Быццё 46 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І выбраўся Ізраэль з усім, што меў, і прыбыў у Бээр-Сэбу, і, склаўшы там ахвяру Богу бацькі свайго Ізаака,
 
Выправадзіўся ж Ізраэ́ль, сам і ўсё ягонае, і пайшоў да калодзежа Зароку, і закалоў ахвяру Богу айца свайго Ісаа́ка.

пачуў, як Ён клікаў яго ў начной з’яве: «Якубе, Якубе!» Той адказаў Яму: «Вось я!»
 
Сказаў жа Бог Ізраэ́лю ноччу ў з’яўленні: “Яку́бе, Яку́бе!” Адказаў жа: “Што сталася?”

І сказаў Ён яму: «Я — Бог, Бог бацькі твайго. Не бойся перабірацца ў Егіпет, бо вялікім народам зраблю Я цябе там.
 
Той, Які звяртаўся: “Я — Бог айцоў тваіх. Не бойся ісці ў Егі́пет, бо народам вялікім зраблю цябе там.

Я пайду разам з табой туды і адтуль выведу цябе назад, а Язэп ускладзе рукі свае на вочы твае».
 
І Я пайду з табою ў Егі́пет, Я выведу цябе пры канцы, і Язэ́п ускладзе рукі на вочы твае”.

І рушыў далей Якуб з Бээр-Сэбы. І павезлі яго сыны з дзецьмі і жонкамі сваімі на вазах, якія прыслаў фараон, каб прывезці старога,
 
Адышоў жа Яку́б ад калодзежа Зароку, і ўзялі сыны Ізраэ́ля бацьку свайго, і майно, і жонак сваіх на рыдваны, што паслаў Язэ́п, каб прыняць яго.

а таксама ўзялі яны ўсё, што мелі ў зямлі Ханаан. І прыбылі яны ў Егіпет, Якуб і ўсе нашчадкі яго,
 
І, забраўшы майно сваё і ўвесь набытак свой з зямлі Ханаа́н, прыйшоў у Егі́пет Яку́б, і ўсе дзеці яго з ім,

сыны яго і ўнукі, дочкі і ўвесь род.
 
сыны і сыны сыноў яго з ім, дочкі і дочкі сыноў яго, і ўсіх дзяцей сваіх прывёў у Егі́пет.

Такія вось імёны сыноў Ізраэля, якія прыйшлі ў Егіпет, ён з дзецьмі сваімі: першародны Рубэн.
 
Вось жа імёны сыноў Ізраэ́ля, якія ўвайшлі ў Егі́пет. Яку́б і сыны яго: першародны Яку́ба Рубэ́н.

Сыны Рубэна: Гэнох, і Паллю, і Хэцрон, і Хармі.
 
Сыны ж Рубэ́на: Эно́х і Фалу́с, Асрон і Ха́рмій.

Сыны Сімяона: Ямуэль, і Ямін, і Огад, і Яхін, і Цахар і Саўл, сын хананейкі.
 
Сыны ж Сямёна: Ямуэ́ль, і Ямі́н, і Авод, і Яхі́н, і Са́ар, і Саву́л, сын ханане́йкі.

Сыны Леві: Гэрсон, Кагат і Мэрары.
 
Сыны ж Ле́вія: Гэрсо́н, Каа́т і Мяра́рый.

Сыны Юды: Гэр, і Анан, і Шэла, і Пэрэс, і Зара. Але Гэр і Анан памерлі ў зямлі Ханаан. Сыны Пэрэса былі: Эсром і Гамул.
 
Сыны ж Ю́ды: Эр, і Аўна́н, і Сэло́м, і Фарэ́с, і За́ра. Памерлі ж Эр і Аўна́н у зямлі Ханаа́н. Былі ж сыны Фарэ́са Асрон і Ямуэ́ль.

Сыны Ісахара: Тола, і Пува, і Ясуб, і Сэмрон.
 
Сыны ж Ісаха́ра: Тола, і Фу́а, і Ясу́б, і Замбра́м.

Сыны Забулона: Сарэд, і Элон, і Яхэлэль.
 
Сыны ж Забулона: Сярэд, і Алон, і Алаэ́ль.

Гэта сыны Ліі, якіх нарадзіла яна яму ў Падан-Араме, а таксама Дзіну, дачку сваю. Усіх душ сыноў яго і дачок трыццаць тры.
 
Гэта сыны Лі́і, якіх нарадзіла Яку́бу ў Месапата́міі сі́рыйскай, і Дзі́ну, дачку яго. Усіх душаў, сыноў і дачок, трыццаць тры.

Сыны Гада: Сэфон і Хагі, Шуні і Эцбон, Эры і Арод, і Арэлі.
 
Сыны ж Га́да: Сафон, і Анг, і Тасаба́н, і Аэ́д, і Араэ́д, і Араэ́л.

Сыны Асэра: Емна, і Ешуа, і Ішві, і Бэрыя і іх сястра Сараі. А сыны Бэрыі: Гебэр і Мэлхіэль.
 
Сыны ж Асэ́ра: Е́мна, і Ясу́ва, і Яву́л, і Ба́рыя, і Са́ра, сястра іх. Сыны ж Ба́рыі: Хабор і Мелхіэ́ль.

Гэта сыны Зільпы, якую даў Лабан дачцэ сваёй Ліі, а яна нарадзіла іх Якубу, усяго шаснаццаць душ.
 
Гэта сыны Зе́лфы, якую даў Ла́бан Лі́і, дачцэ сваёй, што нарадзіла Яку́бу шаснаццаць душаў.

Сыны Ракелі, жонкі Якуба: Язэп і Бэньямін.
 
Сыны ж Рахэ́лі, жонкі Яку́ба: Язэ́п і Беніямі́н.

Язэпу нарадзіліся ў Егіпце сыны, якіх нарадзіла яму Асэнат, дачка Патыфэра, святара Геліяпольскага: Манаса і Эфраім.
 
Былі ж у зямлі Егі́пта сыны Язэ́па, якіх нарадзіла яму Асенне́т, дачка Петэфрэ́са, святара места Сонца, Мана́сія і Эфраі́м. Быў ж сын Мана́сіі, якога нарадзіла яму ўзложніца сірыя́нка, Махі́р. У Махі́ра нарадзіўся Галаа́д. Сыны ж Эфраі́ма, брата Мана́сіі: Суталаа́м і Таа́м. Сын жа Суталаа́ма: Эдэ́м.

і Сыны Бэньяміна: Бэла і Бахор, і Асбэл, Гэра і Нааман, і Эхі, і Рош, Мапім і Хупім, і Арэд.
 
Сыны ж Беніямі́на: Ба́ла, і Хабор, і Асбэ́ль. Былі ж сыны Ба́лы: Гэ́ра, і Наэма́н, і Анх, і Рос, і Мамфі́н, і Афімі́н. У Гэ́ры нарадзіўся Ара́да.

Гэта сыны Ракелі, і яна нарадзіла іх Якубу. Усіх чатырнаццаць душ.
 
Гэта сыны Рахэ́лі, якіх нарадзіла Яку́бу. Усіх душаў васямнаццаць.

Сын Дана: Хусім.
 
Сын жа Да́на: Асон.

Сыны Нэфталі: Ясіэль, і Гуні, і Язэр, і Шылем.
 
І сыны Няфта́лія: Асіэ́ль, і Гу́ній, і Ісаа́р, і Сілэ́м.

Гэта сыны Більгі, якую даў Лабан Ракель, сваёй дачцэ, і яна нарадзіла іх Якубу. Усіх сем душ.
 
Гэта сыны Ба́лы, якую даў Ла́бан Рахэ́лі, дачцэ сваёй, што нарадзіла іх Яку́бу. Усіх душаў сем.

Усіх душ, якія прыбылі з Якубам у Егіпет і выйшлі з яго сцёгнаў, было агулам, апроч жонак сыноў яго, шэсцьдзесят шэсць.
 
Усіх жа душаў, што прыйшлі з Яку́бам у Егі́пет, якія выйшлі з чаргі яго, акром жонак сыноў Яку́ба, — усіх душаў шэсцьдзесят шэсць.

Сыноў жа Язэпа, якія яму нарадзіліся ў зямлі Егіпта, было дзве душы. Усіх душ дому Якуба, якія прыбылі ў Егіпет, было семдзесят.
 
Сыноў жа Язэ́па, якія нарадзіліся ў зямлі Егі́пта, дзевяць душаў. Усіх душаў з дому Яку́ба, якія прыйшлі ў Егі́пет, семдзесят пяць.

І выслаў ён Юду перад сабой да Язэпа, каб той паведаміў і прыйшоў у Гашэн.
 
Ю́ду ж паслаў наперад сябе да Язэ́па, насустрач яму ў места Эро́ан, што ў зямлі Раме́са.1

І прыйшлі яны ў зямлю Гашэн. Язэп, запрэгшы сваю калясніцу, выехаў насустрач бацьку свайму ў Гашэн; і, убачыўшы яго, кінуўся яму на шыю, і, абняўшы, доўга плакаў.
 
Запрог жа Язэ́п калясніцы свае, выправіўся насустрач Ізраэ́лю, бацьку свайму, у места Эро́ан. І, убачыўшы яго, кінуўся яму на шыю, і загаласіў плачам вялікім.

І сказаў Ізраэль Язэпу: «Цяпер я спакойна памру, бо ўбачыў аблічча тваё і ведаю, што ты жывы!»
 
І прамовіў Ізраэ́ль да Язэ́па: “Можна мне цяпер і памерці, бо ўбачыў аблічча тваё, бо ты дагэтуль жывы”.

А той сказаў братам сваім і ўсёй сям’і бацькі свайго: «Пайду і паведамлю фараону, і скажу яму: “Браты мае і сям’я бацькі майго, якія пражывалі ў зямлі Ханаан, прыбылі да мяне.
 
Звярнуўся ж Язэ́п да братоў сваіх: “Пайду паведамлю фараону і скажу яму, што браты мае і дом бацькі майго, якія былі ў зямлі Ханаа́н, прыйшлі да мяне.

Яны пастухі авечак і займаюцца гадаваннем жывёлы; жывёлу дробную, буйную і ўсё, што маглі мець, прывялі яны з сабою”.
 
Мужы гэтыя пастухі, бо мужы гадавалі жывёлу. І свойскую жывёлу, і валоў, і ўсё сваё прывялі.

Калі пакліча ён вас і запытае: “Чым вы займаецеся?” —
 
А калі пакліча вас фараон і спытаецца ў вас, які ваш занятак, —

вы адкажаце: “Мы, паслугачы твае, — пастухі ад дзяцінства нашага і аж да цяперашняга часу, і мы, і бацькі нашы”. Гэта вось скажаце, каб маглі жыць у зямлі Гашэн, бо брыдзяцца ўсе егіпцяне пастухамі авечак».
 
адказвайце: мы — мужы гадавальнікі жывёлы, слугі твае, ад дзяцінства ажно да гэтага часу, і мы, і айцы нашыя, — каб пасяліцца вам у зямлі Ге́сем у Ара́біі. Бо брыда для егіпця́наў кожны пастух авечак2”.