Быццё 4 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Чалавек жа пазнаў жонку сваю Еву, і яна пачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Здабыла я чалавека з волі Госпада».
 
І чалавек спазнаў Еву, жонку сваю, і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: «Атрымала я мужа ад ГОСПАДА».

А потым нарадзіла брата яго Абэля. Абэль быў пастухом авечак, а Каін — земляробам.
 
І яшчэ нарадзіла брата ягонага Абэля. І быў Абэль пастухом авечак, а Каін быў земляробам.

І сталася па нейкім часе, што Каін складаў Госпаду ахвяру з пладоў зямлі,
 
І сталася, калі прайшлі дні, Каін прынёс з пладоў зямлі дар ГОСПАДУ.

а Абэль складаў таксама з першынцаў статка свайго і з іх тлустасці, дык Госпад зірнуў на Абэля і дар яго,
 
І Абэль таксама прынёс з першародных авечак сваіх і з тлустасьці іх. І ўзглянуў ГОСПАД на Абэля і на дар ягоны,

а на Каіна і дар яго не зірнуў. Моцна ўзлаваўся Каін, і панурым сталася аблічча яго.
 
а на Каіна і на дар ягоны ня ўзглянуў. І вельмі загневаўся Каін, і пахілілася аблічча яго.

І сказаў Госпад яму: «Чаго ты раззлаваўся і чаго пануры твар твой?
 
І сказаў ГОСПАД Каіну: «Чаму ты загневаўся і чаму пахілілася аблічча тваё?

Хіба, калі ты робіш добра, не падымеш твару? А калі блага, грэх будзе цікаваць у дзвярах, і да яго будзе пажада твая, а ты павінен панаваць над ім».
 
Ці ж ты не ўзьнімаеш [аблічча], калі робіш добра, а калі ня робіш добра, грэх ляжыць пры дзьвярах, да цябе памкненьне ягонае, але ты павінен панаваць над ім».

І сказаў Каін Абэлю, брату свайму: «Хадзем вонкі». А калі былі ў полі, Каін паўстаў супраць брата свайго Абэля і забіў яго.
 
І сказаў Каін Абэлю, брату свайму: [«Пойдзем у поле»]. І сталася, калі былі яны ў полі, паўстаў Каін на Абэля, брата свайго, і забіў яго.

Тады Госпад кажа Каіну: «Дзе брат твой Абэль?» Ён адказаў: «Не ведаю. Ці ж я вартаўнік брату свайму?»
 
І сказаў ГОСПАД Каіну: «Дзе Абэль, брат твой?» А той сказаў: «Ня ведаю. Ці ж я вартаўнік брата майго?»

І сказаў яму: «Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне з зямлі.
 
І сказаў [Бог]: «Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне ад зямлі.

Дык цяпер будзь пракляты зямлёй, якая адкрыла вусны свае і прыняла кроў брата твайго з рукі тваёй!
 
І цяпер пракляты ты ад зямлі, якая адчыніла вусны свае прыняць кроў брата твайго з рукі тваёй.

Калі яе абрабляць будзеш, не дасць яна ўжо больш табе пладоў сваіх; выгнанцам і ўцекачом будзеш на зямлі!»
 
Калі будзеш абрабляць зямлю, яна ня будзе больш даваць табе сілы свае. Выгнанцам і ўцекачом будзеш на зямлі».

І сказаў Каін Госпаду: «Большая кара мая, чым знесці мне.
 
І сказаў Каін ГОСПАДУ: «Большае беззаконьне маё, чым можна зьнесьці.

Вось, адкідаеш мяне сёння ад аблічча зямлі, і ад аблічча Твайго я схаваюся і буду выгнанцам і ўцекачом на зямлі; дык кожны, хто напаткае мяне, заб’е мяне».
 
Вось, Ты выганяеш мяне сёньня з аблічча зямлі, і буду хавацца ад аблічча Твайго, і буду я выгнанцам і ўцекачом на зямлі, і станецца, што кожны, хто сустрэне мяне, заб’е мяне».

І сказаў яму Госпад: «Гэтак не будзе, але кожны, хто заб’е Каіна, — у сем разоў будзе пакараны!» І паклаў Госпад Каіну знак, каб не забіваў яго, хто-колечы сустрэне яго.
 
І сказаў яму ГОСПАД: «Таму кожнаму, хто заб’е Каіна, сем разоў будзе адпомшчана». І пазначыў ГОСПАД Каіна знакам, каб не забіў яго кожны, хто сустрэне яго.

Пасля Каін адышоў ад аблічча Госпада і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад краіны Эдэн.
 
І адыйшоў Каін ад аблічча ГОСПАДА, і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэму.

І вось пазнаў Каін жонку сваю, і яна пачала, і нарадзіла Гэноха. І пабудаваў горад і назваў яго ад імя сына свайго — Гэнох.
 
І спазнаў Каін жонку сваю, і яна зачала, і нарадзіла Эноха. І пабудаваў ён горад, і назваў імя горада ад імя сына свайго — Энох.

Гэнох, у сваю чаргу, быў бацькам Ірада, а Ірад быў бацькам Мавіяэля, а Мавіяэль быў бацькам Матусаэля, а Матусаэль быў бацькам Ламэха.
 
І нарадзіў Энох Ірада, а Ірад нарадзіў Мэхіяэля, а Мэхіяэль нарадзіў Мэтушаэля, а Мэтушаэль нарадзіў Лямэха.

Ламэх узяў дзвюх жонак. Імя адной — Ада, а другой — Сэла.
 
І ўзяў сабе Лямэх дзьве жонкі. Імя адной — Ада, а імя другой — Цыля.

Ада нарадзіла Явэла; гэта ён быў прабацькам тых, якія пражывалі ў палатках, і пастухоў.
 
І нарадзіла Ада Яваля, ён быў бацька тых, што жывуць у намётах і маюць статкі.

І імя брата яго Ювал; гэта ад яго вядуцца ўсе, хто гралі на гуслях і на флейце.
 
А імя брата ягонага — Юваль, ён быў бацька ўсіх, што граюць на гусьлях і жалейцы.

Сэла таксама нарадзіла Тубалкаіна; ён быў рамеснікам і кавалём, які рабіў усе прылады з медзі і жалеза. Сястрой Тубалкаіна была Наэма.
 
І Цыля таксама нарадзіла Туваль-Каіна, які быў кавалём усякіх прыладаў з медзі і жалеза. А сястра Туваль-Каіна — Наама.

Ламэх сказаў сваім жонкам: «Ада і Сэла, паслухайце, што я скажу! Жонкі Ламэха, зважце на словы мае! Забіў я чалавека за рану сваю і юнака за скалечанне сваё.
 
І сказаў Лямэх жонкам сваім: «Ада і Цыля, паслухайце голас мой! Жонкі Лямэха, прыхіліце вуха да мовы маёй! Бо забіў я чалавека за рану сваю і юнака за скалечаньне сваё.

У сем разоў павінна быць адпомшчана за Каіна. А за Ламэха — у семдзесят сем».
 
Бо за Каіна будзе адпомшчана сем разоў, а за Лямэха — семдзясят сем».

І пазнаў зноў Адам жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і назвала імя яго Сэт, кажучы: «Даў мне Бог нашчадка іншага ў замену за Абэля, якога забіў Каін».
 
І спазнаў яшчэ Адам жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і назвала імя ягонае Сэт, бо [казала]: «Даў мне Бог іншае насеньне замест Абэля, якога забіў Каін».

У Сэта нарадзіўся сын, якога той назваў Энос. Тады пачалі прызываць імя Госпада.
 
У Сэта таксама нарадзіўся сын, і ён назваў імя ягонае Энос. Тады пачалі клікаць імя ГОСПАДА.