Быццё 29 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І, выправіўшыся, прыйшоў Якуб у зямлю сыноў Усходу.
І, стаўшы на ногі, Яку́б пайшоў у зямлю ўсходнюю да Ла́бана, сына Батуэ́ля сіры́йца, брата Рэбе́кі, маці Яку́ба і Эса́ва.
І ўбачыў там студню ў полі, а таксама тры статкі авечак, якія ляжалі каля яе, бо з яе паілі жывёлу, а вусце студні было прыкрыта вялікім каменем.
І бачыць: вось студня ў полі і тры чарады авечак спачываюць ля яе. З таго калодзежа паілі статкі, камень жа вялізны быў пры вусці калодзежа.
І быў звычай, што калі збіраліся ўсе авечкі, то адпіхвалі камень і, па напаенні статкаў, зноў ускладалі на вусце студні.
Калі збіраліся туды ўсе чароды, то адкочвалі камень з вусця калодзежа і паілі авечак, потым ізноў клалі камень пры вусці калодзежа, на сваё месца.
І звярнуўся ён да пастухоў: «Браты, адкуль вы?» Яны адказалі: «З Харана».
Спытаўся Яку́б: “Браты, адкуль вы?” Яны адказалі: “Мы з Хара́на”.
Запытаўся ён іх: «А ці ведаеце Лабана, сына Нахора?» Яны адказалі: «Ведаем».
Спытаўся іх: “Ці ведаеце Ла́бана, сына Нахора?” Яны адказалі: “Ведаем”.
«Ці здаровы ён?» — пытаецца. — «Здаровы, — адказваюць, — а вось і дачка яго Ракель прыйшла са статкам».
Сказаў жа ім: “Ці здаровы ён?” Яны адказалі: “Здаровы. А вось Рахэ́ль, дачка яго, ідзе з авечкамі”.
І сказаў ён: «Яшчэ многа дня застаецца, і не час зганяць статкі, дайце піць авечкам і зноў завядзіце іх на выган».
І прамовіў Яку́б: “Дзень яшчэ не мінуў, яшчэ не час зганяць скаціну — напаіўшы авечак, вядзіце іх пасвіцца”.
Яны ж сказалі: «Не можам, пакуль не збярэцца ўся жывёла, і тады адсунем камень ад вусця студні, каб напаіць статкі».
Яны адказалі: “Не можам да пары, пакуль не збяруцца ўсе пастухі і, адкаціўшы камень ад вусця калодзежа, не напоім авечак”.
Калі так Якуб з імі размаўляў, вось, Ракель падышла з авечкамі бацькі свайго; бо яна сама пасвіла статак.
Падчас іх размовы Рахэ́ль, дачка Ла́бана, прыйшла з авечкамі бацькі свайго, бо пасвіла статак бацькі свайго.
І калі Якуб убачыў Ракель, дачку Лабана, брата маці сваёй, а таксама авечак Лабана, брата маці сваёй, падышоў, адсунуў камень ад вусця студні
Сталася, калі ўбачыў Яку́б Рахэ́ль, дачку Ла́бана, брата маці сваёй, і авечак Ла́бана, брата маці сваёй, дык, падышоўшы, Яку́б адкаціў камень з вусця калодзежа і напаіў авечак Ла́бана, брата маці сваёй.
і напаіў статак Лабана, брата маці сваёй. Потым Якуб пацалаваў Ракель і расплакаўся ўголас;
І пацалаваў Яку́б Рахэ́ль, і, заклікаўшы голасам сваім, заплакаў.
і сказаў ёй, што ён сваяк бацькі яе, сын Рэбэкі. А яна пабегла і паведаміла бацьку свайму.
І апавёў Рахэ́ль, што ён сваяк бацькі яе і што ён сын Рэбе́кі. І, пабегшы, паведаміла яна бацьку свайму словы гэтыя.
Той, калі пачуў, што прыйшоў Якуб, сын сястры яго, выбег яму насустрач, абняў яго і пацалаваў, і ўвёў у дом свой. І, пачуўшы пра ўсё, што адбылося,
Было ж, калі пачуў Ла́бан імя Яку́ба, сына сястры сваёй, пабег, каб убачыць яго, і, абняўшы яго, пацалаваў. І прывёў яго ў дом свой. І апавёў ён Ла́бану ўсё, што адбылося.
сказаў: «Ты сапраўды косць мая і цела маё!» І пасля таго, як Якуб пражыў у яго цэлы месяц,
І сказаў яму Ла́бан: “З костак маіх і ад цела ты майго”. І заставаўся ў яго месяц.
сказаў яму Лабан: «Ці за тое, што ты брат мой, ты мне задарма будзеш служыць? Скажы, якую плату прымеш?»
Сказаў жа Ла́бан Яку́бу: “Хоць ты сваяк мой — не будзеш мне служыць задарма. Скажы мне, якая мае быць табе ўзнагарода?”
А меў ён дзве дачкі: імя старэйшай Лія, а малодшая называлася Ракель.
Былі ў Ла́бана дзве дачкі. Імя старэйшай Лі́я, а імя малодшай Рахэ́ль.
Лія на вочы была слабая, а Ракель была складная і мілага выгляду.
Вочы Лі́і былі слабымі, а Рахэ́ль была прывабнай знешнасці і прыгожага позірку.
Якуб, паколькі яе пакахаў, сказаў: «Буду табе служыць за Ракель, дачку тваю малодшую, сем гадоў».
І пакахаў Яку́б Рахэ́ль, і сказаў: “Буду служыць табе сем гадоў за Рахэ́ль, дачку тваю малодшую”.
Лабан адказаў: «Лепш табе яе аддам, чым другому чалавеку, заставайся ў мяне».
Сказаў жа яму Ла́бан: “Лепей мне аддаць яе табе, чым выдаць яе за іншага мужчыну. Жыві ў мяне”.
І служыў Якуб за Ракель сем гадоў, і здаваліся яму кароткімі дні дзеля вялікай любові.
І служыў Яку́б за Рахэ́ль сем гадоў, і былі яны для яго нібы кароткія дні праз каханне да яе.
І сказаў ён Лабану: «Прамінуў ужо час, дай мне жонку маю, каб я ўвайшоў да яе».
І звярнуўся Яку́б да Ла́бана: “Аддай жонку маю, каб увайсці да яе, бо мінулі дні мае”.
Той, склікаўшы ўсіх людзей мясцовасці на баль, зрабіў вяселле.
Склікаў Ла́бан усіх мужоў вакольных і зладзіў вяселле.
А вечарам узяў Лію, дачку сваю, і ўвёў да яго, і ён увайшоў да яе.
І стаўся вечар, і Ла́бан, узяўшы Лі́ю, дачку сваю, прывёў яе да Яку́ба, і ўвайшоў да яе Яку́б.
І даў Лабан паслугачку на імя Зільпа для дачкі. Калі развіднела, агледзеўся, што гэта была Лія.
Аддаў жа Ла́бан Лі́і, дачцэ сваёй, за служанку сваю Зе́лфу.
І сказаў ён цесцю свайму: «Што ты гэта мне зрабіў? Ці ж не за Ракель я служыў табе? Чаму ты мяне ашукаў?»
Была ж раніца, і вось — тут Лі́я. Сказаў жа Яку́б Ла́бану: “Што гэта ты мне ўчыніў? Ці не дзеля Рахэ́лі я служыў у цябе, дык навошта ашукаў мяне?”
Лабан адказаў: «У нашай мясцовасці няма звычаю, каб малодшую выдаваць замуж перад старэйшай.
Адказаў Ла́бан: “Не прынята так у мясціне нашай, каб выдаваць малодшую перш, чым старэйшую,
Будзь тыдзень з гэтаю, а потым дам табе і другую, за якую, аднак, адслужыш у мяне сем іншых гадоў».
аднак споўні гэтую сядміцу вясельную, потым выдам табе і тую замест узнагароды, якую адробіш у мяне за наступныя сем гадоў”.
Той пагадзіўся, і, калі прайшоў тыдзень, даў яму Лабан дачку сваю Ракель за жонку.
Яку́б жа так і зрабіў — споўніў гэтую сядміцу вясельную. І выдаў Ла́бан яму за жонку Рахэ́ль, дачку сваю.
Ён даў ёй паслугачкаю Більгу.
Аддаў жа Ла́бан Рахэ́лі, дачцэ сваёй, за прыслужніцу сваю Ба́лу.
І Якуб увайшоў таксама да Ракелі і кахаў яе болей, чым Лію. І служыў ён у яго яшчэ сем гадоў.
І ўвайшоў [Яку́б] да Рахэ́лі. Пакахаў жа Рахэ́ль больш за Лі́ю. І служыў сем наступных гадоў.
А Госпад, бачачы, што пагарджаў Ліяй, адкрыў яе ўлонне, а Ракель была няплоднай.
Госпад, зведаўшы, што пагарджаная Лі́я, расчыніў яе мацярынскае ўлонне, а Рахэ́ль была бясплоднаю.
І Лія пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Рубэн, кажучы: «Убачыў Госпад маё ўпакарэнне, цяпер муж мой будзе мяне любіць».
І зачала Лі́я, і нарадзіла Яку́бу сына. Назвала ж яго Рубэ́н, кажучы: “Бо ўбачыў Госпад маю пакорлівасць, цяпер мяне будзе кахаць муж мой”.
А калі зноў пачала і нарадзіла сына, сказала: «Паколькі Госпад пачуў, што я занядбана, то даў мне і гэтага», і назвала яго імем Сімяон.
І зачала зноўку Лі́я, і нарадзіла Яку́бу другога сына, і сказала: “Дзеля таго пачуў мяне Госпад, што я пагарджаная, то даў мне таксама гэтага”. І назвала яго Сямён.
Пачала ў трэці раз, і нарадзіла яшчэ сына, і сказала: «Ужо цяпер муж мой прытуліцца да мяне за тое, што я нарадзіла яму трох сыноў», і таму назвала яго імем Леві.
І яшчэ зачала, і нарадзіла сына, і сказала: “Цяперака будзе муж мой са мною, бо нарадзіла яму трох сыноў”. Таму назвала гэтага Ле́вій.
Чацвёрты раз пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Цяпер я буду славіць Госпада», і дзеля таго назвала яго Юда, і перастала нараджаць.
І, зачаўшы, яшчэ нарадзіла сына, і сказала: “Цяпер дзякаваць буду Госпаду”. Дзеля гэтага назвала яго Ю́да. І перастала нараджаць.