Быццё 9 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І дабраславіў Бог Ноя і сыноў яго, і сказаў ім: «Расціце, і размнажайцеся, і залюдняйце зямлю.
 
І дабраславіў Бог Ноя а сыноў ягоных, і сказаў ім: «Пладзіцеся а множчася а напаўняйце зямлю.

Хай усе жывёлы, звяры зямныя і ўсе птушкі паднебныя з усімі тымі, што рухаюцца па зямлі, баяцца вас і дрыжаць перад вамі; усе рыбы марскія аддадзены ў рукі вашы.
 
І боязьнь вас, і дрыжэньне перад вамі будзе ў вусёй жывёле зямлі, і ўсёй птушцы нябёснай, у вусім, што кратаецца па зямлі, і ў вусёй рыбе морскай; у вашыя рукі адданы яны.

Усё, што рухаецца і што жыве, будзе вам на ежу, як расліны зямныя, усё даю вам,
 
Усе, што кратаецца, што жывець, будзе вам на емя; як зяленіва траўнае даў Я вам усе.

за выключэннем таго, што ёсць целам з душою, якая ў крыві, — не ежце.
 
Толькі цела з душою, крыві ягонага, ня ежча.

Бо спытаю за кроў душ вашых з усіх жывёл; і з [кожнага] чалавека, і з [кожнага] брата яго спытаю за душу чалавека.
 
Я ж спаганю й кроў душаў вашых, спаганю ад усялякае жывёлы, і ад рукі людзіны, ад рукі брата ягонага спаганю душу людзіны.

Хто праліе кроў чалавечую, чалавекам будзе пралітая і яго кроў; бо чалавек створаны на вобраз Божы.
 
Хто разальлець кроў чалавека, таго кроў разальлецца чалавекам; бо на абраз Божы ўчыніў чалавека.

А вы расціце і размнажайцеся, залюдняйце зямлю і валодайце ёю».
 
І вы пладзіцеся а множчася: ройцеся на зямлі і множчася на ёй».

Вось што яшчэ сказаў Бог Ною і сынам яго разам з ім:
 
І казаў Бог Ною а сыном ягоным ізь ім, кажучы:

«Я, вось, усталёўваю запавет Мой з вамі і з нашчадкамі вашымі пасля вас
 
«І Я, вось, Я, пастанаўлю змову Сваю з вамі а з патомствам вашым па вас,

ды для кожнай жывой душы, якая разам з вамі: ці з ліку птушак, ці з ліку жывёл і ўсіх звяроў зямлі, якія з вамі, — для ўсіх, якія выйшлі з аркі, для ўсіх звяроў зямлі.
 
І з усялякаю істаю дыхаючаю, каторая з вамі, з птуствам, із статкам, і з усёй жывёлаю земнаю, каторая ў вас, — з усімі, што вышлі з карабля, з усёй жывёлаю зямлі:

Я ўсталёўваю запавет Мой з вамі так, што ўжо болей ніколі не будзе знішчана ніводнае цела водамі патопу ды ўжо ніколі не будзе патопу, што нішчыць зямлю».
 
І пастанаўлю змову Сваю з вамі, і ня будзе болей выцята ўсялякае цела водамі патопы, і ня будзе ўжо патопы на зьнішчэньне зямлі».

І сказаў Бог: «А гэта знак пагаднення, які Я даю паміж Мной і вамі і для кожнай душы жывой, якая з вамі, на вечныя пакаленні.
 
І сказаў Бог: «Во знак змовы, каторую Я даю меж Імною і меж вамі, і меж усялякаю істаю дыхаючаю, каторая з вамі, на роды вечныя.

Вясёлку Маю пакладу на хмарах, і будзе яна знакам пагаднення паміж Мной і паміж зямлёю.
 
Вясёлку Сваю даў Я ў болцы, і будзе яна знакам змовы меж Імною і меж зямлёю.

Калі пакрыю аблокамі неба, пакажацца вясёлка Мая на аблоках,
 
І будзе, як Я навяду хмарную болку на зямлю, і відаць будзе вясёлка ў болцы:

і прыгадаю Я пагадненне Маё з вамі і з кожнай душою жывой, з кожным чалавекам: і не будзе болей водаў патопу на пагібель усяго цялеснага.
 
І Я ўспомню змову Сваю, каторая меж Імною і меж вамі, і меж усялякай істаю дыхаючаю ў усялякім целе; і наперад ня будуць воды патопаю на зьнішчэньне ўсяго цела.

І будзе вясёлка на аблоках, і ўбачу Я яе, і прыгадаю вечнае пагадненне, якое ёсць запаветам паміж Богам і кожнай жывой душою ўсякага цела, якое ёсць на зямлі».
 
І будзе вясёлка ў болцы, і Я ўбачу яе, каб успомнець змову вечную меж Бога й меж усякае душы жывое ў вусякім целе, каторая на зямлі».

І сказаў Бог Ною: «Гэта будзе знак пагаднення, якое Я заключыў між Мною і кожным целам на зямлі».
 
І сказаў Бог Ною: «Во знак змовы, каторую Я пастанавіў меж Сабою і меж усякім целам, каторае на зямлі».

Сынамі ж Ноя, якія выйшлі з аркі, былі Сэм, Хам і Яфэт. І менавіта Хам быў бацькам Ханаана.
 
І былі сыны Ноевы, што вышлі з карабля: Сэм, Хам а Яфэт. А Хам, — ён ацец Канаанаў.

Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх залюднілася ўся зямля.
 
Трох гэтых сыноў Ноевых, і ад гэтых пашырыліся па ўсёй зямлі.

Ной, які быў земляробам, пачаў садзіць вінаграднік.
 
І пачаў Ной быць ралейнікам, і пасадзіў віно.

П’ючы віно, ён ап’янеў і ляжаў, аголены, у сваёй палатцы.
 
І выпіў ён ізь віна, і ўпіўся, і загаліўся сярод будана свайго.

Хам, бацька Ханаана, убачыўшы галізну бацькі свайго, сказаў аб гэтым двум сваім братам, якія былі па-за палаткай.
 
І абачыў Хам, ацец Канаанаў, голасьць айца свайго, і расказаў двум братом сваім вонках.

Тады Сэм і Яфэт усклалі плашч на плечы свае і, ідучы задам, прыкрылі сорам бацькі свайго; і твары іх былі звернуты назад, і яны не бачылі галізны бацькі свайго.
 
І ўзяў Сэм а Яфэт адзежыну, і палажылі яе на плечы абодвых, і пайшлі задам, і накрылі голасьць айца свайго; віды іхныя былі аберненыя назад, і голасьці айца свайго ня бачылі.

Калі Ной, прачнуўшыся па ап’яненні ад віна, даведаўся, што яму зрабіў яго наймалодшы сын,
 
І прачхнуўся Ной ад віна свайго, і даведаўся, што ўчыніў над ім сын ягоны малы;

то сказаў: «Пракляты Ханаан! Будзе ён паслугачом паслугачоў у братоў сваіх».
 
І сказаў: «Пракляты Канаан, слуга слугаў будзе ён у братоў сваіх».

І сказаў: «Дабраславёны Госпад, Бог Сэма! Хай Ханаан будзе яго паслугачом.
 
І сказаў: «Дабраславёны СПАДАР Бог Сэмаў; і будзе Канаан слугою яму.

Хай распаўсюдзіць Бог Яфэта. І хай ён пражывае ў палатках Сэма, і хай Ханаан будзе яго паслугачом».
 
Няхай пашыра Бог Яфэта, і будзе жыць ён у буданох Сэмавых; і будзе Канаан слугою яму».

І жыў Ной па патопе трыста пяцьдзесят гадоў.
 
І жыў Ной просьле патопы трыста пяцьдзясят год.

І споўнілася ўсіх дзён яго дзевяцьсот пяцьдзесят гадоў, і ён памёр.
 
І было ўсіх дзён Ноевых дзевяцьсот пяцьдзясят год; і ён памер.