Быццё 9 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І дабраславіў Бог Ноя і сыноў яго, і сказаў ім: «Расціце, і размнажайцеся, і залюдняйце зямлю.
 
І дабраславіў Бог Ноя і сыноў ягоных, і сказаў ім: «Пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю.

Хай усе жывёлы, звяры зямныя і ўсе птушкі паднебныя з усімі тымі, што рухаюцца па зямлі, баяцца вас і дрыжаць перад вамі; усе рыбы марскія аддадзены ў рукі вашы.
 
Няхай баяцца вас і дрыжаць перад вамі ўсе зьвяры зямныя, і ўсе птушкі паднебныя; і ўсё, што рухаецца па зямлі, і ўсе рыбы марскія аддадзеныя ў рукі вашыя.

Усё, што рухаецца і што жыве, будзе вам на ежу, як расліны зямныя, усё даю вам,
 
Усё, што рухаецца, што жыве, будзе вам на ежу; як траву зялёную, Я даў вам усё.

за выключэннем таго, што ёсць целам з душою, якая ў крыві, — не ежце.
 
Толькі цела з душою ягонай, з крывёю яго, ня ешце.

Бо спытаю за кроў душ вашых з усіх жывёл; і з [кожнага] чалавека, і з [кожнага] брата яго спытаю за душу чалавека.
 
І толькі кроў вашу душаў вашых Я буду шукаць; з рукі ўсякага зьвера буду шукаць яе; і з рукі чалавека, з рукі кожнага брата ягонага буду шукаць душу чалавека.

Хто праліе кроў чалавечую, чалавекам будзе пралітая і яго кроў; бо чалавек створаны на вобраз Божы.
 
Хто праліе кроў чалавека, таго кроў будзе праліта рукою чалавека, бо чалавек зроблены на вобраз Божы.

А вы расціце і размнажайцеся, залюдняйце зямлю і валодайце ёю».
 
А вы пладзіцеся і множцеся, распаўсюджвайцеся на зямлі і множцеся на ёй».

Вось што яшчэ сказаў Бог Ною і сынам яго разам з ім:
 
І сказаў Бог Ною і сынам ягоным з ім, кажучы:

«Я, вось, усталёўваю запавет Мой з вамі і з нашчадкамі вашымі пасля вас
 
«Вось, Я заключаю запавет Мой з вамі і з насеньнем вашым пасьля вас,

ды для кожнай жывой душы, якая разам з вамі: ці з ліку птушак, ці з ліку жывёл і ўсіх звяроў зямлі, якія з вамі, — для ўсіх, якія выйшлі з аркі, для ўсіх звяроў зямлі.
 
і з усякаю душою жывою, якая з вамі: з птушкамі, са скацінай і з усімі зьвярамі зямнымі, якія з вамі, з усімі, што выйшлі з каўчэгу, з усімі зьвярамі зямлі.

Я ўсталёўваю запавет Мой з вамі так, што ўжо болей ніколі не будзе знішчана ніводнае цела водамі патопу ды ўжо ніколі не будзе патопу, што нішчыць зямлю».
 
І Я заключаю запавет Мой з вамі, і ўжо больш ня будзе вынішчана ўсякае цела водамі патопу, і больш ня будзе патопу, каб нішчыць зямлю».

І сказаў Бог: «А гэта знак пагаднення, які Я даю паміж Мной і вамі і для кожнай душы жывой, якая з вамі, на вечныя пакаленні.
 
І сказаў Бог: «Гэта знак запавету, які Я заключаю паміж Мною і вамі і ўсякай душой жывою, якая з вамі, у пакаленьні вечныя.

Вясёлку Маю пакладу на хмарах, і будзе яна знакам пагаднення паміж Мной і паміж зямлёю.
 
Вясёлку Маю кладу на хмарах, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю.

Калі пакрыю аблокамі неба, пакажацца вясёлка Мая на аблоках,
 
І станецца, калі расьцягну хмары над зямлёю, будзе відаць вясёлку на хмарах,

і прыгадаю Я пагадненне Маё з вамі і з кожнай душою жывой, з кожным чалавекам: і не будзе болей водаў патопу на пагібель усяго цялеснага.
 
і Я ўзгадаю запавет Мой, які паміж Мною і вамі і ўсякай душой жывою ў-ва ўсякім целе, і ня будзе больш водаў патопу, каб нішчыць усякае цела.

І будзе вясёлка на аблоках, і ўбачу Я яе, і прыгадаю вечнае пагадненне, якое ёсць запаветам паміж Богам і кожнай жывой душою ўсякага цела, якое ёсць на зямлі».
 
І будзе гэтая вясёлка на хмарах, і Я ўбачу яе, і ўзгадаю запавет вечны паміж Богам і ўсякай душой жывою ў-ва ўсякім целе, якое ёсьць на зямлі».

І сказаў Бог Ною: «Гэта будзе знак пагаднення, якое Я заключыў між Мною і кожным целам на зямлі».
 
І сказаў Бог Ною: «Гэта знак запавету, які Я даю, паміж Мною і ўсякім целам, якое ёсьць на зямлі».

Сынамі ж Ноя, якія выйшлі з аркі, былі Сэм, Хам і Яфэт. І менавіта Хам быў бацькам Ханаана.
 
І былі сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэгу: Сэм, Хам і Яфэт. А Хам быў бацькам Ханаана.

Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх залюднілася ўся зямля.
 
Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх напоўнілася [людзьмі] ўся зямля.

Ной, які быў земляробам, пачаў садзіць вінаграднік.
 
І Ной пачаў абрабляць зямлю, і пасадзіў вінаграднік.

П’ючы віно, ён ап’янеў і ляжаў, аголены, у сваёй палатцы.
 
І выпіў ён віна, і напіўся, і ляжаў голы ў сярэдзіне намёту.

Хам, бацька Ханаана, убачыўшы галізну бацькі свайго, сказаў аб гэтым двум сваім братам, якія былі па-за палаткай.
 
І ўбачыў Хам, бацька Ханаана, голасьць бацькі свайго, і распавёў двум братам сваім, [якія былі] звонку.

Тады Сэм і Яфэт усклалі плашч на плечы свае і, ідучы задам, прыкрылі сорам бацькі свайго; і твары іх былі звернуты назад, і яны не бачылі галізны бацькі свайго.
 
І ўзялі Сэм і Яфэт адзежу і ўсклалі на плечы свае, і пайшлі сьпінаю, і накрылі голасьць бацькі свайго; і абліччы іхнія былі [зьвернутыя] назад, і яны ня бачылі голасьці бацькі свайго.

Калі Ной, прачнуўшыся па ап’яненні ад віна, даведаўся, што яму зрабіў яго наймалодшы сын,
 
І прачнуўся Ной ад ап’яненьня свайго, і даведаўся, што яму зрабіў малодшы сын ягоны,

то сказаў: «Пракляты Ханаан! Будзе ён паслугачом паслугачоў у братоў сваіх».
 
і сказаў: «Пракляты Ханаан! Будзе ён слугою слугаў у братоў сваіх».

І сказаў: «Дабраславёны Госпад, Бог Сэма! Хай Ханаан будзе яго паслугачом.
 
І сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Сэма! Няхай будзе Ханаан слугою ягоным.

Хай распаўсюдзіць Бог Яфэта. І хай ён пражывае ў палатках Сэма, і хай Ханаан будзе яго паслугачом».
 
Няхай пашырыць Бог Яфэта, і будзе ён жыць у намётах Сэма, і Ханаан будзе ў яго слугою».

І жыў Ной па патопе трыста пяцьдзесят гадоў.
 
І жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзясят гадоў.

І споўнілася ўсіх дзён яго дзевяцьсот пяцьдзесят гадоў, і ён памёр.
 
І было ўсіх дзён Ноя дзевяцьсот пяцьдзясят гадоў, і ён памёр.