Быццё 7 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І сказаў Госпад Ною: «Увайдзі ты з усёю сям’ёй тваёй у арку; бо ўбачыў Я, што ты справядлівы ў гэтым пакаленні перада Мною.
І сказаў ГОСПАД Ною: «Увайдзі ты і ўвесь дом твой у каўчэг, бо ўбачыў Я цябе праведным перад абліччам Маім у пакаленьні гэтым.
З усіх звяроў чыстых вазьмі сем на сем — самцоў і самак, са звяроў нячыстых — два на два: самцоў і самак;
З усякай скаціны чыстай вазьмі з сабою сем самцоў і сем саміц, а са скаціны нячыстай — па двое, самца і саміцу.
таксама з птушак паднебных — па сем самцоў і па сем самак, каб зберагчы іх патомства для ўсёй зямлі.
Таксама з птушак паднебных — сем мужчынскага [роду] і сем жаночага, каб захаваць жывым насеньне [іхняе] на абліччы ўсёй зямлі.
Бо вось па сямі днях Я спушчу дождж на зямлю працягам сорак дзён і сорак начэй і знішчу ўсё існае, усё, што Я стварыў, з паверхні зямлі».
Бо праз сем дзён Я выльлю дождж на зямлю сорак дзён і сорак начэй і вынішчу з аблічча зямлі ўсіх жывых істотаў, якіх Я зрабіў.
І споўніў Ной усё, што загадаў яму Госпад.
І зрабіў Ной усё, што загадаў яму ГОСПАД.
Ной меў шэсцьсот гадоў, калі воды патопу нахлынулі на зямлю.
І Ною было шэсьцьсот гадоў, і патоп водны быў на зямлі.
Дык увайшоў Ной з сынамі, з жонкаю і з жонкамі сыноў сваіх у арку, каб ухавацца ад водаў патопу.
І ўвайшоў Ной, і сыны ягоныя, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных з ім у каўчэг ад вады патопу.
Са звяроў чыстых і нячыстых, і з птушак, і з усяго, што рухаецца па зямлі,
Са скаціны чыстай і са скаціны, якая нячыстая, з птушак і з усяго, што поўзае па зямлі,
па двое, самец і самка, увайшлі да Ноя ў арку, так, як яму Бог загадаў.
па двое ўвайшлі ў каўчэг да Ноя, мужчынскага [роду] і жаночага, як Бог загадаў Ною.
Калі мінула сем дзён, воды патопу нахлынулі на зямлю.
І сталася праз сем дзён, што вада патопу была на зямлі.
У шасцісотым годзе жыцця Ноя, у другім месяцы, семнаццатага дня месяца, прарваліся ўсе крыніцы вялікага бяздоння і вокны нябесныя адчыніліся,
У шэсьцьсотым годзе жыцьця Ноя, у другім месяцы, у сямнаццаты дзень месяца, у гэты дзень выбіліся ўсе жаролы вялікай бездані, і вокны нябесныя адчыніліся,
і ліўся на зямлю дождж сорак дзён і сорак начэй.
і ішоў дождж на зямлю сорак дзён і сорак начэй.
У той вось дзень Ной і яго сыны Сэм, Хам і Яфэт, жонка яго і тры жонкі сыноў яго разам з імі ўвайшлі ў арку.
У гэты самы дзень увайшоў у каўчэг Ной, і Сэм, і Хам, і Яфэт, сыны Ноя, і жонка Ноя, і тры жонкі сыноў ягоных з імі.
Яны, а таксама кожны звер паводле роду свайго, і ўся жывёла ў родзе сваім, і кожны паўзун, які рухаецца па зямлі ў родзе сваім, і сукупнасць летуноў паводле роду іх, усе птушкі і ўсе крылатыя
Яны, і ўсякія зьвяры паводле гатунку свайго, і ўсякая скаціна паводле гатунку свайго, і ўсякія паўзуны, якія поўзаюць па зямлі, паводле гатунку свайго, і ўсякія птушкі паводле гатунку свайго, усё птаства, усе крылатыя.
ўвайшлі па пары з кожнага цела, у якім быў дух жыцця, у арку да Ноя.
І ўвайшлі яны па двое ў каўчэг да Ноя, па двое з кожнага цела, у якім быў дух жыцьця.
І яны ўвайшлі ў арку, самец і самка з усякага цела, як Бог загадаў яму; і Госпад зачыніў арку звонку.
І тыя, што ўвайшлі, былі мужчынскага [роду] і жаночага з усякага цела, як загадаў Бог. І зачыніў ГОСПАД за імі [каўчэг].
А патоп трываў на зямлі сорак дзён, і памножыліся воды, і паднялі арку высока над зямлёю.
І стаўся патоп на зямлі сорак дзён, і разьліліся воды, і паднялі каўчэг, і ён узвысіўся над зямлёю.
Надзвычайна разліліся яны і пакрылі ўсё на паверхні зямлі; а арка плавала па водах.
І падымаліся воды, і вельмі ўзьняліся над зямлёю, і каўчэг плаваў па абліччы водаў.
І падняліся воды высока над зямлёю, так што пакрылі ўсе высокія горы пад усім небам.
І вельмі моцна падняліся воды над зямлёю, і закрылі ўсе высокія горы, якія ёсьць пад усім небам.
Вада была на пятнаццаць локцяў вышэй за горы, якія яна пакрыла.
На пятнаццаць локцяў угору падняліся воды, і закрылі горы.
Загінула кожнае цела, якое рухалася па зямлі: кожная з птушак, жывёл, звяроў і ўсіх паўзуноў, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі.
І загінула ўсякае цела, якое рухаецца па зямлі: і птушкі, і скаціна, і зьвяры, і ўсе паўзуны, што поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі.
Усё тое, у чым подых духа на зямлі, памерла.
Усе, якія мелі дыханьне духа жыцьця ў ноздрах сваіх, усе, што былі на сухазем’і, — паўміралі.
І знішчыў Ён усё існае, што было на зямлі, ад чалавека аж да жывёлы, аж да паўзуна і аж да птушак паднебных; усё было вынішчана з зямлі. Застаўся толькі Ной і якія былі з ім у арцы.
І вынішчыў [Бог] усякую жывую істоту, якая была на абліччы зямлі, ад чалавека да скаціны, да паўзуноў і да птушак паднебных, і былі яны вынішчаны з зямлі. І застаўся толькі Ной і тыя, што былі з ім у каўчэгу.
А воды ахлыналі зямлю сто пяцьдзесят дзён.
І падымаліся воды над зямлёю сто пяцьдзясят дзён.