Быццё 12 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Сказаў, вось, Госпад Абраму: «Выйдзі з зямлі тваёй і ад радні тваёй, і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я табе пакажу.
І сказаў ГОСПАД Абраму: «Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх, і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе.
І Я зраблю з цябе вялікі народ, і буду цябе дабраслаўляць, і ўзвялічу імя тваё, і ты будзеш дабраславеннем.
І Я зраблю з цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і ўзьвялічу імя тваё, і будзеш ты дабраславенствам.
Я буду дабраслаўляць тых, якія будуць цябе дабраслаўляць, а тых, якія цябе будуць праклінаць, Я пракляну, і ў табе будуць дабраславёныя ўсе народы зямлі».
І Я дабраслаўлю тых, якія будуць дабраслаўляць цябе, а тых, якія будуць праклінаць цябе, Я пракляну. І будуць дабраслаўлёныя ў табе ўсе плямёны зямлі».
І падаўся Абрам у дарогу, як яму загадаў Госпад, а за ім пайшоў і Лот. Абрам меў семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харана.
І пайшоў Абрам, як загадаў яму ГОСПАД, і з ім пайшоў Лот. Абрам меў семдзясят пяць гадоў, калі выйшаў з Харану.
І забраў Абрам сваю жонку Сараі, і Лота, сына брата свайго, і ўсю маёмасць, якую яны набылі, таксама паслугачоў, якіх набылі ў Харане, ды выйшлі, каб пайсці ў зямлю Ханаан. Потым прыбылі яны ў зямлю Ханаан.
І ўзяў Абрам Сарай, жонку сваю, і Лота, сына брата свайго, і ўсю маёмасьць, якую прыдбалі, і слугаў, якіх набылі ў Харане, і выйшлі, каб пайсьці ў зямлю Ханаан. І прыйшлі яны ў зямлю Ханаан.
І прайшоў Абрам зямлю аж да мясцовасці Сіхэм, аж да дубровы Марэг. А ў той зямлі жылі тады хананеі.
І прайшоў Абрам гэтую зямлю аж да мясцовасьці Сыхем, аж да дубровы Марэ. А ў той зямлі [жылі] тады Хананейцы.
І вось, з’явіўся Госпад Абраму і сказаў яму: «Гэтую зямлю Я дам нашчадкам тваім». Дык ён пабудаваў там ахвярнік Госпаду, Які з’явіўся яму.
І зьявіўся ГОСПАД Абраму, і сказаў: «Насеньню твайму Я дам гэтую зямлю». І ён збудаваў там ахвярнік ГОСПАДУ, Які зьявіўся яму.
І, перайшоўшы адтуль на гару, якая была на ўсход ад Бэтэля, паставіў ён там палатку сваю, маючы Бэтэль з захаду, а з усходу — Гай. І там таксама пабудаваў ахвярнік Госпаду і прызываў імя Госпада.
Адтуль перайшоў ён на гару на ўсход ад Бэтэлю і паставіў намёт свой, [маючы] Бэтэль на захадзе, а Гай на ўсходзе. І там збудаваў ахвярнік ГОСПАДУ, і заклікаў імя ГОСПАДА.
І расцягнуў Абрам свой шлях ад прыпынку да прыпынку аж да Нагэба.
І вандраваў Абрам далей, і павандраваў у Нэгеў.
І запанаваў голад у зямлі. Дык Абрам адышоў у Егіпет, каб качаваць там.
І стаўся голад у той зямлі. І зыйшоў Абрам у Эгіпет, каб пажыць там, бо вялікі голад быў у той зямлі.
А калі набліжаўся ён да Егіпта, сказаў ён Сараі, жонцы сваёй: «Ведаю, што ты жанчына прыгожая
І сталася, калі набліжаліся яны да Эгіпту, сказаў ён жонцы сваёй Сарай: «Вось, я ведаю, што ты жанчына прыгожая,
і што, калі ўбачаць цябе егіпцяне, скажуць: “Гэта жонка яго”. І заб’юць мяне, а цябе пакінуць.
і станецца, калі ўбачаць цябе Эгіпцяне і скажуць: “Гэта жонка яго”, яны заб’юць мяне, а цябе пакінуць.
Дык кажы, прашу цябе, што ты сястра мая, каб мне было добра дзеля цябе і каб душа мая жыла з ласкі тваёй».
Дык кажы, што ты — сястра мая, каб мне было добра дзеля цябе і каб я застаўся жывы дзякуючы табе».
І, калі нарэшце Абрам прыйшоў у Егіпет, егіпцяне ўбачылі, што яна вельмі прыгожая жанчына;
І сталася, калі Абрам прыйшоў у Эгіпет, убачылі Эгіпцяне, што [Сарай] вельмі прыгожая жанчына.
і ўбачылі яе вяльможы фараона і вельмі хвалілі яе перад ім. І забралі жанчыну ў дом фараона,
І ўбачылі яе князі фараона, і хвалілі яе перад фараонам. І была ўзятая жанчына ў дом фараона.
а з Абрамам добра абышліся дзеля яе; былі ў яго авечкі, і валы, і аслы, і нявольнікі і нявольніцы, і асліцы, і вярблюды.
А Абраму было добра дзеля яе. І сталася, што атрымаў ён авечак і валоў, і аслоў, і слугаў, і нявольніцаў, і асьліцаў, і вярблюдаў.
Госпад жа апанаваў фараона і дом яго страшнымі карамі дзеля Сараі, жонкі Абрама.
І наведаў ГОСПАД фараона і дом ягоны вялікімі карамі з прычыны Сарай, жонкі Абрама.
Дык паклікаў фараон Абрама і сказаў яму: «Што ж гэта ты мне зрабіў? Чаму не сказаў мне, што яна жонка твая?
І паклікаў фараон Абрама, і сказаў [яму]: «Што ты мне зрабіў? Чаму не сказаў мне, што яна — жонка твая?
З якой прычыны ты сказаў, што яна сястра твая, так што я ўзяў яе сабе за жонку? Дык цяпер вось жонка твая: бяры яе і ідзі!»
Чаму ты казаў: “Яна — сястра мая”, і я ўзяў яе сабе за жонку? Вось табе жонка твая, бяры і ідзі!»
І даў фараон загад людзям сваім наконт Абрама; і вывелі яго, і жонку яго, і ўсё, што ён меў.
І загадаў фараон людзям сваім, і яны выслалі [Абрама], і жонку ягоную, і ўсё, што ён меў.