Быццё 7 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І сказаў Госпад Ною: «Увайдзі ты з усёю сям’ёй тваёй у арку; бо ўбачыў Я, што ты справядлівы ў гэтым пакаленні перада Мною.
 
І прамовіў Бог да Ноя: “Увайдзі ты і ўвесь дом твой у кораб, бо знайшоў толькі цябе справядлівым перад абліччам Маім у родзе гэтым.

З усіх звяроў чыстых вазьмі сем на сем — самцоў і самак, са звяроў нячыстых — два на два: самцоў і самак;
 
Са свойскай жывёлы чыстай1 прывядзі да сябе сем: сем самцоў і самак; са свойскай жывёлы нячыстай дзве пары: самца і самку;

таксама з птушак паднебных — па сем самцоў і па сем самак, каб зберагчы іх патомства для ўсёй зямлі.
 
з птушак нябёсных чыстых сем: сем самцоў і самак; з птушак нячыстых дзве пары: самца і самку, каб выжывіць іх семя для ўсёй зямлі.

Бо вось па сямі днях Я спушчу дождж на зямлю працягам сорак дзён і сорак начэй і знішчу ўсё існае, усё, што Я стварыў, з паверхні зямлі».
 
Бо праз сем дзён Я нашлю залеву на зямлю ў сорак дзён і начэй2 і загублю ўсё жывое, што стварыў, на паверхні зямлі”.

І споўніў Ной усё, што загадаў яму Госпад.
 
І зрабіў Ной усё, што запавёў яму Госпад Бог.

Ной меў шэсцьсот гадоў, калі воды патопу нахлынулі на зямлю.
 
Ной жа быў шасцісотгадовы, і стаўся патоп на зямлі.3

Дык увайшоў Ной з сынамі, з жонкаю і з жонкамі сыноў сваіх у арку, каб ухавацца ад водаў патопу.
 
Увайшоў жа Ной, і сыны яго, і жонка яго, і жонкі сыноў яго разам з ім у кораб, бо быў патоп.

Са звяроў чыстых і нячыстых, і з птушак, і з усяго, што рухаецца па зямлі,
 
І з птушак, і са свойскай жывёлы чыстай, і з усялякіх гадаў, што на зямлі,

па двое, самец і самка, увайшлі да Ноя ў арку, так, як яму Бог загадаў.
 
пары ўвайшлі да Ноя ў кораб, самец і самка, як запавёў Бог.

Калі мінула сем дзён, воды патопу нахлынулі на зямлю.
 
І надарылася праз сем дзён — вада патопу абрынулася на зямлю.

У шасцісотым годзе жыцця Ноя, у другім месяцы, семнаццатага дня месяца, прарваліся ўсе крыніцы вялікага бяздоння і вокны нябесныя адчыніліся,
 
У шасцісоты год жыцця Ноя, другога месяца, дваццаць сёмага дня месяца,4 забруіліся ўсе бяздонныя струмяні і жаролы нябёсныя ўскрыліся,5

і ліўся на зямлю дождж сорак дзён і сорак начэй.
 
і стала залева на зямлі сорак дзён і сорак начэй.

У той вось дзень Ной і яго сыны Сэм, Хам і Яфэт, жонка яго і тры жонкі сыноў яго разам з імі ўвайшлі ў арку.
 
Гэтага ж дня ўвайшлі Ной, Сэм, Хам, Яфе́т, сыны Ноя, і жонка Ноя, і тры жонкі яго сыноў разам з ім у кораб.

Яны, а таксама кожны звер паводле роду свайго, і ўся жывёла ў родзе сваім, і кожны паўзун, які рухаецца па зямлі ў родзе сваім, і сукупнасць летуноў паводле роду іх, усе птушкі і ўсе крылатыя
 
І ўсялякія звяры паводле роду, і ўсялякая свойская жывёла паводле роду, і ўсялякі гад, што поўзае па зямлі, паводле роду, і ўсялякая птушка паводле роду —

ўвайшлі па пары з кожнага цела, у якім быў дух жыцця, у арку да Ноя.
 
увайшлі да Ноя ў кораб па двое ад усялякіх жывых істотаў, хто меў душу жывую.

І яны ўвайшлі ў арку, самец і самка з усякага цела, як Бог загадаў яму; і Госпад зачыніў арку звонку.
 
І ўвайшлі самец і самка, з кожнай жывой істоты ўвайшлі, як запавёў Бог Ною. І запячатаў Бог кораб звонку.

А патоп трываў на зямлі сорак дзён, і памножыліся воды, і паднялі арку высока над зямлёю.
 
І быў патоп сорак дзён і сорак начэй на зямлі, і памножылася вада, і падняла кораб высока ад зямлі.

Надзвычайна разліліся яны і пакрылі ўсё на паверхні зямлі; а арка плавала па водах.
 
І мацнела вада, і надта павялічылася на зямлі, і кораб узносіўся6 над вадою.

І падняліся воды высока над зямлёю, так што пакрылі ўсе высокія горы пад усім небам.
 
Вада ж вельмі імкліва прыбывала на зямлі і схавала ўсе высокія горы, што былі пад небам,

Вада была на пятнаццаць локцяў вышэй за горы, якія яна пакрыла.
 
пятнаццаць локцяў угару паднялася вада і накрыла ўсе высокія горы.

Загінула кожнае цела, якое рухалася па зямлі: кожная з птушак, жывёл, звяроў і ўсіх паўзуноў, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі.
 
І памерла ўсялякае цялеснае стварэнне, што рухалася па зямлі, — птушкі, свойская жывёла, і звяры, і ўсялякі гад, што поўзае па зямлі, і кожны чалавек.

Усё тое, у чым подых духа на зямлі, памерла.
 
І ўсё, што мае душу жывую, што было на сушы, памерла.

І знішчыў Ён усё існае, што было на зямлі, ад чалавека аж да жывёлы, аж да паўзуна і аж да птушак паднебных; усё было вынішчана з зямлі. Застаўся толькі Ной і якія былі з ім у арцы.
 
І загінула ўсё жывое, што было на паверхні ўсёй зямлі, ад чалавека да свойскай жывёлы, і гадаў, і птушак нябёсных, было вынішчана на зямлі. І застаўся адно Ной з тымі, хто ў корабе.

А воды ахлыналі зямлю сто пяцьдзесят дзён.
 
І ўздымалася вада на зямлі сто пяцьдзясят дзён.