Быццё 23 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Жыцьця Саррынага было сто дваццаць сем гадоў: вось гады жыцьця Саррынага:
 
І было жыцьця Сары сто дваццаць сем гадоў, [гэта] гады жыцьця Сары.

і памерла Сарра ў Кірыят-Арбе, што сёньня Хэўрон, у зямлі Ханаанскай. І прыйшоў Абрагам галасіць па Сарры і аплакваць яе.
 
І памерла Сара ў Кірыят-Арбе, гэта значыць, у Хеўроне, у зямлі Ханаан. І прыйшоў Абрагам, каб мець жалобу па Сары і плакаць па ёй.

І адышоў Абрагам ад памерлай сваёй, і казаў сынам Хэтавым, і сказаў:
 
І ўстаў Абрагам ад аблічча памёршай сваёй, і прамовіў да сыноў Хета, кажучы:

я ў вас прыхадзень і пасяленец: дайце мне ва ўласнасьць месца пад магілу паміж вамі, каб мне памерлую маю пахаваць ад вачэй маіх.
 
«Прыхадзень і пасяленец я ў вас. Дайце мне ў вас на ўласнасьць магілу, і я пахаваю ад аблічча майго памёршую маю».

Сыны Хэта адказвалі Абрагаму і сказалі яму:
 
І адказалі сыны Хета Абрагаму, кажучы яму:

паслухай нас, спадару наш; ты князь Божы сярод нас; у найлепшым з нашых пахавальных месцаў пахавай памерлую тваю; ніхто з нас не адмовіць табе пахавальнага месца, дзеля пахаваньня памерлай тваёй.
 
«Паслухай нас, пане мой! Князь Божы ты сярод нас; у найлепшай з нашых магілаў пахавай памёршую сваю. Ніхто з нас не адмовіць табе магілы сваёй на пахаваньне памёршай тваёй».

Абрагам устаў і пакланіўся люду зямлі той, сынам Хэтавым;
 
І ўстаў Абрагам, і пакланіўся народу зямлі, сынам Хета,

і казаў і сказаў: калі вы згодныя, каб я пахаваў памерлую маю, дык паслухайце мяне, папрасеце за мяне Эфрона сына Цахаравага,
 
і прамовіў да іх, кажучы: «Калі жадае душа вашая, каб я пахаваў ад аблічча майго памёршую маю, паслухайце мяне і папрасіце за мяне Эфрона, сына Цахара,

каб ён аддаў мне пячору Махпэлу, якая ў яго на канцы поля ягонага, каб за дастатковую цану аддаць яе мне сярод вас, ва ўласнасьць дзеля пахаваньня.
 
і ён дасьць мне пячору Махпэля, што ў яго, якая на канцы поля ягонага, за поўнае срэбра дасьць мне яе, каб меў я сярод вас магілу на ўласнасьць».

А Эфрон сядзеў сярод сыноў Хэтавых. І адказваў Эфрон Хэтэянін Абрагаму ў вушы сыноў Хэта, усіх, хто ўваходзіў у браму горада ягонага, і сказаў:
 
А Эфрон сядзеў сярод сыноў Хета. І адказаў Эфрон Хет Абрагаму ўслых усіх сыноў Хета, якія ўваходзілі ў брамы гораду ягонага, кажучы:

не, спадару мой, паслухай мяне: я даю табе поле і пячору, якая на ім, даю табе, перад вачыма сыноў народу майго табе яе, пахавай памерлую тваю.
 
«Не, пане мой! Паслухай мяне: поле я даю табе, і пячору, якая на ім, я даю табе, перад вачыма сыноў народу майго даю табе яе, пахавай памёршую тваю».

Абрагам пакланіўся перад людзьмі зямлі той
 
І пакланіўся Абрагам перад народам зямлі,

і казаў Эфрону ў вушы люду зямлі той і сказаў: калі паслухаешся, я даю табе за поле срэбра; вазьмі ў мяне, і я пахаваю там памерлую маю.
 
і сказаў Эфрону ўслых народу зямлі, кажучы: «Калі б ты толькі паслухаў мяне, я даю табе срэбра за поле гэтае; вазьмі ў мяне, і я пахаваю там памёршую маю».

Эфрон адказаў Абрагаму і сказаў яму:
 
І адказаў Эфрон Абрагаму, кажучы яму:

спадару мой! паслухай мяне: зямля каштуе чатырыста сікляў срэбра; мне і табе што гэта? пахавай памерлую тваю.
 
«Пане мой, паслухай мяне! Зямля [вартая] чатырыста сыкляў срэбра. Што гэта для мяне і для цябе? І пахавай памёршую тваю».

Абрагам выслухаў Эфрона; і наважыў Абрагам Эфрону срэбра, колькі ён абвясьціў у вушы сынам Хэтавым, чатырыста сікляў срэбра, якое ходзіць у купцоў.
 
І паслухаў Абрагам Эфрона; і адважыў Абрагам Эфрону срэбра, пра якое ён казаў услых сыноў Хета, чатырыста сыкляў срэбра, якое ўжывалася ў купцоў.

І сталася поле Эфронавае, якое каля Махпэлы, насупраць Мамрэ, поле і пячора, якая на ім і ўсе дрэвы на полі, ва ўсіх межах яго навакол,
 
І атрымаў поле Эфрона, якое ў Махпэлі, што насупраць Мамрэ, поле тое і пячору, якая на ім, і ўсе дрэвы, якія на полі, у-ва ўсіх межах ягоных наўкола.

валоданьнем Абрагамавым перад вачыма сыноў Хэта, усіх, хто ўваходзіць у браму горада ягонага.
 
Абрагам купіў яго перад вачыма сыноў Хета, усіх, якія ўваходзілі ў брамы гораду ягонага.

Пасьля гэтага Абрагам пахаваў Сарру, жонку сваю, у пячоры на полі ў Махпэле, насупраць Мамрэ, што сёньня Хэўрон у зямлі Ханаанскай.
 
І пасьля гэтага Абрагам пахаваў Сару, жонку сваю, у пячоры на полі ў Махпэлі, насупраць Мамрэ, якое завецца Хеўрон, у зямлі Ханаан.

Так дасталіся Абрагаму ад сыноў Хэтавых поле і пячора, якая на ім, ва ўласнасьць пад пахаваньне.
 
І атрымаў Абрагам тое поле і тую пячору, якая на ім, як магілу на ўласнасьць ад сыноў Хета.