Быццё 28 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Тады паклікаў Ізаак Якуба, і дабраславіў яго, і загадаў яму, кажучы: «Не бяры сабе жонкі з дачок Ханаана.
І паклікаў Ісаак Якуба, і дабраславіў яго, і загадаў яму, і сказаў яму: «Не бяры сабе жонкі з дачок Ханаану.
Устань, ідзі ў Падан-Арам, да сям’і Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе там за жонку адну з дачок Лабана, дзядзькі твайго.
Устань, ідзі ў Падан-Арам, у дом Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе адтуль жонку з дачок Лявана, брата маці тваёй.
А Бог Усемагутны хай цябе дабраславіць і зробіць цябе плодным, і дасць табе шматлікіх нашчадкаў, каб стаўся ты мноствам народаў.
І Бог Усемагутны дабраславіць цябе, і зробіць цябе плодным, і памножыць цябе, і ты станешся супольнасьцю народаў,
І хай дасць Ён табе дабраславенні Абрагама табе і патомству твайму разам, каб валодаў ты зямлёю вандравання твайго, якую паабяцаў Бог дзеду твайму».
і Ён дасьць табе дабраславеньне Абрагама, табе і насеньню твайму з табою, каб ты ўзяў у спадчыну зямлю вандраваньня твайго, якую Бог даў Абрагаму».
І выправіў Ізаак яго ў дарогу, і ён пайшоў у Падан-Арам да Лабана, сына Бэтуэля, арамейца, брата Рэбэкі, маці Якуба і Эзава.
І паслаў Ісаак Якуба, і ён пайшоў у Падан-Арам да Лявана, сына Бэтуэля Арамейца, брата Рэбэкі, маці Якуба і Эзава.
А Эзаў, бачачы, што бацька яго дабраславіў Якуба і паслаў яго ў Падан-Арам, каб адтуль узяў жонку, ды што пасля дабраславення загадаў яму, кажучы: «Не бяры жонкі з дачок Ханаана»,
І бачыў Эзаў, што дабраславіў Ісаак Якуба, і, дабраслаўляючы яго, паслаў яго ў Падан-Арам узяць сабе адтуль жонку, і загадаў яму, кажучы: «Не бяры жонкі з дачок Ханаану»;
і што Якуб, паслухмяны бацькам сваім, пайшоў у Падан-Арам,
і што паслухаў Якуб бацьку свайго і маці сваю, і пайшоў у Падан-Арам.
і, пераканаўшыся таксама, што яго бацька не любіць дачок Ханаана,
І бачыў Эзаў, што ліхія дочкі Ханаану ў вачах Ісаака, бацькі ягонага.
пайшоў да Ізмаэля і ўзяў жонку — апрача тых, што меў, — Махалат, дачку Ізмаэля, сына Абрагама, сястру Набаёта.
І пайшоў Эзаў да Ізмаэля, і ўзяў за жонку сабе Махалят, дачку Ізмаэля, сына Абрагама, сястру Наваёта, акрамя тых жонак, якія меў.
А Якуб выйшаў з Бээр-Сэбы і накіраваўся далей у Харан.
І выйшаў Якуб з Бээр-Шэвы, і пайшоў у Харан.
І калі прыйшоў ён да нейкага месца і захацеў там заначаваць, бо ўжо сонца зайшло, падняў ён [адзін] з камянёў, што ляжалі, і, падклаўшы сабе пад галаву, заснуў на гэтым месцы.
І трапіў ён на адно месца, і заначаваў там, бо зайшло сонца. І ўзяў камяні з таго месца, і палажыў пад галаву сваю, і лёг спаць на тым месцы.
І ўбачыў ён ува сне лесвіцу, што абапіралася на зямлю, а верхам дакраналася да неба, і таксама анёлаў Божых, якія ўзнімаліся і спускаліся па ёй.
І сьніў ён, і вось, лесьвіца стаіць на зямлі, а верх яе дакранаецца да неба; і вось, анёлы Божыя ўзыходзяць і зыходзяць па ёй.
І Госпада, Які абапіраўся на лесвіцу і гаварыў яму: «Я — Госпад, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ізаака. Зямлю, на якой спіш, Я дам табе і нашчадкам тваім.
І вось, ГОСПАД стаў над ім і сказаў: «Я — ГОСПАД, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і насеньню твайму.
І будзе патомства тваё, як пыл зямлі, і ты распаўсюдзішся на захад і на ўсход, на поўнач і на поўдзень. У табе і ў нашчадках тваіх усе пакаленні зямлі будуць дабраславёныя.
І станецца насеньне тваё, як пясок зямлі; і ты распаўсюдзішся на захад, і на ўсход, і на поўнач, і на поўдзень, і будуць дабраслаўлёныя ў табе і ў насеньні тваім усе плямёны зямлі.
І вось, Я з табою, і буду берагчы цябе, куды б ты ні пайшоў, і прывяду цябе ў гэтую зямлю, і не пакіну цябе, пакуль не споўню, што табе абяцаю».
І вось, Я з табою, і буду захоўваць цябе ўсюды, куды ты пойдзеш, і вярну цябе ў гэтую зямлю, бо Я не пакіну цябе, пакуль не зраблю таго, што Я сказаў табе».
Калі Якуб прабудзіўся ад сну, сказаў: «Сапраўды, Госпад прабывае на гэтым месцы, а я не ведаў».
І прачнуўся Якуб зо-сну свайго, і сказаў: «Сапраўды ГОСПАД ёсьць на месцы гэтым, а я ня ведаў!»
І, праняты трывогай, сказаў: «Як страшным ёсць гэтае месца! Не што іншае тут, як хіба дом Божы і брама нябесная».
І спалохаўся, і сказаў: «Якое страшнае месца гэтае! Гэта нішто іншае, як дом Божы, і гэта брама неба».
Дык, устаўшы раніцай, Якуб узяў камень, які падклаў сабе пад галаву, і паставіў як памятны знак, паліўшы зверху алеем.
І ўстаў Якуб рана раніцай, і ўзяў камень, які ён палажыў пад галаву сваю, і паставіў яго як слуп, і наліў алей на верх ягоны.
І даў імя месцу гэтаму Бэтэль, а раней горад называўся Луз.
І назваў імя месца таго Бэтэль; а раней імя гораду таго было Люз.
І даў Якуб такую прысягу: «Калі Бог будзе са мной і будзе мяне берагчы ў гэтай дарозе, якою я вандрую, і дасць мне хлеб есці і адзенне апранацца,
І абяцаў Якуб абяцаньне, кажучы: «Калі Бог будзе са мною, і будзе захоўваць мяне на гэтым шляху, якім я іду, і дасьць мне хлеб есьці і адзежу адзецца,
і калі шчасліва вярнуся ў дом бацькі свайго, і Госпад будзе і мне Богам,
і я вярнуся ў супакоі ў дом бацькі майго, і будзе ГОСПАД мне Богам,
то гэты камень, які я паставіў як памятны знак, будзе домам Бога. І з усяго, што Ты дасі мне, я ахвярую Табе дзесятую частку».
дык камень гэты, які я паставіў як слуп, будзе домам Божым, і з усяго, што Ты дасі мне, я аддзялю Табе дзесяціну».