: я дачка Ватуіла, сына Мілкі, якога яна нарадзіла Нахору.
І яна сказала яму: «Я — дачка Бэтуэля, сына Мількі, якога яна нарадзіла Нахору».
І яшчэ сказала яму: у нас многа саломы і корму; і ёсьць месца начаваць.
І сказала яму: «Таксама саломы і корму шмат у нас, а таксама месца, каб начаваць».
І схіліўся чалавек той, і пакланіўся Госпаду,
І схіліўся чалавек той, і пакланіўся ГОСПАДУ,
і сказаў: дабраславёны Гасподзь, Бог гаспадара майго Абрагама, Які не абышоў гаспадара майго ласкаю Сваёю і праўдаю Сваёю! Гасподзь роўнаю дарогаю прывёў мяне да дома брата гаспадара майго.
і сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог пана майго Абрагама, Які не ўхіліў міласэрнасьці Сваёй і вернасьці Сваёй ад пана майго! Я — на шляху, якім прывёў мяне ГОСПАД да дому брата пана майго».
Дзяўчына пабегла і расказала пра гэта ў доме маці сваёй.
І пабегла дзяўчына, і расказала дома маці сваёй пра тое, што здарылася.
У Рэбэкі быў брат, якога звалі Лаван. Лаван выбег да таго чалавека, да крыніцы.
А ў Рэбэкі [быў] брат, імя ягонае — Ляван. І пабег Ляван вонкі да таго чалавека да крыніцы.
І калі ён убачыў завушніцу і запясьці на руках у сястры сваёй, якая казала: так гаварыў са мною чалавек гэты, — дык прыйшоў да чалавека, і вось, ён стаіць каля вярблюдаў ля крыніцы;
І сталася, калі ўбачыў ён колца і бранзалеты на руках у сястры сваёй і пачуў словы Рэбэкі, сястры сваёй, якая сказала: «Гэтак гаварыў са мною чалавек той», дык прыйшоў да чалавека таго, і вось, ён стаіць пры вярблюдах каля крыніцы.
і сказаў яму: увайдзі, дабраславёны Госпадам; чаго ты стаіш звонку? я падрыхтаваў дом і месца вярблюдам.
І сказаў [Ляван]: «Увайдзі, дабраслаўлёны ГОСПАДАМ. Чаму ты стаіш на двары? Я падрыхтаваў дом і месца для вярблюдаў».
І ўвайшоў чалавек. Лаван расьсядлаў вярблюдаў і даў саломы і корму вярблюдам і вады памыць ногі яму і людзям, якія былі зь ім;
І ўвайшоў чалавек той у дом. І [Ляван] расьсядлаў вярблюдаў, і даў саломы і корму для вярблюдаў, і вады, каб памыць ногі ягоныя і ногі людзей, якія з ім.
і прапанавалі яму ежы. Але ён сказаў: ня буду есьці, пакуль не скажу справы сваёй. І сказалі: кажы.
І паставілі перад ім есьці; а ён сказаў: «Ня буду есьці, пакуль не скажу словы свае». І сказаў [Ляван]: «Кажы!»
Ён сказаў: я раб Абрагамаў;
І ён сказаў: «Я — слуга Абрагама.
Гасподзь вельмі дабраславіў гаспадара майго, і ён зрабіўся вялікім: Ён даў яму авечак і валоў, срэбра і золата, рабоў і рабыняў, вярблюдаў і аслоў.
І ГОСПАД вельмі дабраславіў пана майго, і ён стаў вялікі. І Ён даў яму авечак і валоў, і срэбра, і золата, і слугаў, і нявольніцаў, і вярблюдаў, і аслоў.
Сарра, жонка гаспадара майго, ужо пастарэўшы, нарадзіла гаспадару майму сына, якому ён аддаў усё, што ў яго;
І нарадзіла Сара, жонка пана майго, сына пану майму пасьля, у старасьці сваёй, і ён аддаў яму ўсё, што ў яго.
і ўзяў зь мяне прысягу гаспадар мой, сказаўшы: не бяры жонкі сыну майму з дачок Хананэяў, у зямлі якіх я жыву,
І ўзяў з мяне прысягу пан мой, кажучы: “Не бяры жонкі сыну майму з дачок Хананейскіх, сярод якіх я жыву, у зямлі іхняй,
а ідзі ў дом бацькі майго і да сваякоў маіх, і возьмеш жонку сыну майму.
але пойдзеш у дом бацькі майго і да сям’і маёй, і возьмеш жонку сыну майму”.
І сказаў гаспадару майму: магчыма, ня пойдзе жанчына са мною.
І сказаў я пану майму: “Можа, ня пойдзе жанчына тая са мною”.
Ён сказаў мне: Гасподзь, прад абліччам Якога я хаджу, пашле з табою анёла Свайго і добра ўладкуе шлях твой, і возьмеш жонку сыну майму з родзічаў маіх і з дому бацькі майго;
І сказаў ён мне: “ГОСПАД, перад абліччам Якога я хадзіў, пашле анёла Свайго з табою і дасьць посьпех на шляху тваім, і ты возьмеш жонку сыну майму з сям’і маёй і з дому бацькі майго.
тады будзеш ты вольны ад прысягі маёй, калі сходзіш да родзічаў маіх; і калі яны не дадуць табе, ты будзеш вольны ад прысягі маёй.
Тады будзеш ты вызвалены ад прысягі маёй, калі прыйдзеш да сям’і маёй, і калі яны не дадуць табе, ты будзеш вызвалены ад прысягі!”
І прыйшоў я сёньня да крыніцы і сказаў: Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама! Калі Ты добра ўладкуеш шлях, які я праходжу,
І прыйшоў я сёньня да крыніцы, і сказаў: “ГОСПАДЗЕ, Божа пана майго Абрагама! Калі ёсьць воля Твая, дай посьпех на шляху маім, па якім іду.
дык вось, я стаю каля крыніцы вады, і дзяўчына, якая выйдзе зачарпнуць і якой я скажу: дай мне выпіць крыху са збанка твайго,
Вось, я стаю каля крыніцы вады, і няхай будзе, што тая дзяўчына, якая выйдзе чэрпаць, і я скажу ёй: "Дай мне напіцца крыху вады са збана твайго",
і якая скажа мне: і ты пі, і вярблюдам тваім я начэрпаю, — вось жонка, якую Гасподзь вызначыў сыну гаспадара майго.
а яна скажа мне: "І ты пі, і я таксама для вярблюдаў начэрпаю", яна [будзе] тою жанчынаю, якую прызначыў ГОСПАД сыну пана майго”.
Яшчэ не перастаў я гаварыць у думках маіх, і вось, выйшла Рэбэка, і збанок яе на плячы ў яе, і сышла да крыніцы і зачарпнула; і я сказаў ёй: напаі мяне.
Перш чым скончыў я гаварыць у сэрцы сваім, вось, Рэбэка выйшла, і збан ейны на плячы ў яе. І зыйшла яна да крыніцы, і начэрпала; і я сказаў ёй: “Дай мне напіцца!”
Яна адразу апусьціла зь сябе збанок свой і сказала: пі, і вярблюдаў тваіх я напаю. І я піў. І вярблюдаў яна напаіла.
І яна пасьпяшалася, і спусьціла збан з сябе, і сказала: “Пі, і таксама вярблюдаў тваіх я напаю”. І я піў, і вярблюдаў яна напаіла.
Я спытаўся ў яе і сказаў: чыя ты дачка? Яна сказала: дачка Ватуіла, сына Нахоравага, якога нарадзіла яму Мілка. І даў я завушніцы ёй і запясьці на рукі яе.
І я запытаўся ў яе і сказаў: “Чыя ты дачка?” Яна сказала: “Дачка Бэтуэля, сына Нахора, якога нарадзіла яму Мілька”. І надзеў я колца ў нос ейны, і бранзалеты на рукі ейныя.
І схіліўся я і пакланіўся Госпаду, і дабраславіў Госпада, Бога гаспадара майго Абрагама, Які роўнай дарогаю прывёў мяне, каб узяць дачку брата гаспадара майго за сына ягонага.
І я схіліўся, і пакланіўся ГОСПАДУ, і дабраславіў ГОСПАДА, Бога пана майго Абрагама, Які прывёў мяне шляхам праўды, каб узяў я дачку брата пана майго для сына ягонага.
І цяпер скажэце мне: ці маеце вы намер зрабіць ласку і праўду гаспадару майму, ці не? скажэце мне, і я павярнуся направа альбо налева.
І калі вы жадаеце ўчыніць міласэрнасьць і вернасьць пану майму, скажыце мне, а калі не, скажыце мне, і я павярну направа альбо налева».
І адказвалі Лаван і Ватуіл і сказалі: ад Госпада прыйшла гэтая дзея; мы ня можам сказаць табе папярок ні благога, ні добрага;
І адказалі Ляван і Бэтуэль, і сказалі: «Ад ГОСПАДА выйшла слова гэтае, мы ня можам казаць табе ані ліхога, ані добрага.
вось Рэбэка перад табою; вазьмі і ідзі; хай будзе яна жонкаю сыну гаспадара твайго, як сказаў Гасподзь.
Вось, Рэбэка перад абліччам тваім, вазьмі і пайдзі, і няхай будзе яна жонкаю сыну пана твайго, як казаў ГОСПАД».
Калі раб Абрагамаў пачуў словы іхнія, дык пакланіўся Госпаду да зямлі.
І сталася, калі пачуў слуга Абрагама словы іхныя, пакланіўся да зямлі ГОСПАДУ.
І дастаў раб срэбныя рэчы і залатыя рэчы і вопратку і даў Рэбэцы; таксама і брату яе і маці яе даў багатыя дарункі.
І выняў слуга рэчы срэбныя, і рэчы залатыя, і шаты, і даў Рэбэцы; і каштоўныя рэчы даў брату ейнаму і маці ейнай.
І елі і пілі ён і людзі, якія былі зь ім, і заначавалі. Калі ж усталі раніцай, дык ён сказаў: пусьцеце мяне да гаспадара майго.
І елі, і пілі ён і людзі, якія з ім, і пераначавалі. І ўсталі раніцаю, і ён сказаў: «Адпусьціце мяне да пана майго».
Але брат яе і маці сказалі: хай пабудзе з намі дзяўчына дзён зь дзесяць; потым пойдзеш.
І сказаў брат ейны і маці ейная: «Няхай застанецца з намі дзяўчына на дзён дзесяць, потым пойдзе».
Ён сказаў ім: ня трымайце мяне, бо Гасподзь добра ўладкаваў шлях мой; пусьцеце мяне, і я пайду да гаспадара майго.
І ён сказаў ім: «Не затрымлівайце мяне. ГОСПАД даў посьпех на шляху маім, адпусьціце мяне, і я пайду да пана майго».
Яны сказалі: паклічам дзяўчыну і спытаемся, што яна скажа.
І яны сказалі: «Паклічам дзяўчыну і спытаемся ў яе».
І паклікалі Рэбэку і сказалі ёй: ці пойдзеш з гэтым чалавекам? Яна сказала: пайду.
І паклікалі Рэбэку, і сказалі ёй: «Ці пойдзеш з гэтым чалавекам?» Яна сказала: «Пайду!»
І пусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і карміцельку яе, і раба Абрагамавага, і людзей ягоных.
І адпусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і няньку ейную, і слугу Абрагама, і людзей ягоных.
І дабраславілі Рэбэку і сказалі ёй: сястра наша, хай родзяцца ад цябе тысячы тысяч, і хай валодаюць нашчадкі твае жытлішчамі ворагаў тваіх,
І дабраславілі Рэбэку, і сказалі ёй: «Сястра наша, ты станься тысячай тысячаў, і няхай насеньне тваё ўспадкаеміць брамы ворагаў сваіх!»
І ўстала Рэбэка і служанкі яе, і селі на вярблюдаў, і паехалі за тым чалавекам. І раб узяў Рэбэку і пайшоў.
І ўстала Рэбэка і служкі ейныя, і селі на вярблюдаў, і пайшлі за тым чалавекам. І ўзяў слуга Рэбэку, і пайшоў.
А Ісаак прыйшоў з Бэер-Лахай-Роі, бо жыў ён у зямлі паўдзённай.
І прыйшоў Ісаак з [дарогі] ад Бээр-Ляхай-Рой, а ён жыў у зямлі Нэгеў.
Як пачало вечарэць, Ісаак выйшаў у поле падумаць, і ўзьвёў вочы свае, і ўбачыў: вось, ідуць вярблюды.
І выйшаў Ісаак падумаць у поле пад вечар, і ўзьняў вочы свае, і ўбачыў, і вось, вярблюды прыходзяць.
Рэбэка зірнула, і ўбачыла Ісаака, і спусьцілася зь вярблюда.
І ўзьняла Рэбэка вочы свае, і ўбачыла Ісаака, і сьсела з вярблюда.
І сказала рабу: хто гэты чалавек, які ідзе па полі насустрач нам? Раб сказаў: гэта гаспадар мой. І яна ўзяла пакрывала і закрылася.
І сказала слузе: «Хто гэты чалавек, які ідзе па полі насустрач нам?» І сказаў слуга: «Гэта пан мой». І яна ўзяла вэлюм, і засланілася.
А раб сказаў Ісааку ўсё, што зрабіў.
І распавёў слуга Ісааку ўсе справы, якія ён зрабіў.
І ўвёў яе Ісаак у намёт Сарры, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку, і яна сталася яму жонкай, і ён пакахаў яе; і суцешыўся Ісаак у журбоце па маці сваёй.
І ўвёў яе Ісаак у намёт Сары, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку, і яна стала яму жонкаю, і ён кахаў яе. І суцешыўся Ісаак па маці сваёй.