Быццё 35 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Бог сказаў Якаву: устань, ідзі ў Вэтыль і жыві там, і спарудзі там ахвярнік Богу, Які явіўся табе, калі ты ўцякаў ад аблічча Ісава, брата твайго.
І сказаў Бог Якубу: «Устань, узыйдзі ў Бэтэль, і жыві там, і зрабі там ахвярнік Богу, Які зьявіўся табе, калі ты ўцякаў ад аблічча Эзава, брата твайго».
І сказаў Якаў дому свайму і ўсім, хто быў зь ім: кіньце багоў чужых, якія ў вас, і ачысьціцеся, і перамянеце вопратку вашую;
І сказаў Якуб дому свайму і ўсім, якія [былі] з ім: «Аддзяліце [ад сябе] багоў чужых, якія сярод вас, і ачысьціцеся, і зьмяніце адзеньні вашыя,
устанем і пойдзем у Вэтыль; там уладжу я ахвярнік Богу, Які пачуў мяне ў дзень бедства майго, і быў са мною на шляху, якім я хадзіў.
і ўстаньма, і ўзыйдзем у Бэтэль, і я зраблю там ахвярнік Богу, Які адказаў мне ў дзень нядолі маёй і быў са мною ў дарозе, якой я ішоў».
І аддалі Якаву ўсіх багоў чужых, якія былі ў руках у іх, і завушніцы, якія былі ў вушах у іх; і закапаў іх Якаў пад дубам, які непадалёк ад Сіхема.
І аддалі Якубу ўсіх багоў чужых, якія былі ў руках іхніх, і завушніцы, што былі ў вушах іхніх; і закапаў іх Якуб пад дубам, які каля Сыхему.
І рушылі яны. І была жудасьць Божая на навакольных гарадах, і не перасьледавалі сыноў Якава.
І вырушылі яны. І быў жах Божы на гарадах, што [былі] ў той ваколіцы, і ня гналіся яны за сынамі Якуба.
І прыйшоў Якаў у Луз, што ў зямлі Ханаанскай, гэта значыць, у Вэтыль, сам і ўсе людзі, якія былі зь ім,
І прыйшоў Якуб у Люз, які ў зямлі Ханаан, ён жа Бэтэль, сам і ўвесь народ, які з ім.
і спарудзіў там ахвярнік, і назваў тое месца: Эль-Вэтыль; бо тут зьявіўся яму Бог, калі ён уцякаў ад аблічча брата свайго.
І пабудаваў ён там ахвярнік, і назваў гэтае месца Эль-Бэт-Эль, бо там зьявіўся яму Бог, калі ён уцякаў ад аблічча брата свайго.
І памерла Дэвора, карміцелька Рэбэкі, і пахаваная ніжэй Вэтыля пад дубам, які і назваў Якаў дубам плачу.
І памерла Дэвора, нянька Рэбэкі, і была пахаваная ніжэй Бэтэлю пад дубам, і названа імя ягонае «Дуб плачу».
І зьявіўся Бог Якаву пасьля вяртаньня яго зь Месапатаміі, і дабраславіў яго,
І зьявіўся Бог Якубу ізноў пасьля прыходу ягонага з Падан-Араму, і дабраславіў яго.
і сказаў яму Бог: імя тваё Якаў; ад сёньня ты ня будзеш называцца Якавам, а будзе імя табе Ізраіль. І даў яму імя: Ізраіль.
І сказаў яму Бог: «Імя тваё Якуб. Ня будзе ўжо называцца імя тваё Якуб, але Ізраіль будзе імя тваё». І назваў яго імя Ізраіль.
І сказаў яму Бог: Я Бог Усемагутны; пладзіся і множся; народ і мноства народаў будзе ад цябе, і цары пойдуць са сьцёгнаў тваіх;
І сказаў яму Бог: «Я — Бог Усемагутны! Пладзіся і памнажайся! Народ і супольнасьць народаў будзе з цябе, і валадары выйдуць з паясьніцы тваёй.
зямлю, якую Я даў Абрагаму і Ісааку, Я дам табе, і нашчадкам тваім пасьля цябе дам зямлю гэтую.
І зямлю, якую Я даў Абрагаму і Ісааку, Я дам табе, і насеньню твайму пасьля цябе Я дам зямлю гэтую».
І ўзышоў ад яго Бог зь месца, на якім гаварыў яму.
І ўзыйшоў ад яго Бог з месца, на якім гаварыў з ім.
І паставіў Якаў помнік на месцы, на якім гаварыў яму Бог, помнік каменны, і выліў на яго выліваньне, і выліў на яго алей;
І паставіў Якуб слуп на месцы, на якім [Бог] гаварыў з ім, слуп каменны, і ўзьліў на яго ўзьліваньне, і ўзьліў на яго алей.
І даў Якаў імя месцу, на якім Бог гаварыў яму: Вэтыль.
І назваў Якуб імя месца, на якім Бог гаварыў з ім, Бэтэль.
І выправіліся з Вэтыля. І калі яшчэ заставалася нейкая адлегласьць зямлі да Эфраты, Рахіль нарадзіла, і роды ў яе былі цяжкія.
І вырушыў з Бэтэлю. І быў яшчэ кавалак зямлі, каб прыйсьці да Эфраты; і нарадзіла Рахель, і цяжкія былі роды.
А калі яна пакутавала ў родах, бабка-павітуха сказала ёй: ня бойся, бо гэта табе сын.
І сталася, што яна нараджала з вялікім болем, і сказала ёй павітуха: «Ня бойся, бо таксама гэта сын у цябе».
І калі выходзіла зь яе душа, бо яна памірала, дык дала яму імя: Бэноні. Але бацька яго пераназваў яго Веньямінам.
І сталася, калі выходзіла з яе душа, бо яна памірала, яна назвала імя ягонае Бэн-Оні, а бацька ягоны назваў яго Бэн’ямін.
І памерла Рахіль, і пахавана на дарозе ў Эфрату, гэта значыцца, Віфляем.
І памерла Рахель, і была пахаваная пры дарозе ў Эфрату, гэта Бэтлеем.
Якаў паставіў над магілай яе помнік. Гэта магільны помнік Рахілі да гэтага дня.
І паставіў Якуб слуп над магілай ейнай. Гэта слуп магільны Рахелі да сёньня.
І выправіўся Ізраіль і паставіў намёт свой за вежаю Гадэр.
І вырушыў [адтуль] Ізраіль, і паставіў намёт свой за Мігдаль-Эдэрам.
У час, калі Ізраіль быў у той краіне, Рувім пайшоў і пераспаў з Валаю, наложніцаю бацькі свайго. І дачуўся Ізраіль. А сыноў у Якава было дванаццаць.
І сталася, калі жыў Ізраіль у зямлі той, пайшоў Рубэн, і лёг з Більгай, наложніцай бацькі свайго. І пачуў [пра гэта] Ізраіль. І было сыноў Якуба дванаццаць.
Сыны Ліі: першынец Якава Рувім, пасьля яго Сымон, Левій, Юда, Ісахар і Завулон.
Сыны Леі: першародны Якуба Рубэн, Сымон, Левій, Юда, Ісахар і Завулён.
Сыны Рахілі: Язэп і Веньямін.
Сыны Рахелі: Язэп і Бэн’ямін.
Сыны Валы, служанкі Рахілінай: Дан і Нэфталім.
І сыны Більгі, нявольніцы Рахелі: Дан і Нэфталі.
Сыны Зэлфы, служанкі Ліінай: Гад і Асір. Гэта сыны Якава, якія нарадзіліся яму ў Месапатаміі.
І сыны Зільпы, нявольніцы Леі: Гад і Асэр. Гэта сыны Якуба, якія нарадзіліся ў яго ў Падан-Араме.
І прыйшоў Якаў да Ісаака, бацькі свайго, у Мамрэ, Кірыят-Арбу, гэта значыць, Хэўрон, дзе вандраваў Абрагам і Ісаак.
І прыйшоў Якуб да Ісаака, бацькі свайго, у Мамрэ, у Кірыят-Арбу, гэта значыць у Хеўрон, дзе жылі Абрагам і Ісаак.
І было дзён жыцьця Ісаакавага сто восемдзесят гадоў.
І было дзён Ісаака сто восемдзясят гадоў.
І выпусьціў Ісаак дух і памёр, і прыклаўся да народу свайго, калі ўжо быў стары і насычаны жыцьцём. І пахавалі яго Ісаў і Якаў, сыны ягоныя.
І супачыў Ісаак, і памёр, і быў далучаны да народу свайго, стары і насычаны днямі, і пахавалі яго Эзаў і Якуб, сыны ягоныя.