Быццё 18 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І з’явіўся Госпад Абрагаму паблізу дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў ля ўваходу ў палатку ў самую спякоту дня.
І зьявіўся яму ГОСПАД каля дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў каля ўваходу ў намёт у сьпякоту дня.
Калі ён падняў вочы, з’явіліся перад ім тры чалавекі, якія стаялі каля яго. Калі ён убачыў іх, то паспяшаўся ад дзвярэй палаткі сваёй насустрач, і пакланіўся да зямлі,
І падняў ён вочы свае, і глянуў, і вось, тры мужы стаяць насупраць яго. І ён убачыў, і выбег ад уваходу ў намёт насустрач ім, і пакланіўся да зямлі,
і сказаў: «О Госпадзе мой, калі знайшоў я ласку ў вачах Тваіх, не мінай паслугача Свайго.
і сказаў: «Госпадзе, калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, прашу, не мінай слугі Свайго.
Хай прынясуць крыху вады, і абмыйце ногі вашы ды адпачніце пад дрэвам.
Возьмуць трохі вады, і абмыюць ногі Вашыя, і прыхінецеся пад дрэвам.
А я прынясу лусту хлеба, і пасіліце сэрца ваша, а потым пойдзеце далей; бо вось павярнулі вы да паслугача свайго». Яны сказалі: «Зрабі так, як сказаў».
А я вазьму кавалак хлеба, і пасіліце сэрцы Вашыя, потым пойдзеце, бо дзеля гэтага вы прайшлі каля слугі Вашага». Яны сказалі: «Зрабі так, як сказаў».
І паспяшыў Абрагам у палатку да Сары і сказаў ёй: «Замяшай хутка тры меркі найлепшай мукі і спячы ў попеле хлеб».
І пасьпяшаўся Абрагам у намёт да Сары, і сказаў: «Пасьпяшайся, замяшай тры меркі найлепшай мукі і зрабі аладак».
А сам пабег да статка, і адтуль прынёс найсыцейшае і самае лепшае цяля, і даў яго слузе; той вельмі хутка прыгатаваў яго.
І пабег Абрагам да быдла, і ўзяў тлустае і добрае цяля, і даў юнаку, і той хутка прыгатаваў яго.
І прынёс таксама масла і малака, і цяля, якое прыгатаваў, і паставіў перад імі. Сам жа стаяў паблізу іх пад дрэвам; і яны елі.
І ўзяў масла і малака, і цяля, якое прыгатаваў, і паклаў перад абліччам Іх, і сам стаў каля Іх пад дрэвам, і яны елі.
І спыталі ў яго: «А дзе жонка твая, Сара?» Адказаў ім: «У гэтай вось палатцы».
І сказалі яму: «А дзе Сара, жонка твая?» Ён сказаў: «Вось, у намёце».
І сказаў яму: «Калі ў гэты час зноў наведаю цябе, Сара, жонка твая, будзе мець сына». Пачуўшы гэта, Сара засмяялася каля ўваходу ў палатку, бо стаяла па-за ёю.
А Той сказаў: «Вяртаючыся, вярнуся да цябе ў гэты час жыцьця [праз год], і вось, будзе сын у Сары, жонкі тваёй». А Сара слухала каля ўваходу ў намёт, які быў за ім.
Бо былі абое старыя, пажылога ўзросту, і звычайныя жаночыя аб’явы ў Сары спыніліся.
Абрагам жа і Сара былі старыя, увайшлі ў гады, і спынілася ў Сары звычайнае жаночае.
Усміхнулася яна патаемна, думаючы: «Калі ўжо я састарэла, і муж мой стары, ці маю мець асалоду?»
І засьмяялася Сара ў сабе, кажучы: «Пасьля таго, як я састарэла, ці ж буду мець асалоду? І гаспадар мой стары».
І сказаў Госпад Абрагаму: «Чаго смяецца Сара і кажа: “Ці сапраўды магу нарадзіць старая?”
І сказаў ГОСПАД Абрагаму: «Чаму сьмяялася Сара, кажучы: “Няўжо я сапраўды магу нарадзіць, калі я старая?”
Ці ж для Госпада ёсць што немагчымае? Калі вярнуся да цябе ў гэты самы час, Сара будзе мець сына».
Ці ж ёсьць справа, цяжкая для ГОСПАДА? У прызначаны час вярнуся да цябе ў гэты час жыцьця [праз год], і Сара будзе мець сына».
А Сара запярэчыла, кажучы: «Я не смяялася», бо ахапіў яе страх. Але Госпад сказаў: «Не, ты смяялася!»
І запярэчыла Сара, кажучы: «Я не сьмяялася», бо яна спалохалася. Але Ён сказаў: «Не, ты сьмяялася!»
Калі ж тыя людзі падняліся адтуль, то накіравалі вочы свае на Садом, а Абрагам ішоў разам, праводзячы іх.
І падняліся адтуль тыя мужы, і скіравалі аблічча Сваё да Садому, а Абрагам пайшоў з Імі, праводзячы Іх.
І сказаў Госпад: «Ці ж змагу хаваць перад Абрагамам, што маю зрабіць,
І ГОСПАД сказаў: «Ці ж схаваю Я перад Абрагамам, што маю зрабіць?
калі ён станецца народам вялікім і наймагутнейшым, і ў ім дабраславёныя будуць усе народы зямлі?
Абрагам станецца народам вялікім і магутным, і будуць дабраслаўлёныя ў ім усе народы зямлі.
Бо выбраў Я яго, каб загадваў сынам сваім і радні сваёй па сабе, каб пільнаваліся дарогі Госпадавай і чынілі справядлівасць і суд, каб выканаў Госпад Абрагаму ўсё тое, што сказаў яму».
Бо Я спазнаў яго, каб ён загадаў сынам сваім і дому свайму пасьля сябе, і будуць захоўваць шлях ГОСПАДА, чыніць праведнасьць і суд, каб ГОСПАД зьдзейсьніў Абрагаму ўсё, што сказаў яму».
І сказаў Госпад: «Скарга на Садом і на Гамору павялічылася, і грэх іх надта цяжкі.
І сказаў ГОСПАД: «Крык Садому і Гаморы вялікі, і грэх іхні вельмі цяжкі.
Дык выйду і пагляджу, ці скарга, якая дайшла да Мяне, збываецца на справе, ці не?»
Дык зыйду і пагляджу, ці паводле крыку, які даходзіць да Мяне, учыняюць усё, ці не, і буду [гэта] ведаць».
І павярнулі людзі адтуль, і накіраваліся ў Садом. А Абрагам усё стаяў перад Госпадам.
І павярнуліся тыя мужы, і пайшлі ў Садом, а Абрагам яшчэ стаяў перад абліччам ГОСПАДА.
І, падышоўшы, спытаў: «Ці загубіш справядлівага разам з бязбожным?
І падыйшоў Абрагам, і сказаў: «Няўжо загубіш праведнага разам з бязбожным?
Калі, выпадкам, у горадзе будзе пяцьдзесят справядлівых, ці сапраўды загубіш і не пашкадуеш таго месца дзеля пяцідзесяці справядлівых, калі будуць у ім?
Можа, ёсьць у горадзе пяцьдзясят праведнікаў, няўжо Ты загубіш і не прабачыш гэтай мясцовасьці дзеля пяцідзесяці праведнікаў, якія ў ім?
Не рабі гэткім чынам, каб загубіў Ты справядлівага ды з бязбожным, каб справядліваму было таксама, як і бязбожнаму! Не рабі! Ці ж суддзя ўсёй зямлі ўчыніць несправядлівасць?»
Няхай будзе далёкім ад Цябе, каб Ты ўчыніў такую справу, каб забіць праведнага з бязбожным, каб праведнаму было таксама, як і бязбожнаму! Няхай будзе далёкім ад Цябе! Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі ня ўчыніць правасудзьдзя?»
Госпад адказаў: «Калі знайду ў Садоме пяцьдзесят справядлівых сярод жыхароў, то дзеля іх прабачу ўсяму гораду».
І сказаў ГОСПАД: «Калі знайду ў Садоме пяцьдзясят праведнікаў у горадзе, дзеля іх прабачу ўсёй мясцовасьці».
І зноў Абрагам прамовіў у адказ: «Вось жа, пачаў я прамаўляць да Госпада майго, хоць я пыл і парахня.
І адказаў Абрагам, і сказаў: «Вось жа пачаў я гаварыць да Госпада майго, хоць я — пыл і попел.
А што, калі б не хапала пяці сярод гэтых пяцідзесяці справядлівых, ці дзеля [нястачы] пяці знішчыш увесь горад?» Ён кажа: «Не знішчу, калі знайду там сорак пяць».
Можа, ня хопіць пяці да гэтых пяцідзесяці праведнікаў, няўжо дзеля нястачы пяці зьнішчыш увесь горад?» І сказаў [Госпад]: «Ня зьнішчу, калі знайду там сорак пяць».
Зноў звярнуўся да Яго: «Калі б, выпадкам, было там толькі сорак?» Кажа: «Не зруйную дзеля сарака».
І працягваў гаварыць з Ім, і сказаў: «Можа, знойдзецца там сорак?» І Ён сказаў: «Не зраблю гэтага дзеля сарака».
«Не гневайся, прашу, — кажа, — Госпадзе мой, што папытаюся. А калі б часам знайшлося там трыццаць?» Адказаў: «Не ўчыню, калі знайду там трыццаць».
І сказаў ён: «Няхай ня гневаецца Госпад мой, і я буду гаварыць. Можа, знойдзецца там трыццаць?» І Ён сказаў: «Не зраблю, калі знайду там трыццаць».
«Вось, — кажа, — пачаў я прамаўляць да Госпада майго. А калі часам знойдзецца там дваццаць?» Сказаў: «Не заб’ю дзеля дваццаці».
І сказаў ён: «Вось, я пачаў гаварыць да Госпада майго. Можа, знойдзецца там дваццаць?» І Ён сказаў: «Ня зьнішчу дзеля дваццаці».
«Прашу, кажа, не гневайся, Госпадзе мой, што спытаюся яшчэ раз. Можа, часам, знайшлося б там дзесяць?» Адказаў: «Не знішчу дзеля дзесяці».
І сказаў ён: «Няхай ня гневаецца Госпад мой, і я буду гаварыць яшчэ раз. Можа, знойдзецца там дзесяць?» І Ён сказаў: «Ня зьнішчу дзеля дзесяці».
І, скончыўшы размову з Абрагамам, Госпад пайшоў, а той вярнуўся ў сваё месца.
І пайшоў ГОСПАД, скончыўшы гаварыць з Абрагамам, а Абрагам вярнуўся да месца свайго.