Быццё 21 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Наастатак наведаў Госпад сваёй ласкай Сару, як абяцаў, і споўніў тое, што сказаў.
 
І наведаў Госпад Са́рру, як казаў, і здзейсніў Госпад Са́рры паводле абяцанага.

І яна пачала, і нарадзіла Абрагаму сына ў старасці, у час, які Бог прызначыў ёй.
 
І, зацяжараўшы, нарадзіла Са́рра Абрага́му сына ў старасці, у час, як сказаў ёй Госпад.

І Абрагам даў сыну свайму, якога Сара нарадзіла яму, імя Ізаак.
 
І назваў Абрага́м сына свайго, што нарадзіўся яму, якога нарадзіла яму Са́рра, Ісаа́к.

І абрэзаў Абрагам Ізаака, калі той меў восем дзён, як яму Бог загадаў.
 
На восьмы дзень Абрага́м абрэзаў Ісаа́ка, як запавёў яму Бог.

Абрагам меў сто гадоў, калі яму нарадзіўся сын яго, Ізаак.
 
Абрага́м жа быў стагадовым у той час, калі нарадзіўся Ісаа́к, сын яго.

І Сара сказала: «Прычыну да смеху даў мне Бог, хто ні пачуе, будзе смяяцца з мяне».
 
Прамовіла тады Са́рра: “Смех1 мне ўчыніў Госпад, бо калі хто толькі пачуе, узрадуецца са мною2”.

І зноў сказала: «Хто б паверыў, пачуўшы ад Абрагама, што Сара будзе грудзьмі карміць дзяцей, бо нарадзіла яму сына ўжо старая?»
 
І сказала: “Хто паведаміць Абрага́му, што Са́рра корміць дзіця грудзьмі? Бо нарадзіла сына ў старасці сваёй”.

І дзіця вырасла, і было аднятае ад грудзей. І Абрагам справіў вялікі баль у той дзень, у які Ізаак быў адняты ад грудзей.
 
І вырасла дзіця, і было аднятае ад грудзей, і зладзіў Абрага́м гасціну вялікую ў дзень, калі быў адняты ад грудзей Ісаа́к, сын яго.

А Сара, бачачы, што сын егіпцянкі Агар, якога яна нарадзіла Абрагаму, насміхаецца з Ізаака, сказала Абрагаму:
 
Пабачыла ж Са́рра сына Ага́ры егіпця́нкі, народжанага Абрага́му, які гуляўся3 з Ісаа́кам, сынам яе,

«Выгані гэтую паслугачку разам з яе сынам, бо сын гэтай паслугачкі не будзе спадкаемцам з сынам маім, Ізаакам».
 
і сказа́ла Абрага́му: “Адрынь прыслужніцу гэтую і сына яе, бо не ўспадкуе сын прыслужніцы з сынам маім Ісаа́кам”.

Прыкра прыняў гэта Абрагам дзеля сына свайго.
 
Вельмі ж прыкрым прамільгнула перад абліччам Абрага́ма слова тое пра сына яго.

Але, вось, Бог сказаў яму: «Хай табе не здаецца прыкрым тое, што сказала Сара пра хлопца і пра тваю паслугачку. Паслухай голасу яе, бо толькі ад Ізаака будзе названа патомства тваё.
 
Але Бог сказаў Абрага́му: “Хай не будзе прыкрым слова пра дзіця і прыслужніцу для цябе. Усё, што толькі скажа Са́рра табе, слухай, бо ў Ісаа́ку спраўдзіцца спадкаемства тваё.

Але і з сына паслугачкі Я зраблю вялікі народ, бо ён ёсць тваім нашчадкам».
 
І ад сына прыслужніцы гэтай спараджу народ вялікі, бо ён семя тваё”.

І ўстаў назаўтра Абрагам рана, узяў хлеба і мех вады, і даў Агар, ускладаючы ёй на плечы, і адправіў яе разам з дзіцем. Яна ж пайшла і бадзялася па пустыні Бээр-Сэба.
 
Устаў жа Абрага́м на досвітку, і ўзяў хлябы і мех вады, і даў Ага́ры, і ўсклаў на плячо, і дзіця, і выправіў яе. Выгнанка ж заблукала ў пустэльні каля калодзежа Зароку.4

А калі не стала вады ў мяху, яна пакінула дзіця пад адным кустом,
 
Скончылася вада з меха, дык пакінула дзіця пад элатам.5

потым адышла і села далёка, на адлегласць стрэлу з лука, і сказала: «Няхай не ўбачу смерці дзіцяці». І, седзячы насупраць, узняла лямант, і пачала плакаць.
 
Выгнанка ж села насупраць яго зводдаль, прыблізна на стрэл лука. І сказала: “Не, не ўбачу смерці дзіцяці майго”. І села наўпроці яго, а дзіця крычала ды плакала.

І Бог пачуў крык дзіцяці. І Анёл Госпадаў азваўся з неба да Агар, кажучы: «Што табе, Агар? Не бойся, пачуў вось Бог крык дзіцяці адтуль, дзе знаходзіцца.
 
І пачуў Бог крык дзіцяці адтуль, дзе знаходзілася, і паслаў Бог анёла да Ага́ры з неба, і сказаў ёй: “Што сталася, Ага́р? Не бойся. Бо пачуў Бог крык дзіцяці твайго з месца, дзе яно знаходзіцца.

Устань, падымі дзіця, вазьмі яго рукою сваёй, бо Я з яго зраблю вялікі народ».
 
Устань, вазьмі дзіця на рукі, бо народ вялікі спараджу з яго”.

І адкрыў Бог ёй вочы, і ўбачыла яна студню з вадой. Яна пайшла, напоўніла мех і дала хлопцу напіцца.
 
І адкрыў Бог вочы яе, і ўбачыла калодзеж вады жывой,6 і пайшла, і напоўніла мех вадою, і напаіла дзіця.

І Бог быў з ім, і ён рос і жыў на пустыні, і зрабіўся стральцом з лука.
 
І быў Бог з хлопчыкам, пакуль гадаваўся. І пасяліўся ў пустэльні, стаўся ж лучнікам.

І пражываў ён на пустыні Паран, а маці яго ўзяла яму жонку з зямлі Егіпецкай.
 
І асталяваўся ў пустэльні Фара́н,7 і ўзяла яму маці жонку з зямлі Егі́пецкай.

У той час Абімэлех і Піколь, начальнік яго войска, сказалі Абрагаму: «Бог з табой ва ўсім, што ты робіш.
 
Надарылася ж у часы тыя: звярнуліся Абіме́лех і Ахаза́т, сват яго шлюбны, і Фікол, вершнік яго войска, да Абрага́ма: “Ва ўсім з табою Бог, што толькі будзеш рабіць.

Дык тут, на гэтым месцы, прысягні на Бога, што ты ані адносна мяне, ані адносна маіх нашчадкаў бліжэйшых не зробіш благога, але адпаведна даверу, які я ўчыніў табе, учыніш мне і зямлі, у якой жывеш прыхаднем».
 
Дык цяпер прысягні мне Богам, што не пакрыўдзіш мяне і дзяцей маіх, а таксама імя майго, але па справядлівасці, як учыніў з табою, абыдзешся са мною і зямлёю, на якой ты пасяліўся”.

Абрагам сказаў: «Я прысягну».
 
І сказаў Абрага́м: “Я прысягаю”.

І ўпікнуў Абрагам Абімэлеха за студню з вадой, якую паслугачы яго забралі сілай.
 
І дакараў Абрага́м Абіме́леха з-за калодзежа вады, які аднялі слугі Абіме́лехавыя.

Адказаў Абімэлех: «Не ведаю, хто гэта зрабіў. Але ані ты мне гэтага не казаў, ані я не чуў аж да сёння».
 
І сказаў яму Абіме́лех: “Не ведаў, што надарылася гэта, ці ж не ты мне апавясціў, ці ж не пачуў я толькі сёння”.

Дык узяў Абрагам авечак і валоў, і даў Абімэлеху, і так абодва заключылі пагадненне.
 
І ўзяў Абрага́м авечак і цялятаў,8 і даў Абіме́леху, і ўсталявалі абодва запавет.

І паставіў Абрагам сем ягнят са статка асобна.
 
І паставіў Абрага́м сем ягніцаў9 ад авечак асобна.

І спытаўся Абімэлех у яго: «Што значаць гэтыя сем ягнят, якіх ты паставіў асобна?»
 
Спытаў Абіме́лех у Абрага́ма: “Навошта сем гэтых ягніцаў паставіў асобна ад авечак?”

А ён адказаў: «Сем ягнят атрымаеш з рукі маёй, каб былі мне сведчаннем, што я выкапаў гэтую студню».
 
І адказаў Абрага́м: “Бо сем ягніцаў гэтых возьмеш у мяне, каб сталіся мне на сведчанне, што я выкапаў калодзеж гэты”.

Таму месца тое названа Бээр-Сэба, бо тут абодва прысягнулі.
 
Праз гэта назваў мясціну тую — калодзеж Зароку, бо прысягалі там абодвух.

Так у Бээр-Сэбе заключылі яны пагадненне.
 
І ўсталявалі запавет на калодзежы Зароку. Устаў жа Абіме́лех і Ахаза́т, сват яго шлюбны, і Фікол, вершнік яго войска, і вярнуліся ў зямлю філістыімля́наў.10

Тады ўзняліся Абімэлех і Піколь, начальнік войска яго, і вярнуліся ў зямлю філістынцаў. А Абрагам пасадзіў лес у Бээр-Сэбе, і прызываў там імя Госпада, Бога Вечнага.
 
І насадзіў Абрага́м гай ля калодзежа Зароку, і заклі́каў там імя Госпада Бога Спрадвечнага.

І быў Абрагам чужынцам у зямлі філістынцаў многія дні.
 
Жыў жа Абрага́м у зямлі філістыімля́наў многія дні.