Быццё 42 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Калі пачуў Якуб, што харчаванне прадаецца ў Егіпце, сказаў сынам сваім: «Чаму вы аглядаецеся адзін на аднаго?
Дазнаўся ж Яку́б, што ў Егі́пце ідзе гандаль, і сказаў сынам сваім: “Што вы марудзіце?
Я чуў, што ў Егіпце прадаюць пшаніцу. Схадзіце і купіце для нас, што патрэбна, каб мы маглі пражыць і не памерлі з нястачы».
Вось, пачуў, што пшаніца ёсць у Егі́пце, ідзіце туды і прыдбайце трошкі хлеба, каб перажыць нам і не памерці”.
І дзесяць братоў Язэпа выбраліся, каб купіць збожжа ў Егіпце,
Пайшлі дзесяць братоў Язэ́па, каб набыць пшаніцы ў Егі́пце.
а Бэньяміна, брата Язэпа, Якуб утрымаў дома, кажучы яго братам: «Каб у дарозе не здарылася чаго нядобрага».
Беніямі́н жа, брат Язэ́па, не выправіўся з яго братамі, бо казаў [Яку́б]: “Каб не напаткала яго хвароба”.
І сыны Ізраэля прыбылі ў зямлю Егіпецкую з іншымі, якія ішлі, каб купіць збожжа, бо голад быў у зямлі Ханаан.
Прыйшлі ж сыны Ізраэ́ля купляць з іншымі прышлымі, бо быў голад у зямлі Ханаа́н.
І Язэп быў правіцелем у зямлі Егіпецкай, і за яго згодай прадавалася збожжа народам. І калі прыбылі браты Язэпа і пакланіліся яму нізка да зямлі,
Язэ́п жа быў распараднікам зямлі, тым, хто гандлюе з усімі насельнікамі краіны. Прыйшоўшы ж, браты Язэ́па пакланіліся яму да зямлі.
ён пазнаў іх і, як бы ў чужых, строга запытаўся ў іх: «Адкуль прыбылі вы?» Яны адказалі: «З зямлі Ханаан, каб купіць харчоў для пражыцця».
Зірнуўшы, Язэ́п пазнаў братоў сваіх, і адчужыўся ад іх, і размаўляў з імі жорстка, і спытаўся ў іх: “Адкуль прыйшлі?” Адказалі: “З зямлі Ханаа́н, набыць хлеба”.
І ён сам пазнаў братоў, але імі не быў пазнаны.
Пазнаў жа Язэ́п братоў сваіх, аднак яны не пазналі яго.
І, прыпомніўшы сны, якія калісьці бачыў, сказаў ім: «Шпіёны вы, прыйшлі вы, каб агледзець месцы неўмацаваныя!»
І ўзгадаў Язэ́п сны, што ён бачыў, і абвясціў: “Выведнікі вы, дазнацца сляды мясцовасці прыйшлі”.
Яны адказалі: «Не, гаспадару, гэта — паслугачы твае, прыбылі, каб купіць харчоў.
Яны ж адказалі: “Не, гаспадару, мы слугі твае, прыйшлі набыць хлеба.
Усе мы — сыны аднаго чалавека, шчырыя мы, і нічога рабы твае не надумваюць благога».
Мы ўсе сыны аднаго мужа, ціхамірлівыя, слугі твае, не выведнікі”.
Ён ім адказаў: «Не, прыбылі вы, каб агледзець неўмацаваныя месцы гэтай зямлі!»
Сказаў жа ім: “Не, але сляды мясцовасці прыйшлі дазнацца”.
А яны сказалі: «Нас дванаццаць братоў, паслугачоў тваіх, сыноў аднаго чалавека ў Ханаане. Наймалодшы застаўся з бацькам нашым, а аднаго ўжо няма».
Яны ж адказалі: “Дванаццаць нас, слугі мы твае, браты ў зямлі Ханаа́н, дык вось, малодшы з бацькам нашым цяпер, а аднаго не стала”.
Сказаў: «Так ёсць, як я вам сказаў: вы шпіёны!
Сказаў жа ім Язэ́п: “Так і ёсць, як я казаў вам, даводзячы, што вы выведнікі.
Таму праверу вас. Прысягаю жыццём фараона, не выйдзеце адсюль, пакуль не прыбудзе наймалодшы брат ваш!
Гэтым вы выкрыліся. Клянуся дабрабытам фараона, не выйсці вам адсюль, пакуль брат ваш малодшы не прыйдзе сюды.
Пашліце з вас аднаго, і хай ён прывядзе яго. Вы ж застанецеся ў вязніцы, пакуль не высветліцца, што вы сказалі: ці праўдзіва, ці фальшыва. Інакш, прысягаю жыццём фараона, шпіёны вы!»
Пашліце аднаго з вас і прывядзіце брата вашага, вас жа затрымаюць да часу, пакуль не спраўдзяцца словы вашыя — кажаце праўду альбо не. Калі ж не, то клянуся дабрабытам фараона, вы сапраўды выведнікі”.
І аддаў іх пад варту на тры дні.
І пасадзіў іх пад варту на тры дні.
На трэці дзень, вывеўшы іх з вязніцы, сказаў: «Рабіце, што загадаў, і будзеце жыць, бо я баюся Бога.
Паведаміў ім у трэці дзень: “Зробіце так — і будзеце жыць, таму што я баюся Бога.
Калі шчырыя вы, адзін брат ваш застанецца ў вязніцы, а вы ідзіце і вязіце збожжа, якое купілі, да дамоў вашых,
Калі ж вы ціхамірлівыя, то адзін ваш брат будзе затрыманы пад вартай, самі ж рушце і завязіце набытае зерне вашае.
ды брата вашага наймалодшага да мяне прывядзіце, каб я мог праверыць вашыя словы, і вы не памраце» І яны зрабілі, як ён загадаў,
І брата вашага малодшага прывядзіце да мяне, тады паверу словам вашым, а калі не, то памрэце. Учыніце ж так”.
і гаварылі паміж сабою: «Заслужана гэта церпім, бо правініліся мы адносна брата нашага. Бачылі мы гора душы яго, як прасіўся ў нас, а мы не выслухалі. Таму і на нас прыйшла гэтая бяда».
І мовіў кожны да брата свайго: “Аджа вінаватыя мы перад братам нашым, бо пагардзілі болем душы яго, калі звязалі яго і не паслухалі яго. Праз тое налучыла нас нядоля гэтая”.
А Рубэн гаворыць: «Ці не казаў я вам: “Не грашыце супраць хлопца?” І не паслухалі мяне. Кроў яго спаганяецца».
Адказваючы ж, Рубэ́н дакараў іх: “Ці ж не папярэджваў вас, кажучы: не крыўдзіце дзіцяці, дык не паслухалі мяне, таму кроў яго спаганяецца”.
І не ведалі яны, што Язэп разумее, бо з імі размаўляў праз перакладчыка.
Яны ж не ведалі, што чуе Язэ́п, бо тлумач быў пры іх.
І адышоў ён хутчэй, і заплакаў, і, вярнуўшыся, гаварыў з імі.
Адвярнуўшыся ж ад іх, Язэ́п заплакаў. І зноўку наблізіўся да іх ды загаварыў з імі. Потым выхапіў Сямёна ад іх і звязаў яго перад імі.
І адлучыў ад іх Сімона, і ў іх прысутнасці загадаў яго звязаць. І загадаў напоўніць мяхі іх збожжам, і каб ў кожным мяху былі ўложаны дадзеныя імі грошы, і каб далі ім яшчэ харчоў на дарогу. Так і было зроблена.
Загадаў жа Язэ́п напоўніць пасудзіны іхнія пшаніцаю, і вярнуць срэбра1 кожнаму ў торбу іх, і выдаць падмацунак у дарогу. І было зроблена ім так.
І яны, усклаўшы збожжа на аслоў сваіх, падаліся ў дарогу.
І, паўскладаўшы пшаніцу на аслоў сваіх, сышлі прэч.
Калі адзін з іх адкрыў мех свой, каб пакарміць асла ў заездзе, убачыў грошы наверсе ў мяху,
Развязаў жа адзін торбу сваю, каб даць ежы аслам сваім, што спыніліся, убачыў жменю срэбра свайго, што было ў гарлавіне торбы.
і сказаў братам сваім: «Вярнулі мне грошы, вось, яны ляжаць у мяху!» Яны здзівіліся і ўстрывожыліся разам, і казалі: «Што гэта такое, што нам гэтак Бог зрабіў?»
І апавесціў братам сваім: “Вярнулі мне срэбра, вось, яно ў торбе маёй”. І здрыганулася сэрца іхняе, і скалануліся, адзін да другога кажучы: “Што гэта нам зрабіў Бог?”
І прыйшлі яны да Якуба, бацькі свайго, у зямлю Ханаан, і расказалі яму ўсё, што здарылася з імі, кажучы:
Прыйшлі ж да Яку́ба, бацькі іхняга, у зямлю Ханаа́н, і апавялі яму ўсё, што здарылася з імі, кажучы:
«Гаварыў з намі правіцель зямлі строга і думаў, што мы — шпіёны у гэтай правінцыі.
“Прамаўляў чалавек да нас, той, што гаспадар краіны, лютыя словы, і змясціў нас у вязніцу, нібы зламыснікаў зямлі.
Мы яму адказалі: “Мы шчырыя і не надумваем ніякіх подступаў,
Пераконвалі ж яго: ціхамірлівыя мы, не выведнікі мы,
нарадзіліся мы дванаццаць братоў у аднаго бацькі, аднаго ўжо няма, наймалодшы з бацькам нашым у зямлі Ханаан”.
нас дванаццаць братоў, сыноў бацькі нашага. Аднаго няма, а малодшы з бацькам нашым цяпер у зямлі Ханаа́н.
І сказаў нам [той] чалавек, правіцель зямлі: “Вось як праверу, ці вы шчырыя: аднаго брата вашага пакіньце ў мяне, а харчы, неабходныя ў дамах вашых, вазьміце і ідзіце;
Сказаў жа нам чалавек, гаспадар краіны: праз тое даведаюся, што вы ціхамірлівыя, калі брата аднаго пакінеце тут са мною, а ўзяўшы набытае зерне вашае, пойдзеце дадому.
брата вашага найменшага прывядзіце да мяне, каб я пераканаўся, што вы не шпіёны. А таго, што ў путах, зможаце забраць назад і далей будзеце мець дазваленне хадзіць па гэтай зямлі”».
І прывядзіце да мяне брата вашага малодшага, і тады даведаюся, што вы не выведнікі, тады вызвалю вам брата вашага, і зможаце гандляваць па ўсёй краіне”.
Па гэтай размове, калі высыпалі яны збожжа, кожны знайшоў наверсе меха капшук з грашамі. І ўсе разам надта спалохаліся.
Было ж, як высыпалі торбы свае, то выявілася ў кожнага жменя срэбра ў торбе яго. І пабачылі жмені срэбра свайго, яны і бацька іх, і спалохаліся.
І сказаў бацька Якуб: «Зрабілі вы, што я застаюся без дзяцей: Язэпа няма, Сімяон у вязніцы, Бэньяміна забярэце. На мяне ўсе гэтыя беды нахлынулі».
Сказаў жа ім Яку́б, бацька іх: “Абяздзецілі вы мяне! Няма Яку́ба, няма Сямёна, і Беніямі́на забераце. Супраць мяне ўсё гэта дзеецца”.
А Рубэн сказаў яму: «Калі не вярну яго табе, забі двух сыноў маіх. Аддай яго ў рукі мае, а я яго вярну табе».
Сказаў жа Рубэ́н бацьку свайму, заклікаючы: “Абодвух маіх сыноў забі, калі не прывяду яго да цябе. Аддай яго ў рукі мае, і вярну яго табе”.
А той адказаў: «Не пойдзе сын мой з вамі. Брат яго памёр, ён толькі адзін застаўся: калі яму што нядобрае здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю з болем у апраметную».
Ён жа казаў: “Не пойдзе сын мой з вамі, бо яго брат памёр і застаўся ён адзіны. Калі здарыцца яму захварэць па дарозе, якою будзеце ісці, то зрынеце маю старасць праз смутак у апраметную”.