Быццё 15 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Пасля гэтых здарэнняў сталася слова Госпада, прамоўленае да Абрама ў бачанні: «Не бойся, Абраме! Я — абаронца твой, і ўзнагарода твая вельмі вялікая».
 
Пасьля гэтых падзеяў было слова ГОСПАДА да Абрама ў відзежы, кажучы: «Ня бойся, Абраме! Я — шчыт твой, узнагарода твая вельмі вялікая».

Абрам сказаў: «О Госпадзе Божа, што Ты дасі мне? Я пайду без дзяцей, і спадкаемцам дома майго будзе Эліязэр з Дамаска».
 
І сказаў Абрам: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, што Ты дасі мне? Я хаджу бязьдзетны, і распарадчык у доме маім — Эліезэр з Дамаску».

І дадаў Абрам: «Вось жа, не даў Ты мне нашчадка, дык вось, у доме маім паслугач будзе маім спадкаемцам».
 
І сказаў Абрам: «Вось, ня даў Ты мне насеньня. І вось, народжаны ў доме маім [слуга] будзе спадкаемцам маім».

Але вось, сталася слова Госпада да яго: «Не ён будзе спадкаемцам тваім, але той, які выйдзе з нутра твайго, яго будзеш мець спадкаемцам».
 
І вось, слова ГОСПАДА да яго, кажучы: «Ня ён успадкаеміць цябе, але той, які выйдзе з нутра твайго, успадкаеміць цябе».

І вывеў яго Бог вонкі і сказаў яму: «Глянь на неба і палічы зоркі, калі зможаш». І сказаў яму: «Такім будзе патомства тваё».
 
І вывеў яго вонкі, і сказаў: «Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі зможаш палічыць іх». І сказаў яму: «Такім будзе насеньне тваё».

І паверыў ён Госпаду, і Ён залічыў гэта яму за заслугу.
 
І паверыў ён ГОСПАДУ, і Ён залічыў гэта яму за праведнасьць.

І сказаў яму: «Я — Госпад, Які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе гэтую зямлю ва ўласнасць».
 
І сказаў яму: «Я — ГОСПАД, Які вывеў цябе з Уру Халдэйскага, каб даць табе гэтую зямлю ў валоданьне».

А ён сказаў: «Госпадзе Божа, з чаго магу ведаць, што я буду валодаць ёю?»
 
А ён сказаў: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, з чаго магу ведаць, што я буду валодаць ёю?»

Прамовіў Госпад у адказ: «Вазьмі Мне трацячку ялаўку, і трохгадовую казу, і трохгадовага барана, туркаўку і галуба».
 
І [Госпад] сказаў яму: «Вазьмі Мне трохгадовую цялушку, і трохгадовую казу, і трохгадовага барана, туркаўку і галубянятка».

Дык узяўшы ўсё гэта, Абрам паперасякаў іх уздоўж на палавіны і абедзве часткі паклаў адну насупраць другой; але птушак не перасякаў.
 
І [Абрам] узяў усё гэта, і расьцяў іх уздоўж, і паклаў кожную частку адну насупраць другой, але птушак не расьцінаў.

Калі ж да гэтага мяса пачалі злятацца птушкі драпежныя, Абрам адганяў іх.
 
І зьляцеліся драпежныя птушкі на гэтае мяса, і Абрам адганяў іх.

А калі сонца хілілася на захад, моцны сон ахапіў Абрама, і вось, страх вялікі і цёмны апанаваў яго.
 
І сталася, калі сонца заходзіла, моцны сон ахапіў Абрама. І вось, жах і цемра вялікая ахапілі яго.

І было сказана яму: «Ведай гэта наперад, што нашчадкі твае будуць прыхаднямі ў зямлі не сваёй, і аддадуць іх у няволю, і прыгнятаць будуць чатырыста гадоў;
 
І сказаў [Госпад] Абраму: «Ведаючы, ведай, што насеньне тваё будзе прыхаднямі ў зямлі не сваёй, і будуць служыць яны, і будуць прыгнятаць іх чатырыста гадоў.

але народ, якому будуць яны служыць, Я асуджу, і пасля таго выйдуць яны з вялікай маёмасцю.
 
Але з народам, якому будуць яны служыць, Я буду змагацца, і пасьля таго выйдуць яны з вялікай маёмасьцю.

Ты, вось, пойдзеш да бацькоў сваіх у супакоі, у добрай старасці будзеш пахаваны.
 
А ты пойдзеш да бацькоў сваіх у супакоі, і будзеш пахаваны ў добрай старасьці.

Твае нашчадкі вернуцца сюды ў чацвёртым пакаленні, бо мера злачынстваў амарэяў яшчэ не споўнілася аж да цяперашняга часу».
 
І ў чацьвёртым пакаленьні яны вернуцца сюды, бо яшчэ не дапоўнілася мера беззаконьняў Амарэяў».

І калі ўжо зайшло сонца і сталася непраніцальная цемра, паказаўся дым, як бы з печы, і вогненная лампада, што прайшла між рассечанымі жывёламі.
 
І сталася, калі зайшло сонца і была цемра, вось, дым, нібы з печы, і полымя агню прайшлі між расьцятымі жывёламі.

У той дзень, вось, заключыў Госпад з Абрамам пагадненне, кажучы: «Я дам гэтую зямлю нашчадкам тваім, ад ручая Егіпецкага аж да вялікай ракі Эўфрат:
 
У той дзень заключыў ГОСПАД з Абрамам запавет, кажучы: «Я даю гэтую зямлю насеньню твайму, ад ракі Эгіпецкай аж да вялікай ракі, ракі Эўфрат:

разам з кінэямі, і кенэзеямі, і кадманеямі,
 
Кенэяў, Кенэзэяў, Кадманеяў,

і хетэямі, і феразеямі, а таксама з рэфаімамі,
 
Хетаў, Пэрэзэяў, Рэфаімаў,

і амарэямі, і хананеямі, і гергесеямі, і евусеямі».
 
Амарэяў, Хананейцаў, Гіргашэяў і Евусэяў».