Быццё 41 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Праз два гады фараон бачыў сон. Здавалася яму, што стаіць ён над ракой,
І сталася, што мінула два гады часу, і сьніў фараон, і вось, ён стаіць каля ракі.
з якой выйшла сем кароў прыгожых і сытых, і яны пасвіліся на балоцістым поплаве.
І вось, з ракі выходзяць сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых целам; і пасьвіліся на поплаве.
Таксама іншых сем кароў, брыдкіх і худых, выйшлі за імі з ракі і сталі на самым беразе ракі.
І вось, сем іншых кароваў выходзяць за імі з ракі, брыдкіх з выгляду і худых целам, і сталі каля тых кароваў на беразе ракі.
І пажэрлі яны сем прыгожых і сытых кароў. І прачнуўся фараон,
І пажэрлі каровы брыдкія з выгляду і худыя целам сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых. І прачнуўся фараон.
ды зноў задрамаў і ўбачыў другі сон. На адным сцябле вырасла сем каласоў поўных і прыгожых.
І ён заснуў, і сьніў другі раз, і вось, сем каласоў вырасьлі на адной сьцябліне, здаровых і добрых.
І столькі ж з’явілася іншых каласоў, пустых і знішчаных сухім ветрам,
І вось, сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам вырастаюць пасьля іх.
і яны знішчылі ўсю папярэднюю прыгажосць. Фараон абудзіўся і [зразумеў, што гэта] сон.
І праглынулі каласы пустыя сем каласоў здаровых і поўных. І прачнуўся фараон, і вось, [гэта] сон.
І, з надыходам раніцы, устрывожаны, паслаў ён па ўсіх варажбітоў егіпецкіх і па ўсіх мудрацоў сваіх. І калі яны сабраліся, расказаў сон, але не было нікога, хто б вытлумачыў.
І сталася раніцаю, што быў устрывожаны дух ягоны, і ён паслаў, і паклікаў усіх варажбітоў Эгіпту і ўсіх мудрацоў яго, і распавёў ім фараон сон свой; і не было [нікога], хто б патлумачыў яго фараону.
Тады нарэшце загадчык чарнікаў прыпомніў і сказаў: «Прызнаюся ў граху сваім.
І прамовіў начальнік чашнікаў фараону, кажучы: «Грахі мае ўзгадваю я сёньня.
Цар, разгневаны на паслугачоў сваіх, загадаў пасадзіць пад варту ў дом начальніка целаахоўнікаў мяне і загадчыка пекараў.
Фараон загневаўся на слугаў сваіх і аддаў мяне пад нагляд у дом начальніка варты, мяне і начальніка пекараў.
Там у адну з начэй мы абодва бачылі сон, прадказанне будучыні.
І мы сьнілі сон у адну ноч, я і ён, кожны са значэньнем сон свой мы сьнілі.
І быў там юнак гебрай, раб таго самага начальніка варты, якому мы расказалі сны.
І быў там з намі юнак Гебрай, нявольнік начальніка варты. І мы распавялі яму, і ён патлумачыў нам сны нашыя, кожнаму сон ягоны патлумачыў.
Тое, што мы пачулі, пацвердзіў пазнейшы зыход падзей. Я вернуты да свайго абавязку, а ён павешаны на шыбеніцы».
І сталася, што як ён патлумачыў нам, так і адбылося: мяне вярнулі на становішча маё, а таго павесілі».
Хутка па загадзе цара быў з вязніцы прыведзены Язэп. Яго падстрыглі, змянілі адзежу і прадставілі яму.
І паслаў фараон, і паклікаў Язэпа; і хутка вывялі яго з лёху. І ён пагаліўся, і зьмяніў адзеньне сваё, і прыйшоў да фараона.
Той кажа Язэпу: «Бачыў я сон, і няма нікога, хто б яго разгадаў. Чуў, што ты іх тлумачыш вельмі мудра».
І сказаў фараон Язэпу: «Я сьніў сон, і няма нікога, хто б патлумачыў яго. І я чуў, што пра цябе кажуць, што ты, выслухаўшы сон, тлумачыш яго».
Язэп адказаў: «Не я, але Бог дасць адказ фараону на дабро!»
І адказаў Язэп фараону, кажучы: «Ня я, але Бог можа казаць на супакой фараону».
І фараон расказаў, што бачыў: «Здавалася мне, што я стаю на беразе ракі,
І сказаў фараон Язэпу: «У сьне маім, вось, стаю я на беразе ракі.
і выйшлі з ракі сем кароў прыгожых з выгляду і сытых целам, і на балотным поплаве шчыпалі зеляніну.
І вось, з ракі выходзяць сем кароваў сытых целам і прыгожых з выгляду, і пасьвіліся яны на поплаве.
І вось жа, па гэтых выйшлі іншыя сем кароў, і настолькі агідных і худых, што я ў зямлі Егіпецкай такіх ніколі не бачыў,
І вось, сем кароваў іншых выходзяць пасьля іх, някшталтныя, вельмі брыдкія з выгляду і худыя целам, я ня бачыў падобных, што да брыдкасьці, у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
і яны, зжэршы і паглынуўшы першых,
І пажэрлі каровы худыя і брыдкія першых сем кароваў сытых.
ніколькі не пасыцелі, але заставаліся гэткімі ж самымі худымі і брыдкімі. Я прабудзіўся і, зноў сном замораны,
І ўвайшлі яны ў чэравы іхныя, і не было пазнаць, што яны ўвайшлі ў чэравы іхныя, і выгляд іхні быў паганы, як і спачатку. І я прачнуўся.
бачыў сон: вырасла сем каласоў на адным сцябле, поўных і вельмі прыгожых.
І ўбачыў я ў сьне, і вось, сем каласоў вырастаюць на адной сьцябліне, поўных і добрых.
Але іншыя, таксама сем, пустых і знішчаных сухім ветрам, з’явіліся са сцябла.
І вось, сем каласоў ценькіх, пустых і высушаных усходнім ветрам растуць пасьля іх.
Яны праглынулі прыгажосць тых першых. Расказаў я сон варажбітам, і няма нікога, хто б разгадаў».
І праглынулі каласы пустыя сем каласоў добрых. Я расказаў гэта варажбітам, але няма [нікога, хто б] патлумачыў [гэта] мне».
Язэп сказаў: «Сон цара адзін. Што мае стацца, — Бог аб’явіў фараону.
І сказаў Язэп фараону: «Сон фараона — адзін ён. Што Бог зробіць, Ён паведаміў фараону.
Сем кароў прыгожых і сем каласоў поўных — гэта сем гадоў ураджайных: адно і тое ж значэнне сну выражаюць.
Сем кароваў добрых — гэта сем гадоў; і сем тых каласоў добрых — гэта сем гадоў. Гэта сон адзін.
А сем кароў худых і брыдкіх, якія выйшлі за тымі, і сем каласоў пустых і знішчаных сухім ветрам — гэта сем гадоў будучага голаду,
І сем кароваў худых і брыдкіх, якія выйшлі пасьля іх — гэта сем гадоў; і сем каласоў пустых, высушаных усходнім ветрам — гэта будзе сем гадоў голаду.
якія ў такім парадку надыдуць.
Гэта слова, якое я прамовіў да фараона. Што Бог зробіць, Ён паказаў фараону.
Вось жа, пачынаецца сем гадоў надзвычай ураджайных ва ўсёй зямлі Егіпта,
Вось, прыйдзе сем гадоў вялікага дабрабыту ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
па якіх наступяць сем гадоў такога голаду страшнага, што ў няпамяць пойдзе ўся папярэдняя шчодрасць. І ахопіць голад усю зямлю,
І настануць пасьля іх сем гадоў голаду; і забудзецца ўвесь той дабрабыт у зямлі Эгіпецкай, і вынішчыць голад гэтую зямлю.
і вялікая ўраджайнасць заменіцца вялікай нястачай.
І ня будзе відно дабрабыту ў зямлі з прычыны голаду, які будзе пасьля, бо будзе ён вельмі цяжкі.
А калі ты бачыў другі раз сон, які датычыўся той самай справы, гэта ёсць моцным доказам, што тое, што Бог сказаў, у хуткім часе Богам будзе споўнена.
А тое, што паўтарыўся гэты сон фараону двойчы, [азначае], што вызначана гэта справа ў Бога і неўзабаве Бог зьдзейсьніць гэта.
Дык хай цяпер прадбачыць валадар разумнага і мудрага чалавека і паставіць яго над зямлёй Егіпецкай.
І цяпер няхай прыгледзіць фараон мужа кемлівага і мудрага, і няхай паставіць яго над зямлёю Эгіпецкай.
І хай паставіць ён наглядчыкаў на ўсе правінцыі, і пятую частку ўраджаю на працягу сямі гадоў урадлівасці,
Няхай [так] зробіць фараон, і прызначыць наглядчыкаў над краем, і зьбірае пятую частку [ўраджаю] з зямлі Эгіпецкай у сем гадоў дабрабыту.
якія ўжо цяпер надыдуць, збірае ў гумны. Хай усё збожжа пад уладай фараона збіраецца і захоўваецца ў гарадах.
І зьбяруць усякае харчаваньне падчас гэтых добрых гадоў, якія надыйдуць, і няхай зьбіраюць збожжа пад руку фараона на харчаваньне ў гарадах, і няхай захоўваюць.
І хай прыгатуюцца гэтыя запасы для будучых сямі гадоў голаду, які прыцісне Егіпет, і не загіне зямля ў нястачы».
І будзе гэтае харчаваньне на запас зямлі на сем гадоў голаду».
І спадабалася парада фараону і ўсім яго паслугачам.
І добрае было гэтае слова ў вачах фараона і ў вачах усіх слугаў ягоных.
І ён сказаў ім: «Ці ж зможам мы знайсці такога чалавека, які быў бы поўны Духу Божага?»
І сказаў фараон слугам сваім: «Ці знойдзецца такі чалавек, як гэты, які мае ў сабе Духа Божага?»
І сказаў ён Язэпу: «Калі табе Бог аб’явіў усё, што ты сказаў, то ці змагу знайсці мудрэйшага, падобнага да цябе?
І сказаў фараон Язэпу: «Пасьля таго, як Бог паведаміў табе ўсё гэта, няма нікога такога кемлівага і мудрага, як ты.
Ты будзеш над маім домам, і загаду вуснаў тваіх паслухаецца ўвесь мой народ. Адно толькі: дастойнасцю царскай буду перавышаць цябе».
Ты будзеш над домам маім, і вуснаў тваіх будзе слухацца ўвесь народ мой; толькі пасадам я буду перавышаць цябе».
І сказаў яшчэ фараон Язэпу: «Вось, я ўстанаўляю цябе над усёй зямлёй Егіпта».
І сказаў фараон Язэпу: «Глядзі, я паставіў цябе над усёй зямлёю Эгіпецкай».
І зняў фараон свой пярсцёнак з пальца і ўздзеў яго на палец Язэпа, і загадаў апрануць яго ў шаты з найчысцейшага лёну, і павесіў яму на шыю залаты ланцуг.
І зьняў фараон пярсьцёнак свой з рукі сваёй, і даў яго на руку Язэпу; і апрануў яго ў адзеньне з вісону, і ўзлажыў ланцуг залаты на шыю ягоную;
І загадаў вазіць яго на другой сваёй павозцы і клікаць перад ім: «Абрэк!», і каб усе перад ім укленчвалі і ведалі, што ён правіцель над усёй Егіпецкай зямлёй.
і загадаў вазіць яго на другой калясьніцы сваёй, і крычалі перад ім: «Кланяйцеся!» І паставіў яго над усёй зямлёю Эгіпецкай.
І сказаў цар Язэпу: «Я — фараон. Без твайго загаду ніхто не паварухне рукой або нагой ва ўсёй зямлі Егіпта».
І сказаў фараон Язэпу: «Я — фараон, але без цябе ніхто не падыме рукі сваёй і нагі сваёй у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай».
І змяніў імя яго, і назваў яго на мове егіпецкай: Сапанэт-Панэкa, і даў яму за жонку Асэнат, дачку Патыфэра, святара Геліяпольскага. І так Язэп узвысіўся над усёй зямлёй Егіпецкай —
І назваў фараон імя Язэпава Цафнат-Панэах, і даў яму за жонку Аснат, дачку Паты-Пэра, сьвятара з Ону. І ўзьняўся Язэп над зямлёю Эгіпецкаю.
а меў ён трыццаць гадоў, калі стаў перад абліччам цара-фараона, і аб’ехаў ён усе правінцыі Егіпта.
Язэпу было трыццаць гадоў, калі ён стаў перад фараонам, валадаром Эгіпту. І выйшаў Язэп ад аблічча фараона, і прайшоў па ўсёй зямлі Эгіпецкай.
І надышла ўрадлівасць на працягу сямі гадоў, і сабраў ён хлеб у гумны ў Егіпце,
І выдала зямля ў сем гадоў дабрабыту поўныя жмені [збожжа].
назапашваючы ў кожным горадзе збожжа з навакольных палёў.
І зьбіраў ён усякае харчаваньне тых сямі гадоў, якія былі ў зямлі Эгіпецкай, і разьмясьціў харчаваньне ў гарадах; харчаваньне з вакалічных палёў гораду ён складаў у [кожным з] іх.
І быў такі дастатак пшаніцы, што можна было прыпадобніць да пяску марскога, так што ён перавышаў меру.
І назьбіраў Язэп збожжа, як пяску марскога, так шмат, ажно перасталі лічыць, бо не было [яму] ліку.
І нарадзіліся Язэпу два сыны перад тым, як настаў голад, якіх яму нарадзіла Асэнат, дачка Патыфэра, святара Геліяпольскага.
І ў Язэпа нарадзіліся два сыны перш, чым прыйшоў год голаду, якіх нарадзіла яму Аснат, дачка Паты-Пэра, сьвятара з Ону.
І даў ён першароднаму імя Манаса, кажучы: «Даў мне Бог забыцца пра ўсе цяжкасці мае і пра дом бацькі майго».
І назваў Язэп імя першароднага Манаса, бо [казаў:] «Даў мне Бог забыцца ўсе цяжкасьці мае і ўвесь дом бацькі майго».
А другога назваў імем Эфраім, бо казаў: «Даў мне Бог расці ў зямлі нядолі маёй».
А імя другога назваў Эфраім, бо казаў: «Распладзіў мяне Бог у зямлі нядолі маёй».
Вось, калі прайшлі сем гадоў ураджайных, якія былі ў Егіпце,
І мінулі сем гадоў дабрабыту, які быў у зямлі Эгіпецкай.
пачалі надыходзіць сем гадоў нястачы, якія прадказаў Язэп, і на ўсім свеце запанаваў голад. Ва ўсёй жа зямлі Егіпецкай быў хлеб.
І пачалі прыходзіць сем гадоў голаду, як сказаў Язэп. І быў голад у-ва ўсіх краінах, але ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай быў хлеб.
Калі ж і ў ёй настаў голад, увесь народ звярнуўся да фараона, просячы ежы. Ён жа ім адказаў: «Ідзіце да Язэпа і, што вам скажа, рабіце».
І галадавала ўся зямля Эгіпецкая, і крычаў народ да фараона пра хлеб, і сказаў фараон усім Эгіпцянам: «Ідзіце да Язэпа і рабіце, што ён вам скажа».
І запанаваў голад ва ўсёй зямлі Егіпта; Язэп адкрыў усе гумны і прадаваў [хлеб] егіпцянам, бо і іх прыціскаў голад.
І быў голад на ўсім абліччы зямлі, і адчыніў Язэп усе [гумны], якія былі ў іх, і прадаваў Эгіпцянам. І павялічваўся голад у зямлі Эгіпецкай.
І ўсе жыхары прылеглых земляў прыбывалі ў Егіпет, каб купіць харчоў у Язэпа, бо голад лютаваў па ўсёй зямлі.
І з усёй зямлі прыходзілі ў Эгіпет купляць у Язэпа, бо павялічваўся голад па ўсёй зямлі.